https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Пяць дзён у Беларусi гасцявалi нашчадкi славутага роду Радзiвiлаў</strong></p>
<p>Князi правялi ў Беларусi чацвёра сутак. Праграма была супернасычаная, i ўсе хвалявалiся, як яе вытрымае галоўная гераiня вiзiту - 91-гадовая княгiня Эльжбета. Яе бацька, Альбрэхт Радзiвiл, быў перадапошнiм уладаром Нясвiжскага замка, яму належала 85 тысяч гектараў зямлi. Агулам жа на той час Радзiвiлы валодалi ў нашай краiне 320-цю тысячамi гектараў...</p>

Глеб ЛАБАДЗЕНКА, www.labadzenka.by, спецыяльна для "ТиО", фота Аляксея КУЛЬБiЦКАГА

Як мы ўжо пiсалi, адной з галоўных падзеяў мінулага тыдня стаў вiзiт князёў Радзiвiлаў у Беларусь. Сёння - падрабязнасцi.

m1

Князi правялi ў Беларусi чацвёра сутак. Праграма была супернасычаная, i ўсе хвалявалiся, як яе вытрымае галоўная гераiня вiзiту - 91-гадовая княгiня Эльжбета. Яе бацька, Альбрэхт Радзiвiл, быў перадапошнiм уладаром Нясвiжскага замка, яму належала 85 тысяч гектараў зямлi. Агулам жа на той час Радзiвiлы валодалi ў нашай краiне 320-цю тысячамi гектараў...

Але сталася так, што праграму з цяжкасцю вытрымалi ўсе астатнiя госцi, а княгiня трымалася бадзёра i ўпэўнена. Апроч яе ў Мiнск прыляцелi дзевяцёра чальцоў Сям'i: яе сын Аба Чартарыйскi, унукi Аляксандр i Ксавер Тамашэўскiя, iншыя сваякi - Мiкалай Радзiвiл з сынам Антонiем,
Дамiнiк Радзiвiл з жонкай Эльжбетай, Мацей Радзiвiл з жонкай Ганнай Марыяй. Усе яны маюць дачыненне да Беларусi: дзядуля Эльжбеты-малодшай Караль Радзiвiл валодаў маёнткам Манькавiчы пад Давыд-Гарадком, а прадзед Мацея i Мiкалая быў уладаром маёнтка Паланэчка (цяпер Баранавiцкi раён)...

m3

Некаторыя з iх былi ў Беларусi ўпершыню. Напрыклад, пан Мiкалай раней быў толькi праездам з калегам-гiсторыкам. Згадвае, як спынiлiся на ноч у Оршы. Вахцёр гатэля завёў iх у нумар, дзе было два ложкi, i паведамiў: "Ты (паказаў пальцам на Мiкалая) будзеш спаць тут (паказаў пальцам на адзiн ложак), а ты - тут!" Пасля павёў у прыбiральню i даў iнструкцыю: "Тут - рукi мыць, а тут - с:ць". Затым адматаў локаць туалетнай паперы аднаму i столькi ж другому...

Пасля размяшчэння ў гатэлi "Беларусь" спадар Мiкалай весела заўважыў, што прагрэс ёсць: гэтым разам у нумары цэлы рулон туалетнай паперы...

Дзень першы. Мiнск

Што ўразiла Радзiвiлаў найбольш - наяўнасць нармалёвай iнфраструктуры. Што ў нас ёсць добрыя гатэлi, кавярнi, рэстараны, крамы: Большасць гасцей арыентавалася на расповеды княгiнi з паездкi 1993 года. i з тых словаў вынiкала, што тут - выпаленая зямля i ледзьве не мядзведзi па вулiцах ходзяць. На справе ж выявiлася, што i дарогi цяпер лепшыя, чым у Польшчы, i крамы такiя самыя, i гатэлi: Каля Чырвонага касцёла панi Эльжбета мiж iншым зазначыла: - Гэты касцёл збудаваў сябра майго бацькi...

m2

Сапраўды, палову Беларусi можна разглядаць праз прызму Ра-дзiвiлаў i iх сяброў...

У гандлёвым цэнтры "Сталiца" княгiню пазналi i зрабiлi ёй значную знiжку на сумку. З сумкай, праўда, выйшла аказiя. Спачатку панi Эльжбеце спадабалася сумка Louis Vuitton. Але ж, вы разумееце, якi гэта на самой справе Louis Vuitton: Унук Аляксандр тут жа папярэдзiў: - Бабуля, калi ты прыедзеш з гэтай сумкай да нас у Францыю, яе канфiскуюць на мяжы, бо зараз iдзе актыўная барацьба з падробкамi!.. У планы княгiнi гэта не ўваходзiла, таму канчатковым выбарам была торба, дзе зусiм нiчога не напiсана.

Дзень другi. iшкалдзь, Паланэчка, Мiр

Густу князёў не адмовiш. Калi ўзгадняўся папярэднi план вiзiту, Паланэчка i Мiр патрапiлi туды безумоўна - бо "гэта мы збудавалi". А вось iшкалдзь князi выбралi, калi пабачылi фота i дату пабудовы. Ведаюць толк, аднак!..

Гiсторыя пра тое, як камунiсты адсеклi ксяндзу з iшкалдзi галаву i ўтапiлi ў калодзежы Мiрскага замка, уразiла ўсiх найбольш: У суседняй Паланэчцы Радзiвiлы зайшлi спачатку ў касцёл. i тут жа выцягнулi агромнiсты лiст з генеалогiяй - высвятляць, хто з iх продкаў гэты касцёл збудаваў. Такая карцiна паўтаралася практычна ў кожным пункце маршрута.

Палац у Паланэчцы ўразiў Радзiвiлаў тым, што захаваўся. Яны чамусцi былi перакананыя, што ад яго засталося "дзве сцяны". i былi вельмi ўражаныя, што палац стаiць цалкам, пад дахам - толькi што ўнутры ўсё спустошанае...

m4

- Глядзi, Мiкалай, калi б не 1939 год, гэта ўсё было б нашым... - сумна працягнуў князь Мацей. iх стрыечны прадзед Альберт, уласна, i збудаваў гэты палац, а дзед быў апошнiм уладаром...

Паглядзець на князёў сабралiся цi не ўсе сённяшнiя жыхары мястэчка. Старыя людзi прыгадвалi ўспамiны сваiх бацькоў i дзядоў, якiя служылi ў князёў. i, ведаеце, нiхто не сказаў пра "паноў-крывапiйцаў" дрэннага слова: Перад ад'ездам Радзiвiлы пераканаўча папрасiлi прадстаўнiкоў мясцовай улады глядзець за палацам, не даць яму разбурыцца. Тым больш, што да Нясвiжа i Мiра - рукой падаць. Пры ладным падыходзе Паланэчка ўдала б уключылася ў "радзiвiлаўскi" турыстычны маршрут: Мiрскi замак выклiкаў захапленне князёў яшчэ здалёк.

- Спынiцеся тут! - папрасiла княгiня Эльжбета кiроўцу. - Хачу палюбавацца крыху...

Пакуль стаялi на пагорку некалькi хвiлiн, сын княгiнi пан Аба зрабiў некалькi дзесяткаў здымкаў. Прыемна, што Мiрскi замак усё ж уражвае нават такiх пераборлiвых i абазнаных людзей!..

У замку княгiня пачувала сябе яўна не госцяй...

- Мы з бацькам колькi разоў прыязджалi сюды перад вайной да ягонага сябра, Мiхала СвятаполкМiрскага. Ён рабiў мне камплiмент, што мае вочы падобныя да фiялак: А жыў ён вунь у той вежы, бо гэтыя былi ў руiнах: Абедалi мы вось у гэтым пакоi...

Здавалася, яна памятае ўсё. Хоць музейшчыцы паставiлiся да расповедаў княгiнi троху скептычна i нават не ўсё за ёй запiсвалi: У замку здарыўся iншы непрыемны момант, калi княгiня захацела "вымыць рукi". Высветлiлася, што прыбiральня ў замку са Спiсу ЮНЕСКА - гэта дзiрка ў падлозе: 91-гадовай жанчыне было цяжка зразумець такiя беларускiя стандарты...

m5

Увечары княгiня стамiлася - i паехала ў Мiнск у гатэль. А мала-дзейшыя Радзiвiлы папрасiлi звазiць iх яшчэ ў Наваградак. Маўляў, як гэта - быць у Беларусi i не пабачыць першай сталiцы Вялiкага Княства?!

Дзень трэцi. Мiнск

Афiцыйны дзень у сталiцы быў проста перанасычаны! Пачынаючы ад дзевятай гадзiны - i да позняга вечара: Нацыянальны гiстарычны архiў, Нацыянальная бiблiятэка, Фундаментальная бiблiятэка Акадэмii навук, Нацыянальны гiстарычны музей, Нацыянальны мастацкi музей: Але ж - нiчога лiшняга, бо паўсюль гасцям паказвалi выключна радзiвiлаўскiя рэчы. Перыядычна здаралiся далiкатныя моманты: - А вы ведаеце, што ў гэтых кнiг ёсць гаспадары? - ушчувала княгiня бiблiятэкарак. - Вось тут стаiць экслiбрыс майго дзеда, а вось тут - бацькi. Чаму гэтыя кнiгi тут, а не ў нас у сям'i?

Гэтаму светламу чалавеку i цяпер цяжка змiрыцца, што 1939 год зруйнаваў слаўную 600-гадовую гiсторыю iх роду...

- Гэта бацька, гэта бабуля, гэта Аляксандра Бранiцкая - у кожным музеi княгiнi Радзiвiл быў непатрэбны экскурсавод. Бо для любога экскурсавода, i для нас, людзi на карцiнах - легендарныя гiстарычныя постацi.

А для Радзiвiлаў - сваякi, прычым не такiя ўжо i далёкiя...

Дзень чацвёрты. Нясвiж


Самым адказным i эмацыйным пунктам вiзiту, канечне, быў Нясвiж. Для гэтага князi i прыехалi ў Беларусь - каб разам з панi Эльжбетай пабачыць слаўны замак, якi быў для яе родным домам. Горад падрыхтаваўся да сустрэчы былых гаспадароў годна. Найперш па прыездзе (так захацела княгiня) - святая iмша ў касцёле Божага Цела. Перад касцёлам князёў сустракала некалькi соцень чалавек. Калi ксёндз абвесцiў, што iмша адпраўляецца ў гонар Радзiвiлаў, нашчадкi якiх зараз сярод прысутных, усе ўсталi i вiталi княгiню стоячы.

m6

Пасля iмшы - ускладанне кветак у крыпце. Прычым, тут усё адбываецца таксама паводле пэўнага рытуалу. Спачатку да трунаў спускаюцца астатнiя Радзiвiлы. Пра пахаваннi iм распавядае прысутны польскi гiсторык прафесар Тадэвуш Бернатовiч. Калi ўсе выходзяць, у крыпту заходзiць сама княгiня - выключна з сынам i ўнукамi. Ускладае кветкi да труны бацькi, дзядулi, прадзядулi з прабабуляй: Потым - урачыстае вiтанне князёў каля Ратушы. Сустракае княгiню асабiста мэр горада iгар Макар. Падарункi - засмажаны карп з нясвiжскага возера i бутэлька шампанскага "Радзiвiл" - прыводзяць княгiню ў захапленне. Як i касцюмiраванае прадстаўленне ў iх гонар, i жывая музыка...

У Ратушы панi Эльжбета бачыць экспанаваную кафлю з сямейным гербам i цiкавiцца, колькi iх захоўваецца ў музеi. Адказваюць, што 28. - Дык падарыце адну мне! - з непасрэднасцю просiць высокая госця. i, да гонару нясвiжцаў, у канцы дня дырэктар музея спадар Сталярчук прэзентуе панi Эльжбеце ладную кафлю з радзiвiлаўскiм арлом. Пасля Ратушы - невялiкая экскурсiя па горадзе. Радзiвiлы аб'язджаюць Слуцкую браму i, крыху далей на дарозе, княгiня паказвае ўнукам вiд на замак з-за возера...

- Адсюль я любавалася замкам 80 гадоў таму. Толькi выглядаў ён значна лепш...

Ля кавярнi "Чабарок" панi Эльжбета нечакана згадвае...

- А гэты дамок бацька пакiнуў мне ў сваiм тэстаменце. Я тут, праўда, нiколi не жыла...

i, нарэшце, самы хвалюючы момант - замак.

- Божа, што за iдыёцкая цыбулiна?! - вырываецца ў княгiнi адразу пасля выхаду з машыны пры выглядзе новага купала гадзiннiкавай вежы.

- Яе нiколi тут не было!

- Была, панi Эльжбета, была! - дураць галаву бабулi мiнскiя рэстаўратары. - У XVI стагоддзi, вельмi даўно.

- Але ж крочыць трэба наперад, а не назад, - пярэчыць княгiня. - Нiколi над замкам не былi дзве розныя вежы!

i княгiня мае рацыю! Здаецца, што ў яе словах больш праўды, чым у развагах нашых гора-рэстаўратараў...

- Руiна: - шэпча княгiня на ўваходзе ў замкавы двор. Яе намагаюцца павесцi на экскурсiю ў адноўлены корпус, але 91-гадовая панi рашуча крочыць у самае жэрла будаўнiчых прац. i наступныя тры гадзiны ўсе астатнiя толькi i паспяваюць, што скакаць праз рыштаваннi i пераступаць будаўнiчае смецце за ёй. Амаль у кожным пакоi замка княгiня сядае на падрыхтаванае раскладное крэсла i згадвае, дзе што было. Музейшчыкi трапётка натуюць за ёй кожнае слова: i на паперы, i на дыктафон. Бо нiхто ў цэлым свеце, апроч панi Эльжбеты, ужо не згадае, якiм быў Нясвiжскi замак 80 гадоў таму...

- А вось пад гэтай падлогай - прыступкi! - здзiўляе рэстаўратараў княгiня. Яны ўжо збiралiся класцi тут паркет. - Калi бацька перастаў хадзiць i стаў ездзiць на вазочку, тут зрабiлi адпаведныя пандусы: Пакiдаючы замак, княгiня з сумам заўважыла...

- Я вельмi спадзяюся, што яны зробяць усё так, як было насамрэч: Пачынаецца дождж (цэлы дзень свяцiла сонейка). i нехта з натоўпу трапна заўважае...

- Нясвiж плача, што княгiня Радзiвiл ад'язджае: Але напраўду ў Мiнск едуць дзевяць чальцоў Сям'i. А сама княгiня кiруецца ў iншы бок... У вёску Радзiвiлiмонты Клецкага раёна (сёння гэта недарэчная Чырвоная Зорка). Тут захаваўся палац 1780 года, якi стварыў выдатны iтальянскi дойлiд Карла Спампанi. Тут, адразу па шлюбе, жылi яе бацькi, Альбрэхт i Дарота. i калi мацi Эльжбеты кiнула мужа, Альбрэхт больш не пераступiў парог палаца ў Радзiвiлiмонтах...

- Тады, ў пачатку 1930-х бацька двойчы браў мяне з сабой сюды, - згадвае па дарозе княгiня. - Але мы нават не выходзiлi з машыны. Ён адкручваў акно, даваў указаннi адмiнiстратарам - i мы ехалi назад. Яму было цяжка знаходзiцца там, дзе прайшлi самыя шчаслiвыя гады жыцця з былой жонкай: Неверагодна, але пачынаецца моцная залева. i Эльжбета Радзiвiл, як i 80 гадоў таму, зноўку вымушаная аглядаць палац (а дакладней, яго руiны) з акна машыны.

Тады, у 1930-х маленькая Бэтка i ўявiць не магла, што праз 80 гадоў вернецца сюды. Але ўжо толькi як госця...

Дзень пяты. Адлёт

Ужо па дарозе ў аэрапорт княгiня задуменна кажа:

- А ведаеце, я б хацела гэтым летам прыехаць на месяц пажыць у Нясвiж.. Вельмi хацела б: i яна не жартуе, гэтая мiлая 91-гадовая панi.

https://www.traditionrolex.com/8