<p>Ці заўважаў ты, дарагі чытач, што ў святочныя калядныя дні – няхай гэта  25 снежня або 1 ці 7 студзеня – заўжды сняжок і цішыня? Ну, безумоўна, з  невялікімі выключэннямі, але не пра іх гаворка. Як думаеш ты, мой  дарагі чытач: адкуль гэта ўсё? Я скажу табе, не буду хаваць тайны: гэта  серафімы сыплюць сняжок, а херувімы ўтрымліваюць вецер і аблокі. Ну, а  Міхаіл з Гаўрыілам (архангелы), вядома ж, дбаюць пра зорку. І ўсё для  чаго? А?</p>

Людмила Бендетович

Cпециалист по туризму

г. Минск ул. Ульяновская 29

Людмила Бендетович
Cпециалист по туризму
г. Минск ул. Ульяновская 29

Раман АБРАМЧУК, фота Валянціна Кароткіна

Ці заўважаў ты, дарагі чытач, што ў святочныя калядныя дні – няхай гэта 25 снежня або 1 ці 7 студзеня – заўжды сняжок і цішыня? Ну, безумоўна, з невялікімі выключэннямі, але не пра іх гаворка. Як думаеш ты, мой дарагі чытач: адкуль гэта ўсё? Я скажу табе, не буду хаваць тайны: гэта серафімы сыплюць сняжок, а херувімы ўтрымліваюць вецер і аблокі. Ну, а Міхаіл з Гаўрыілам (архангелы), вядома ж, дбаюць пра зорку. І ўсё для чаго? А? Ну, вядома, каб калядоўшчыкам добра ішлося па вулічках, каб вясёла спявалася на падворку ды каб за сталом потым не ўпілося–не пераелася! Вось і я спадобіўся патрапіць у гурт калядоўны. 

Каляда

Адразу абмоўлюся, што гурт наш – са стажам, калядуем не першы год і не другі. Пераважна наш калядны дэсант высаджваўся ў Крэве (тым самым, дзе да канца свету будуць грозна ўзвышацца над сялом руіны Альгердавага замка). Але былі і іншыя, экзатычныя выключэнні: катэджны пасёлак Валяр’янава, палаты мінскіх бальніц, дамкі Заслаўя, паўзмрочныя пад’езды мінскага Сухарава. Што ні паход – то гісторыя. Усіх і не прыгадаеш.

У Валяр’янаве (катэджным пасёлку пад Мінскам) – пад пахавальны марш выносілі так і неўваскрэслую казу з хаты (дакладней, з крамы), бо гаспадары так і не схацелі ахвяраваць калядоўшчыкам  «на новае лета», «на новае жыта». У мінскіх бальніцах, у якіх планавалася болей раздаваць сімвалічныя падарункі, чым браць каляду, – былі адораныя грашыма, мандарынамі і цукеркамі. І нават у самых цяжкіх аддзяленнях былі прынятыя на «ўра», калі так можна сказаць пра людзей, якiм, па прагнозу ўрачоў, засталіся апошнія месяцы жыцця. І што мне казаць пра Крэва, вулачкі якога ходжаны-пераходжаны калядоўшчыкамі? Святая зямля, адно слова. Ну, ды не пра гэта тут гаворка. А пра казу.

Вось караценькая даведка аб Калядах. Каза – яна ж Каляда – язычніцкае божышча, міфічная жонка Перуна, якая павінна нарадзіць маладога бога, новае сонца. Але аб тым ведае Зюзя – іншы персанаж беларускай міфалогіі, бог холаду і маразоў. Ён, гэты лысы дзед з барадой (менавіта так яго ўяўлялі беларусы), не хоча аддаваць уладу сонцу і цяплу. І таму, седзячы ў дрымучым лесе (і не абавязкова пад Паставамі), Зюзя пасылае за козачкай-Калядой у пагоню сваіх верных ваўкоў, лютую сцюжу, завіруху, ледзяныя вятры. Беднай козачцы нічога не застаецца, як схавацца пад вярбой і… спарадзіць сонца! Ваўкі могуць адпачываць, кульгаць назад да Зюзі – місія правалена. Сусветная вось пачынае круціцца ў іншы бок; прырода прадчувае хуткае пазбаўленне ад холаду і змроку; людцы на зямлі – у Крэве, Сухараве і Валяр’янаве – святкуюць сапраўдны Дзень перамогі…

І таму кожны, да каго завіталі калядоўшчыкі, мусіць ведаць, што яны – гэта «група падтрымкі» казы. Гэтую казу (сімвалічную, у масцы) яны з сабой і водзяць. І калі каза пачынае ў шалёным танцы кружляць па хаце – не палохайся, мой дарагі чытач. Яна зараз здохне, упадзе на дол. Шкада жывёлу? Шкада. А шкада Новы год, які можа не наступіць? Сонца, якое можа не нарадзіцца? Цяпло са святлом, якое не ўвойдзе ў хату без казы? І Газпром тут нічога не паробіць… Ну дык вось ён, момант «ікс»: над нежывым целам беднай жывёлы калядоўшчыкі пачынаюць жалобна галасіць, плакаць і стагнаць. Але затым перахо­дзяць да больш канкрэтных дзеянняў: «Каб каза ўстала – трэба казе сала!!!», – раве калядоўны гурт. «А на ражок – піражок!! А на копчык – пончык!!», – дадаюць з задніх шэрагаў. «І вінца – з леганца!!!», – нахабнічаюць ужо выключна мужчынскія галасы. Гаспадар у гэты момант мусіць уваскрасіць казу, даўшы ёй ахвяру.

Каляда3

Гаспадары хочуць адкупіцца цукерачкай? Пускаем цяжкую артылерыю: «Давай, дзядзька, каўбасу, а то хату разнясу!!»

І вось так, ад хаты да хаты, ходзіць-бродзіць гурт калядоўны, разносіць «вясёлу навіну» па сем’ях.

І калі мех цяжэе ад бутэлек, кавалкаў сала і выпечкі, то настрой расце прама прапарцыянальна шчырым усмешкам гаспадароў, смелым жартам калядоўшчыкаў, радасным вачам дзяцей, ну і, безумоўна, выпітым чаркам…

Ну і пасля, вядома ж, баль. Калядны стол. Моладзь (ды не толькі) рассаджваецца па лавах за накрытым сталом. Прамаўляюцца першыя, яшчэ разумныя тосты, а затым – … (не забывайцеся на культуру ўжытку).

Вось і гэтым разам гурт наш быў накіраваны ў вёску Гарадок Мала­дзечанскага раёна. Напачатку звычайна трэба захапіць адну з хат і ператварыць яе ў базу. Вельмі пажадана, каб ў гэтай хаце вас ужо ведалі і чакалі загадзя. Генеральныя спеўкі, рэпетыцыя сцэнкі з казой (дадатковы варыянт – мядзведзем), пераапрананне, лёгкі перакус (выпраўляемся на некалькі гадзін) – і ўперад!

Вёска Гарадок здзівіла нават такіх жыццём пабітых калядоўшчыкаў, як мы. Ужо ў першай хаце – запрасілі да стала, частавалі-налівалі, адпускаць не жадалі. Як высветлілася – нейкі мясцовы чыноўнік. У працэсе стаў дапытвацца, ад якой мы такой арганізацыі (ну што яму было адказаць, акрамя як дружным хорам: «з-пад самага раю!!!»), запрашаў на Пасху, Купалле і яшчэ і яшчэ… Амаль пагадзіліся, абяцалі толькі ўзгадніць з Вышэйшай Адміністрацыяй.

І затым, што ні хата – то адчыненыя дзверы, запрашэнні да стала, пачастункі. Больш за тое, многія з гаспадароў выдатна ведалі пра абрад калядавання (у адрозненне ад многіх іншых вышэй пералічаных месцаў), а адзін з іх нават прызнаўся, што сам па маладосці з сябрамі і гармонікам бударажыў сяло святымі каляднымі вечарамі.

А вось гаспадары гасяць святло, пачуўшы нашае «добры вечар, шчодры вечар» на падворку: маўляў, не да вас. А вось даюць каляду з такім пыхлівым выглядам, што нават цяжка ўзяць. А вось старыя людзі ў хаце з пажоўклымі шпалерамі адорваюць адным-адзіным піражком і цалуюць кожнага з калядоўшчыкаў, пасля чаго разумееш, што гэта была самая дарагая каляда, як тыя дзве лепты беднай удавы з Евангелля.

Каляда2

А тут вясёлая мужчынская кампанійка нападпітку пачынае смешна танцаваць на падворку, які запоўнены пахамі ад шашлыку ў мангалах. Зразумела, адзін шампур перакачоўвае ў наш мех, а з ім – і бутэлечка пладова-ягаднага (чым багаты – тым і рады!). Ну вось, яшчэ некалькі апошніх хат на гэтай вуліцы, і вёска наша. Партыя, панове! П’янае ад весялосці вяртанне на хату-базу, здыманне масак, сервіроўка стала калядой, займанне пачэсных месцаў,  падзяка гаспадарам, што прынялі і…

 Дарагі чытач, у гэтыя дні, якія сама прырода вызначыла як няплённыя, не варта сур’ёзна працаваць. Расслабся, выйдзі на ганак, памерзні, сагрэйся (чым ёсць), зрабі так з дзясятак разоў, потым з сябрамі. Ёсць яшчэ снег (ну, колькі Бог даў), ёсць яшчэ светлае царкоўнае Навячэр’е, ёсць яшчэ ялінкі і бенгальскія агні… Ты хочаш спытаць, як спалучыць царкоўную службу, чарку і язычніцкую маску? Гэта пытанні не да нас, шаноўны мой, а да Таго, Хто насіўся над першасусветам, як Дух, а адносна нядаўна (2011 год таму) узяў ды нарадзіўся ад маладзенькай Марыі проста ў хлеве, каля козачак, ослікаў і авечак (ну, не хапіла месца ў віфлеемскім гатэлі).

У гэтыя дні, калі зорка гарыць-разгараецца на небе, можна літаральна ўсё, усё, што не будзе перашка­джаць яе ззянню. Астатняе – няхай коціцца ў цёмны лес разам з Зюзяй, крызісам-шмізісам, таннай рэкламай і іншай пустатой. На Каляды гэта ўсё не мае сілы. На Каляды часова наступае Будучы век. І таму мы хоць на імгненне, але заўважаем, як побач з намі актыўнічаюць анёлы, херувімы і серафімы.  І таму зорка на небе, і бенгальскі агеньчык, і калядоўшчыцкая зорка з пап’е-машэ, – усё ззяе адным святлом будучага Дня.