16 снежня мінулага года адбылося адкрыццё 39 новых залаў у адрэстаўраваным Мірскім замку. Зараз наведвальнікі могуць пабачыць, акрамя падрыхтаваных раней Паўднёва-заходняй вежы і капліцы князёў Святаполк-Мірскіх, Паўночны корпус замка, Цэнтральную і Паўночна-заходнюю вежы. Новыя музейныя экспазіцыі прысвечаны былым уладальнікам замка, а таксама войнам, якія ў мінулыя часы адбываліся на беларускіх землях. Але яшчэ рана казаць, што рэстаўрацыя замка, якая вялася больш за двадцаць гадоў, завяршылася. Першы праект рэстаўрацыі замка быў распрацаваны яшчэ ў савецкія часы групай рэстаўратараў пад кіраўніцтвам архітэктара Валянціна Валянцінавіча Калніна. Аб тым, як пачыналася рэстаўрацыя, якім быў першапачатковы план і што ад яго засталося, мы вырашылі паразмаўляць з Валянцінам Валянцінавічам.
– Валянцін Валянцінавіч, з чаго пачыналася рэстаўрацыя Мірскага замка?
– Я працаваў над яго рэстаўрацыяй з 1971 года. У пачатку складання праекта для мяне самым каштоўным была магчымасць даследaваць розныя перыяды развіцця архітэктурнай думкі і сістэмы будаўніцтва на Беларусі. Руіны замка былі тады як раскрытая кніга, па якой можна было прасачыць, як будаваліся замкі на нашых землях у XVI стагоддзі, як яны перабудоўваліся пазней. Было шкада ўсё гэта кранаць і перайначываць, але інакш немагчыма. Напрыклад, у Англіі рэстаўратары могуць папросту закансерваваць руіны і пакінуць іх для нашчадкаў. Але там у старадаўнія часы будавалі з камянёў, а нашыя продкі – з цэглы, якая пад уздзеяннем ападкаў і перападаў сезонных тэмператур у нашай кліматычнай зоне вельмі хутка разбураецца. Мы ўсе разумелі, што з замкам трэба нешта рабіць. Але ведаеце, архітэктар – не вольны чалавек. Ён заўсёды залежыць ад заказчыка. Вось аднойчы быццам з’явіўся заказчык – аб’яднаны саюз архітэктараў, мастакоў, музыкантаў, кіношнікаў. Яны хацелі зрабіць у замку творчы пансіянат. Мы пачалі распрацоўваць праект. Але, шчыра кажучы, жыць у замку заўсёды было не вельмі зручна. Складана абаграваць вялікія памяшканні з тоўстымі сценамі. Менавіта з гэтых прычын Радзівілы ў Мірскім замку не жылі. Яны выкарыстоўвалі яго толькі ў якасці летняй рэзідэнцыі. А калі туды прыязджалі, то ўслед за імі ў Мір цягнулася шмат вялізных вазоў з дровамі. У пачатку ХХ ст., калі ўладаром замка ўжо быў Святаполк-Мірскі, ён выдзяліў некалькі памяшканняў, у якіх збіраўся жыць, і пачаў там перабудову. Правёў вадаправод, электрычнасць і нават тэлефон, што на той час было вельмі шыкоўна. На переабсталяванне ўсяго замка ў яго не было ні грошаў, ні патрэбы. Але нават пасля пераабсталявання ў гэтых памяшканнях было холадна. І калі мы падлічылі, колькі трэба ўкласці сродкаў, каб прыстасаваць замак пад пансіянат, творчы саюз адмовіўся ад сваіх планаў, бо папросту не меў такой сумы грошай. У 70-я гады старшынёй камітэта па ахове помнікаў была Ніна Лявонаўна Сняжкова. Яна была намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета БССР – уплывовая жанчына. І ёй даручылі каардынаваць дзейнасць камітэта па ахове помнікаў. На тыя часы гэта была распаўсюджаная практыка, калі афіцыйнай асобе даручалі нейкую культурную ці дабрачынную справу. Як было бачна з першага няўдалага праекту, на рэстаўрацыю замка патрэбны вялікія сродкі. І яна разам з калегамі прыдумала праект, згодна з якім у замку павінна была размясціцца прафесіянальна-тэхнічная вучэльня. Гэта быў ужо канец 70-х гадоў, а замак так і стаяў неадрэстаўраваны. Неяк ужо сорамна рабілася з-за гэтага. А пры такой пастанове пытання магчыма было сабраць грошы адразу з некалькіх міністэрстваў: адукацыі, культуры, народнай гаспадаркі, аховы прыроды... І вось Ніна Лявонаўна пачала дзейнічаць, збіраць міністраў, шукаць фінансы. У савецкія часы, калі кошт праекту перавышаў 10 млн рублёў, неабходна было ўзгадняць яго з Масквой. А гэта нікаму не хацелася рабіць. Вось літоўцы ніколі не ўзгаднялі. Але ім заўсёды давалі слабіну. Літва ў тры разы меншая за Беларусь па насельніцтву, а на рэстаўрацыю толькі адзін праектны інстытут меў у сваім бюджэце столькі сродкаў, колькі ў нас выдаткоўвалася на рэстаўрацыю па ўсёй Беларусі.
Так мог бы выглядаць Мірскі замак, каб быў рэалізаваны першапчатковы праект рэстаўрацыі.
– А тады не было магчымасці адразу зрабіць музей?
– Па-першае, і ў тыя часы ўмелі лічыць фінансы. Па-другое, была нягласная палітыка на памяншэнне колькасці музеяў. Паглядзіце, у нас на Беларусі зараз жудасна мала музеяў. І тады лічылі: чым іх менш, тым лепш. Гэта вельмі адчувалася. Ведаеце, ідэя зрабіць у замку прафтэхвучэльню ўзнікла не дзеля таго, каб выкарыстоўваць памяшканні пад гэтую мэту. Неабходна было сабраць грошы і зрушыць у рэшце рэшт з мёртвай кропкі работы па рэстаўрацыі Мірскага замка. Грошы ніхто так проста не даў бы. Таму і была прыдумана такая функцыя. Замак – гэта не толькі сам будынак, гэта яшчэ і вялізная тэрыторыя вакол яго, якую нельга было кранаць. Самі будынкі вучэльні, згодна з праектам, павінны былі размясціцца за паркам – там, дзе яны ў рэшце рэшт і былі збудаваны. Над праектам працавалі Вольга Аттас, Сяргей Верамейчык і я. Паколькі я даследаваў замак яшчэ раней, мяне прызначылі кіраўніком групы. Але ідэйным нашым кіраўніком быў Алег Хадыка. Ён генерыраваў ідэі і прымушаў нас думаць. Прапанаваў падзяліць замак на розныя гістарычныя зоны. Як да гэтага рабілася ў рэстаўрацыі? Выбіралі нейкі адзіны, найбольш характэрны перыяд існавання помніка і аднаўлялі яго. А ўсё іншае магло быць разбурана. Але ў праекце рэстаўрацыі Мірскага замка было вырашана, што неабходна максімальна захаваць усе праявы: і готыкі, і рэнесанса, і барока, і нават сляды перабудовы пачатку ХХ стагоддзя. Гэта датычылася знешняга выгляду замка. Унутры, безумоўна, павінен быў быць нейкі музей. Але тут перад намі ўзнікала новая праблема. Не было чым напаўняць гэты музей. Таго, што выраблялася калісьці на беларускіх землях – слуцкія паясы, урэцкае шкло, іконы, гарматы і шмат іншага, – зараз у Беларусі амаль не засталося. Спадзявацца на тое, што нам ўдасца штосьці вярнуць, не прыходзілася. Ведаеце, калі ў Гародне адчынялі музей атэізма – сучасны музей гісторыі рэлігіі, супрацоўнікі музея высвятлілі, што з аднаго з гарадзенскіх музеяў у часы вайны ў Літоўскі гістарычны музей у Вільнюсе трапіў медны конік з наезнікам XIII ст. І яны пачалі справу па вяртанні гэтага коніка. Перамовы цягнуліся вельмі доўга і марудна, негледзячы на тое, што гэтыя падзеі адбываліся яшчэ пры савецкай уладзе і дэ-юрэ мы былі адной дзяржавай. У рэшце рэшт літоўскі бок быў вымушаны аддаць гэты экспанат. Супрацоўнікі музея паехалі за ім у Вільню з падарункамі і канцэртам. А іх не толькі ніхто не сустрэў, але наогул выйшла адна звычайная супрацоўніца музея, аддала коніка нашай дэлегацыі і хуценька выйшла. І гэта толькі з-за аднаго экспаната! Таму спадзявацца, што ўсё радзівілаўскае багацце, усё тое, што выраблялі беларускія мануфактуры ў часы Вялікага княства Літоўскага, нейкім чынам нам удасца вярнуць з Літвы, Расіі, Польшчы, мы не маглі. А выкупіць і падаўна. Мы ледзь нашкраблі на аднаўленне самога будынка.
Тады нам падалася ўдалай думка размясціць у замку вырабы майстэрні традыцыйных рамёстваў мастацкай вучэльні. І нават уключыць іх у экспазіцыю. Каб наведвальнікі замка маглі ўбачыць, як рабіліся кераміка, шкло, фаянсавы посуд у старадаўнія часы. Так можна было зрабіць экспазіцыю музея жывой і адрадзіць страчаныя рамёствы. Мы хацелі размясціць там інструменты тых часоў, станкі.
Пад гэтую справу было вырашана прыстасаваць памяшканні, якія не былі дабудаваныя ў пачатку ХХ стагоддзя Святаполк-Мірскімі. Бо не было сэнсу рабіць аўтэнтычную рэстаўрацыю той часткі замка, дзе Святаполк-Мірскі правёў мадэрнізацыю. А асноўная вучэльня, безумоўна, павінна была месціцца ў новым будынку, які ў рэшце рэшт і быў пабудаваны. Калі праект быў адданы іншай групе і змянілася канцэпцыя, нас папракалі: «Навошта месціць у замку вучэльню?» Ніхто насамрэч не збіраўся гэтага рабіць. Майстэрні планаваліся ў той частцы замка, дзе зараз месціцца гатэль. У новы праект, які на самай справе быў не такім і новым, цалкам увайшоў распрацаваны намі падзел замка на тры зоны. Першая – класічнай рэстаўрацыі: гэта частка замка, пра якую былі дадзеныя, што яна існавала там раней, і таму яе можна было аднавіць. Наступная зона – адаптацыі: тыя памяшканні, якія ўжо былі перароблены і іх аўтэнтычнасць была страчана. Там можна было рабіць нешта з сучасных матэрыялаў. І апошняя – зона захавання, ці рэзервовая зона, якая не была кранутая перабудовамі, але не было ніякіх дадзеных, што там знаходзілася раней. Яе можна было закансерваваць і пакінуць наступным пакаленням вырашаць, што з імі рабіць далей. Магчыма, з цягам часу маглі з’явіцца новыя звесткі.
Фота Яўгена Казюлі для газеты «Вечерний Минск» ад 12.04.1982 г.:
Валянцiн Калнін, Вольга Атас, Сяргей Верамейчык
– Як Вы ацэньваеце тую рэстаўрацыю, якая была праведзена ў выніку?
– Сучасную рэстаўрацыю я ведаю толькі па праектах. Сам пасля адкрыцця там не быў. Але магу сказаць, што гэтай рэстаўрацыяй задаволеныя толькі чыноўнікі. Гатэль, аб якім шмат гавораць, гэта толькі палова бяды. Пад замкам і валам быў пабудаваны кухонна-рэстаранны вузел. Навошта было гэта рабіць? Можна было недзе ў самім Міры размясціць гэтую частку. Усё дзеля таго, каб потым зарабляць на гэтым грошы. Нібыта туды будзе прыязджаць шмат таўстасумаў і плаціць вялікія грошы, каб пажыць у гэтым цудзе. Музейная экспазіцыя аказалася вельмі заціснутая. Але мне не хочацца крытыкаваць тое, што атрымалася. Назад ужо не вернеш. Пройдуць гады, нешта зменіцца. Безумоўна, нейкае прыстасаванне замка трэба было рабіць. Помнік павінен жыць. Але немцы ці французы паедуць сюды толькі каб пабачыць нешта аўтэнтычнае, а не пераробленае на невядома які манер. Радзівілы добра ведалі еўрапейскае жыццё, але яны любілі свой край за тую прастату, якую мелі тут. А мы ў пагоні за «еўрапейскім лоскам», на жаль, забыліся на сваё...
Размаўляла Святлана КІРПА