Экскурсійнага маршрута, у якім былі б усе населеныя пункты, звязаныя з імем нашай славутай зямлячкі, на Беларусі пакуль што няма
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, фота аўтара і Сяргея ПЛЫТКЕВіЧА
Спрэчкі наконт прыналежнасці вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі да польскай ці беларускай літаратуры не сціхаюць і да сёння. Але хоць і нарадзілася Эльжбета Паўлоўская (так звалі нашу славутую зямлячку ў дзявоцтве) у маёнтку Мількаўшчына, што непадалёк ад Гродна, хоць і правяла большую частку жыцця на Беларусі і пісала пра жыццё ды побыт беларускіх сялян, пра падзеі паўстання 1863 года, – усё ж такі выдавала яна свае творы на польскай мове і працавала ў польскай культуры. Таму яе цалкам справядліва можна лічыць як беларускай, так і польскай пісьменніцай.
Шляхамі біяграфіі
Мясціны, звязаныя з біяграфіяй Элізы Ажэшкі, захаваліся на Беларусі і да сёння. Гэта, зразумела, вёска Мількаўшчына Гродзенскага раёна, дзе нарадзілася Эліза, і паселішча Людвінова ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці, у якім яна жыла са сваім мужам Пятром, і цікавы дом-музей Элізы Ажэшкі, што знаходзіцца ў Гродне…
Але цяпер усе гэтыя знакавыя мясціны, на жаль, ляжаць «наўзбоч» ад наезджаных турыстычных маршрутаў. Бо экскурсіі, у якую былі б «упісаны» ўсе населеныя пункты, звязаныя з імем нашай славутай зямлячкі, на Беларусі пакуль што, на жаль, няма. А падобны турмаршрут, думаецца, зацікавіў бы не толькі шматлікіх жыхароў нашай краіны, але ў першую чаргу і жыхароў суседняй Польшчы.
Зрэшты, на Беларусі ёсць шэраг экскурсій, звязаных з імем знакамітай пісьменніцы. Напрыклад, існуе раённы турмаршрут «Дарогай Элізы Ажэшкі» па Гродне і Гродзенскім раёне, згодна з якім ахвотным прапануецца наведаць вёску, дзе яна нарадзілася, а таксама пашпацыраваць па гродзенскіх вулках, па якіх у свой час хадзіла і аўтарка рамана «Над Нёманам». Ды і ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці ўсе тыя мясціны, што звязаныя з імем Ажэшкаў, таксама ўваходзяць у раённы турмаршрут. Але названыя экскурсіі не звязаны паміж сабой, не ўтвараюць адзінага цэлага і не даюць поўнага ўяўлення пра жыццё і дзейнасць Элізы Ажэшкі на Беларусі.
У дарогу за біяграфіяй
Каб звязаць гэты маршрут у адно, трэба сесці на аўтамабіль (веласіпед, рэйсавы аўтобус) і праехацца да тых месцаў, што звязаны з імем славутай пісьменніцы. І пачаць, натуральна, варта – хоць гэта і не зусім правільна з біяграфічнага пункту гледжання – з Гродна, дзе, акрамя разнастайных архітэктурных цікавостак, – пра якія, дарэчы, нядаўна пісаў «Туризм и отдых», – для шматлікіх гасцей заўсёды адчынены дзверы дома-музея Ажэшкі. Таксама ў гэтым абласным цэнтры можна пабачыць помнік славутай пісьменніцы. А завяршыць «біяграфічны» маршрут неабходна, зразумела, на гродзенскіх каталіцкіх могілках, дзе і пахавана пісьменніца…
А ўжо пасля гэтага варта выпраўляцца ў дарогу. Спярша – да вёскі Мількаўшчына, дзе нарадзілася і напісала шэраг сваіх знакамітых твораў Эліза Ажэшка. Дарэчы, вёска гэтая месціцца блізу трасы Мінск – Гродна, так што асаблівых перашкод у пошуку паселішча цікаўны вандроўнік не сустрэне. У Мількаўшчыне да таго ж захавалася старадаўняя Пакроўская царква, а ў мясцовай школе дзейнічае этнаграфічны музей, у якім сярод іншага сабрана шмат інфармацыі як пра пісьменніцу, так і пра навакольныя мясціны.
Пасля наведвання вёскі ўяўным турыстычным маршрутам неабходна скіравацца ў бок вёскі Залесна Шчучынскага раёна. Тут на мясцовых могілках пахаваны родныя пісьменніцы з роду Паўлоўскіх. Пасля адведвання гэтага паселішча зноў трэба сесці ў аўтамабіль і праехацца яшчэ крыху далей, цяпер ужо ў вёску Каменка Шчучынскага раёна – тут, у мясцовым касцёле, Эліза была ахрышчана.
Праўда, таго касцёла, які ведала Ажэшка, на сёння не захавалася – драўляны будынак быў перабудаваны ў цагляны напачатку XX стагоддзя. Але і цяпер касцёл Антонія Падуанскага прываблівае кожнага сваёй прыгожай велічнасцю. У самім касцёле, дарэчы, усталявана памятная пліта ў гонар Элізы Ажэшкі.
Далей турысты павінны будуць скіравацца ў напрамку Брэсцкай вобласці. Першы прыпынак – у Іванаўскім раёне, у вёсцы Моладава. У гэтым паселішчы калісьці знаходзіўся маёнтак Генрыха Скірмунта. Сюды часта прыязджалі Пётр і Эліза Ажэшкі – мясцовыя шляхцічы здаўна сябравалі паміж сабой.
Апошнія кіламетры маршруту пад умоўнай назвай «Дарогамі Элізы Ажэшкі» трэба праехаць па гасціннай Драгічынскай зямлі. Паселішчы Закозель і Людвінова названага рэгіёна звязаныя з родам Ажэшкаў самым непасрэдным чынам. У Людвінова шмат гадоў пасля замужжа пражыла пісьменніца са сваім абраннікам Пятром Ажэшкам, а ў Закозелі дасюль захавалася ўнікальнае архітэктурнае збудаванне сярэдзіны XIX стагоддзя – капліца-пахавальня роду Ажэшкаў.
Перспектыўна-занядбаная капліца?
Менавіта пра гэтую капліцу хочацца сказаць некалькі слоў асобна. Бо гэта адзіная памятка пра род Ажэшкаў на Драгічыншчыне. Cправа ў тым, што маёнтак у Людвінова, дзе жыла пісьменніца з мужам Пятром Ажэшкам у 1858—1864 гг., разбураны часам і людзьмі. На тым месцы захаваліся толькі рэшткі сядзібы і панскі парк. І цяпер мала хто нават з мясцовых старажылаў ведае, што ў 60-х гадах XIX стагоддзя ў Людвінова віравала жыццё, што ў маёнтку Ажэшкаў збіралася шляхта і ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў, што менавіта тут, у гэтым паселішчы, маладая Эліза стварыла багатую бібліятэку, арганізавала школу для дзяцей сялян, а ў самім маёнтку падчас паўстання рыхтавалі лекі, прадукты, шылi адзенне для рэвалюцыйнай шляхты…
Цяпер пра былую веліч Людвінова нагадваюць хіба што старыя дрэвы ў былым панскім парку. А на месцы былой сядзібы ўсталяваны памятны знак – напамін аб славутай гісторыі гэтых мясцін.
Але усё ж самы значны аб’ект і памятка таго часу, які захаваўся да нашых дзён, – гэта ўсыпальніца роду Ажэшкаў у вёсцы Закозель Драгічынскага раёна. Дарэчы, раней у гэтым паселішчы таксама стаяў і палац, у якім жылі прадстаўнікі роду. Але гэты будынак, пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя Нікадзімам Ажэшкам і вядомы па малюнку Напалеона Орды, не вытрымаў віхур часу, і зараз ад яго засталіся хіба што старыя фотаздымкі.
Але, на шчасце, у вёсцы засталася капліца-усыпальня роду Ажэшкаў – сапраўдны архітэктурны шэдэўр, пабудаваны ў рэтраспектыўна-гатычным стылі польскім архітэктарам Францішкам Яшчольдам. Гэта адна з самых старых неагатычных пабудоў на тэрыторыі Беларусі, таму кожны турыст, што завітае ў гэтыя мясціны, ніколі не пашкадуе. На фасадзе капліцы нават захаваліся два шчыты з гербамі роду Ажэшкаў. Дарэчы, па меркаванні некаторых даследчыкаў, у гэтай капліцы-усыпальні пад час паўстання 1863-1864 гадоў хаваўся ад рускіх салдат адзін з ягоных кіраўнікоў – генерал Рамуальд Траўгут.
Мясцовыя ўлады маюць амбіцыйныя планы па пераўтварэнні і рэканструкцыі капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў:
– На жаль, ад сядзібы ў Людвінове, дзе жыла Эліза Ажэшка, няшмат захавалася, – кажа намеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама Уладзімір Нерад, – а вось у Закозелі мы плануем рамонт капліцы-пахавальні. Ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю гэтага аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны XIX стагоддзя, і туды будуць накіраваны значныя асігнаванні.
Не так даўно гэты старадаўні будынак прынёс шэраг сюрпрызаў. Бо доўгі час лічылася, што родавае скляпенне Ажэшкаў разрабавана, тым больш яно нікім не ахоўвалася і нават не мела замкоў на дзвярах. Але калі археолагі зладзілі тут раскопкі, знайшлі шмат цікавых прадметаў – дэталі інтэр’еру капліцы, элементы адзення і многае іншае. Усе знойдзеныя рэчы былі перададзены Брэсцкаму краязнаўчаму музею.
Зразумела, пры пэўных фінансавых укладаннях капліца-пахавальня роду Ажэшкаў магла б стаць цікавым турыстычным аб’ектам. Але пакуль што пра гэта застаецца адно толькі марыць. Бо, як заўважыў начальнік аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Леанід Куроўскі, на гэты год фінансаванне рэстаўрацыйных работ на дадзеным аб’екце не плануецца. І ці будзе адбывацца рамонт капліцы ў бліжэйшым будучым, на сёння, па словах суразмоўцы, таксама невядома…
Выйсцем з гэтай праблемнай сітуацыі мог бы стаць «раскручаны» і разрэкламаваны міжрэгіянальны (рэспубліканскі) турыстычны маршрут «Дарогамі Элізы Ажэшкі». Трэба толькі працягнуць гэты маршрут з Гродзенскай вобласці ў Брэсцкую.
Несумненна, ахвотныя пабываць у мясцінах, дзе жыла і працавала вядомая пісьменніца, будуць як у Беларусі, так і ў суседніх краінах. Тады, мажліва, паступова і знайшліся б неабходныя фінансавыя сродкі на рэстаўрацыю капліцы роду Ажэшкаў. Але ці будзе створаны падобны турмаршрут, пакажа час.