https://www.traditionrolex.com/8
<p>Iрына Аляксандраўна Рамановiч, мая хросная мацi, былая настаўнiца рускай мовы i лiтаратуры, у адзiн з сваiх прыездаў з Маладзечна ў вёску Гародзькi Валожынскага раёна паказала незвычайны фотаздымак, на якiм каля 100 гародзькаўцаў. У цэнтры фатаграфii, амаль на заднiм плане, у кепцы з блiскучым казырком, усмiхаецца яе дзядуля Восiп, бабуля Ганна, у белай хустцы, размясцiлася крыху нiжэй.</p>

Алена САЛАМЕВiЧ

Iрына Аляксандраўна Рамановiч, мая хросная мацi, былая настаўнiца рускай мовы i лiтаратуры, у адзiн з сваiх прыездаў з Маладзечна ў вёску Гародзькi Валожынскага раёна паказала незвычайны фотаздымак, на якiм каля 100 гародзькаўцаў. У цэнтры фатаграфii, амаль на заднiм плане, у кепцы з блiскучым казырком, усмiхаецца яе дзядуля Восiп, бабуля Ганна, у белай хустцы, размясцiлася крыху нiжэй.

b1

Брат Ганны, Мiхась Адамавiч Станкевiч, паказвае нейкую газету (што ён хацеў гэтым сказаць?). Музыка Лявон Каранеўскi трымае гармонiк. У цёмнай вопратцы, капелюшы, з малiтоўнiкам у руках - бацюшка Антон Зубовiч (напэўна, было нейкае свята?).

Дзяўчынкi акуратна падстрыжаныя, прычэсаныя, у валосiках то абручыкi, то заколачкi, некаторыя ў берэцiках, прыбраныя. Хутчэй за ўсё, нейкае свята... Бо хiба ж у працоўны дзень збярэш столькi вяскоўцаў разам? Каб высветлiць, якi ж гэта быў час, пайшла я да Яўгенii Емяльянаўны Сiвец, былой настаўнiцы рускай мовы i лiтаратуры.

Яна, тады маленькая ўсмешлiвая дзяўчынка, якая на здымку стаiць побач з Мiхасём Адамавiчам, расказала:

- Гэта быў, здаецца, 1937 год. Як сфатаграфавалiся, фатограф стаў запiсваць, каму рабiць карткi, i сказаў, колькi яны каштуюць, дык я не запiсалася, а пасля перажывала, што не заказала здымак сабе. Фатаграфаваў нехта прыезджы.

Падказка засталася: газета. Сталi мы разглядаць газету, якую трымае Мiхась Адамавiч. У назве ёсць слова "думка", напiсанае лацiнскiмi лiтарамi, i прыметнiказначэнне, вельмi доўгi, нiбыта "хрысцiянская". "Хрысцiянская думка" - каталiцкi грамадскаасветны часопiс - выдаваўся ў студзенi 1928 - жнiўнi 1939 г. у Вiльнi на беларускай мове лацiнкай (асобныя нумары ў 1938 г. выйшлi кiрылiцай). З 1928 г. выходзiў 2, у 1938-1939 гг. - 3 разы на месяц". (Хоць Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi называе яго часопiсам, бо на выданнi напiсана "часапiс", але гэтае слова не зусiм адпавядае сённяшняму разуменню часопiса. Мы не памылiмся, калi назавём "Хрысцiянскую думку" газетай: выходзiла 3 разы на месяц, аб'ём - 8 старонак фармату А4.)

b2

Газета адстойвала хрысцiянска-дэмакратычныя каштоўнасцi, выступала супраць паланiзацыi. У ёй можна было прачытаць урыўкi з Бiблii, малiтвы, працы пра беларускi хрысцiянскi рух. Выданне дамагалася беларусiзацыi каталiцкай царквы ў Заходняй Беларусi, расказвала пра жыццё ў СССР i адначасова выказвала пратэст супраць палiтычных рэпрэсiй, калектывiзацыi, палiтыкi ваяўнiчага атэiзму, пра нацыянальнарэлiгiйныя ганеннi ў нацысцкай Германii, пра грамадзянскую вайну ў iспанii 1936-1939 гг. Друкавалiся творы беларускiх пiсьменнiкаў - А. Бярозкi, М. Машары, С. Новiка-Пеюна, М. Танка, даследаваннi ксяндза Адама Станкевiча, П. Татарыновiча, байкi В. Адважнага. Для дзяцей была адмысловая рубрыка, а ў 1938-1939 гг. выдаваўся спецыяльны дадатак - часопiс "Зорка", якi выходзiў лацiнкай. "Хрысцiянская думка" прапагандавала здаровы лад жыцця: змяшчала артыкулы "Заклiкаем да цвярозасцi", "Алкаголь руйнуе дабрабыт чалавека i вядзе яго да торбы". Газета пераследавалася польскiмi ўладамi, асобныя нумары яе былi канфiскаваны.

Аднак Мiхась Адамавiч быў не той чалавек, якi баяўся выпiсваць выданне, што пераследуецца ўладамi. Яшчэ ў 1924 г. артыкул пра яго быў надрукаваны ў газеце "Сялянская праўда", дзе гаварылася, як да яго прыходзiлi з вобыскам i знайшлi беларускiя кнiжкi, а адбылося гэта таму, што сяляне вёскi Гародзькi змагалiся за выкладанне ў школе на роднай мове i Мiхася Адамавiча выставiлi як кандыдата на настаўнiцкую пасаду.

Але ж газету за якi год трымае настаўнiк?

b3 Заказваю ў Нацыянальнай бiблiятэцы газету за 1937 год. Не такая "шапка". Побач з назвай - выява храма. За 1938-ы - падыходзiць. А калi не 1938-ы? Заказваю за 1939-ы год - не, слова "Хрысцiянская" выпiсана дугой над словам "думка". Значыць, 1938-ы.

Чытаю. Яшчэ з вясны газета стала пiсаць пра пiлiгрымку, якая планавалася на нядзелю 12 чэрвеня 1938 года, якраз на Сёмуху, калi заканчваўся 7-ы тыдзень пасля Вялiкадня. Гэтае свята ўвасабляе культ зелянiны, шлюбу i продкаў. З маленства мне запомнiлася тым, што хаты, двары ўпрыгожвалiся галiнкамi бярозы цi iншых дрэў. Падчас свята iшлi на могiлкi, каб пакланiцца продкам, пакласцi кветкi на магiлкi, аздобiць зелянiнай помнiкi. Слова "пiлiгрымка" - тое, што i паломнiцтва. А "пiлiгрым" мае два значэннi: 1) вандроўны багамолец, паломнiк; 2) пераноснае значэнне - вандроўнiк, падарожны.

У нумары за 20 траўня распiсана, як свята будзе праводзiцца: удзельнiкаў пiлiгрымкi заклiкаюць прыехаць у Вiльню напярэдаднi, каб можна было адпачыць; зборны пункт - Вiльня, Завальная, 1-2, у рэдакцыi "Хрысцiянскай думкi", адкуль пiлiгрымы будуць заведзены на кватэры для адпачынку i начлегу; на св. Тройцу а 7 гадзiне ранiцы ў касцёле св. Мiкалая для пiлiгрымаў будзе св. iмша з беларускiм казаннем; пасля гэтага пiлiгрымка працэсуальна iдзе ў Кальварыю; зборка ў Кальварыi i адпачынак - пры каплiцы Маткi Боскай Балеснай; абход Крыжовай дарогi пачнецца а 10 гадзiне ранiцы. Набажэнства ў касцёле будуць адпраўляць кс. Язэп Германовiч i Вiктар Шутовiч, яны ж пры ўдзеле кс. Адама Станкевiча пачнуць абход Крыжовай дарогi.

Газета за 1 чэрвеня i ў ранейшых нумарах (а выходзiла яна 1-га, 10-га i 20-га чысла) пiша, што "Беларуская Пiлiгрымка ў Кальварыю мае значэнне для Беларусаў: рэлiгiйнае, грамадскае i нацыянальнае". Таму да гэтай пiлiгрымкi павiнны далучыцца i беларусы праваслаўныя. "Прадусiм трэба сабе добра ўцямiць, што ў абходжаннi Кальварыi, у разважаннi мукаў Хрыстовых, няма i ня можа быць нiчога такога, што праваслаўнаму чалавеку было б не даспадобы. Наадварот, усё там тое самае, што прызнае i вуча i Праваслаўная Царква. Далей, многiя праваслаўныя Беларусы iдуць у Кальварыю з рознымi польскiмi пiлiгрымкамi i пасля наракаюць, што толькi дарма мучылiся, бо надта мала або i нiчога не зразумелi з польскiх казанняў.

Дык цi ж ня лепш пайсцi разам з Беларускай Пiлiгрымкай, дзе для нашых братоў праваслаўных будзе ўсё свойскiм i зразумелым? Яшчэ адно. Гэтулькi ўжо нас у гiсторыi нашай дзялiлi i гэтулькi вынаходжвалi рацыяў, каб мы, родныя браты, адной Мацi дзецi, ды да сябе не былi падобныя, што, здаецца, ужо вялiкi час, каб усё гэтае мы зразумелi, з фальшывай дарогi завярнулi, блiжэй сябе пазналi i пачалi жыць хрысцiянскiм i беларускiм розумам. Вось больш-менш гэтыя прычыны змусiлi нас запрасiць сёлета i запрашаць заўсёды нашых братоў праваслаўных Беларусаў на агульную Беларускую Пiлiгрымку ў Кальварыю, якая сёлета адбудзецца на Тройцу, 12 чэрвеня. Дык усе разам! У еднасцi сiла, у еднасцi шчасце!"

Што гэта было менавiта на свята, можна меркаваць i па колькасцi людзей на фотаздымку, i па прыгожа апранутых дзяўчынках, i па гармонiку, якi бралi ў рукi ў вольны час, i па тым, што сярод вяскоўцаў бацюшка са сваiм малiтоўнiкам у руках. Была Тройца, цi Сёмуха. 12 чэрвеня 1938 года. А газета за 20 чэрвеня змесцiць аб'яву:

"Фатаграфii з Беларускай Пiлiгрымкi ў Кальварыю.

Хто яшчэ не атрымаў, можа выпiсаць з рэдакцыi "Хрысцiянскай думкi" (Вiльня, Завальная, 1-1). Цана аднае фатаграфii 15 гр. (грошаў. - А.С.). Прытым трэба такжа прыслаць 25 гр. на перасылку. Фатаграфii ёсць гэткiх групаў: Жодзiшкаўскай, Браслаўскай, Свянцянскай, Вiленска-Троцкай (з-пад Лаварышак i з-пад Меднiкаў), Ашмянскай, Валожынскай i iншыя паасобныя (меншыя групкi). Ня выйшлi фатаграфii агульнае групы i наймалодшых учаснiкаў Беларускай Пiлiгрымкi". Так, дзякуючы газеце "Хрысцiянская думка", чый прафесiйны фатограф разам з пiлiгрымамi (што, вiдаць, вярталiся з Вiльнi) ездзiў па Заходняй Беларусi, мы маем фотакартку гародзькаўцаў, якiя на чале з праваслаўным святаром прынялi актыўны ўдзел у яднаннi беларусаў - праваслаўных i каталiкоў.

https://www.traditionrolex.com/8