https://www.traditionrolex.com/8
<p>Напалеон Орда… Мастак, музыкант, кампазітар, педагог, вучоны,  пісьменнік… Імя гэтага знакамітага ўраджэнца беларускай зямлі з вёскі  Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ведаюць у многіх краінах  блізкага і далёкага замежжа. А пяць гадоў таму, у 2007-м, згодна з  календаром памятных дат UNESCO, па ўсім свеце адзначаліся 200-я ўгодкі з  дня яго нараджэння.</p>

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, фота аўтара

Напалеон Орда… Мастак, музыкант, кампазітар, педагог, вучоны, пісьменнік… Імя гэтага знакамітага ўраджэнца беларускай зямлі з вёскі Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ведаюць у многіх краінах блізкага і далёкага замежжа. А пяць гадоў таму, у 2007-м, згодна з календаром памятных дат UNESCO, па ўсім свеце адзначаліся 200-я ўгодкі з дня яго нараджэння.

Помнік-Напалеону-Ордзе-ў-Іванава

Ведаюць імя Напалеона Орды і на Беларусі. Вуліцы многіх гарадоў краіны носяць яго імя, ягоная шматгранная спадчына пастаянна вывучаецца і да­следуецца беларускімі навукоўцамі, а малюнкі таленавітага творцы, звязаныя са многімі ўнікальнымі архітэктурнымі помнікамі і мясцінамі нашай краіны, заўсёды прыцягваюць увагу аматараў гісторыі і даўніны…

Найбольш цэняць спадчыну Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, дзе 11 лютага 1807 года і нарадзіўся мастак. У Іванаве яго імем названы вуліца і дзіцячая школа мастацтваў, у цэнтры горада кожны можа ўбачыць адзіны ў Еўропе помнік Ордзе, а на месцы, дзе знайшоў спачын славуты ўраджэнец Іванаўшчыны, усталяваны памятны знак. Да таго ж, сёння раённыя ўлады працуюць над стварэннем у вёсцы Варацэвічы ўнікальнага музейнага комплексу, здольнага, на іх думку, зацікавіць і прывабіць шматлікіх турыстаў.

Задума ёсць. Што з увасабленнем?

Варта адзначыць, што раённае кіраўніцтва даўно зразумела, што мастак і кампазітар Напалеон Орда цікавы не толькі беларусам, а і нашым суседзям – палякам, літоўцам, украінцам, і што дзякуючы гэтаму імені-брэнду Іванаўшчына можа атрымаць неблагія дывідэнды ад аказання турыстычных паслуг. Таму і робяцца цяпер шматлікія захады для «раскруткі» гэтага славутага імя не толькі ў раёне, але і ў Беларусі. У Іванаве ўвесь час ла­дзяцца рэспубліканскія і абласныя пленэры мастакоў, прысвечаныя памяці знакамітага земляка, праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі і семінары. Але галоўная праца вядзецца цяпер нават не ў райцэнтры, а ў Варацэвічах, дзе плануецца стварыць музейны комплекс Напалеона Орды.

Першыя крокі ў гэтым накірунку былі зроблены яшчэ напачатку ­2000-х­. Менавіта тады на баланс аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама былі перададзены памяшканні былой агульнаадукацыйнай школы, што месцілася ў Варацэвічах. У іх і планавалася размясціць музей.

У гэтага турыстычнага аб’екта ёсць адзiн з галоўных «плюсаў», які адразу кідаецца ў вочы, – добрае тэрытарыяльнае размяшчэнне. Прыкладна кіламетраў за сем ад вёскі праходзіць ажыўлёная магістраль М10, якая літаральна «працінае» ўсю краіну ад Брэста да Гомеля. Прыдарожны сервіс на гэтай трасе развіты пакуль даволі слаба, таму мясціны, звязаныя з імем Напалеона Орды, безумоўна, зацікавяць вандроўнiкаў. І вымусяць, на думку распрацоўшчыкаў праекта, завярнуць «на хвілінку», а мо і болей, у Варацэвічы.

Указальнік да «родных ніў» Орды на трасе М10 з’явіўся ўжо даволі даўно. А ў саміх Варацэвічах кожны жыхар адразу пакажа дарогу да музейнага комплексу. Так што ніхто ў пошуках цікавай установы не заблукае. Але… Апантаны турыст, які наведае прарэкламаваныя мясціны, убачыць у Варацэвічах пакуль не вельмі шмат. Сёння тут дзейнічае толькі карцінная галерэя – першая чарга раённага музейнага комплексу Напалеона Орды. Хаця ў гэтай установе, безумоўна, і варта пабываць, пра яе значную турыстычную прыцягальнасць казаць пакуль не выпадае. Так, за мінулы год карцінную галерэю наведала прыкладна 9 тысяч чалавек, што не так ужо і мала. Але лічба магла б быць і значна большай, калі б у паселішчы функцыянавалі ўсе будынкі музейнага комплексу, а таксама шматлікія аб’екты турыстычнай іфраструктуры.

– З цягам часу ўсё гэта з’явіцца, і турыстаў у Варацэвічах стане значна больш, – запэўнівае нязменны кіраўнік праекта па адраджэнні памяці Напалеона Орды, начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шэляговіч. – Плануем паступова ўвесці ў дзеянне ўласна сам музей, побач адбудуем невялікую гасцініцу, а таксама, мажліва, і рэстаран. Да таго ж, паводле задумы, на музейнай тэрыторыі размесцяцца выставачная зала і мастацкая школа для адораных дзяцей.

Але гэта толькі планы, і назваць дакладную дату рэалізацыі праекта цяпер даволі цяжка. Ёсць на гэта і свае, аб’ектыўныя прычыны, першая з якіх – фінансавая. Музейны комплекс Напалеона Орды ўзводзіцца за кошт дзяржаўных сродкаў, якіх на сёння хранічна нестае. Ёсць і іншыя, не менш важкія, абставіны.

Маёнтак ці музей?

– Казаць пра хуткае ўвядзенне ў дзеянне музейнага комплексу ў вёсцы Варацэвічы не выпадае і па той прычыне, што ўсе нашы намаганні цяпер сканцэнтраваны на іншым аб’екце, – адзначыў Уладзімір Шэляговіч.

Гаворка iдзе пра радавы маёнтак Напалеона Орды «Чырвоны Двор», што месціцца ў якім кіламетры ад Варацэвіч. Гістарычныя віхуры не пашкадавалі дом, дзе слынны мастак пачынаў рабіць першыя крокі: яшчэ колькі год таму на месцы сядзібы можна было ўбачыць хіба што рэшткі фундамента. Але цяпер змены – навідавоку.

– На сёння мы ўшчыльную працуем над адбудовай дадзенага аб’екта, – распавядае Уладзімір Шэляговіч. – Зроблены ўсе неабходныя работы па фундаменце і нават узведзены падвальныя памяшканні радавога маёнтка. Таксама сюды падведзена электралінія. Пасля адбудовы сядзібы яна займее назву «Дом-музей радавога маёнтка Напалеона Орды». Упэўнены, што гэты аб’ект абавязкова прывабіць да сябе шматлікіх турыстаў.

Па словах начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама, сядзіба Напалеона Орды ў Чырвоным Двары прэтэндуе не толькі на адра­джэнне, а і на паўнавартасную рэканструкцыю, бо кожная дэталь маёнтка будзе максімальна адпавядаць арыгіналу. У гэтым дапаможа не толькі тое, што выгляд сядзібнага комплексу вядомы з малюнкаў Напалеона Орды, а і грунтоўныя даследаванні, якія папярэднічалі будаўніцтву.

А ўсе неабходныя работы ў Чырвоным Двары абавязкова будуць весціся і сёлета: пад гэтыя мэты ўжо запланаваны сродкі з абласнога і раённага бюджэту.

– Натуральна, што спачатку, варта скончыць аднаўленчыя работы на гэтым аб’екце, – кажа Уладзімір Шэляговіч, – а ўжо пасля брацца ўшчыльную за музейны комплекс у Варацэвічах. Сродкаў на ўзвядзенне адразу двух музеяў у раёне ўсё адно не хопіць, ды і распыляць свае сілы немэтазгодна.

Дадам невялікую дэталь. Яшчэ ў лістападзе 2006-га каля рэшткаў былога радавога маёнтка быў усталяваны мемарыяльны знак-указальнік, які нагадваў месцічам пра тое, што тут калісьці жыў славуты ўраджэнец Іванаўскага раёна. Магчыма, з цягам часу мясцовыя жыхары, а таксама шматлікія замежныя госці змогуць убачыць рэканструяваны дом Напалеона Орды на свае вочы, а не толькі на шматлікіх рэпрадукцыях у кнігах ці буклетах. Прынамсі, у такiя перспектывы хацелася б верыць.

Як стварыць інфраструктуру?

А што ж да магчымасці застацца у Варацэвічах на дзень або два? Пра гэта пакуль застаецца адно толькі марыць. Фінансаў, каб пабудаваць патрэбную турыстычную інфраструктуру, нестае, а прывабіць прыватнага інвестара ў Варацэвічы пакуль не надта атрымліваецца. Хоць стварэнне падобнай установы – гэта, па меркаванні кіраўніцтва Іванаўскага райвыканкама, не проста праект для «галачкі», а сур’ёзнае агульнараённае ды, бадай, і агульнарэспубліканскае мерапрыемства, якое можа зацікавіць спонсараў.

– Натуральна, мы б вельмі хацелі, каб нашы планы па ўзвядзенні сядзібы Орды ў Варацэвічах або сядзібы Дастаеўскіх у Дастоева былі рэалізаваны ў тым ліку і з дапамогай прыватных укладанняў, – кажа намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Алена Дарагакупец. – Але пакуль патэнцыйны інвестар да нас не звяртаўся.

Праўда, адзінкавыя прыклад­ы спон­сарска-інвестыцыйнай дзейнасці ўсё ж маюцца. Як распавёў начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шэляговіч, адзін са спонсараў, – ураджэнец Брэстчыны, што жыве за мяжой, – выдаткаваў пад закупку экспанатаў для карціннай галерэі ў вёсцы Варацэвічы прыкладна 24 тысячы долараў. Але падобныя прыклады з’яўляюццца, на жаль, выключэннем, а не правілам.

– А без неабходнай інфраструктуры не будзе і турыстаў, – пераканана Алена Дарагакупец. – Не будзе той цікавасці, на якую разлічваюць вандроўнiкi, што завітаюць у раён, каб паглядзець на мясціны, звязаныя з імем Напалеона Орды. Бо, натуральна, адна справа – калі чалавек ці група турыстаў прыязджае сюды на пэўны час, а іншая – калі застаецца надоўга.

***

У якасці эпілога дадам, што пераначаваць непадалёк, кіламетраў за дзесяць ад Варацэвіч, усё ж такi можна, на той жа трасе М10. Тут побач размешчаны два гатэлі: прыватны i дзяржаўны. Агулам у іх могуць пражываць каля  80 чалавек. Ёсць на тэрыторыі раёна і 12 аграсядзіб, якія з задавальненнем прымуць пад сваім дахам усіх турыстаў. Іншая справа, што патрэба ў гатэлях, кафэ, у наладжанай турыстычнай інфраструктуры, продажы сувенірнай прадукцыі адчуваецца на сёння менавіта ў Варацэвічах. І ці прыйдзе сюды патэнцыйны інвестар – пытанне пакуль з досыць няпэўным адказам.

Зрэшты, будзем аптымістамі…

https://www.traditionrolex.com/8