<p>Ці гавораць вам, славянам, хоць нешта такія назвы як Мінск, Няміга, Ліда, Шчара, Ашмяны? Вось Яновічы якія, ці то Баранавічы – гэта іншая справа для нашага вуха. Ян ды Баран. А тое ўсё – адкуль? Затое літоўцу ўсё зразумела: Няміга – «бяссонная рака», Мінск – ад «Мена» (па-літ. «маленькая рака»), Ашмяны – ад літ. «камень» і г.д.</p>

Людмила Бендетович

Cпециалист по туризму

г. Минск ул. Ульяновская 29

Людмила Бендетович
Cпециалист по туризму
г. Минск ул. Ульяновская 29

Раман АБРАМЧУК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

Ці гавораць вам, славянам, хоць нешта такія назвы як Мінск, Няміга, Ліда, Шчара, Ашмяны? Вось Яновічы якія, ці то Баранавічы – гэта іншая справа для нашага вуха. Ян ды Баран. А тое ўсё – адкуль? Затое літоўцу ўсё зразумела: Няміга – «бяссонная рака», Мінск – ад «Мена» (па-літ. «маленькая рака»), Ашмяны – ад літ. «камень» і г.д.

Нават самы ўпарты гісторык – прыхільнік славяншчыны не бу­дзе спрачацца, што паўтары тысячы гадкоў славянамі тут і не пахла. Не адкрыю сакрэту, калі скажу, што ў жылах сучасных беларусаў цячэ ледзь не 15% балцкай крыві. А вось чым яна адрозніваецца – няхай у гэтым разбіраюцца антраполагі з фізіёлагамі. Мы ж сіганём далей у часе і вынырнем у рамантычным Сярэднявеччы.

А тут таксама шмат тлумачыць не трэба: школьныя падручнічкі па гісторыі 90-х гадоў з бел-чырвона-белай мяккай вокладкай, што адрывалася пасля першага ж урока, зрабілі сваю справу. Напэўна, толькі той, хто бессаромна сачкаваў тыя ўрокі, сёння яшчэ верыць, што «літоўскія феа­далы падпарадкавалі ў Сярэднявеччы беларускае сялянства» (гэта адзін з міфаў, што распаўсюджваўся ў савецкія часы). Як высветлiлася, шляхта і магнатэрыя ВКЛ у сваёй пераважнай большасці паходзіла з тутэйшых, беларускіх зямель, мела старажытныя радаводы яшчэ часоў Полацкага княства (X–XII стст.) і адчувала сябе даволі ўпэўнена на сваёй зямлі ды пры пасадах. Найбольш яркі прыклад – Сапегі, якія паходзілі з Полацка і мелі другое пасля Радзівілаў значэнне ў Вялікім княстве.

Як бы дзіўна гэта ні было, але два народы, розныя па мове і генетычным паходжанні, пражылі разам добрых пяць стагоддзяў (XIII–XVIII). І за гэты час нашыя прадзеды ў адной звязцы з дзіўнамоўнымі «лабасамі» змаглі збудаваць цывілізацыю, якая дагэтуль вярэдзіць мозг айчынным і замежным гісторыкам.

Вялікае княства Літоўскае чымсьці падобнае да Атлантыды: быццам і памяць засталася, і месца вядомае, дзе яна існавала, і нават жыхары Канарскіх астравоў прэтэндуюць называцца яе нашчадкамі, але... усё не тое. Патанула і патанула. Гэтаксама і сучасныя беларусы з літоўцамі, толькі праз павелічальнае шкло і на фоне замкавых руін аддалена нагадваюць наравістых літвінаў, якім лепей было свае косткі ў зямлю пакласці, чым падначаліцца чужынцам.

Людзі, якія разам будавалі замкі, разам стаялі ў вайсковай сотні, рыхтаваліся да атакі, разам гандлявалі, выпівалі, абмяркоўвалі палітычныя навіны ў карчмах, былі проста вымушаны знайсці агульную мову. І цяпер не дзівішся, што па-літоўску карчма будзе «karcema», мёд – «medus», гарбата – «arbata», мытня – «muitine», дзякую – «dekoju». Ды ладна там «дзякую» ў карчме сказаць, а жаніцца як, калі дзяўчыну літоўскую ўпадабаў? А як святкаваць надыход вясны, калі і літоўцу, і беларусу, што жылі праз вуліцу, сонца пачынала прыграваць макаўку роўна ў адзін і той жа час, а слых улагоджвалі адныя і тыя ж сініца з салаўём? Гэта дзіўна, але многія абрады, гэтаксама як і фальклорныя песні з танцамі, у беларусаў і літоўцаў надзвычай падобныя, хоць і ў розным моўным «афармленні».

Литовский

На працягу некалькіх стагоддзяў нашы продкі выціскалі балтаў усё болей і болей на поўнач, ды так, што ў нейкі момант сталічная Вільня з ваколіцамі ўжо гаманіла зусім не па-балцку. А тыя літоўцы, што ўсё-такі захавалі мову бацькоў, не змаглі не пераняць беларускі акцэнт: такіх сталі называць «дзукамі» за іх чыста нашае «дзеканне». Балцкае насельніцтва проста страчвала сваю этнічную прыналежнасць, разам з абрадамі і звычаямі здаючы апошні фарпост – мову. Бо менавіта старабеларуская на той час была мовай горада, шырокага гандлю і палітыкі. Сёння ў глухіх закутках Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці яшчэ можна пачуць сякія-такія выразы на дзіўнай беларуска-літоўскай мяшанцы.

Моўнае адрозненне паміж літоўцамі і беларусамі – прывіднае, уяўнае, павярхоўнае. Але звычкі, побыт, рысы характару, інтанацыя размовы выдаюць падабенства і адначасова кантрастуюць з характарам іншых суседніх народаў. Напрык­лад, сціпласць, жыццёвы аскетызм беларусаў і літоўцаў моцна кантрастуюць з цягай да царскай раскошы рускіх.

У беларусаў і літоўцаў – схавана-«лясное» нежаданне выказваць свае эмоцыі, адвечная партызанка з грыбамі ды ягадамі. І гэта не параўнаць з рускімі гарачкавымі «наобум!», «авось!» і «разгуляй». У беларусаў і літоўцаў – доўгае і ўпартае корпанне на ўласным кавалку зямлі дзеля хлеба надзённага, а ў рускіх – спрадвечнае Ямелева «по щучьему веленью!», «или всё, или ничего», «из грязи в князи», «жизнь удалась!» (надпіс чорнай ікрой па чырвонай).

Адрозненні менталітэтаў «высвечваюцца» праз улюбёныя колеры: стрыманыя, балотна-пастэльныя, небагатыя ў гаме апранахі літовак і беларусак – і любоў да ўсяго крыкліва-стракатага, візантыйска-залатога ў рускіх дзяўчат, іх знакамітыя «расписные шали» і каронападобныя «кокошники». Тое ж да танцаў: нашыя і літоўскія паўдзіцячыя падскокі «Ойра» або выразна вертыкальная «Лявоніха» – і рускія прысядкі або ўкраінскія гапакі з шалёнымі амплітуднымі падскокамі.

Магчыма, не апошнюю справу ў фармаванні нярэзкага, спакойнага характару беларуса і літоўца тут адыграў рэльеф Літвы і Беларусі – спрэс усеяны невялікімі пагоркамі і пералескамі, прарэзаны невялікімі пакручастымі рачулкамі. Ну няма тут гіганцкай Обі ці Енісея, бясконцых таёжных лясоў, бяскрайніх стэпаў і Карпацкіх вяршынь. А значыць, і разагнацца з шашкай на кані няма дзе, і падскокваць у танцы да самай вяршыні няма чаго.

Невыкараняльная цяга да парадку, ахайнасці, утульнай чысціні беларусаў і літоўцаў – і рускі хаос або цяга да анархічнай вольніцы украінцаў. Калі ў мінскім падземным пераходзе можна купіць толькі майткi, рукавічкі і шкарпэткі, а ў Вільні – яшчэ пашукаць трэба месца такога «вольнага гандлю», то ў кіеўскіх падземках купіш хоць чорта лысага, нават хлеб і гарэлку. І нашто нейкія там санстанцыі?

Беларуская і літоўская цяга да маленькага, індывідуалістычнага шчасця на ўласным хутары моцна адрозніваецца ад пафаснай барацьбы за дзяржаўныя або агульна-грамадскія інтарэсы рускіх. Здаровы, а месцамі шкурны прагматызм і сквапнасць («мая хата з краю!») – у адрозненне ад рамантычных парываў рускага «рубахи-парня» выратаваць чалавецтва, ну як мінімум – суседні праваслаўны народ.

Беларусаў і літоўцаў заўжды цягнула жыць па інерцыі і старой завядзёнцы: земляробства з яго цыклічным аграрным календаром традыцыйна было найбольш шанаванай прафесіяй у абодвух народаў. Гэта ж увасобілася ў адзін з прынцыпаў грамадска-палітычнай сістэмы ВКЛ: «старыны не рушыць, навіны не ўводзіць». І на гэтым фоне зусім іначай выглядаюць рускія з іх прагай да новых даляглядаў, да захопу новых зямель, з бандытам-авантурыстам у якасці супергероя.

***

Таму, атрымаўшы шэнгенскую візу і пераехаўшы памежны пункт «Каменны Лог», не думайце, што вы зараз будзеце здзіўлены экзотыкай, чароўнай атмасферай Прыбалтыкі. Яшчэ доўга вам будуць трапляцца мала чым адрозныя ад вас тутэйшыя насельнікі Віленшчыны. А каб убачыць хоць нейкія адрозненні, давядзецца заехаць значна далей за віленскі мульцікультурны кацёл, да самай Жмудзі, Коўна (Kaunas) і Цяльшоў (Telsiai) – сэрца этнічнай Літвы.

Калі казаць пра адрозненні сучасных літоўцаў і беларусаў, то перад вачыма паўстае Мінск з сотнямі ўзнятых угару будаўнічых кранаў, мітуснёй вялікага бізнес-цэнтра і людзьмі-мурашкамі ў шэрым, што бегаюць у пошуку сваіх дробных выгад. І побач – Вільня, стылёвая, прывабная, утульная і... безнадзейна недзелавая. Сённяшнія літоўцы-бізнесмены засноўваюць фірмы ў Мінску, бо ў Літве, па ўсім відаць, проста няма адпаведнага капіталу, эканоміка не мае такога патэнцыялу,  як беларуская. Што ж, нічога не змянілася за стагоддзі: у далёкім XIII стагоддзі ваяўнічыя літоўскія кунігасы (князі) заключылі саюз з Наваградскім, а потым і іншымі гарадамі-княствамі Беларусі, якія канцэнтравалі ў сабе вялікі капітал, гандлёвыя сувязі і мелі больш высокі ўзровень цывілізаванасці. Але ўсё гэта не перашкаджае сучаснаму літоўцу глядзець на свайго суседа-беларуса крыху звысоку.

Калі беларус – аматар ціхага шчасця, дык літовец – і пагатоў. Ім, здаецца, больш, чым беларусам, да спадобы прыйшліся адасобленыя хутары, а не шумныя вёскі. Калі беларус – акуратны, то літовец – акуратны ўдвая, ды яшчэ з асаблівым пачуццём эстэтыкі. Калі беларус на рынку загорне ў цэлафан не толькі кілаграм яблыкаў, але і пачак цэлафану, то літовец беражліва ўпакуе вашу пакупку ў стылёвы папяровы скрутак.

Літоўцы болей за беларусаў навучыліся жыць з прыемнасцю, з густам і смакам. Мінск дагэтуль не мае патрэбнай колькасці кавярняў, у той час як Вільня дагодзіць самаму пераборліваму снобу. І калі гарадское свята ў Беларусі сустрэне вас даўно знаёмымі да болю, страшненькімі бела-сінімі шатрамі ад сяльпо і райпо, з пластыкавай мэбляй Coca-cola, то літоўскі кірмаш (я кажу, прынамсі, пра Дзень св. Казіміра) – гэта мноства стылёва аформленых крамак, некаторыя з якіх цягнуць на твор архітэктуры малой формы. Тут жа вас здзівяць дзясяткі вулічных музыкаў, загнаныя ў Беларусі ў падземныя пераходы. Што ж, літоўцы навучыліся цаніць прыгажосць і прыемнасць жыцця, і з ахвотай плацяць за гэта. Таксама вялізны ў параўнанні з Вільняй Мінск пакуль яшчэ не можа пахваліцца такой колькасцю арт-тусовак, багемных кавярняў.

Беларусы за стагоддзі адсутнасці ўласнай шляхты прызвычаіліся прэзентаваць сваю культуру як чыста сялянскую. І айчынны фольк сапраўды грымнуў далёка. Але літоўцы, таксама страціўшы за часамі розных акупацый сваё «права» на шляхетную высакароднасць, палюбілі свае льняныя вышыванкі яшчэ больш за нас. Ледзь не ў кожным tourist place (турыстычным месцы) вы сустрэнеце невялікі ансамблік, што разам з турыстамі развучвае нескладаныя народныя таньчыкі або водзіць карагод у знак чарговага свята па народным календары. Але сярод іх вы наўрад сустрэнеце перажыткі саветчыны, што яшчэ маюць месца на Беларусі: пошлыя бутафорныя какошнікі ў жанчын або лапці з гармонікам у хлопцаў, відавочна навязаныя з рускай народнай культуры ў савецкія гады.

***

Пры больш пільным разгля­дзе можна заўважыць, што сучасныя літоўцы вельмі падобныя да беларусаў з той толькі розніцай, што воляй лёсу апынуліся па іншы бок геапалітычнай мяжы. Так, менавіта воляй лёсу, як і сённяшнія нашы суайчыннікі ў вырашэнні грамадскіх пытанняў дагэтуль спадзяюцца то на Еўропу, то на цуды ў Расіі, але ніяк не на сябе. Можа быць, таму сёння для літоўцаў Еўрасаюз – гэта «Савецкі Саюз са сталіцай у Брусэлі», а Літва, пры ўсім сваім гонары, багатай культуры і высакароднай гісторыі, застаецца на задворках Еўропы без уласнага эканамічнага стрыжню. Ледзь не ўсё спадзяваннi яе – на наф­тавыя трубы, якiя ўсё адно залежаць ад чужой наф­ты. І якая, зрэшты, розніца, каму прадаць свой адзіны нафтаперапрацоўчы завод (Мажэйкі, Mazeikiai) – рускім або палякам? Літоўская моладзь, захопленая амерыканскім стылем жыцця, ліхаманкава вучыць англійскую мову і самазадаволена адмаўляецца размаўляць па-руску. А тыя, хто пасмялей, разлятаюцца ў пошуках лепшай долі па ўсёй зоне Шэнгена (чым далей на захад – тым лепей). Чым гэта адрозніваецца ад маіх землякоў, для якіх беларуская мова дагэтуль зводзіцца да ідыёцкага жарту пра «здыхліка неўміручага»? Або чым лепшыя нават тыя, каго ўсё-такі азарыў прамень «свядомасці», і якія памкнуліся найхутчэй перабрацца ў Польшчу на заробкі, усё болей засмечваючы нядаўна
асво­е­ную беларускую паланізмамі? Літоўскія пенсіянеры, седзячы на лавачках каля такіх самых, як у нашай Малінаўцы, шэрых блочных каробак, наракаюць на жыццё, адсутнасць перамен і мізэрныя пенсіі...

Хацеў я неяк парадавацца за суседзяў: вось, маўляў, Depeche Mode да іх жа прыехаў, а да нас – не. Але гледзячы на той феерверк зорак, які наведаў Мінск за апошнія пару год адразу пасля будаўніцтва «Мінск-Арэны», неяк паасцярожнічаў з падобнымі каментарыямі. Я не эканаміст, але для мяне важны той факт, што «Мінск-Арэну» будавалі свае і для сябе, у той час як Літва пад напорам замежнага капіталу рызыкуе забыць, што такое айчынная прамысловасць. Вось толькі ўсе чулі пра сетку літоўскіх супермаркетаў Maxima, якая, магчыма, пачне працаваць і ў Мінску. А тая ж Вільня перад Калядамі піярыцца ў Мінску з мэтай прыцягнуць паболей турыстаў з найбліжэйшай сталіцы. Можа быць... зноў надыйшоў час, каб разам будаваць велічныя замкі і палацы, а не кантрольна-памежныя пункты на дзяржаўнай мяжы?.. Здаецца, літоўцы дагэтуль разумеюць наша «дзякуй», а нам няцяжка навучыцца іхняму вясёламу прывітанню – «Labas!»