https://www.traditionrolex.com/8
<p>Навагрудак другі раз за апошнія 15 год перажывае капітальны рамонт. Старажытны горад, які мае вялікі турыстычны патэнцыял, рыхтуюць да абласных «дажынак».</p>

Сямён Печанко, фота аўтара i Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

Навагрудак другі раз за апошнія 15 год перажывае капітальны рамонт. Старажытны горад, які мае вялікі турыстычны патэнцыял, рыхтуюць да абласных «дажынак».

«Ізноў Навагрудак разбамбілі! Што на гэты раз? – «Дажынкі» ў гэтым го­дзе будуць». – Пасажыры разглядаюць праз вокны рэйсавага аўтобуса гарадскую плошчу. Дом культуры і суседні з ім будынак у рыштаваннях. Аўтобус збочвае на вуліцу Міцкевіча. Тут, недалёка ад будынка райвыканкама, рабочыя кладуць плітку. На вуліцы Камсамольскай, што прымыкае злева, рамантуюць ходнікі. На паралельнай вуліцы Савецкай выкапалі траншэі пад камунікацыі, навезлі штабелі пліткі і бардзюраў. Пры гэтым рабочыя спілавалі шэраг ліпаў. Мясцовых гэта абурыла: ну ніяк у нас не могуць рамонт правесці, каб дрэвы не папілаваць! Зрэзалі і ўсе дрэвы ў цэнтры плошчы Леніна. Цяпер там клумбы і туі. Плошча ад гэтага стала нязвыкла вялікай і пустой. Рамонт кіпіць на вуліцах Валчэцкага, Паштовай, Леніна, Замкавай...

novogrudok4

Гуляю па горадзе і заўважаю, што зніклі не толькі ліпы на Савецкай: дзе-нідзе ў цэнтры пазносілі старыя драўляныя дамкі. У вокнах камяніцы ХІХ ст. бялеюць пластыкавыя шклопакеты – надпіс «гісторыка-культурная каштоўнасць» на шыльдзе побач глядзіцца падкрэслена цынічна.

«Горад, як пасля бамбёжкі. Амаль, як у 1998-м», – расказваў па тэлефоне даўні знаёмы, запрашаючы ў госці. Да падобнай карціны жыхарам горада не прызвычайвацца: 14 год таму, рыхтуючыся да 200-годдзя Міцкевіча, Наваградак ужо перажыў падобны капітальны рамонт.

15 гадоў рамонту

Я вучыўся тады ў Навагрудку і быў сведкам таго рамонту. Ён быў больш грандыёзны, чым сёлетні. Участак вуліцы Савецкай ад кінатэатра да касцёла св. Міхаіла перагарадзілі яшчэ напрыканцы 1996-га. Цэнтральную плошчу выклалі пліткай, змяніўшы парадак руху транспарту. У скверы каля музея Міцкевіча той самай шэрай пліткай абнавілі сотні метраў дарожак. Адрамантавалі аўтавакзал, гатэль, знеслі стары помнік Леніну і ўсталявалі новы, паднавілі фасады дамоў на цэнтральных вуліцах.

novogrudok1

Той рамонт запомніўся не толькі маштабамі, але і размовамі пра брутальныя крадзяжы тонаў буд­матэрыялаў і аўралам. І гэта пры тым, што работы курыравалі Саў­мін, Міністэрства замежных спраў,
Мінiстэрства культуры. Па-сап­раўднаму праца закіпела ў апошнія дні, а ў ноч перад святам рэшту рамонту будаўнікі дараблялі ў святле пражэктараў і пад аб’ектывамі відэакамер цікаўных польскіх турыстаў.

Пазней тая спешка далася ў знакі аблупленай фарбай, трэшчынамі на фасадах, праваламі ў паркавых дарожках. Дом культуры, помнік архітэктуры, праз восем год прыйшоў у аварыйны стан. Гатэль, які тады рамантавалі з асаблівай пільнасцю, бо чакалі ў госці Аляксандра Лукашэнку, сёлета ізноў у рыштаваннях.

novogrudok2

У 2009 годзе ў Навагрудку нарэшце адрамантавалі вуліцу Мінскую. Яна стала шырэйшай, тут з’явіліся новыя ходнікі. Але ўжо сёння плітка на іх пачала «сыпацца». Дакладна такой вось-вось выкладуць ходнікі на Савецкай – у Навагрудку новы рамонт. 

«Дажынкі» замест рыцараў

Зважаючы на патэнцыял Навагрудка, нават дзіўна, што першы сярэднявечны фэст тут правялі толькі ў 2000 годзе. Ён быў арганізаваны абы як, але для незалежнай Беларусі гэта быў першы падобны досвед. На свята з’ехаліся дзясяткі тысяч гасцей.

Потым рыцарскія турніры ў першай сталіцы ВКЛ пачалі ладзіць праз год, пакуль ў 2008-м гэта традыцыя не перапынілася. У 2009 годзе Навагрудак адзначаў 965-годдзе і гарадскія ўлады вырашылі зэканоміць. Святкавалі сціпла: замест рыцараў быў канцэрт самадзейнасці і парад байкераў.

novogrudok3

У 2010 годзе ў Еўропе адзначалі 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. У Навагрудку пад гэты юбілей аднавілі практыку правядзення фэстаў. Са сцэны прамаўлялі міністр культуры, кіраўніцтва вобласці і раёна, замежныя паслы – яшчэ ніколі фэст не ладзіўся на такім узроўні. Падалося, што сітуацыя 2008 года не паўтарыцца, тым больш, што гэта паабяцалі высокія госці. І праўда, на чэрвень гэтага года быў запланаваны VI міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры «Наваградак-2012». У інтэрнэце з’явілася папярэдняя праграма фэсту, якая абяцала традыцыйныя забавы – канцэрты сярэднявечнай музыкі, горад майстроў, бугурты і абавязковую інсцэніроўку штурму замка.

Аднак планы так і засталіся планамі. Замест фэсту рыцараў у першай сталіцы ВКЛ вырашылі правесці свята ўраджаю – абласныя «Дажынкі». Магчыма, патлумачылі ў аддзеле культуры райвыканкама, фестывалі спалучаць.

Урокі Трокаў

Навагрудак часта называюць перспектыўным цэнтрам турызму. Так і ёсць. Радзіма Міцкевіча прыцягвае тысячы турыстаў  з Польшчы і Літвы. Тут так і просіцца рэгулярны літаратурны фестываль, напрыклад, Міцкевічаўскія чытанні. Магчыма, ён не будзе збіраць столькі гасцей, як сярэднявечныя фэсты, але культурнае значэнне Навагрудка безумоўна ўздыме.

Немалы патэнцыял у Музея габрэйскага супраціву. Шкада, што гісторыю братоў Бельскіх здымалі ў Літве, а не тут. Але нішто не замінае запрасіць Дэніэла Крэйга ў Навагрудак. Такая рэклама гарантавана прыцягнула б да музея тысячы наведнікаў.

Сярэднявечныя фэсты збіраюць тысячы чалавек. Іх не палохае ні ўсё большая камерцыялізацыя свята, ні меры бяспекі з сотнямі спецназаўцаў і турнікетамі. Падобна, людзі не супраць акунацца ў імправізаванае сярэднявечча часцей, чым раз на два гады.

Як бачым, патэнцыял у Навагрудка насамрэч ёсць. Аднак ёсць і тое, што перашкаджае гэтым магчымасцям рэалізавацца.

Агучаныя ў сярэдзіне 1990-х у часе «Наваградскіх чытанняў» праблемы застаюцца нявырашанымі дагэтуль. У горадзе па-ранейшаму няма дзе i размясціць вялікую колькасць гасцей, і пакарміць іх. Мільярды рублёў, укінутых у бясконцыя рамонты, здавалася б, мусілі выправіць сітуацыю. Але рэальнасць такая: у 30-тысячным горадзе дзейнічае два гатэлі з сумарнай колькасцю месцаў менш чым на сто чалавек, два рэстараны ды некалькі кавярняў. У 2006 годзе мінскія будаўнікі родам з Навагрудка вырашылі зрабіць роднаму гораду падарунак — адбудаваць у цэнтры гатэль «Еўропа» з рэстаранам і невялікім музеем. Прайшло шэсць гадоў, і пра тыя планы нагадвае будаўнічы плот ды выгаралы на сонцы за шэсць год пашпарт  аб’екту.

Ды што там гатэлі – у турыстычным цэнтры, якім называюць Навагрудак, няма ніводнай сувенірнай крамы!

Сучасная гісторыя літоўскіх Трокаў, якія па некаторых ацэнках ўсяго на год маладзейшыя за Навагрудак, магла б стаць прыкладам для беларусаў. У гарадку на 5000 жыхароў працуе каля 20 гатэляў і хостэлаў, а таксама больш за дзесятак рэстаранаў і кавярняў. Мясцовы замак сто год таму на выгляд быў не лепшы, чым яго калега ў Навагрудку. Але калі наш сёння выглядае яшчэ горш, то замак у Троках, адноўлены цягам некалькіх дзесяцігоддзяў, прыцягвае штогод сотні тысяч турыстаў з усяго свету. У тым ліку і з Беларусі.

https://www.traditionrolex.com/8