Пілігрымка ў Мадрыд

10.09.2011 - Витрина туров

Пілігрымка ў Мадрыд

Арганізатары сустрэчы выдалі кожнаму пілігрыму бясплатны білет на праезд у метро і спецыяльныя талоны на харчаванне, прад’яўляючы якія, мы мелі магчымасць падмацавацца ў любым з прапанаваных рэстаранаў горада

Чытач газеты «Астравецкая праўда» дзеліцца ўражаннямі:

Калі  б яшчэ год  назад мне хто-небудзь сказаў аб тым, што наступным летам я апынуся ў Паўднёвай Еўропе, напэўна б толькі ўсміхнулася і не ўспрыняла дадзеныя словы ўсур’ёз. Аднак з Божай дапамогай і падтрымкай гудагайскіх ксяндзоў мае мары і мары моладзі гудагайскай парафіі здзейсніліся. Нам пашанцавала паўдзельнічаць у Сусветнай сустрэчы моладзі, якая з 15 па 22 жніўня  праходзіла ў сталіцы Іспаніі – Мадрыдзе.

У падарожжа  мы выправіліся  позна  вечарам. Разам з намі ў аўтобусе ехалі парафіяне з Пінска, Мядзеля, Нарачы і Мінска. Увесь першы дзень правялі ў дарозе: маліліся, знаёміліся, глядзелі праз вокны другога паверха на краявіды Польшчы і Чэхіі. Стомленыя, спыніліся толькі вечарам у Празе. Паколькі шмат часу згубілі на мяжы і значна спазніліся на начлег, адзін з самых прыгожых еўрапейскіх гарадоў застаўся для нас непабачаным. У тых жа, хто яшчэ ад стомленасці мог трымацца на нагах, была магчымасць пакаштаваць у адным з гарадскіх бараў сапраўднае чэшскае піва.  Ранкам пасля імшы і малітвы зноў выправіліся ў шлях. Наперадзе нас чакала Францыя.  Ласкавае сонца, яркае блакітнае неба, шыкоўныя вінаграднікі і маляўнічыя вёсачкі, якія, здаецца, хтосьці выпадкова згубіў ля падножжа высокіх гор, – вось ён, Праванс. Сэрцам гэтых мясцін здаўна лічыцца горад Авіньён. Невялікі, утульны, акружаны высачэзнай прыгожай сцяной, ён з даўніх часоў даваў імпульс для хрысціянскага жыцця, на працягу 72 гадоў служыў рэзідэнцыяй Папы Рымскага. Аб былой магутнасці Авіньёна і  яго значэнні ў гісторыі сведчаць старажытныя вежы папскага палаца і ўнікальныя фрэскі сабора Нотр-Дам-дэ-Дом. Паглядзець ёсць на што! Яшчэ адным адкрыццём у гэты дзень, асабліва для мяне, сталі Пірэнейскія горы, якія з’яўляюцца натуральнай мяжой між Францыяй і Іспаніяй. Высачэзныя, з крутымі схіламі, яны не могуць не здзіўляць сваёй неабсяжнасцю і веліччу.

Першы горад, які сустрэў нас у  Іспаніі, быў Барселона. Цёплае Міжземнае мора агортвае хваляй лёгкасці, помнік Хрыстафору Калумбу прымушае задумацца над адкрыццямі, якія кожны павінен зрабіць у сваім жыцці, Храм Саграда Фамілія, пабудаваны адным з славуцейшых архітэктараў свету Антоніа Гаўдзі, сведчыць аб моцы і велічы Пана Бога, а «танцуючы» фантан дапамагае перанесціся ў атмасферу казачнасці. Прынамсі, калі б мне хто-небудзь прапанаваў апісаць горад адным словам, я б адразу ж сказала: «святочнасць».  Вельмі ўтульна, спакойна і свабодна адчуваеш сябе ў ім, так, нібы кожны дзень — свята.

Не  менш уразіла нас і былая сталіца  Іспаніі –Таледа. Гэты горад пранікае глыбока ў сэрца, нібы пачуццё першага кахання, і назаўсёды застаецца ў ім. Вузкія вулачкі, каменные сцены, сувенірныя крамы, балконы з яркімі кветкамі – усё гэта разам з асноўнай славутасцю, Кафедральным саборам Святой Марыі, надае гораду адметны каларыт, які прымушае людзей зноў і зноў вяртаццца ў гэты цудоўны куточак касцільскай зямлі.

Галоўнай славутасцю горада Сеговія, у якім нам таксама пашанцавала пабываць, з’яўляецца знакаміты рымскі акведук. Ён уяўляе сабой сцяну з арак  даўжынёй у 728 метраў і вышынёй у 28 метраў. Стаіш такая маленькая на зямлі і дзіву даешся, як гэта чалавек змог збудаваць нешта падобнае. Напэўна, менавіта таму і ўзнікла цікавая легенда, што гэты помнік архітэктуры створаны рукамі самога  д’ябла. Вядома ж, ёсць на што паглядзець у Сеговіі і акрамя акведука. Шыкоўныя каралеўскія палацы, пышныя касцёлы і саборы, непараўнальна прыгожыя вуліцы, гарманічны ансамбль ландшафту і архітэктуры – усё гэта здзіўляе, захапляе, уражвае.

1

Акрамя Таледа і Сеговіі, статус горада-музея мае  Авіла. Гэты невялікі горад цалкам абнесены шырокай мураванай сцяной і здалёк нагадвае непераможную абарончую крэпасць. Але не толькі асаблівасці архітэктуры прымушаюць тысячы турыстаў кожны год наведваць гэтыя мясціны. Паломнікі з розных куткоў свету здзяйсняюць свае падарожжы сюды, каб пакланіцца мошчам адной з найбольш вядомых каталіцкіх святых – Тэрэзы з Авілы.  Храм, пабудаваны ў яе гонар, здзіўляе сваім бляскам і раскошай, а таксама адчуваннем адухоўленасці і чысціні.

Пасля столькіх дзён шляху асабліва прыемна было ўладкавацца на канчатковым месцы прыстанку, у сталіцы Іспаніі – Мадрыдзе. Нашу групу разам з канадскай пасялілі ў невялікім, але досыць утульным будынку дзіцячага садка. Кожная раніца ў Мадрыдзе пачыналася з катэхізісу, які праводзіў для ўсіх груп з Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваіх выступленнях перад моладдзю ён уздымаў найбольш важныя праблемы  каталіцкай веры, тлумачыў сапраўднае значэнне слова «хрысціянін», нагадваў аб абавязках, якія павінен выконваць  кожны веруючы чалавек. Наступнай часткай рэлігійных сустрэч была своеасаблівая канферэнцыя, дзе кожны жадаючы мог задаць арцыбіскупу  пытанне. Затым, пасля невялікага перапынку, усе з асаблівай увагай слухалі сведчанні людзей, для якіх вера ў Бога стала сэнсам усяго жыцця, дала сілы і натхненне рухацца далей, не стаяць на месцы ў сваім духоўным развіцці, а ўвесь час удасканальвацца і ўмацоўвацца ў Езусе Хрысце. Фінальнай часткай ранішніх спатканняў з’яўлялася святая імша, якую звычайна разам з усімі ксяндзамі адпраўляў Тадэвуш Кандрусевіч.

2

Пасля дзвюх гадзін дня кожны быў  прадстаўлены сам сабе і мог  бавіць вольны час так,  як яму  падабаецца. Арганізатары сустрэчы выдалі кожнаму пілігрыму бясплатны білет на праезд у метро і спецыяльныя талоны на харчаванне, прад’яўляючы якія, мы мелі магчымасць падмацавацца ў любым з прапанаваных рэстаранаў горада. А выбраць сапраўды было з чаго! Найбольш даспадобы мне прыйшлася нацыянальная страва Іспаніі – халодны таматны суп гаспача, прыгатаваны са свежых памідораў  і запраўлены зелянінай і вострымі спецыямі, а таксама летні іспанскі напой «цінта дэ берано», прыгатаваны з чырвонага віна і газіраванай вады.

Але, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Пасля смачнага абеду мы наведвалі найбольш вядомыя славутасці Мадрыда. Музей «Прада», галоўную плошчу горада Пласа-Майор, каралеўскі палац, плошчы Пуэрта-дэль-Соль і Сібелес, вуліцу Гран-Віа… Нават зараз да канца не верыцца, што ўсю гэту прыгажосць бачылі на свае вочы.

З радасцю ў сэрцы і нейкім незразумелым хваляваннем мы чакалі прыезду Папы Рымскага Бенедыкта ХVI. Перажываючы кожную стацыю, сачылі за крыжовай дарогай. Кульмінацыяй дзён моладзі стала начная малітва на полі ля мадрыдскага аэрапорта і ранішняя фінальная імша, якую адпраўляў сам Бенедыкт ХVI, і на якой прысутнічала больш за 2 мільёны пілігрымаў з усяго свету. Імша праходзіла на іспанскай мове і слоў мы не разумелі, але пачуццё еднасці з іншымі народамі ў сваім веравызнанні, радасць прысутнасці ў нашых сэрцах Бога былі зразумелымі без слоў.

3

Як  бы ні хацелася пакідаць Мадрыд, але  прыйшоў час збірацца дадому. На зваротным шляху нас чакаў Парыж. Не ведаю як, але гэты горад проста прымушае палюбіць сябе, зачароўвае грацыёзнасцю і вытанчанасцю, здзіўляе раскошай і веліччу. Чаго вартая толькі Эйфелева вежа! У якой бы частцы горада ты ні знаходзіўся, яна ўсё роўна прыцягвае ўвагу да сябе. Луўр, Елісейскія палі, Аляксандраўскі мост, Трыумфальная арка, Сабор Нотр-Дам-дэ-Пары – толькі найбуйнейшыя жамчужыны гэтага рамантычнага горада. Здаецца, тут нават паветра іншае. Нездарма кажуць: убачыць Парыж і памерці.

Вядома, Бог з намі заўсёды, але ў хвіліны радасці, захаплення, здзіўлення, у хвіліны эмацыянальнага ўздыму мы адчуваем яго прысутнасць неяк мацней. Мабыць таму кожны чалавек павінен імкнуцца быць шчаслівы сам і рабіць шчаслівымі іншых. Зараз я добра ўсведамляю, што Бог – ёсць любоў і міласэрнасць, якія здольныя здзяйсняць нават самыя неверагодныя мары, жаданні, надзеі. Толькі трэба верыць! Верыць шчыра, глыбока, аддана.

Анастасія Баршчэўская

Рубрики: Акции

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах