https://www.traditionrolex.com/8
<p>Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ніводнае свята не абыходзілася без дуды. Важнай асобай дудар быў і на Калядах. Сённяшнія ўяўленні аб гэтым свяце разыходзяцца з традыцыйнымі, а калядныя абрады змяняюцца і забываюцца. Чаму ў калядаванні ўдзельнічае каза? Як дуда звязана з Калядамі? Што ў гэтым свяце сімвалізуе парог? Чым унікальны абрад «Жаніцьба Цярэшкі»? Ці могуць турыстычныя фірмы паспрыяць адраджэнню традыцыі? На гэтыя пытанні адказаў музыка, заснавальнік гурта «Стары Ольса», арт-дырэктар турыстычнага агенцтва «Гісторыя-Тур» Зміцер Сасноўскі.</p>

На беларускую дуду, альбо валынку, савецкія ўлады імкнуліся забыцца. Аднак іх намаганні былі марнымі, бо сёння гэты інструмент гучыць у канцэртных залах, на дыскатэках, летніках і фестывалях.

IMG_8336

Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ніводнае свята не абыходзілася без дуды. Важнай асобай дудар быў і на Калядах. Сённяшнія ўяўленні аб гэтым свяце разыходзяцца з традыцыйнымі, а калядныя абрады змяняюцца і забываюцца. Чаму ў калядаванні ўдзельнічае каза? Як дуда звязана з Калядамі? Што ў гэтым свяце сімвалізуе парог? Чым унікальны абрад «Жаніцьба Цярэшкі»? Ці могуць турыстычныя фірмы паспрыяць адраджэнню традыцыі? На гэтыя пытанні адказаў музыка, заснавальнік гурта «Стары Ольса», арт-дырэктар турыстычнага агенцтва «Гісторыя-Тур» Зміцер Сасноўскі.

– Паняцце «Каляды» ў нейкім сэнсе зрабілася ўніверсальным. З аднаго боку, у яго змест шмат што закладаюць, з другога – дакладна не ўяўляюць, калі і як гэтае свята правільна адзначаць. На пачатку размовы вельмі важна вызначыцца, што для нас Каляды?

– Каляды ўвабралі ў сябе паганскія звычаі, а таксама традыцыі, якія з’явіліся на нашых землях з прыходам хрысціянства. Калі разглядаць Каляды ў вузкім сэнсе, то яны адзначаюцца 24 снежня і супадаюць з каталіцкім Раством. Перыяд зімовага сонцастаяння сімвалізаваў для нашых продкаў пачатак новага цыклу прыроды, а нараджэнне Хрыста лічыцца пераходным часам для любога хрысціяніна. Такім чынам, важнасць пераходнага этапа ў дахрысціянскай свядомасці і важнасць сакральнага пераходу ў новае жыццё з Хрыстом для хрысціян супалі. Традыцыі дахрысціянства, каталіцтва і праваслаўя ўтварылі шырокае паняцце Каляд, якія адзначаюцца з 24 снежня да 13 лютага. Спачатку святкуецца каталіцкае Раство, пасля Новы год, які стаў для нас традыцыйным з XVIII–ХІХ стагоддзяў, бо ў Сярэднявеччы новы год пачынаўся альбо ў сакавіку, альбо ў верасні. Далей мы святкуем Каляды, «Жаніцьбу Цярэшкі» і Стары Новы год.

Ёсць яшчэ адзін абрад, які, будучы далёка аднесены ад Каляд, па знешніх прыкметах супадае з калядаваннем, – гэта валачобніцтва. Ён прымеркаваны да Вялікадня, альбо Пасхі. Лічыцца, што з гэтага свята пачынаецца абуджэнне прыроды. Валачобны гурт з дударом і механошам выпраўляўся па вясковых дамах, толькі адорванне гаспадарамі валачобнікаў адбывалася праз вакно. Гэтым далёкім красавіцкім абрадам заканчваецца калядны цыкл.

24 снежня – пачатак Каляд па календары, аднак фактычна яны пачынаюцца з закалывання свіней у вёсках, а гэта 15–20 снежня. І невыпадкова. Як вядома, некаторыя народы пакланяліся Залатому Руну. У кельцкіх народаў (я кажу пра брытонцаў, уэльсцаў, шатландцаў і ірландцаў) быў звычай ахвярапрынашэння дзікай свінні на Каляды, і яе шкура была аб’ектам пакланення. Самае дзіўнае, што ў некаторых беларускіх песнях захаваліся словы пра сакральную для кельтаў шкуру дзіка. Напрыклад, у нас спяваюць «свінка, залатая паўсцінка». У дахрысціянскія часы на нашых землях прыносілі ў ахвяру казу, а з яе шкуры рабілі дуду (валынку). Традыцыйная беларуская дуда вырабляецца менавіта перад Калядамі, а пасля на ёй граюць цэлы год. З гэтым абрадавым інструментам адбывалася калядаванне.

– Якім чынам хадзілі калядаваць нашыя продкі?

– Збіраўся валачобны гурт, у якім людзі пераўвасабляліся ў пэўныя істоты. Каза сімвалізавала стары звычай яе ахвярапрынашэння – гэта сімвалічна адбываецца на працягу некалькіх стагоддзяў. Сярод калядоўшчыкаў былі мядзведзь і механоша – адказны і дужы чалавек, які насіў у мяшках усё, што накалядуе гурт. Вельмі важнай асобай у калядаванні быў дудар. Калядоўшчыкі з саламянай зоркай з рознакаляровымі стужкамі падыходзілі да хаты і перад уваходам пачыналі спяваць калядныя песні. Гаспадары запрашалі калядоўшчыкаў у хату, і пачынаўся абрад. Каза танчыла пад дуду, раптам падала і імітавала смерць. Сваю ахвяру калядоўшчыкам гаспадары клалі на парог, які сімвалізаваў мяжу – пераходны час. Частавалі салам, каўбасамі, вяндлінай – усім, што выраблялася на Каляды з заколатай свінні. Атрымаўшы пачастункі, дудар ізноў пачынаў іграць, і каза ажывала. Сам працэс, калі каза памірае і ажывае, таму што гаспадары прынеслі ахвяру, сімвалізуе прыход новага году. Такім чынам абыходзяць ўсе дамы. Лічылася, што ў гаспадароў, да якіх не зайшлі калядоўшчыкі, будзе вельмі неспрыяльны год. З этнаграфічных запісаў вядома, што па калядоўшчыкаў беглі, прасілі вярнуцца і зайсці ў хату.

– Ці адрозніваўся абрад калядавання па рэгіёнах?

– Апісаны вышэй абрад – універсальны для ўсёй Беларусі. З канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў – часу руйнавання традыцыйнай беларускай вёскі – яе традыцыі моцна змяніліся. Пасля вайны з абраду зусім знікае дуда, хоць яшчэ перад вайной калядоўшчыкі і валачобнікі абавязкова хадзілі з ёй. Замест яе з’ўляюцца гармонік і цымбалы. Шмат што змянілася і вонкава. Сэнс, чаму каза памірае і нараджаецца, быў згублены. Чаму іграла дуда і як яна звязана з казой – таксама ўжо забыліся. Замест дзічыны ў нас цяпер звычайна дораць дзецям цукеркі. Яшчэ захавалася традыцыя дарыць яйкі на Вялікдзень, але абрад валачобніцтва амаль знік. Рэгіянальныя адрозненні абраду калядавання звязаны з мовай песень, мелодыямі. Хаця, зноў жа, большасць з іх супадае. У абрадавых песнях нязменна прысутнічаюць каза і дудар. Так, на Гомельшчыне спяваюць: «Не бойся, козачка, стральцоў-малайцоў, а бойся дзеда старога, бо ён цябе забіе, шкуру злупіць і дуду пашые».

– Што цяпер адбываецца з абрадам? Дзе яго можна пабачыць у аўтэнтычным выглядзе?

– У Беларусі назіраецца зварот да традыцыйнай культуры. Так, у аздобленых у народным стылі аграсядзібах адзначаюцца многія святы. Рэклама «Бабушкінай крынкі» мяне вельмі радуе. Яна звязана з Калядамі і іх адзначэннем у сядзібах Беларусі. Радуе, што з’яўляюцца рэстарацыі і кавярні на дарогах, у інтэр’еры якіх дамінуюць старыя беларускія рэчы. У мяне ёсць хутар пад Мінскам, і я назіраю, што многія суседзі пачынаюць аздабляць дамы ў традыцыйным стылі. Адпаведна з’яўляюцца і энтузіясты калядавання. У асноўным рэстаўрацыя абраду звязана з калектывамі мастацкай самадзейнасці ў вёсках, а таксама з прафесійнымі калектывамі ў мястэчках і гарадах, нават у сталіцы. У поўнай традыцыі абрад спрабуюць аднавіць і групоўкі энтузіястаў, якія дасканала яго даследавалі. Апошнім часам да святкавання Калядаў звярнуліся і некаторыя турыстычныя кампаніі, якія прапануюць адпачынак у беларускіх традыцыях. Каб яго арганізаваць, супрацоўнікі турбізнесу звяртаюцца да музыкаў, этнографаў, прафесійных артыстаў.

– Якая мяжа павінна быць паміж аўтэнтыкай і фантазійнасцю ў адраджэнні абраду праз турыстычную фірму?

– Абсалютная рэканструкцыя абраду выклікае шмат цяжкасцяў, калі ў гэтым удзельнічае як мінімум адзін турыстычны аўтобус – ад 45 да 50 чалавек. Таму мы вымушаны абрад уніфікаваць. Нашыя турысты з’яўляюцца не калядоўшчыкамі, а гаспадарамі (звычайна мы арганізоўваем усё ў палацы Карчэўскіх у Бянюнах). Мы накрываем святочны стол, запальваем коміны, прапануем гасцям народныя танцы і гульні, катанне на санях. Калі яны сядаюць за стол, мы вядзем застолле, пад час якога прыходзяць калядоўшчыкі. У першай частцы экскурсіі турысты выступаюць гаспадарамі і назіраюць, якім чынам адбываецца абрад. Пасля гэтага любы ахвочы можа пакатацца на санях, па дарозе віншуючы вяскоўцаў. Для нашага агенцтва аптымальным з’яўляецца варыянт, калі выконваецца асноўны змест абрада калядавання. Мы дазваляем сабе толькі такія імправізацыі, якія не руйнуюць традыцыю.

– Калядаванне, з большага, з’ява вясковая. Ці варта разглядаць варыянт гарадскога абраду?

– Не, гэта не толькі вясковая з’ява. У беларускіх гарадах у Сярэднявеччы адзначаліся ўсе тыя ж самыя святы, што і на вёсцы. Беларускія гарады не гублялі з ёй сувязь. Так, многія гараджане мелі па-за межамі горадоў гаспадарчыя зямельныя надзелы. Напрыклад, жыхары Пінска, Мінска, Берасця, Гародні трымалі хатнюю жывёлу, якую выганялі пасвіцца за горад. Таму ўсе народныя ключавыя святы – Каляды, Вялікдзень, Купалле – адзначаліся і ў гарадах. Гарады былі адарваныя ад вёскі ў ХІХ–ХХ стагоддзях, аднак у прыгарадах святы жылі. У 70-я гады, пад час урбанізацыі БССР, большая частка вяскоўцаў перасялілася ў гарады, разам з імі пераехалі і вясковыя звычаі. Калі лічыць, што большая частка гарадскога насельніцтва сярэдняга і сталага веку з’яўляецца вяскоўцамі, то і калядны абрад для гараджан не чужы. Іншая справа, што адзначаць Каляды ў горадзе, а не ў сядзібе ці палацы, сэнсу няма. Весяліцца куды лепш на вёсцы.

– Такім чынам, Каляды як турыстычны прадукт варта разглядаць на вёсцы?

– Безумоўна, як турыстычны прадукт Каляды больш арганічна выглядаюць ці то на вёсцы, ці то ў вясковым рэканструяваным антуражы. Такім прыкладам можа быць беларуская карчма ў Строчыцах ці этнаграфічны музей у Заслаўі. Дарэчы, адзначэнне Каляд у народных традыцыях мае попыт.

– А гэта значыць, што прадукт ужо канкурэнтаздольны?

– Канкурэнтаздольнасць гэтых праграм ацаніць пакуль вельмі цяжка. Яны яшчэ вельмі маладыя – ім 3-4 гады. Але актыўнасць вясковага турызму, цікавасць да этнаграфічных каранёў і разуменне многімі турфірмамі, што этнаграфія, фальклор, традыцыі з’яўляюцца самым галоўным турыстычным прадуктам краіны, сведчаць аб тым, што рух ў лепшы бок ужо ёсць. Цяпер калядныя беларускія праграмы канкурэнтаздольныя настолькі, наколькі людзі, якія на працягу некалькіх гадоў у гэты час адпачывалі ў Егіпце, захочуць адпачыць па-беларуску. Прычым наш адпачынак вельмі здаровы – гэта і лазня, і купанне ў палонцы, і катанне на санях, і танцы, і гульні на вуліцы. Многіх гэта прываблівае.

– Калі святкаванне Каляд можа стаць прэстыжным? І не толькі сярод беларусаў, але і сярод замежных турыстаў?

– Літаральна некалькі дзён назад па радыёстанцыі Бі-Эй распавядалі, што ў Францыі выпусцілі даведнік па Беларусі. Там наша краіна названа цікавай і абсалютна невядомай. Адраджэнне такіх традыцый як абрад калядавання і з’яўляецца для замежнікаў турыстычным прадуктам, які і цікавы, і невядомы.

– І гэты абрад мог бы стаць часткай зімовага іміджу краіны?

– Так. Больш за тое, мы маглі б скарыстаць цэлы калядны цыкл, бо ў ім ёсць абрады, якія адсутнічаюць у іншых краінах, і гэтым мы ўнікальныя. Напрыклад, абрад «Жаніцьба Цярэшкі», які адзначаецца 7-8 ці 13 студзеня. На гэта свята збіралася моладзь. З жанатых людзей выбіраліся Тата і Мама – неабавязкова, каб яны былі жанатыя паміж сабой. Як сімвалічная для калядных святаў асоба на абрадзе прысутнічаў дудар. Праз абрадавыя дзеянні абраныя «бацькі» спрабуюць пазнаёміць моладзь між сабой, звесці пары. У народнай свядомасці новы цыкл жыцця прыроды значна ўплываў на іх дабрабыт, у тым ліку і плоднасць. Так, яблыня прыносіць плады, поле дае жыта, а жанчына нараджае дзяцей. Хлопца і дзяўчыну ўмоўна жанілі: пад дуду выконвалі абрадавыя танцы, накрывалі на стол і нібыта адзначалі вяселле. Многія з пар у будучыні сапраўды бралі шлюб. «Жаніцьбу Цярэшкі» святкавалі аж да раніцы.

Адметным для замежнага турыста можа падацца і тое, што Каляды ў нас адзначаюцца вельмі доўга. Да таго ж, у святочны цыкл уключаны як мінімум два зразумелыя для замежніка святы – Раство і Новы год. Але і ў гэтых святах мы маем свае асаблівасці. Калі на Захадзе і на Поўначы на Раство і Новы год чакаюць Санта-Клауса, у Расіі – Дзеда Мароза, то да беларускіх дзетак на санях прыязджае Святы Мікола з дударом. І гэта можа быць сімвалам Новага году на Беларусі. Замест гэтага, на жаль, беларускую традыцыю псуе Дзед Мароз, якога на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза распаўсюдзіла савецкая культура. Дзед Мароз яшчэ раз даказвае любому іншаземцу, што мы частка Расіі. А гэта няпраўда. Дзед Мароз для нас не традыцыйны, а мы не частка Расіі. Мы – краіна са сваёй унікальнай культурай. Патрапіўшы на абрад калядавання, кожны гэта зразумее. Больш за тое, калядны цыкл доўжыцца амаль дваццаць дзён. Калі скласці ўсе святы разам, атрымаецца выдатны тур! За два з паловай тыдні можна пазнаёміцца з краінай, паўдзельнічаць у калядаванні, у невядомым для Еўропы абрадзе «Жаніцьба Цярэшкі». Сустракаць Новы год можна і у старых сядзібах, і ў палацах, і на турыстычных базах, і ў рэстарацыях, і нават у начных клубах. Турысту будзе цікава пачуць дуду, жалейку, традыцыйную беларускую скрыпку, убачыць батлеечны спектакль. А што чакае гасцей за святочным сталом...

– У гістарычным цэнтры Рыгі адкрыўся «Часныковы паб», дзе ва ўсе стравы дадаюць часнык. Нават марозіва падаецца з часныковым соусам, а для сугрэву прапануюць пакаштаваць часныковай гарэлкі. Гэтае месца стала вельмі папулярным. У пабе стаіць моцны пах часныка, а персанал жартуе, што падчас эпідэміі грыпу ў іх быў сапраўдны аншлаг. Відаць, мы дарэмна грэбуем традыцыйнымі вясковымі стравамі ў кавярнях і рэстаранах? У тым ліку і на святы?

– Сапраўды, традыцыйная беларуская кухня вельмі карысная. Трэба прызнаць, што ў ёй прысутнічае шмат цыбулі і часныка. У Сярэднявеччы не існавала такой пагарды да паху часныка і цыбулі, з якой мы сутыкаемся сёння. Пры нізкім узроўні медыцыны часнык і цыбуля дапамагалі змагацца з вірусамі. На жаль, мы страцілі традыцыю спажывання іх у вялікай колькасці. Аднак яе можна адрадзіць. Напрыклад, у страўні «Камяніца», адпаведна традыцыі, большасць страў утрымлівае часнык.

Што датычыць святочнага стала, то для любога замежнага турыста экзотыкай будуць прыгатаваныя ў хатніх умовах вяндліна, каўбасы, сальцісон, кравянка, мачанка. Запіваць ежу варта традыцыйнымі напоямі – сідрам, травянымі і ягаднымі настойкамі. У Беларусі шмат кухараў, якія могуць прыгатаваць нацыянальныя стравы. Дарэчы, адзін з іх – Сяргей Тапчэўскі – грае ў гурце «Стары Ольса». Калі ён гатуе на розных вечарынах, атрымліваецца натуральная і вельмі смачная ежа. А ўвогуле, калі будзе попыт на традыцыйную кухню, знойдуцца людзі, здольныя прапанаваць яе і для ўнутранага спажыўца, і для знешняга турыста.

Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ, фота Алега БЕЛАВУСАВА

https://www.traditionrolex.com/8