https://www.traditionrolex.com/8
Спачатку хачу падкрэсліць, што з вялікай павагай стаўлюся да тых шчырых людзей і прафесіяналаў, якія рэальна ствараюць тут беларускі турпрадукт. Яны працуюць на аграсядзібах, у атэлях, займаюцца Беларуссю ў турфірмах, праводзяць экскурсіі, ладзяць анімацыі, карацей, як кажуць, «нешта робяць». Але таксама ўгледзеўшыся ў розныя праявы нашага турызму, вымушана канстатаваць, што дзве глыбінныя рэчы ў асноўным так і не начавалі ў нашых краях. Маюцца на ўвазе тэхналагічныя схемы адпаведнай індустрыі і нацыянальны складнік

Спачатку хачу падкрэсліць, што з вялікай павагай стаўлюся да тых шчырых людзей і прафесіяналаў, якія рэальна ствараюць тут беларускі турпрадукт. Яны працуюць на аграсядзібах, у атэлях, займаюцца Беларуссю ў турфірмах, праводзяць экскурсіі, ладзяць анімацыі, карацей, як кажуць, «нешта робяць». Але таксама ўгледзеўшыся ў розныя праявы нашага турызму, вымушана канстатаваць, што дзве глыбінныя рэчы ў асноўным так і не начавалі ў нашых краях. Маюцца на ўвазе тэхналагічныя схемы адпаведнай індустрыі і нацыянальны складнік.

Можна, канешне, проста сказаць, што гэтага ў нас няма, таму што ў нашых умовах быць не можа. Але, добра павандраваўшы гэтым летам па Беларусі менавіта ў якасці радавога турыста, так бы мовіць, спажыўца дадзеных паслуг, я ўсё ж такі прапаную вашай увазе некаторыя заўвагі, якія, пры ўсёй сваёй відавочнай трошкі сумнай гумарыстычнасці, можаце мне паверыць, сёння робяць твар нашага турпрадукта.

Пагаворым пра самае слізкае для Беларусі пытанне (слізкае – таму што меншасці баліць, большасці да лямпачкі, але без яго турызму не бывае). Нацыянальнае. Але не ў тым сэнсе, у якім пісьменнік Дубавец, наступаючы на тыя ж граблі, што і 20 гадоў таму, нядаўна запаліў інтэрнэт, маўляў, асноўная наша праблема тут – гэта мова. Не, калі ўжо па-сапраўднаму, глыбока разглядаць пытанне, дык «язык» у нашым выпадку – гэта ўжо, мо, надта вузка. Праблема, здаецца, у цэлым з галавой, але, зрэшты, на турыстычны дыягназ гэта сёння мае нейкі ўскосна-анекдатычны ўплыў.

Кожны карыстальнік ПК ведае, што ў камп'ютарнай праграме ёсць кнопачка «захаваць» (по-русски «сохранить»). Калі раз-пораз не націскаеш на яе, маеш шанц згубіць усё, што нарабіў і назапасіў, гадзінамі вылупліваючы вочы ля манітору. Карацей, усё можа ляснуцца. Цікава, што ў нашай беларускай «праграме» такой кнопачкі няма. Не прадугледжана. Здаецца,  пра беларускую гісторыю ўсё ўжо напісана, усё надрукавана, усё выкладзена нават у сеціва, і тым не менш і сёння тоё, што звязана з беларускім каларытам, з сапраўдным менталітэтам, з нашымі каранямі, з каштоўнай спадчынай, на экскурсіях успрымаецца як нейкая навіна і сенсацыя. Гэта неверагодна раздражняе. Думаеш: ці то ты так далёка забег наперад цягніка, ці то наш цягнічок увогуле нікуды не адышоў ад станцыі «Белоруссия»? Я такога нідзе, ні на адной экскурсіі, ні ў адной краіне свету, не адчувала – каб кожны гістарычны факт пра краіну мог быць выкручаны ў залежнасці ад светапогляду экскурсавода. Усё, нават відавочнае, аспрэчваецца. Парадаксальна, але і нашы, мясцовыя, экскурсанты розных пакаленняў, і расійскія турысты задаюць адны і тыя ж пытанні: «А скажите, что тут, действительно, были ВКЛ и Речь Посполитая?» Так і хочацца адказаць: «Нет, блин, нас, белорусов,  в капусте нашли!»...

Алё, суграмадзяне, усё даўно вызначана: адметнасці там, дзе карані, – гэта значыць, у Полаччыне, ВКЛ і Рэчы Паспалітай, якія ўтвараліся на аснове ментальнай згоды і сумесных інтарэсаў! Жаласлівы і мутны расійскі перыяд гісторыі – тэма, у якой таксама трэба асцярожна шукаць свой, тутэйшы, каларыт, разумна пакінуўшы пратэстныя эмоцыі ў гісторыі. Рабіць гэта з гумарам можна, хаця, безумоўна, вельмі цяжка. Таму што, на жаль, губернскае жыццё, таксама як і савецкі стыль, так і не зрабіліся фактам гісторыі – мы часткова жывём у гэтым мінулым. Што тут сказаць: жыць можна, але зарабляць на гэтай тэме ў турызме, прабачце, нельга. Так ужо склаліся абставіны, што беларусам у турбізнесе лягчей зрабіць грошы на далёкім сярэднявечным перыядзе і магдэбургскім праве, чымсьці на імператрыцы Кацярыне і палкаводцы Сувораве. Нічога асабістага, толькі бізнес...

Затое мы маглі б лёгка карыстацца з агульных еўрапейскіх традыцый, рабіць на гэтым турбізнес. Гэта вельмі простая і відавочная думка, якая, сто адсоткаў, здольная прыцягваць турыстаў і з Захаду, і з Усходу.

Але нішто – і думкі таксама – тут не захоўваецца. Ну, не прадугледжана такой функцыі, хоць трэсні. Няма адпаведнай кнопачкі. А тое, што робіцца, ніколі не даводзіцца да ладу, і няма ніводнай цалкам зробленай нацыянальнай атракцыі. Дарэчы, з двух самых буйных магнацкіх рэзідэнцый белтурбізнес разам з дзяржавай зараз імпэтна здымаюць вяршкі і выціскаюць сочыва, але ўсе разам з блудлівым выглядам ідэалагічных жабракоў сарамліва закрываюць вочы на вытокі паспяховасці гэтай «атракцыі», афарбаваныя некалі пануючай на беларускай зямлі шляхетнай годнасцю.

Маршрутаў, быццам, процьма. А кінешся паехаць – там руіны замест палацаў ды капліцаў, тут паесці няма дзе, паўсюль бракуе цывільных прыбіральняў, калі людзей шмат – дык не будзе парковак, затое будуць фантастычныя чэргі, калі нейкі турыстычны фестываль «рэспубліканскага памеру», дык, шчыра кажучы, прасцей і танней наведаць любое сяльпо ў святочны дзень – атмасфера і «тэхналогія» практычна тыя ж.

Цікава, што сучасныя беларусы – нашчадкі годных літвінаў – сёння не грэбуюць стаяць ў даўжэзных панурых чэргах на шопінг да некалі раўнапраўных братоў-суграмадзян з візамі «на закупы», але відавочна саромеюцца нармальна прызнаць сваю еўрапейскасць, каб адрадзіць па нейкіх пэўных традыцыях беларускую кухню, ды што там усю кухню! – хаця б зрабіць нарэшце добрую загарадную нацыянальную карчму (ні слова пра «Бульбашъ-хол», гэта тэма не для гумару, а для пакаяння!).

Хаця канчаткова ўпасці ў расійскі губернскі стыль нам, відавочна, таксама быццам бы непрыстойна, тым больш, што, заўважце, ніхто моцна і не настойвае, тыя ж рускія турысты, якія знаходяцца ў адэкватным стане, наадварот, шукаюць тут мясцовы каларыт – гэта значыць, заходні, еўрапейскі, але з такім памяркоўным, мяккім славянскім адценнем.

Стылёва вагаючыся паміж сваім (адметным) і чужым (губернскім), беларускі турызм, які (як і ўсё мясцовае) мае незвычайна гнуткі хрыбет і вялікую цягу да прыстасавання, знайшоў даволі арыгінальнае выйсце з цікавага нацыянальнага становішча. Гэта ўвойдзе ў гісторыю як асобны анекдот. З пэўнага часу турызм наш стаў вельмі актыўна эксплуатаваць тэму паганства (язычества). Проста нейкі заўчасны дэкаданс! Пярун, Бялун, розныя лешыя, чэрці. Пад маркай псеўдафальклору на Беларусі раскруцілася сапраўдная д’ябальшчына! Паганскія абрады – наша рызынка. Пушчы ўжо можна смела крапіць святой вадой, а на некаторыя месцы анімацыйных праграм няблага было б запрасіць прафесійных экзарцыстаў. На кожны экалагічны маршрут наўмысна прыдумляецца свая пачвара. Трэнд такі ў Беларусі. Адзін візіт на экскурсію ў які-небудзь нацпарк – і, на добры розум, трэба бегчы да споведзі. Напрыклад, з польскага боку пушча як пушча – дрэвы, паветра, музей, сэрвіс. З нашага – проста нейкі пякельны ўгар. Штат д’ябальскіх персанажаў, розных драўляных «чупакабраў» там, мяркуючы па навінах, працягвае папаўняцца. Маўляў, школьнікам падабаецца. Па-першае, мы тут што, сатаністаў гадуем? А па-другое, ну, павандруйце па свеце і паглядзіце: на школьных экскурсіях ні прыватнікі, ні нармальная дзяржава нідзе не зарабляюць. Школьны экскурсійны мінімум, які субсідзіруе дзяржава, наканаваны, каб разам з другімі чыннікамі ствараць адчуванне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, а не для таго, каб турфірма, добра адкаціўшы дырэктару, яшчэ і жалілася, што немагчыма лупіць больш грошай з дзяцей і іх бацькоў.

Я абсалютна не хачу «наязджаць» на тыя структуры і людзей, якія ствараюць пэўныя праграмы. Трэба разумець, што яны робяць тое, што могуць у гэтых умовах, накіроўваючы сваю ініцыятыву ў тое рэчышча, якое, як гэта адчуваецца на ўзроўні нашага гнуткага храбта, дазволена, якое небяспечна. Якое, будзем казаць прама, адлюстроўвае той фундаментальны вэрхал, які маем у галовах. Узгадаем, што таксама ў свой час з’явіўся агратурызм – як часовая, своеасаблівая палёгка ад таго дзікунскага бізнес-напружання, якое не дазволіла масава развіваць атэльны бізнес з адпаведнымі стандартамі і адпаведнага кшталту...

Што тычыцца моўнага пытання... дык яго ў нас папросту няма. Справа ў тым, што, калі добра прыслухацца, абсалютная большасць беларусаў не размаўляе ні на якой пэўнай мове. «Ой, вот ведь незадача!» – як пішуць камп'ютары, калі нельга ўвайсці ў сістэму. Па-беларускі кажучы: «Халера на гэтую Беларусь!» Як у гэтых умовах турызм можа стабільна зарабляць на нашай сакавітай, поўнай розных адценняў гумару, кпінаў і самаздзеку беларускай мове – таксама халера яго ведае. Пакуль што, як бачым, на ёй можна зарабіць толькі непрыемнасці. Але ў мяне асабіста ўсё ж такі ёсць прадчуванне, што калі-небудзь і дакладныя нацыянальныя ўяўленні, і мова, і сапраўдныя фальклорныя праграмы, і стылёвая анімацыя абавязкова прынясуць нашаму турызму вялікія дывідэнды. Як гэта і адбываецца ва ўсім свеце. Нічога асабістага, толькі бізнес...

https://www.traditionrolex.com/8