https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прэмію імя Юліюша Бардаха, заснаваную Інстытутам Вялікага княства Літоўскага, змогуць атрымаць беларускія, польскія, літоўскія i ўкраінскія гісторыкі</p>

Прэмію імя Юліюша Бардаха, заснаваную Інстытутам Вялікага княства Літоўскага, змогуць атрымаць беларускія, польскія, літоўскія i ўкраінскія гісторыкі, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

На конкурс прымаюцца доктарскія або магістарскія працы, прысвечаныя тэматыцы ВКЛ. Прэмія накіравана на заахвочванне правядзення даследаванняў па спадчыне Вялікага княства Літоўскага, яго дзяржаўнай, прававой і культурнай традыцыі. Паведаміў дырэктар Інстытута ВКЛ, дацэнт універсітэта Вітаўта Вялікага Русціс Камунтавічус:

— Заснавальнікі Інстытута Вялікага княства Літоўскага вырашылі стварыць такую прэмію, якая будзе выдавацца людзям, якія вывучаюць або спадчыну Вялікага княства Літоўскага, яго культурныя і палітычныя традыцыі, або напісалі свае працы па паліталогіі ці гісторыі, але галоўнае, каб гэтыя працы былі пра некалькі дзяржаў з гэтага рэгіёна. Напрыклад, абрана нейкая тэма, у межах якой разглядаюцца Літва і Польшча, Польшча і Беларусь, Літва і Беларусь і гэтак далей.

Апошні тэрмін падачы прац — 30 верасня. Пераможцаў прэміі імя Бардаха абярэ навуковая камісія, прызначаная Інстытутам ВКЛ. З беларускага боку арганізатарамі прэміі выступаюць Андрэй Казакевіч і Алесь Смалянчук. Юліюш Бардах, імем якога назвалі прэмію, выбітны польскі і літоўскі гісторык, адзін з самых вядомых навукоўцаў Вялікага княства Літоўскага. Бардах выступаў за захаванне добрых навуковых стасункаў на абшары былой Рэчы Паспалітай. Гісторык памёр у 2010 годзе.

Антон Разумоўскі

https://www.traditionrolex.com/8