https://www.traditionrolex.com/8
<p>Археалагічную спадчыну можна выкарыстоўваць па-рознаму: ахоўваць і шанаваць, дэманстраваць турыстам, як гэта робіцца ў большасці еўрапейскіх краінаў. А можна моўчкі глядзець, як найкаштоўнейшыя прадметы даўніны, знойдзеныя ў археалагічных помніках, знікаюць у невядомым кірунку. Каб высветліць, што сёння адбываецца ў беларускай археалогіі, мы звярнуліся да <strong>Міхася Чарняўскага – археолага, кандыдата гістарычных навук, пісьменніка і грамадскага дзеяча</strong>.</p>

Археалагічную спадчыну можна выкарыстоўваць па-рознаму: ахоўваць і шанаваць, дэманстраваць турыстам, як гэта робіцца ў большасці еўрапейскіх краінаў. А можна моўчкі глядзець, як найкаштоўнейшыя прадметы даўніны, знойдзеныя ў археалагічных помніках, знікаюць у невядомым кірунку. Каб высветліць, што сёння адбываецца ў беларускай археалогіі, мы звярнуліся да Міхася Чарняўскага – археолага, кандыдата гістарычных навук, пісьменніка і грамадскага дзеяча.

chern

Сёлета ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшаў першы том энцыклапедыі «Археалогія Беларусі». Спадар Міхась, ці можна лічыць гэтую кнігу добрым дадаткам да археалагічнай спадчыны Беларусі?

– Гэтая кніга фактычна папраўленае і пашыранае перавыданне энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», якая выйшла ў 1993 годзе. З таго часу прайшло амаль 20 гадоў, і ў археолагаў з’явіліся новыя матэрыялы, ідэі, распрацоўкі, новая ўдакладненая перыядызацыя. А ўсё новае павінна быць апублікавана, таму кніга, лічу, з’явілася ў час. Тым больш што ў нас не так многа археалагічных выданняў, асабліва разлічаных на шырокага чытача, на студэнтаў, выкладчыкаў, музейных работнікаў, на тых, хто займаецца аховай помнікаў. Для іх гэта вельмі патрэбная кніга. На сёння энцыклапедыя «Археалогія Беларусі» з’яўляецца самым поўным зборам вынікаў археалагічных даследаванняў. Яна прыблізна на 80% адлюстроўвае тое, што мы маем. У кнігу ўвайшло тое, што раскапана і даследавана археолагамі – вынікі працы на самых знакамітых археалагічных помніках краіны.

Значыць, археалагічныя даследаванні ў Беларусі ідуць даволі актыўна?

– Археолагі капаюць кожны сезон, кожнае лета. Зараз арганізаваць экспедыцыю значна цяжэй, чым у 70–80-я гады. Тады бензін быў танны як вада. Мы свабодна бралі машыны, аўтобусы ды праводзілі разведкі і раскопкі. Зараз даследаванні сталі дарагой справай, а сродкаў непараўнальна менш. На універсітэцкую археалогію грашовая сітуацыя амаль не паўплывала: студэнты па-ранейшаму абавязаны прайсці практыку на раскопках. Збольшага гэта адбілася на працы Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Там асноўныя работы вядуцца на новабудоўлях: на будучых вадасховішчах, газаправодах, аўтамагістралях. На гэта выдаткоўваюцца грошы, аднак навуковы здабытак на такіх раскопках звычайна мінімальны: на адзін квадратны метр можа трапіцца адзін адшчэпак, бо капаюць тое, што будзе пакрыта вадой ці дарогай. На раскопкі па фундаментальных праграмах сродкаў вельмі мала, таму аб’ём даследаванняў скараціўся ў разы. Археолагаў, якія праводзяць самастойную палявую работу, таксама мала.

Зразумець, што значыць мала, можна, хіба што, у параўнанні?

– Давайце параўнаем з суседняй Польшчай. У польскіх універсітэтах археалогію вывучае каля паўтысячы студэнтаў. Усе пяць гадоў – толькі археалогію. У Беларусі на археолага не вучаць ніводнага студэнта. Ёсць толькі спецыялізацыя пасля другога курса, якая прадугледжвае спецкурс па археалогіі два разы на тыдзень пасля асноўных лекцый. У штат кожнага польскага музея, нават самага малога, уваходзіць некалькі археолагаў. У нас нават у абласных музеях іх няма. Па ўсёй Беларусі раскопачныя работы штогод праводзяць толькі каля сарака археолагаў. Нават у суседняй Літве, меншай па насельніцтву разы ў тры, такіх даследчыкаў больш амаль у два разы. Тым не менш гэта рэчаіснасць, і малая колькасць беларускіх археолагаў не перашкаджае рабіць ім новыя і новыя адкрыцці.

Беларускую археалогію можна назваць сенсацыйнай?

– У любой археалогіі ёсць штодзённыя знаходкі. Так, калі капаеш вёску, якой чатыры тысячы гадоў, нязменна сустракаеш біты посуд, сотні крамянёвых адшчэпаў, ножыкаў. Але сустракаюцца матэрыялы рэдкія і індывідуальныя. Нешта сенсацыйнае трапляецца кожны год. Асабіста я капаю на тарфяніках Віцебшчыны, позні каменны век і век бронзавы. Пад торфам, у адрозненне ад пяску, усё добра захоўваецца. Туды не пранікае кісларод, значыць, няма бактэрый гніення. У торфе засталіся рэшткі хатак, інтэр’еру, касцяныя лыжкі і драўляны посуд, мноства прыладаў працы, паляўнічай зброі, рэчаў штодзённага побыту, змайстраваных з рогу, костак і дрэва. Мы знаходзім грузілы, пляцёнкі, дзіцячыя цацкі, бурштынавыя ўпрыгожанні, дасканала выразаныя статуэткі людзей і жывёл. Тагачасныя жыхары мелі мастацкія схільнасці, дзякуючы якім яны ўпрыгожвалі сваю кераміку схематычнымі малюнкамі жывёл і птушак. Гэтыя элементы да сёння захаваліся ў беларускіх арнаментах. Часта сустракаецца выява качкі, якая плыве па хвалях. У старажытнай міфалогіі качка лічылася вельмі значнай магічнай істотай. Нашыя продкі верылі, што ад качкі пайшоў свет: спачатку была цемра, хаос і вада, па якой плавала качка. Яна з дна дастала трошкі зямлі, і туды знесла яйка. Яйка разбілася. З верхняй паловы утварылася неба, з ніжняй – зямля, з жаўтка – сонца. І так утварыўся свет. І ўсяму першапрычына – качка. У пазнейшым часе таксама бываюць цікавыя адкрыцці. Падчас раскопак гарадзішча сярод звычайных мясцовых знаходак могуць патрапіцца наканечнікі стрэл зусім чужой формы – напрыклад, скіфскай ці сармацкай. Тады археолаг пачынае ўзгадваць, што, калі капаў, знаходзіў сляды пажару. Значыць, на горад напала скіфская ці сармацкая конніца, узброенная лукамі. У дадзеным выпадку, мы раскрываем сляды драмы, трагедыі. І гэта, у нейкім сэнсе, таксама сенсацыя. А ці не сенсацыя знайсці новы горад, магілу вікінга недзе на дняпроўскім беразе, сярэднявечную пячатку з пагоняй?

Па знойдзеных прадметах археолаг чытае гісторыю…

– Археалогія аднаўляе 99% нашай гісторыі. Як гісторык чытае яе па летапісах, мы складаем яе, абапіраючыся на тое, што знаходзім у зямлі. Нашай гісторыі каля 100 тысяч гадоў, а пісьмовай – усяго тысяча. Больш таго, аб Сярэднявеччы захавалася толькі некалькі летапісаў. Адкуль даведацца, як жылі людзі ў той час, з чаго елі, як абуваліся, што на галовах насілі, у чым жылі, на чым ездзілі і плавалі? Усё было спалена і зруйнавана шведамі, германцамі, рускімі і татарамі. Наша мінулае не ў музеях і архівах – а ў зямлі. І археолагі яго адтуль дастаюць.

Ці добра захаваліся археалагічныя помнікі на Беларусі?

– 50% нашых археалагічных помнікаў, асабліва курганных могільнікаў і гарадзішчаў, што выступалі над зямлёй, было пашкоджана ў пасляваенны час, калі ў калгасах з’явілася шмат тэхнікі – бульдозеры і цяжкія трактары з плугамі. Да таго ж, з цягам часу помнікам уласціва разбурацца. Добра, мы паспелі нанесці іх на карты, якія ёсць у кожным раёне. Аднак гэтага мала. Помнікі разбураюцца яшчэ і таму, што няма нармальнага заканадаўства па іх ахове.

Іншымі словамі, археалагічная спадчына краіны належным чынам не ахоўваецца?

– Фармальна закон, згодна з якім караецца наўмыснае разбурэнне помніка, ёсць, а як гэта рабіць – не распісана. У камуністычныя часы старшыні калгаса самае большае – давалі вымову па партыйнай лініі. А зараз і гэтага не даюць. Безумоўна, самае страшнае для археалагічных помнікаў – гэта марадзёры, рабаўнікі з металашукальнікамі. Яны развілі вялікі бізнес. Амаль на кожным гарадзішчы выбрана самае лепшае і прыгожае. На працягу апошніх тысяч гадоў тое, што было над зямлёй, не захавалася: знішчана, спалена, узарвана, вывезена за межы Беларусі. Уся наша гісторыя – у зямлі. А зараз з’явіліся тыя, хто дастае яе і адтуль. Самае страшнае, што яны прадаюць нашу гісторыю за грошы, і ніхто не можа прасачыць лёс каштоўных знаходак, што патрапілі ў іх рукі. І яны беспакараныя. Мы не ведаем ніводнага выпадка, каб сур’ёзна пакаралі марадзёраў. У цывілізаваных краінах металашукальнікі ліцэнзіраваныя, як і зброя. Хочаш мець металашукальнік, дакажы, для чаго ён табе патрэбны. У нашай краіне сітуацыя з аховай помнікаў не зменіцца, пакуль усе не зразумеем, што гісторыя Беларусі грунтуецца не на Кастрычніцкім перавароце і міфічнай лініі Сталіна, а на тысячагоддзях. Тады помнікі будуць ахоўваць належным чынам.

Як археалогію можна выкарыстоўваць у турыстычных мэтах?

– Мы зараз займаемся даследаваннямі Краснасельскіх крэмнездабываючых шахт пад Ваўкавыскам, якія ўключылі ў турыстычныя маршруты. Гэта адзіныя ва Усходняй Еўропе шахты. Старажытныя людзі рабілі падземныя выпрацоўкі глыбінёй часам да 10 метраў і здабывалі крэмень. На сёння захавалася каля сотні такіх шахт. На зямлі ляжаць россыпы крэменю, што вельмі ўражвае. Разам са студэнтамі мы імкнемся нешта зрабіць: расчысціць тэрыторыю, пакласці на шахты з дапамогай завода новыя цэментныя пломбы. Магчыма, закансервуем некалькі шахт у разрэзе, каб туды можна было апусціцца і пабачыць на сценах сляды інструментаў, вузкія месцы, зацёртыя плячыма старажытных шахцёраў, месцы, вытаптаныя іх нагамі, вуглі ад лучыны, якую яны палілі, асвятляючы шахту. У шахтах усё захавалася некранутым, быццам было зроблена ўчора. Турыстам можна было б паказваць шахцёрскія прылады працы: матыкі, кіркі з рагоў аленяў, нарыхтоўкі сякер. Больш таго, у наваколлі пасёлка Краснасельскі шмат старадаўніх помнікаў, якія не ўключаны ў турыстычныя маршруты. Гэта і курганны могільнік, якому дзве тысячы гадоў, і стары Гарадзенскі гасцінец, і уніяцкая капліца на могілках, і помнікі драўлянага і мураванага дойлідства. А непадалёку магутныя земляныя ўмацаванні Ваўкавыскага замка.

І гэта толькі маленькі кавалак Беларусі. А калі браць у маштабе краіны?

– Дзесяткі гарадзішчаў і капішчаў знаходзяцца на Браслаўшчыне. На некаторых з іх у старажытныя часы былі размешчаны гарнізоны вікінгаў. У самім горадзе знаходзіцца гарадзішча – Замкавая гара. Па гэтых помніках можна ствараць цікавыя маршруты. На Нарачы праз кожныя сто метраў можна ставіць знак, хто і калі тут жыў на працягу 10 тысяч гадоў. Цікавыя старажытнасці ў мястэчку Мядзел: татарскі могільнік, касцёл, яўрэйскія могілкі. Можна было б трошкі аднавіць Мядзельскі замак, раскрыць яго падмуркі і паказваць ужо ў закансерваваным выглядзе. Вельмі цікавае багатае зброяй гарадзішча Нікадзімава на Магілёўшчыне. У Беларусі мала месцаў, дзе не было б археалагічных помнікаў. Канешне, каб прывабіць турыстаў, неабходныя нейкія буклеты, інфармацыйныя знакі, рэканструкцыі, анімацыі.

Якое Вашае стаўленне да ўдзелу турыстаў у саміх раскопках?

– Вельмі дадатнае. На Крывінскі тарфянік, дзе я капаю, прыязджаюць турысты з Канады, ЗША, Ірландыі, Англіі, Даніі, Партугаліі, Літвы, Новай Зеландыі. Ды яшчэ грошы плацяць, каб паўдзельнічаць у раскопках на тарфяннікавай стаянцы, каб самім знаходзіць наканечнікі стрэл, бурштынавыя пацеркі, выявы качак, лапаткі мядзведзяў, прабітыя коп’ямі. Ці знайсці чалавечую костку з прыкметамі людаедства. Мы знаходзім шмат патрушчаных чалавечых костак, але не бачым пахаванняў. Магчыма, старажытныя людзі елі сваіх блізкіх, каб трымаць іх пры сабе і ніколі не развітвацца. Свайго слаўнага дзеда яны па кавалачках маглі разабраць на талісманы. І сляды такіх дзеянняў з чалавечымі касцямі мы знаходзім вельмі шмат. Турысты з усяго свету прыязджаюць пажыць у палатках, сярод балота і лесу. Увечары пасядзець пры вогнішчы і паслухаць жураўліныя крыкі на ўзбярэжжы Крывінкі. А ноччу прачнуцца ад рохкання дзікоў, якія крадуць запасы нашай бульбы. Для еўрапейцаў гэта сапраўдная экзотыка.

Гутарыла Яна Шыдлоўская

https://www.traditionrolex.com/8