https://www.traditionrolex.com/8
<p>Гісторык і краязнавец з Браслава<strong> Кастусь Шыдлоўскі </strong>каля дзесяці гадоў займаецца адраджэннем старажытных спосабаў пісьма і другі год з’яўляецца ўдзельнікам студыі. Ён распавёў, што сёлета адбывалася ў творчай майстэрні Віленскага кірмашу і што наведвальнікі бачылі на яго ўласным стэндзе.</p>

Яна Скрыннікава

chidl У Беларусі кнігу спісалі. Паклалі на паліцу часу. Апошні кніжны кірмаш у «БелЭкспа» прайшоў сціпла і амаль незаўважна. Зусім інакш сябе пачувае кніга ў Вільні. Сёлета Віленскі кніжны кірмаш, які традыцыйна адбываецца ў лютым, за чатыры дні наведала амаль шэсцьдзесят тысяч чалавек. У чатырох залах выставачнага цэнтра Litexpo кніжную прадукцыю дэманстравалі 200 кампаній з 7 краін свету. Рэкорднаму наведванню кірмаша спрыяла і яго інтэрактыўная частка – творчая студыя для дзяцей «Ты можаш стварыць кнігу». Гісторык і краязнавец з Браслава Кастусь Шыдлоўскі каля дзесяці гадоў займаецца адраджэннем старажытных спосабаў пісьма і другі год з’яўляецца ўдзельнікам студыі. Ён распавёў, што сёлета адбывалася ў творчай майстэрні Віленскага кірмашу і што наведвальнікі бачылі на яго ўласным стэндзе.

– Крокі, якія робяць арганізатары любой выставы, каб прыцягнуць наведвальнікаў, могуць быць самыя розныя. У выпадку з Віленскім кірмашом гэтым крокам стала арганізацыя творчай студыі «Ты можаш стварыць кнігу», якой кіруе графік і кніжны ілюстратар Сігутэ Хлебінскайтэ. Цягам чатырох дзён супрацоўнікі студыі дэманстравалі і дзецям, і дарослым, як ствараецца кніга. Больш за тое, любы чалавек, які трапляў у залу, станавіўся актыўным удзельнікам праграм, якія сёлета прапаноўваліся. У крэатыўнай майстэрні можна было навучыцца друкаваць шрыфтом Брайля, створаным для невідушчых. Адмысловыя машынкі дазваляюць адчуць літары, а надрукаваны тэкст атрымліваецца пукатым, і яго можна чытаць пальцамі. Наведвальнікам студыі прапаноўвалі паўдзельнічаць у працэсе стварэння ілюстрацый метадам асвятлення паперы, які ўжываўся ў ХІХ – пачатку ХХ ст. На паперу выкладваліся пэўныя прадметы, апрацоўваліся хімікатамі, пасля чаго з іх рабілі светакопіі. Супрацоўнікамі студыі праводзіліся ўрокі каліграфіі, на якіх тлумачыліся прынцыпы прыгожага пісьменства. Дзеці маглі адчуць сябе пісарамі мінулага, паспрабаваўшы выводзіць літары гусінымі пёрамі. Шмат слухачоў збіралася каля стэнда, дзе распавядалі гісторыю кірылічнага пісьма на матэрыяле старажытнагрэцкіх тэкстаў. Акрамя таго, у творчай майстэрні штодня адбываліся сустрэчы з аўтарамі дзіцячых кніг, мастакамі і ілюстратарамі, праходзілі прэзентацыі мультфільмаў. Збольшага разлічаная на дзяцей, студыя прыцягвала вялікую колькасць дарослых, сярод якіх асабліва часта сустракаліся навукоўцы, выкладчыкі універсітэтаў. І не дзіўна, бо кожны накірунак быў прадстаўлены прафесіяналам, аматарам сваёй справы. Студыя надавала кірмашу інтэрактыўны характар, чаго так бракуе на беларускіх кніжных кірмашах. На жаль, вопыт суседзяў мы пакуль што не перанялі.

Таблічкі з воскам, стыль, бяроста

У Браславе ёсць невялічкае кола людзей, якое займаецца «жывой археалогіяй», аднаўляючы старажытныя рамёствы.  Кастусь вывучае два даўнія спосабы пісьма: пісанне на таблічках, альбо цэрах, пакрытых воскам, і бяросце пры дапамозе сціласа, альбо стыля, што ў перакладзе на грэцкую мову азначае «палачка». Рэканструкцыю таблічак робіць сваімі рукамі і з гэтымі рэчамі разам з аднадумцамі прымае ўдзел у археалагічных фестывалях Прыбалтыкі і Польшчы. Арганізатары Віленскай выставы зацікавіліся дзейнасцю Кастуся, і ён стаў супрацоўнікам студыі.

– Наведвальнікі выставы часта задаюць пытанне, якая сувязь паміж таблічкамі і кнігамі. Звонку кніга нагадвае таблічку. У Старажытным Рыме неахайна зробленыя цэры грэбліва называлі кодэксамі, што значыць «даўблёная дошчачка». Менавіта такую назву атрымалі і першыя кнігі, калі, адмовіўшыся ў трэцім стагоддзі нашай эры ад формы світку, іх пачалі ўкладаць як таблічкі. А калі ў Еўропе цэры пачалі актыўна вырабляць з букавага дрэва, то слова «бук» увайшло як абазначэнне кнігі ў многія мовы свету: у ангельскай – гэта book, у нямецкай – Buch. Чалавеку з літаратурнымі здольнасцямі звычайна казалі, што ён валодае добрым стылем. Стыль – гэта тое, што засталося нам у спадчыну ад слова «сцілас». Бяросту больш выкарыстоўвалі для карэспандэнцыі, а пасля сталі называць славянскім пергаментам, з якога пры жаданні таксама можна стварыць кнігу. Мая выстава дае магчымасць пагартаць таблічкі розных часоў – Старажытнай Грэцыі, Рыму, Сярэднявечча. А таксама паспрабаваць напісаць сціласамі некалькі слоў на бяросце ці мяккім воску. Прыкладаў прыводзіць можна шмат, і для многіх яны – сапраўднае адкрыццё. Хаця пісанне на таблічках было шырока распаўсюджана і ў Заходняй Еўропе, і на славянскіх землях, рэчы, пра якія я распавядаю, малавядомыя. Бо кніг, прысвечаных гэтай тэме няма, і матэрыялы даводзіцца збіраць з розных крыніц.

З досведу працы на кірмашы бачна, якую зацікаўленасць інтэрактыўная частка сустракае ў арганізатараў іншых імпрэз. Штогод паступаюць прапановы прыехаць на сустрэчу ці прачытаць лекцыю. Сёлета падчас кірмашу прагучалі прапановы супрацоўнічаць з адноўленым замкам вялікіх князёў літоўскіх у Вільні, які ў пачатку ХІХ стагоддзя быў цалкам разбураны. Са смуткам вымушаны адзначыць, што за шматлікія спробы ўдзелу ў беларускіх фестывалях не было зроблена ніводнай прапановы супрацоўнічаць. На жаль, назапашаны гістарычны матэрыял у нашай краіне не запатрабаваны. Для мяне гонар працаваць у нашай супольнай сталіцы – Вільні. Аднак хацелася б, каб твая праца прыносіла карысць і на Радзіме, а падчас кніжнага кірмашу на таблічках спрабавалі пісаць у тым ліку і беларускія дзеткі.

 

https://www.traditionrolex.com/8