https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пакуль беларускія чыноўнікі, а за імі прадстаўнікі бізнесу ламаюць  галаву над турыстычным сімвалам Беларусі, кампанія «Будзьма» знайшла  свой адказ, які дагэтуль нікому не прыходзіў у галаву. Турыстам  прапануюць падарожжа ў краіну цмокаў. І гэта будзе не Кітай і нават не  польскі Кракаў. Сапраўдных цмокаў знайшлі ў Беларусі. Першая вандроўка ў  краіну цмокаў адбылася 1 сакавіка 2012 года. І як любое падарожжа  пачынаецца з дзяржаўнай мяжы і праверкі дакументаў, у краіну цмокаў, што  часова размясцілася ў галерэі «Ў», можна было патрапіць па спецыяльным  запрашэнні-візе.</p>

Адар’я Гуштын, iлюстрацыя Юлii Рудзiцкай

Пакуль беларускія чыноўнікі, а за імі прадстаўнікі бізнесу ламаюць галаву над турыстычным сімвалам Беларусі, кампанія «Будзьма» знайшла свой адказ, які дагэтуль нікому не прыходзіў у галаву. Турыстам прапануюць падарожжа ў краіну цмокаў. І гэта будзе не Кітай і нават не польскі Кракаў. Сапраўдных цмокаў знайшлі ў Беларусі. Першая вандроўка ў краіну цмокаў адбылася 1 сакавіка 2012 года. І як любое падарожжа пачынаецца з дзяржаўнай мяжы і праверкі дакументаў, у краіну цмокаў, што часова размясцілася ў галерэі «Ў», можна было патрапіць па спецыяльным запрашэнні-візе.

У 2008 годзе кампанія «Будзьма» вырашыла стварыць плакат, які сабраў бы ў сабе сімвалы, з якімі ў людзей асацыіруецца Беларусь і якія маглі б аб’яднаць беларусаў праз нашу ўнікальнасць і непаўторнасць. «Сумесна з сацыялагічнымі кампаніямі мы правялі апытанне, якое выявіла, што беларусы называюць асноўнымі сімваламі краіны сцяг і герб. Далей ідуць бусел і зубр, навязаныя яшчэ за Саветамі. Але ніводзін гэты вобраз не мае камунікатыўнай сувязі. Адкуль узяўся бусел? Што ён сімвалізуе? Якое можа быць развіццё? Чаму менавіта ён, а не іншая птушка, бо буслы ж жывуць не толькі ў Беларусі? – ставіць пытанні каардынатар «Будзьмы» Алена Макоўская. – Вобраз Цмока грунтуецца на ягоным цікавым міфічным паходжанні, на ягоным пераўвасабленні ў сучаснасці. Пагля­дзіце сучасныя мульт­фільмы, дзе Цмок пера­ўтвараецца са злодзея ў паплечніка змагароў за праўду і справядлівасць. Разам з тым, і мы гэта падкрэсліваем, беларускі Цмок – унікальны. Сабрана мноства міфаў і легенд пра ягонае жыццё сярод беларусаў. Мы прапанавалі ў якасці турыстычнага сімвала краіны Цмока, якога лічым вельмі харызматычным персанажам айчыннай міфалогіі».

Палескі-Цмок---пераможца

З-за сваіх вялізных габарытаў Цмок ад прыроды лянівы і маларухавы. Можа быць як аднагаловым, так і мець да 12 галоваў. Зубы, як нарогі; кіпцюры, як сярпы; крылы, як палашы. У адрозненні ад іншых ня­чысцікаў, Цмок – чысцёха, ходзіць у лазню, мыецца штодня. Жыве ў балоце, а найчасцей – у возеры.

У 2011 годзе журналіст Зміцер Навіцкі адправіўся на Беларускае Палессе, каб адшукаць сапраўднага Цмока. Па ягоных словах, дзякуючы беларускім міфам вобраз Цмока можа стаць сапраўднай турыстычнай разынкай Беларусі. «Самыя неверагодныя цмокі на Лепельшчыне, – кажа Зміцер Навіцкі. – Пры ўдалай раскрутцы мы можам займець героя, не горшага за лох-нэскую пачвару. І турысты пацягнуцца ў Беларусь. Я вывучаў англійскія легенды, Нэсі – плён і рэальных назіранняў, міфалогіі і піяру».

У канцы мінулага года «Будзьма» павіншавала сваіх сяброў і партнёраў адмысловай паштоўкай-цізерам, зробленай у выглядзе яйка Цмока вядомым мастаком Міхалам Анемпадыставым. Значны ўклад зрабіла Юлія Рудзіцкая – яна наведала некалькі беларускіх мясцін, каб знайсці там цмокаў, а пасля стварыла некалькі арыгінальных вобразаў. Менавіта на іх падставе была праведзена галасаванка і абраны, на думку чытачоў, найлепшы. Перамог Цмок палесскі – паляшук з абаяльнай усмешкай. «На Палессі Цмока апісваюць падобным да чалавека. У Пінску людзі гавораць, што беларускі Цмок здольны нават хадзіць на задніх лапах. З усіх беларускіх цмокаў у яго самыя вялікія крылы, і ён выдатны лятун. Добра бачыць у цемры, бо ў вачах яго заўседы скачуць гарэзлівыя хітрыкі-агеньчыкі. Жартаўнік. Асабліва ён спрыяе заблукалым падарожным», – характарызуе пераможцу аўтар Юлія Рудзіцкая.

Да стварэння новага турыстычнага сімвала «Будзьма» падыйшла сур’ёзна – апыталі не толькі простых беларусаў, але і экспертаў. Напрыклад, філосаф і тэолаг Ірына Дубянецкая кажа пра тое, што турыстычных сімвалаў можа быць шмат, калі ўлічваць, што ёсць сімвалы краін і ёсць сімвалы розных мясцовасцей. Рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Марыя Кавальчук сярод турыстычных сімвалаў Беларусі называе найперш замкі ў Міры, Нясвіжы, Навагрудку, а таксама нашы лясы і азёры: «Мяркую, што такія сімвалы прыцягальныя. Адзінае – што замкі прывязаныя да пэўных месцаў, а лес ды возера выглядаюць занадта агульным вобразам». Цмок у гэтым шэрагу, на думку Марыі Кавальчук, добра пасаваў бы. «Я з задавальненнем выправілася б у цмок-тур па Беларусі. Было б цікава паслухаць легенды пра цмокаў, уяўленні беларусаў пра іх, а можа, і пазнаёміцца з такой істотай і нават прыручыць», – падзялілася сваімі ўяўленнямі Марыя.

Сімвалічна супала, што беларускага Цмока будуць адраджаць і папулярызаваць у год Цмока па кітайскім календары – у 2012-м. У гэтым годзе «Будзьма» плануе спецыяльныя праграмы для кіраўнікоў турфірм, уладальнікаў аграсядзіб, а таксама для журналістаў і блогераў, прадстаўнікоў культурніцкіх устаноў з прэзентацыяй маршрутаў па месцах беларускіх цмокаў.

Цмокі выступаюць сімваламі гарадоў і краін па ўсім свеце. Самым блізкім для нашых турыстаў з’яўляецца кракаўскі Цмок. Хто хоць раз быў у Кракаве, не мог не заўважыць, як шмат там сувеніраў, цацак і вітрын, упрыгожаных гэтым сімвалам. Па старажытнай легендзе, калісьці Цмок жыў у тутэйшых месцах, выпускаў агонь і патрабаваў на сняданак нявінных дзяўчат. Потым знайшоўся рыцар, які перамог дракона, і ўсё скончылася вяселлем. Чаму сімвалам горада стаў не герой, а злыдзень, – гісторыя замоўчвае. Але вядома, што Цмок з’яўляецца сілай стваральнай і спрыяе чалавеку, валодае касмічнай звышнатуральнай сілай, сімвалізуе моц, веліч, жыццё, святло, мудрасць, непераможнасць, неўміручасць і вечнае адраджэнне.

https://www.traditionrolex.com/8