https://www.traditionrolex.com/8
<p>У суботу, 16 чэрвеня, я выехаў ва ўтульны Івянец – там меў адбыцца цукеркавы фэст. Але святочны настрой азмрочыўся яшчэ да пачатку мерапрыемства.</p>

Павел ДАБРАВОЛЬСКІ, фота аўтара

У суботу, 16 чэрвеня, я выехаў ва ўтульны Івянец – там меў адбыцца цукеркавы фэст. Але святочны настрой азмрочыўся яшчэ да пачатку мерапрыемства.

«Ты в тюрьму хочешь сесть?»

Перапоўнены аўтобус ад’ехаў ад цэнтральнага вакзала а адзінаццатай. Квіток набыў амаль за тыдзень, каб не стаяць усю дарогу. І падумаць не мог, як пашчасціць мець «сідзячае» месца. «Я не то, что стою – я вишу!», – з непрыхаванай злосцю адказвала дзяўчына па мабільным, калі мы ўжо ад’ехалі. З усіх бакоў чулася адно: раздражненне. Для кіроўцы было дзіўна, адкуль столькі людзей на звычайна паўпустым маршруце, пра фэст ён не чуў. А мяне здзівіла, як можна прадаваць так шмат квіткоў. Ёсць жа пэўныя нормы па максімальнай загрузцы транспрарту. А калі яны не былі парушаныя, дык трэба іх знізіць! Калі хочаце большы прыбытак атрымаць, запусціце яшчэ некалькі рэйсаў – яны акупяцца, без сумневу!

На Каменнай горцы нас чакалі яшчэ людзі. Спачатку падумаў: «Чаго ж вы загадзя не паклапаціліся – не пашчасціць трапіць на фэст». Пашчасціла. Аўтобус, на маё здзіўленне, супыніў хаду і адчыніў пярэднія дзверы. Кандуктар, поўная жанчына сярэдніх гадоў, амаль пратараніла сабе праход да кіроўцы. Раілася, як быць. Я ўважліва за імі сачу. «Ты в тюрьму хочешь сесть?», – горача амаль крыкнуў кіроўца. Але лю­дзей вырашылі запускаць. Уціснуліся ўсе. Хоць людзям было, мякка кажучы, няўтульна, але упэўнены, што яны былі ўдзячныя – інакш засталіся б у Мінску.

Фэст пачынаўся а другой гадзіне. Да яго пачатку паспявалі толькі тры рэйсы: адпраўлення а сёмай, дзевятай і адзінаццатай. Зразумела, што прыязджаць у Івянец з самага ранку нікому нязручна. Наступны рэйс занадта позна: а палове на чацвёртую толькі ад’езд з Мінску. Вось і застаецца адзіны варыянт, які выбраў і я. Аднак, прыехаць на фэст – адна справа, а вярнуцца – ужо другая. Квіткі ў адваротным кірунку набыць можна толькі на месцы. З Мінску нават забраніраваць нельга. Наш аўтобус прыехаў амаль а першай і адразу ж усе кінуліся да касы. Чарга вялізная. Але да пачатку фэсту яшчэ гадзіна – здавалася, што паспеем. Не. Абе­дзены перапынак на цэлую гадзіну! Я пра сябе мацюкнуўся і пайшоў у цэнтральную частку горада без адваротнага квітка. Дарэчы, адваротных аўтобусаў таксама бракуе: у 16.30 і 18.45. Яшчэ адно прывітанне арганізатарам. Фэст заканчваецца а адзінаццатай, а апошні аўтобус ад’язджае ў Мінск ажно за чатыры гадзіны да канца. 

На маё пытанне арганізатар фэсту Кастусь Лермантаў адказаў проста: «Как вы думаете, сколько нам нужно было автобусов и в каких городах, чтобы могли доехать все, кто хотел?». Цікава, у Мінску не знайшлося б яшчэ пяць-сем аўтобусаў? Толькі ж трэба было дамовіцца: кіраўніцтва «Мінсктрансу» пайшло б насустрач у гэтым пытанні. Машына, якая стаіць у парку, прыбытку не прынясе.  А ў адказ Кастусю хацелася сказаць: «У наступным годзе такіх «кто хотел» будзе значна меней», калі не будзе вырашана пытанне з транспартнай сувяззю.

«Конфеты только из России и Украины, ивенецких нет!»

Але сам фэст трохі адагнаў трывожныя думкі, як вяртацца дамоў. Выдатнае надвор’е: амаль забытае за пахмурны тыдзень сонейка. Прыгожы Аляксееўскі касцёл, які велічна узвышаецца над могілкамі. Утульная вузкая вуліца з драўлянымі дамамі, якая супыняецца ля новай царквы Еўфрасінні Полацкай. А вось тут і распачынаецца свята. Тры конніка ў старажытных  строях заклікаюць люд паспаліты да Францысканскага касцёлу. Падбягае пешы рыцар і чуе ў адказ: «Ну што ты, рыцар белы, з’ехаў з глузду? Чакай каля касцёла –  я зараз буду!» – майстарская імправізацыя! Да парады беламу рыцару прыслухоўваюся і я. Пакуль збіраліся людзі каля касцёлу, вырашыў агле­дзець той з усіх бакоў. «Вы яшчэ далей прайдзіце – там новы помнік паставілі!», –  параіў мне мужчына з маленькім хлопчыкам. Зараз увесь комплекс, а гэта акрамя касцёла яшчэ і манастырскія карпусы, аднаўляецца. Але шэсце да сядзібы Дарагунцава, месца правядзення фэсту, пачалося, і я не стаў тут затрымлівацца. Людзей за гэты дзясятак хвілінаў пабольшала разы ў два. Я пабег наперад.

Фэст_5

Фэст_4

Але дарога была перагаро­джана. Нейкія нячысцікі кружылі ў віхоры. Нікога далей яны пускаць не збіраліся. Выходзіць Цмок і выклікае рыцараў на дуэль. Яны па адным спрабуюць адолець яго, але марна. Нарэшце, адзін з ваяраў падымае ўгару магічны ключ ад салодкага фэсту і перамагае. Аднекуль з’яўляюцца русалкі. Просяцца, каб дазволілі ісці далей з намі. Княжая дружына бярэ іх пад рукі і шэсце рушыць далей. Па дарозе далучаюцца дзяўчыны на высокіх хадулях. Настрой у лю­дзей святочны. Дзеці дагэтуль пад уражаннем ад бойкі рыцараў з Цмокам. Мабыць, упершыню яны тут, бо летась увесь сцэнар правядзення фэсту быў такім жа. Падыходзім да сядзібы, маленькі прыгожы хлопчык з залатымі валасамі і блакітнымі вочкамі працягвае мне набор цукерак. Да дзяцей падбеглі русалкі і сталі дапамагаць раздаваць салодкія падарункі. Цікава, а што робяць ў наборы карамелькі з Малдовы? На рэштках сядзібы вывешаны плакат з эмблемай арганізатара, цукеркавай фабрыкi «Ивкон», але пра яе амаль нічога больш не напамінала. Месцаў, дзе можна было набыць іх прадукцыю, усяго некалькі. Чэргі, зразумела, вялізныя.

Фэст_2

Фэст

На сцэну выйшаў пан Дарагунцаў (зразумела, актор, які яго грае, бо пана ўжо няма сярод нас). Ён вельмі ўдзячны ўсім за тое, што прыйшлі на яго сядзібу. Падкрэсліў, што з кожным годам, а гэты фэст ужо трэцці па ліку, людзей ўсё больш. Фэст афіцыйна адкрыты. Паветраны шар, гульні ды варожбы, рамесныя выставы, этнічная карчма і майстар-класы народнага кухарства, паездка на рэтрааўтамабілях, конна-спартыўнае шоу уланаў, заплывы на каноэ і байдарках, вечаровая этнадыскатэка, вогнішча і фаер-шоу. Усё гэта чакала наперадзе гасцей свята. А я пакуль пагуляў па рамесным кірмашы, адведаў дранікаў, некалькі разоў абышоў усю пляцоўку фэсту і накіраваўся на аўтавакзал. На 16.30 яшчэ можна было набыць квіток, а на 18.45 – мабыць толькі на даху аўтобусу, і тое не факт...

Фэст_3

Па дарозе назад завітаў у прадуктовую краму насупраць Польскага дому. Бачу цукеркі – ну як з цукерачнай сталіцы Беларусі вяртацца без іх?! Але «Рашэну» і ў Мінску хапае! На маё здзіўленае пытанне пачуў: «Конфеты только из России и Украины, ивенецких нет! Ну разве что на кассе можете уточнить». Не ўдакладняў. На маю сціплую думку, дзе-дзе, а ў Івянцы цукеркі павінны быць толькі мясцовыя!

https://www.traditionrolex.com/8