Галоўная ідэя беларускага «Фэсту экскурсаводаў» – прыцягнуць увагу да праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а таксама пасябраваць беларусаў з помнікамі, побач з якімі яны жывуць. Аб станоўчых выніках фэсту, негатыўных момантах пад час правядзення мерапрыемства і планах на наступны год расказвае кіраўнік аргкамітэту фестываля Цімох АКУДОВІЧ.
– Цімох, раскажыце, калі ласка, як у гэтым годзе прайшоў «Фэст экскурсаводаў»? Што атрымалася найбольш удала, і з якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца?
– У гэтым годзе «Фэст экскурсаводаў» праводзіўся ужо ў чацвёрты раз. У параўнанні з мінулымі гадамі мы значна павялічылі колькасць экскурсій. Увогуле па ўсёй Беларусі пад час фэсту прайшло пад 90 экскурсій, з якіх у Мінску – 45. Столькі экскурсій мы і планавалі. Адзінае, шкада, что ў апошні момант у Гродне экскурсіі былі адменены. У астатнім усе эскурсіі прайшлі паспяхова.
Што датычыць экскурсій у рэгіёнах, то звычайна там мы сутыкаемся з наступнай праблемай: калі яшчэ можна знайсці экскурсаводаў ці краязнаўцаў, якія б правялі экскурсіі, то сабраць слухачоў на гэтыя экскурсіі даволі цяжка. Таму што звычайна людзі лічаць, што ў іх мястэчку нічога цікавага быць не можа. Таму з арганізацыяй фэсту ў рэгіёнах пакуль цяжэй. Але ж людзі прыходзяць. Дарэчы, можна сказаць, у Полацку ў гэтым годзе ўжо адбыўся свой міні-фестываль. Студэнты Полацкага ўніверсітэта самі змаглі арганізваць у горадзе каля дзясятка эскурсій, на якія прышло пад 120 чалавек. А ўвогуле па рэгіёнах экскурсіі наведала, па нашых падліках, каля 300 чалавек.
Адзіная праблема ўзнікла з правядзеннем фэста ў Гродне. У апошні дзень Гродзенскі гарвыканкам чамусьці палічыў, што экскурсіі, а іх планавалася каля сямі, з’яўляюцца несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі, і нам было сказана іх не праводзіць. Па гэтай прычыне, амаль пад час правядзення, гродзенскія экскурсіі былі адменены. Вельмі шкада, таму што мясцовыя экскурсаводы расказвалі, што на мерапрыемствы прыйшло шмат зацікаўленных людзей, прычым не толькі з самога Гродна, але і з іншых абласцей. Але мы ў хуткім часе спадзяемся разабрацца больш дэталёва, у чым насамрэч справа, і правесці экскурсіі у маі асобна.
Але ж, вядома, наша галоўная мэта – Мінск. У параўнанні з мінулымі гадамі колькасць экскурсій у сталіцы значна павялічылася, прычым можна сказаць, адбылася ратацыя. З мінулых гадоў было паўторана досыць няшмат экскурсій, у асноўным мы прапанавалі новыя маршруты. Правесці ў сябе экскурсіі ў гэтым годзе пагадзіліся амаль усе храмы Мінска. І з 45 мінскіх экскурсій святары правялі 10 экскурсій па храмах. Падлічваючы колькасць прысутных, можна сказаць, што ў суме нашы экскурсіі ў Мінску за два дні наведала больш за тысячу чалавек.
– А што датычыцца планаў на наступны год? Ці збіраецеся вы ўводзіць нейкія змяненні і паляпшэнні?
– Мы заўсёды мяняем што-небудзь і кожны раз уводзім цікавыя асаблівасці. У гэтым годзе мы паспрабавалі правесці экскурсіі па ваколіцах сталіцы пад назвай «Мінскі абаранак». Мы паспрабавалі прапанаваць жыхарам Мінска выехаць за горад, у такія мясціны, як Ракаў, Станькава, Прылукі, Смілавічы і г.д. Можна сказаць, што ініцыятыва больш-менш удалая. Так, напрыклад, да Станькава даехала мала чалавек, бо гэта крыху далекавата, а вось у Ракаў і Заслаўе прыехалі па 30–40 слухачоў. І мы зрабілі для іх нават невялікія бардаўскія канцэрты і танцавальную вечарыну.
Што датычыцца планаў на наступны год, то трэба сказаць, што «Фэст экскурсаводаў» базуецца на голай ініцыятыве арганізатараў. Звычайна мы збіраемся разам і вырашаем, ці будзе фэст праводзіцца ў гэтым годзе, непасрэдна за некалькі месяцаў да мерапрыемства. Таму прыблізнае рашэнне аб тым, ці будзе праходзіць фэст у наступным годзе, мы прымаем бліжэй да зімы. Хутчэй за ўсе, мерапрыемства адбудзецца, і тады мы абавязкова прыдумаем нешта новае і цікавае. Паспрабуем звярнуць актыўную увагу на рэгіёны, каб як мага больш людзей зацікавілася ініцыятывай у абласных гарадах. Паспрабуем зрабіць нейкія тэатралізацыі пад час экскурсій. Зараз яны таксама ёсць, але хацелася б павялічыць іх колькасць, бо гэта заўсёды цікава.
У мінулым, і таксама ў гэтым годзе, мы праводзілі веласіпедныя экскурсіі па мясцінах графа Чапскага, і здаецца, людзі засталіся задаволеныя. Хацелася б таксама пашырыць колькасць такіх маршрутаў па горадзе ці ваколіцах, бо веласіпеды зараз вельмі актуальныя. У веласіпеднай экскурсіі ў гэтым годзе ўдзельнічала каля 30 чалавек. Мы спрабавалі моцна не піярыць гэту інфармацію, бо калі б, напрыклад, сабралася вялікая група на 60 чалавек, экскурсію было б праводзіць значна цяжэй, нязручна і некамфортна. Таксама мы ў асноўным не запісваем на экскурсіі, і прыйсці можа абсалютна любы чалавек, мы ставім па тры-чатыры экскурсіі адначасова, каб разбіваць колькасць людзей. У мінулыя гады атрымлівалася такая сітуацыя: было некалькі экскурсій, на якія прыйшлі толькі 5-6 чалавек, і былі такія, дзе прыйшлі па 60–80. А ў гэтым годзе ўпершыню ўсё атрымалася амаль ідэальна – экскурсіі наведвала аптымальная колькасць прысутных – па 30–40 челавек.
– Раскажыце, хто звычайна праводзіць экскурсіі?
– Для правядзення экскурсій у сталіцы мы ангажуем мінскіх экскурсаводаў. Таксама гэта людзі з розных краязнаўчых куткоў, якія хочуць стаць экскурсаводамі. Мы ім дапамагаем, прапаноўваем вопытных экскурсаводаў, і разам яны рыхтуюць экскурсію. У гэтым годзе атрымалася таксама заангажаваць усіх найбуйнейшых гісторыкаў сталіцы: у нас праводзілі экскурсіі Захар Шыбека, Уладзімір Дзянісаў, Андрэй Унучак. Яны пазнаёмілі са сваім бачаннем Мінска. Але ж з пошукамі экскурсаводаў таксама могуць узнікаць цяжкасці, таму што фэст прыпадае на канец красавіка. І не кожны гатовы прамяняць правядзенне экскурсій па Беларусі за грошы на валанцёрскую ініцыятыву. Але тым, хто гатовы, мы вельмі ўдзячныя.
Увогуле трэба разумець, што «Фэст экскурсаводаў» – гэта не проста дзіцячыя забавы, у нас ёсць канкрэтная мэта: мы спрабуем пазнаёміць мясцовых жыхароў з помнікамі, побач з якімі яны жывуць. Каб яны прыйшлі, паглядзелі, пасябравалі і зразумелі, а потым ставіліся да іх больш па-чалавечы. І я думаю, у нас гэта атрымліваецца.