https://www.traditionrolex.com/8
Пра спецыфіку работы з гасцямі з Ізраіля TIO.by распавядае старшыня Пінскага аддзялення Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў

Пра спецыфіку работы з гасцямі з Ізраіля TIO.by распавядае старшыня Пінскага аддзялення Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Турысты з Ізраіля – даволі спецыфічная і неаднародная катэгорыя. Умоўна іх можна падзяліць на некалькі груп. Першая – так званыя «савецкія яўрэі» – выхадцы з СССР, якія ў свой час эмігравалі і цяпер прыязджаюць у Беларусь па сваіх справах. Такія турысты рэдка звяртаюцца да турфірм. А калі і звяртаюцца, то часцей за ўсё па пытаннях рэгістрацыі ці браніравання білетаў. Бывае, што яны прыязджаюць разам са сваімі роднымі ці сябрамі, якія нарадзіліся ў Ізраілі. Вось тады  замаўляюцца экскурсіі па памятных месцах, каб паказаць сваю малую радзіму. Падлічыць колькасць такіх турыстаў надзвычай складана. «Рускамоўныя яўрэі» найчасцей ладзяць вандроўкі самастойна.

Іншая справа – настальгічныя туры. Існуе вельмі шмат замежных яўрэйскіх дыяспар, кроўна звязаных з рознымі куточкамі Беларусі. Іх цягне на зямлю свайго дзяцінства, у тыя мясціны, дзе жылі іх бацькі, дзядулі і бабулі. Часам гэта людзі, якія пакінулі нашу краіну яшчэ да Другой сусветнай вайны, часам, тыя, хто перажыў Халакост. Але такіх засталіся адзінкі, гэта людзі сталага веку ва ўзросце больш за 80 год. Значна больш нашчадкаў, якім цікава, як і дзе жылі іхнія продкі. Вось такія турыстычныя групы амаль штогод прыязджаюць да нас цэлымі аўтобусамі. Экскурсіі для іх праводзяцца нетрадыцыйна. Групы зборныя, а трэба ўлічыць інтарэсы кожнага. Часта мы спыняемся ў былых мястэчках, дзе калісьці жылі яўрэі, каб іхнія нашчадкі маглі знайсці бацькоўскія дамы, наведаць былыя гета і месцы масавага пахавання ахвяр фашызму. Тут патрабуецца не толькі добрае веданне гісторыі беларускіх яўрэяў, а веданне гісторыі гарадоў і вёсак, палявых і лясных дарог.

Удзельнікі настальгічных тураў вельмі патрабавальныя, яны  задаюць шмат пытанняў.  Бывае, што слухаюць з недаверам і аддаюць перавагу экскурсаводам з рэкамендацыямі ад яўрэйскай суполкі ці тых людзей, каму давяраюць. Могуць нават спытаць у экскурсавода пра ягоную нацыянальнасць. Таму так мала турыстычных фірм, якія рызыкуюць брацца за настальгічныя туры. Найчасцей гэтай справай займаюцца буйныя сталічныя тураператары ці асобныя регіянальныя турыстычныя фірмы, што маюць добрыя стасункі з яўрэйскімі суполкамі.

Хапае клопату і ў экскурсаводаў. Асабіста я перад такім турам імкнуся праехаць па ўсіх мясцінах, што патрапяцца падчас экскурсіі, каб засцерагчы сябе ад нечаканасцей. Не хочацца чырванець за тое, што на аўтастаянцы каля мемарыяла ахвярам Халакоста пад Пінскам, які знаходзіцца проста ў полі, будзе раскідана смецце. Крыху дапамагае статус старшыні Пінскага аддзялення БАЭіГП, але і з ім нялёгка дабіцца ад мясцовых ўлад хоць часовага выпраўлення сітуацыі.

Бываюць яшчэ і невялічкія настальгічныя туры для адной сям`і. Пры іх падрыхтоўцы не абыйсціся без даследаванняў, пошукаў дакументаў, адрасоў, старых фотаздымкаў і сведкаў… Аднак  экскурсавода чакае шмат адкрыццяў, чалавечай цеплыні, суперажыванняў і ўдзячнасці.

Яшчэ адна група турыстаў з Ізраіля – гэта паломнікі, якіх цікавяць дзеючыя і былыя сінагогі, ешывы, магілы знакамітых талмудыстаў. Ужо ў пачатку XVI стагоддзя ў Пінску ўтварылася адна з найстарэйшых і найбольш значных у Беларусі яўрэйскіх суполак, а з цягам часу яўрэйскае насельніцтва тут стала пераважным. З канца XVIІІ стагоддзя асаблівую вядомасць сярод іўдзеяў набыло пінскае прадмесце Каралін – радзіма рэлігійнай плыні «каралін-столінскі хасідызм». Для хасідаў усяго свету вельмі важна пабываць ля вытокаў гэтай рэлігійнай плыні і наведаць магілы знакамітых хасідскіх цадзікаў. Адзін з турыстаў распавядаў мне, што, вярнуўшыся з Беларусі ў Ізраіль, ён ноччу бег па сваёй вуліцы, грукаў у вокны суседзяў і крычаў, што на свае вочы бачыў Каралін і мястэчка Мір… Па яго словах, гэтая вестка моцна ўзрушыла вернікаў. «Калі б я сказаў, што быў на Месяцы, гэта б не змагло выклікаць такой зацікаўленасці, хвалявання і нават зайздрасці», – дадаў ён. Звычайна паломнікі абіраюць вялікія шматдзённыя туры па Беларусі і суседніх краінах: Польшчы, Літве, Украіне.

Ёсць і іншая катэгорыя турыстаў і групы, якія складаюцца з людзей розных інтарэсаў. Мы недастаткова валодаем інфармацыяй пра тых, хто прыязджае па запрашэнні яўрэйскіх суполак, грамадскіх арганізацый, нядзельных яўрэйскіх школ і г.д. Не трэба чакаць, што турысты з Ізраіля проста пасыплюцца ў Беларусь. Трэба прапанаваць штосьці цікавае на розны густ, напрыклад, распрацаваць змястоўныя экскурсіі і туры «Па месцах знакамітых яўрэяў, што нарадзіліся ў Беларусі». Наша краіна – радзіма першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана і шэрага іншых грамадска-палітычных дзеячаў гэтай краіны: прэзідэнтаў, прэм'ер-міністраў, партыйных лідэраў. Маю надзею, што зацікавіць турамі па Беларусі могуць імёны Марка Шагала, Хаіма Суціна і іншых дзеячаў мастацтва і літаратуры, кроўна звязаных з Беларуссю.

Мяркую, што не толькі для турыстаў з Ізраіля, але і  гасцям з іншых краін таксама будзе цікавым этнаграфічны накірунак, хоць стварэнне такіх выклікае складанасці. На жаль, у 90-я гады ў Пінску не ўдалося ажыццявіць праект па стварэнні музея-карчмы, дзе турысты маглі б дакрануцца да яўрэйскага жыцця, гісторыі сваіх продкаў, а таксама пад гукі традыцыйнай скрыпкі пакаштаваць знакамітых фаршыраваных шчупакоў ды іншыя традыцыйныя яўрэйскія стравы. Зараз у гэтай «карчме» не было б адбою ад турыстаў і мясцовых жыхароў, пра што яскрава сведчыць фестываль «Мотальскія прысмакі», дзе ў доме Вейцманаў раз на год наладжваецца дэгустацыя страў яўрэйскай кухні.

Варта звярнуць увагу і на медыцынскі турызм. Летам, асабліва ў жніўні, у Ізраілі вельмі горача, таму мясцовыя жыхары імкнуцца з’ехаць куды-небудзь. Рускамоўныя яўрэі з задавальненнем прыедуць у беларускія санаторыі. Моўнага бар’еру няма, клімат падыходзіць, адпачынак цудоўны, і кошты даступныя. Трэба развіваць гэты накірунак, а пачынаць з рэкламы ў Ізраілі нашых санаторыяў.

Адна з галоўных праблем: хто ж будзе працаваць з замежнымі турыстамі? У суседняй Літве ёсць экскурсаводы, якія ведаюць ідыш і іўрыт. У нас такіх я не сустракала. Часцей за ўсё працуем тандэмам – рускамоўны экскурсавод і ў дадатак англамоўны перакладчык. Часам перакладае хто-небудзь з групы. Мне даводзілася апынуцца сам-насам з групамі, дзе ніхто не ведае ні рускай, ні тым больш беларускай мовы. Мой нямецкі, які вучыла ў школе і ва ўніверсітэце, практычнага значэння для турыстычнай справы не мае. Уратавала польская мова, якую добра ведаюць і шануюць прадстаўнікі старэйшага пакалення, што калісьці вучыліся ў польскіх школах.

Наогул працаваць з замежнымі яўрэйскімі групамі няпроста. Вучуся гэтаму ўжо гадоў 15. Зацікавілася яўрэйскай гісторыяй, калі распрацоўвала новыя экскурсіі да 900-годдзя Пінска. Давялося шмат чытаць, браць кансультацыі ў яўрэяў, з задавальненням  прымала запрашэнні на іхнія нацыянальныя святы і імпрэзы. Нарэшце адважылася прадставіць першую экскурсію «Пінск яўрэйскі» кіраўніцтву Культурна-асветніцкага таварыства імя Хаіма Вейцмана. Новыя выпрабаванні чакалі ўжо тады, калі давялося працаваць з групамі замежных турыстаў. Я нават жартую з калегамі: «Хочаш схуднець, вазьмі сабе яўрэйскую групу!» Моўны бар’ер, іншы менталітэт, розныя непаразуменні і вялікая патрабавальнасць. Праграма ламаецца шмат разоў на дзень, часта трэба зрабіць немагчымае… Але ўрэшце рэшт ўсе цяжкасці і непаразуменні мінаюць, удзячныя турысты абдымаюцца з вамі на развітанне і абяцаюць прыехаць яшчэ. Вышэйшая адзнака – калі вас прымаюць за «сваіх» і ад імя групы кіраўнік урачыста прамаўляе: «Нам пашчасціла на экскурсавода – яна ведае ўсё, быццам кніга!» Хай гэты прыклад натхніць нашу эксурсійную моладзь на авалоданне гэтай цікавай, невычарпальнай, і, на мой погляд, перспектыўнай тэмай.

Запісала Адар’я Гуштын

https://www.traditionrolex.com/8