https://www.traditionrolex.com/8
<p>Горад Мсціслаў Магілёўскай вобласці мяне інтрыгуе ўжо адным сваім месцазнаходжаннем: ён добра сеў на самым усходнім краі рэспублікі, за якім – трыдзевятае царства з яго знакамітым бездарожжам, тайгой і джэнтэльменамі ўдачы. У такім кантэксце Мсціслаў з’яўляецца нейкім містычным пераходам, Калінавым мастом, па якім мы трапляем у іншы свет, свет іншых людзей, іншых каштоўнасцяў. Шуруйце на памежжа культур! – казалі класікі культуралогіі, – там адшукаеце праўду аб душы народа, там вам і будзе сапраўдны артэфакт!</p>

Раман АБРАМЧУК, фота аўтара

Горад Мсціслаў Магілёўскай вобласці мяне інтрыгуе ўжо адным сваім месцазнаходжаннем: ён добра сеў на самым усходнім краі рэспублікі, за якім – трыдзевятае царства з яго знакамітым бездарожжам, тайгой і джэнтэльменамі ўдачы. У такім кантэксце Мсціслаў з’яўляецца нейкім містычным пераходам, Калінавым мастом, па якім мы трапляем у іншы свет, свет іншых людзей, іншых каштоўнасцяў. Шуруйце на памежжа культур! – казалі класікі культуралогіі, – там адшукаеце праўду аб душы народа, там вам і будзе сапраўдны артэфакт!

Мстислаў

Першае маё наведванне ў гэты слынны горад – некалькі год таму, на першы гарадскі фестываль сярэднявечнай культуры. Было відавочна, што мсціслаўцы рэдка да гэтага бачылі тут такія вялікія натоўпы гасцей з «вялікага свету»: літаральна КОЖНЫ мсціславец вiтаўся з прахожымі, турыстамі на вуліцы, проста так, з ветлівасці. Безумоўна, гэта замілоўвала і падкупала. Дзе яшчэ знойдзеш? А горад – райцэнтр з насельніцтвам больш за 11 тыс. жыхароў. Я, зрэшты, так і адрозніваў прыезджых і тутэйшых.

Яшчэ запомніўся сам фестываль. Выступалі на ім не такія ўжо і вядомыя калектывы, маладыя і, збольшага, аматарскія. Але... як потым я даведваўся ад саміх артыстаў – для некаторых гэта быў адзін з лепшых канцэртаў у жыцці: мясцовая публіка сустракала іх як зорак. Адчувалася, што публіка празмерна ўдзячная ўжо за сам факт прыезду. Такім слухачам, безумоўна, хацелася граць удвая даўжэй і шчырэй. Сам фестываль быў даволі пасрэдны ў сэнсе якасці сэрвісу. Але дзе яшчэ артыстаў, якім не спадабаўся нумар для начлегу, арганізатары забіраюць начаваць да сябе дадому, частуюць вячэрай і распавядаюць, паказваючы фотаальбомы, аб сваёй сям’і і ўлюбёных хоббі?..

Ужо ў той раз я быў упэўнены, што вярнуся сюды ізноў. Так яно і сталася. Для эксперыменту я сам вырашыў пайграць песні пад гітару без якогасьці запрашэння ад арганізатараў. Збіраўся пайграць, пакуль не прагоніць міліцыя – а граў для натоўпу слухачоў некалькі гадзін запар пад прыхільныя позіркі мясцовых дзяўчат і міліцыянтаў. Што яшчэ трэба для карнавальнага шчасця?..

І на гэты раз спіс артыстаў і мерапрыемстваў прыемна здзівіў нават сталічнага сноба: паўнавартасны канцэрт гурта «Стары Ольса» з танцавальнай падтрымкай, у «атмасферным» двары езуіцкага кляштара. А пад вечар – лазэрнае шоў. Па шчырасці, я глядзеў такое ўпершыню, ды яшчэ –па міласці сваіх новых мсціслаўскіх сяброў – з даху пяціпавярховага дома. З разяўленымі ртамі ўсе дружна назіралі за велізарнымі трохмернымі выявамі рыцарскіх паядынкаў, якія з’явіліся ў начным небе знеадкуль, а дакладней – былі створаны праекцыяй каляровых лазэрных промняў. Усё сканчвалася патрыятычнымі ноткамі – выявамі Мсціслава і візуальным напамінам аб яго юбілеі. Як толькі апошнія лазэрныя промні згаслі ў начным небе – і рыначная плошча, на якой адбывалася прадстаўленне, і дахі прылеглых хрушчовак, –скалынуліся ў апладысментах. Зрэшты, у Мсціславе хочаш - не хочаш, а на ўсё глядзіш з вышыні...

Хоць да мяне і даходзілі чуткі, што мінскія ініцыятары фэста – як гэта часта бывае – пасварыліся з мясцовай уладай, якая ўсё захапіла ў свае рукі, але на другі год, нават пры адсутнасці ўдзелу мінскіх арганізатараў, фэст прыемна здзівіў... падрыхтаванасцю: гара, якая яшчэ ў мінулы год была густа парослая непралазным хмызам, на гэты раз ператварылася ў чароўнае плато, абнесенае драўляным частаколам. Там-сям адвальваліся квадратныя кавалкі травянога дзёрана: відавочна, за ноч не ўсё ўдалося зрабіць акуратна. Пры ўсёй муляжнасці таго, што наспех набудавалі  з драўляных брусоў, атрымалася шыкоўная пляцоўка для самога фэсту, ды яшчэ з магчымасцю агледзець далягляды вакол самой замкавай гары, бо да гэтага ніякіх подступаў да краю гары з-за зарасцяў не было. Новы памятны камень з бліскучай шыльдай, прысвечанай князю Лугвену Альгердавічу – герою Грунвальдскай бітвы, канчаткова прымусіў мяне ціха парадавацца за мясцовы выканкам. Ды што пра фэст – ён проста прыгавораны да поспеху аднымі толькі краявідамі, што адкрыюцца гасцям з замкавай гары. Адной прагулкі па Мсціслаўскіх вулачках дастаткова, каб «заліпнуць» на гэтае месца беспаваротна.

Вулачкі Мсціслава – незвычайныя. Калі ва ўсіх гарадах яны разыходзяцца на скрыжаванні налева, прама і направа, то тут – крута ўніз, кудысьці убок, і прама ў неба. Сам горад ужо амаль тысячу год стаіць на гарах, якія трывала захоўваюць свае старадаўнія назвы легендарнага або гістарычнага паходжання: Замкавая, Дзявочая, Панівойская, Траецкая, Тупічэўская. Шпацыр па горадзе ператвараецца ў блуканне па лабірынце з вялікімі амплітудамі. Але толькі не ў цэнтры: цэнтральная сетка вуліц больш як два стагоддзi назад (1778 г.) была разлінеена па-новаму, прама і шырока, новымі гаспадарамі, што набеглі з усходу.

Сапраўды, набегі здзяйснялі не толькі татары. Менавіта ў Мсціславе пачынаеш разумець усю соль гістарычных узаемаадносінаў Бела­русі з усходнім суседам. Уваходныя брамкі на падворкі дамоў –  два метры вышынёй, з глухім плотам. А як ім не быць такімі, калі мясцовых жыхароў пасля войнаў з Масковіяй яшчэ доўга называлі «мсціслаўскімі недасекамі»? «Браты-славяне» прыходзілі сюды з завостраным жалезам пяць (!) разоў напрацягу толькі 1500–1514 гадоў. А ў 1654-м адбылася так званая «разня Трубяцкога»: рускія на чале з камандуючым А. Трубяцкім так ліха «завіталі ў госці», што падчас абароны горада «взяты взятьем шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксендзов и езуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек» (пад «літвой» меліся на ўвазе грамадзяне Вялікага княства Літоўскага). Ва ўмовах акупацыі гараджане, і шляхта неаднаразова спрабавалі зрабіць перавароты, падчас якіх амаль усе яны і загінулі. «Нацярпеўшыся» са мсціслаўцамі, цар Аляксей Міхайлавіч загадаў спаліць гарадскі замак, саслаўшы апошніх 46 з яго абаронцаў у Яраслаўль. Вось пра іх і прымаўка – «мсціслаўскія недасекі». І пра тых, хто стаў жыць у горадзе пасля тых падзей. У напамін таксама засталося пустое – хоць і неверагоднай прыгажосці – плато, дзе стаяў замак. А яшчэ дзве даволі незвычайныя для касцёльнага жывапісу фрэскі, якія цудам захаваліся ў касцёле кармелітаў: «Забойства ксяндзоў» і «Узяцце Мсціслава маскоўскімі войскамі».

Зрэшты, касцёлы дагэтуль стаяць у руінах. Высачэзныя, аграмадныя – як і ўсе каталіцкія святыні на ўсходніх межах Рэчы Паспалітай (аб’яднанай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства). І ад гэтага, па шчырасці..., мала патрэбныя ў асяроддзі пераважна праваслаўнага тутэйшага насельніцтва. У XVII ст., як мы пабачылі, для кагосьці гэта было прычынай, каб рэзаць у гэтых сценах людзей, а ў XX-м – каб шынкаваць гуркі. Пры саветах сутарэнні касцёла былі прыстасаваны ў цэх па нарыхтоўцы гуркоў, і каб не Ул. Караткевіч, магчыма, у Мсціславе з цягам часу з’явілася б яшчэ адно прыгожае, але пустое плато (касцёл таксама стаіць на гары). Але пасля напісання Караткевічам журналісцкага нарыса храм заўважылі і дзяржаўная ўлада прыняла меры па яго захаванні, на жаль, не завяршыўшы справу... Аднак сёння ў паўразбураным касцёле (у невялікай адноўленай частцы) зноў гучыць малітва па рымскім чыне. Невялікай групай прыхаджанаў кіруе ксёндз, які акрамя выканання сваіх прамых абавязкаў знаходзіў час, каб актыўна далучыцца да арганізацыі таго самага рыцарскага фэсту.

...Для чаго трэба падымацца на вежы мсціслаўскіх касцёлаў? Для чаго трэба клянчыць ў мясцовых вартаўнікоў ключ ад уваходу ў паўразбураныя храмы?

Стоячы на апошніх ярусах касцёльных вежаў, разумееш, што японцы на некалькі соцень год спазніліся са сваёй ідэяй шмат’ярусных падземна-надземных гарадоў: шматузроўневыя касцёльныя комплексы Мсціслава стаяць на гарах, унутры якіх – яшчэ безліч падземных хадоў, разнастайных памяшканняў, і ў некаторых месцах – таксама шматузроўневых.

Мне дагэтуль не верыцца, але сур’ёзныя людзі з сур’ёзным выглядам распавядалі мне пра падземны ход з Мсціслава ў Пустынкі (праваслаўны манастыр, які знаходзіцца ў два­наццаці кіламетрах ад горада), пракапаны пад ракой Віхра, якая працякае ў нізіне (!) непадалёк ад горада.

Застрашаны гісторыяй пра трох мясцовых хлапчукоў, што так і не вярнуліся са сваёй вандроўкі па падземнаму Мсціславу, я ўсё-такі наважваюся прагуляцца па падземным лабірынце кармеліцкага касцёла. А ў касцёле езуітаў – цалкам закінутым – хапае аднаго погляду ўніз, дзе зз’яюць дзірамі яшчэ тры ўзроўні тунэляў. І калі амплітуда вам ускружыла галаву, і калі ўжо крыху млосна ад мсціслаўскіх перападаў вышыні – шуруйце ў напрамку тых самых Пустынак. Толькі заклінаю – надземным шляхам. Па дарозе можаце заруліць у Мсціслаўскі краязнаўчы музей вельмі прыстойнага выгляду, з абноўленым інтэр’ерам. Там можна ўбачыць сапраўдны рыцарскі шалом часоў ВКЛ (падобных тут знайшлі некалькі ў ваколіцах горада). Ці не ён зберагаў галаву кагосьці з мсціслаўскіх мужчынаў ад праяваў «братэрскай любові» гасцей з Масковіі ў XVI ст.?

А Пустынкі ўжо сваёй назвай падказваюць, што болей тут нікога – акрамя манахаў і вас – няма. Прынамсі, так было задумана ў старажытнасці, пры заснаванні манастыра ў XIV cт., на месцы цудоўнага ацалення князя Лугвена Альгердавіча ад слепаты. Пабыўшы уніяцкім і разбудаваўшыся, а потым страціўшы храмы падчас бальшавіцкай улады, што любілі эксперыментаваць з выбуховым рэчывам на царкоўных пляцоўках, – сёння мужчынскі Успенскі манастыр аднаўляецца і будзе рады як наведвальнікам, так і ахвярадаўцам.

Але і тут не абыйсціся ад абарончых умацаванняў. Ці не земляныя валы акружалі гэты прыстанак? Як мне падалося, менавіта іх рэшткі знаходзяцца ў глыбінi манастырскай тэрыторыі, але эксперта, каб падцвердзіць маю здагадку, я пакуль не знайшоў. А нас інтрыгуе нечаканае пытанне аднаго з мясцовых: «ці не жадаеце прагуляцца ў Расію? Мяжа – у адным кіламе...», – мы ўжо крочым у напрамку, куды паказвала яго рука. Ужо здалёк адкрываецца дзіўны пейзаж: асфальтаваная дарога – праз адзін уздым і адзін спад – губляе свой асфальтавы панцыр, ператвараючыся ў вясковую гравійку. Сапраўды, калі нават ўрад эфемернай Саюзнай дзяржавы перастане быць эфемерным, то адрозненне менталітэтаў народаў, што тут суседнічаюць – будзе высвечвацца з-пад зямлі. Асфальт цягнецца тут роўна да чырвона-зялёнага памежнага знаку «Республіка Беларусь». Першы дарожны ўказальнік замежжа – ­іржавая таблічка «Монастырщинский район» – так і заклікае падаць міласціну «монастырщинцам».

Хтосьці ўжо, прадчуваю, гатовы абвінаваціць мяне ў «антырасейшчыне» і нацыяналізме. І дарэмна. Я з такім жа імпэтам распавяду вам і пра плюсы нашых суседзяў, ад якіх нам варта было б шмат чаму павучыцца. Зрэшты, хто сказаў, што цяга да цывілізаванасці – гэта так добра? Рускі, які і ў чыстым полі зробіць выспачку сваёй культурнай прасторы – гэта першапраходнік, смелы і адчайны, якога цягне да нязведанага. І дзе ж тут паспець прывесці ў парадак тое, што засталося за спінай? А еўрапейская схільнасць да камфорту часта вядзе да глыбокага аніабіёзу, санлівасці, страты цікавасці да жыцця, засыхання крыніцы жыццёвай творчасці. Што ж, магчыма, суседзі для таго і жывуць побач, каб час ад часу падглядаць карысныя рэчы адзін у аднога... Бяда толькі, што рускае «першапраходніцтва» часам спалучаецца з неразумным жаданнем распаўсюдзіць сябе, сваё я, свой светапогляд – на «асвоеныя» тэрыторыі і іх не вельмі смелых жыхароў...

А Мсціслаў адпускаць не хоча. І не бяда, што няма тут утульных кавярняў, стылёвых крамак для шопінгу і крутых івэнтаў (апроч рыцарскага фэста, безумоўна). Затое палатку можна паставіць прама ў горадзе дзе-небудзь у зацішным кутку, на схіле адной з тых самых гарадскіх гор, ды так каб бачыць адтуль ледзь не вежы Смаленска.

 

https://www.traditionrolex.com/8