Мінулыя выхадныя зноў выдаліся спякотнымі. Аднак замест таго, каб бавіць час на беразе возера, аматары гісторыі выправіліся ў накірунку Мсціслава. Рыцарскі фэст у горадзе – з’ява ўжо традыцыйная: сёлета свята адбылося ў трэці раз.
Праграма фестываля, разлічаная на два дні, была вельмі насычаная. Падзеі разгортваліся адразу на некалькіх пляцоўках горада: у Доме дзіцячай творчасці, у Іезуіцкім кляштары, у гарадскім парку, на цэнтральнай і рынкавай плошчах, на Замкавай гары. Адбываліся экскурсіі па старажытным Мсціславе. Адна з іх праходзіла па тэрыторыі калегіума Іезуіцкага кляштара. Удзельнікі экскурсіі наведалі экспазіцыю археалагічнага музея, а таксама выставу-дэгустацыю вінных і безалкагольных напояў «Мсціслаўскі паграбок». Падчас свята дзейнічаў горад майстроў, на розных пляцоўках адбываліся бугурты, двубоі, турніры. Шмат увагі надавалася і сярэднявечнай кухні. Увечары гасцей Мсціслава чакала сярэднявечная дыскатэка.
Адкрыццё фестываля пачалося з малебнаў у Кафедральным саборы Аляксандра Неўскага і ў Кармеліцкім касцёле ў гонар ваяроў-мсціслаўцаў, якія загінулі, абараняючы айчыну. На Замкавай гары адбываліся турніры мечнікаў. Двубоі былі складанымі. Цяжка даводзілася рыцарам і з-за моцнай спёкі. Але перамагчы імкнуўся кожны, бо пераможцу чакаў прыгожа аздоблены гербам Мсціслава меч ручной работы.
Шмат гледачоў сабралі вакол сябе лучнікі. Сярод цікаўных асабліва шмат было дзетак. Пасля спаборніцтваў нацягнуць цеціву і пусціць стралу змог кожны жадаючы.
У перапынках паміж спаборніцтвамі жыхары рыцарскага стану адпачывалі.
Адным з кульмінацыйных момантаў свята стаў штурм цытадэлі. Гледачы ўбачылі сапраўдную асаду замка. Яго бралі з дапамогай агню і мужнасці ваяроў.
Пасля штурма замка стомленым рацырам дапамагалі дзяўчаты ў сярэднявечных строях – сцюдзёная вада з глінянага збанка добра танізуе і здымае стому.
Штурм цытадэлі сабраў шмат гледачоў. Дзеці паспелі ўладкавацца на самых зручных месцах.
У ансамблі Іезуіцкага кляштара суботнім вечарам сабраліся аматары сярэднявечнай музыкі. На сцэне граў гурт «Стары Ольса». Сярэднявечныя танцы развучвалі хлопцы і дзяўчаты з тэатра «Яварына».
Пасля дзесяці гадзін вечара, калі сцямнела і трошкі спала спёка, госці фестываля ўбачылі вогненнае шоў у выкананні калектываў «Гістрыён», «Яварына» і вогненнага цырка «Крэсіва».