Ігар ПРАКАПОВІЧ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВiЧА
Заходняя частка Пастаўскага краю, Лынтупшчына, у раннiм сярэднявеччы ўваходзiла ў склад вядомага з летапiсаў Нальшчанскага княства, магчыма, была яго сэрцам. Паганскiя традыцыi мiнулых часоў i да гэтуль трываюць у легендах, паданнях, курганах, назвах. Каб адчуць душой рамантыку i прыгажосць гэтай зямлi, варта накiравацца туды ў падарожжа.
Да Другой сусветнай вайны Паставы мелi iншыя знешнеэканамiчныя прыярытэты з арыентацыяй не на ўсход i паўднёвы ўсход, а на захад i паўночны захад. Горад уваходзiў у склад Вiленскага ваяводства Рэчы Паспалiтай i таму асноўныя стасункi ажыццяўляў з чароўнай "паннай Вiльняй", Рыгай, Дынабургам i Варшавай. Цяперашнi шлях на былую сталiцу Вялiкага княства ў асноўным супадае са старажытным i цягнецца на захад праз увесь раён у бок Свянцянаў. На гэтай дарозе знаходзяцца такiя вёскi-перлiны як Камаi з 400гадовым касцёлам абарончага тыпу, знакамiтым камайскiм каменным крыжам, вядомай карцiнай славутага мастака Альфрэда Ромэра "Хрыстос i сiрата", старажытнымi могiлкамi ды падземнымi хадамi i Лынтупы з псеўдабарочным амаль стогадовым касцёлам, сядзiбна-паркавым комплексам Бiшэўскага i вялiкiм курганным комплексам пахаванняў на ускрайку мястэчка.
Блiжэй да Паставаў такiх адметных помнiкаў культуры няма, аднак ёсць аб'екты, якiя несумненна прывабяць цiкаўнага падарожнiка. Так, калi ехаць з горада на захад, мiнуўшы паварот на вёску Шыркi, з правага боку перад ракой Спарыцай можна выразна ўбачыць высокi ўзгорак. Гэта гара Лысая - рэспублiканскi ландшафтны геамарфалагiчны помнiк прыроды. Марэнны ўзгорак iдэальнай купалападобнай формы, утвораны 20 - 17 тысяч гадоў таму ў час Паазерскага зледзянення.
Памеры 200 х 60 м; адносная вышыня - 15 м, вышыня над узроўнем мора - 155 м. Каля падножжа Лысай гары, на поўдзень i ўсход ад яе пры зачыстцы прасочваецца культурны пласт. У iм трапляюцца косцi i зубы жывёл, фрагменты ляпной гладкасценнай керамiкi з жарствой у цесце, у тым лiку венчыкi. Таўшчыня сценак пасудзiн - 0,7-0,9 м. Плошча гэтага селiшча - ня менш чым 50 х 50 м.
Гара мае i iншую назву - Чортава, i мост праз раку Спарыцу таксама называюць Чортавым. Паводле падання, на Лысай гары жыў чорт, а на мосце ён ладзiў свае "чортавы забавы". Да нядаўняга часу, пакуль мост быў драўляным, на iм нечакана правальвалiся вазы, жывёла, тэхнiка, часцяком знiкалi людзi. У вайну ў багне патануў танк.
Паводле iншага падання, на Лысай гары на свой шабаш у адну з цёмных восеньскiх начэй злятаецца нячыстая сiла, i тады там блiскаюць агнi, чуваць нечалавечыя рогат, свiст i музыку. Злева ад Чортавага моста знаходзiцца адметная, глыбока ўрэзаная ў горныя пароды рачная далiна. Праз паўкiламетра далей па дарозе, з левага боку раскiнуўся былы нямецкi ўмацаваны раён. На высокiм узгорку знаходзяцца шматлiкiя блiндажы, траншэi, акопы германскай армii часоў Першай сусветнай вайны (19141918). Яшчэ трохi далей, перад паваротам на Гадуцiшкi, з правага боку ў расшчэпленай выцягнутай катлавiне ляжыць возера Загачча. Перад iм - высокi ўзгорак з адзнакай вышынi 160,4 м, на якiм у старажытныя часы, верагодна, было гарадзiшча.
У першай палове ХХ ст. на ўзгорку знаходзiлiся будынкi гмiны i школы, якiя былi спалены ў Другую сусветную вайну; у пасляваенны час там быў усталяваны драўляны маяк, якi пазней таксама згарэў.
Падчас Першай сусветнай вайны ўзгорак адыгрываў ролю адной з камандных вышынь на лiнii ўмацаванняў нямецкiх войск.
На верхняй частцы ўзгорка i на яго схiлах сустракаюцца шматлiкiя кавалкi старажытнага керамiчнага посуду з элементамi хвалiстага арнаменту каля венчыка, зрэдку - хвалiста-ямкавага арнаменту. На паўночным схiле, недалёка ад берага возера, знойдзена клiнападобная каменная сякера.
Далей па дарозе каля вёскi Дварчаны знаходзiцца могiльнiк, дзе пахавана каля 60 нямецкiх салдат, якiя загiнулi ў Першую сусветную вайну. На магiлах захавалiся крыжы i помнiк.
З Дварчан шлях вядзе да вельмi цiкавага, багатага на гiстарычныя падзеi i помнiкi архiтэктуры i культуры старажытнага паселiшча. Гэта Камаi - вёска, вядомая ў Беларусi сваiм адметным касцёлам абарончага тыпу i вялiкiм каменным крыжам. Узнiкла яна на высокiм узгорку на беразе Малога Камайскага возера ў першым тысячагоддзi нашай эры. Першымi насельнiкамi паселiшча былi прадстаўнiкi фiна-угорскiх плямёнаў, якiя i пакiнулi пасля сябе назву вёскi. iснуе некалькi версiй паходжання гэтай назвы. Адна з iх выводзiць найменне ад лiтоўскага "kamanas", што азначае "аброць", i пацвярджае гэта легендай: у старажытныя часы нейкi вершнiк, ратуючыся на канi праз возера так моцна нацягнуў лейцы, што яны парвалiся. З гэтай прычыны ў возеры i затанулi вершнiк, конь i аброць.
Другая версiя звязвае паходжанне назвы з фiнскiм словам "kamai", што азначае "смецце", "буралом". Вельмi верагодна, што рака Камайка, якая i зараз мае даволi хуткую плынь, пракладаючы шлях памiж стромкiх узгоркаў Свянцянскiх градаў, у часы паводак магла моцна падмываць берагi i абрушваць грунты з дрэвамi ў рэчышча. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што ў даваенны час у рацэ знаходзiлi 12-метровыя ствалы моранага дуба-тапельца.
Аднак найбольш верагоднай падаецца iншая версiя. Калi зрабiць дапушчэнне, што назва мае старажытную гiсторыю i засяленне гэтай мясцовасцi iшло па рэках з нiзоў'яў у вярхоў'i, то трэба прызнаць, што аснова ўсiх прыведзеных назваў "кам" першапачаткова адносiлася да ракi. У гэтым выпадку фiна-угорскiя мовы даюць зразумелае тлумачэнне: "кам" - "рака", "плынь" (удмурцкае).
Сама вёска ўпершыню згадваецца ў пiсьмовых крынiцах у пачатку ХVi стагоддзя як уладанне Пронскiх. У 1572 годзе Камаi перайшлi ва ўласнасць Рудамiнаў-Дусяцкiх, якiя валодалi вёскай да 1721 года. Пазней паселiшча належала Сулiстроўскiм i Чаховiчам.
Абарончы касцёл Яна Хрысцiцеля быў пабудаваны ў 1603 - 1606 гадах з фундацыi Яна Рудамiны-Дусяцкага, якi ахвяраваў на будоўлю шмат сваiх багаццяў. Храм размяшчаецца ў цэнтры вёскi на колiшняй гандлёвай плошчы на высокiм узгорку. Ён уяўляе сабой помнiк архiтэктуры абаронча-культавага дойлiдства з рысамi стыляў готыкi, рэнесансу, барока. З захаду храм мае дзве вялiкiя магутныя цылiндрычныя вежы з ярусамi разнастайных байнiц, якiя абаранялi ўваход у касцёл. Сляды яшчэ дзвюх вежаў з боку алтара сведчаць пра тое, што касцёл першапачаткова быў чатырохвежавы. Сцены маюць таўшчыню каля 2 м. У некаторых месцах у сценах знаходзяцца каменныя ядры. Яны засталiся, як напамiн пра абстрэл вежаў храма шведскiмi гарматамi ў час Паўночнай вайны.
Унутраная прастора храма падзяляецца на асноўную залу i каплiцу, якiя злучаны мураванымi лесвiцамi. Да сённяшняга дня збераглiся арганы XVII-XVIII стагоддзяў, аздобленыя разьбой i скульптурай, а таксама чатыры драўляныя алтары. У цэнтры знаходзiцца алтарны абраз "Мацi Божая з Дзiцем" XVII стагоддзя ў сярэбраным чаканным абкладзе. Яго яшчэ называюць "Мадона смутку", або "Смутная мадона". Па iнвентары XVIII стагоддзя абраз пазначаны як цудадзейны.
Размалёўку касцёла выконваў вядомы мастак з маёнтка Каралiнова Альфрэд Ромэр. Тут жа, у храме, знаходзiцца i ягоны выдатны жывапiсны твор "Хрыстос i сiрата"(1896 г.). Палатно, на якiм намаляваны iсус Хрыстос, да сэрца якога з адданасцю i часова набытым супакоем тулiцца бедны вясковы хлопчык, узрушвае сваёй узвышанай суровасцю, простым, i ў той жа час глыбокiм фiласофскiм зместам. У трох выразных колерах: белым, сiнiм i чырвоным - гучаць тры хрысцiянскiя чыннiкi, якiя сiмвалiзуюць Веру, Надзею i Любоў.
У сутарэннях знаходзяцца шматлiкiя пахаваннi з надпiсамi на каменных плiтах.
Мясцовае паданне гаворыць пра тое, што з касцёла ў розныя бакi адыходзiла некалькi падземных хадоў. Адзiн з iх вёў да плябанii i далей унiз да азярца i палаца Чаховiча. Другi падземны ход быццам бы выходзiў на старых могiлках каля возера Малое Камайскае.
Другой адметнай асаблiвасцю вёскi з'яўляецца вялiкi каменны крыж. Месцiцца ён у самым цэнтры паселiшча за 30 м на захад ад касцёла Яна Хрысцiцеля ля былой местачковай плошчы. Крыж мае вялiкiя памеры: вышыня - 2,5 м, шырыня ўнiзе - 0,7 м, таўшчыня - 0,6 м, шырыня па гарызантальнай папярэчыне - 1,88 м. Вертыкальная частка крыжа мае чатырохгранную форму. Высечаны крыж з вялiкага валуна ружовага гранiту рапакiвi, якi, верагодна, быў прынесены сюды ў час апошняга зледзянення (20-17 тыс. гадоў таму) са Скандынавii.
iснуе i яшчэ адно паданне. Калiсьцi даўно на месцы каменнага крыжа стаяў касцёл. У час аднаго з чарговых нашэсцяў ворагаў на гэту зямлю мясцовыя людзi схавалiся ў храме.
Заваёўнiкi ўзялi касцёл у аблогу i пачалi штурм. Мужна баранiлiся жыхары, але сiлы былi няроўныя. i калi ворагi ўжо былi гатовыя ўварвацца пад сутарэннi храма, абаронцы палi на каленi i пачалi разам малiцца - прасiць у Бога паратунку. Раптам нетры разышлася i касцёл правалiўся пад зямлю. На паверхнi застаўся толькi купальны крыж, якi акамянеў i захаваўся да цяперашняга часу.
З Камаямi звязана жыццё i дзейнасць некаторых знакамiтых людзей. У пачатку ХХ стагоддзя (1915 г.) у мясцовым касцёле пачынаў як вiкарый сваю душпастырскую дзейнасць Казiмiр Сваяк (Канстанцiн Стаповiч) - рэлiгiйны i культурна-асветны дзеяч, адзiн з iдэолагаў i пачынальнiкаў беларускага хрысцiянскага руху, паэт i публiцыст, якi падрыхтаваў i выдаў зборнiк вершаў "Мая лiра" i малiтоўнiк для беларусаў-католiкаў. У 1893 годзе ў Камаях нарадзiўся i жыў да 14 гадоў вядомы музыкант i прапагандыст музыкi, арганiст-вiртуоз, педагог, пачынальнiк i арганiзатар сусветных фестываляў арганнай музыкi Бранiслаў Рудкоўскi. Тут жа ў 1932 годзе нарадзiўся i вырас гiсторык, географ, фiлолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii БССР (1976 г.), сааўтар шматлiкiх энцыклапедый, iнiцыятар стварэння i галоўны рэдактар часопiса татар-мусульман "Байрам", аўтар гiмна беларускiх татар Якуб Якубоўскi. Камайская зямля з'яўляецца радзiмай доктара фiлалогii, даследчыка творчасцi Алеся Гаруна, аўтара грунтоўных кнiг-даследаванняў "Беларуская фiласофская думка ХХ стагоддзя" i "Беларускiя рэлiгiйныя дзеячы ХХ стагоддзя" Юрася Гарбiнскага.
У Камайскай школе вучыўся адзiн з найбольш вядомых краязнаўцаў, нястомны шукальнiк даўнiны на абсягах Пастаўскага i Мядзельскага раёнаў, аўтар шматлiкiх публiкацый пра мiнулае тутэйшых мясцiн iван Драўнiцкi. Зараз у Камаях жыве вядомы беларускi лiтаратар, паэт i празаiк, аўтар тэкстаў шэрагу папулярных песень Аркадзь Нафрановiч.
Наступны цiкавы аб'ект па дарозе на Лынтупы - вёска Лодасi, якая ляжыць за пяць кiламетраў ад Камаёў на высокiм беразе аднайменнага возера. Назва тыпова фiна-угорская, водная.: luodo (кapэл.), luoto (фiн.) - "астравок", "камянiстая водмель", lood (эст.) - "маленькi камянiсты астравок". Геаграфiя пацвярджае такое тлумачэнне: на возеры знаходзiцца востраў, якi складзены пяшчана-камянiстым матэрыялам.
Возера Лодасi вабiць чысцiнёй вады, маляўнiчасцю берагоў, разнастайнасцю прыбярэжных ландшафтаў. Схiлы маюць вышыню 2-4 м; на поўначы i ўсходзе яны разараныя, а з поўдня i захаду параслi хмызняком i невялiкiм ляском. Падход да вады добры, толькi з боку Лынтупаў узбярэжжа забалочана, ёсць сплавiны. Возера мае плошчу каля 1 кв. км i глыбiню да 7,5 м. У паўночна-заходняй частцы вадаёма ўзвышаецца над воднай прасторай невялiкi маляўнiчы астравок, якi надае ландшафту незвычайную пекнату. Возера любяць наведваць рыбакi, асаблiва аматары лоўлi ляшча, бо яго тут водзiцца багата.
У даўнейшыя часы каля возера нашы далёкiя продкi ладзiлi магiчныя рытуалы. Пра гэта сведчыць масiўны валун - Вялiкi камень Ладоскi. Гэта буйная ледавiковая камлыга памерамi 3,30 х 3,10 х 1,65 м i вагой каля 24 тон прынесена са Скандынавii прыблiзна 20 - 17 тысяч гадоў таму ў час Паазёрскага зледзянення. Яшчэ ў другой палове ХХ стагоддзя яна мела культавае значэнне.
Вёска Лодасi паўстала на высокiм паўночным беразе возера на месцы старажытнага гарадзiшча. Пра гэта сведчаць шматлiкiя кавалкi ганчарнага посуду рознага ўзросту, якiя трапляюцца на раллi вакол паселiшча. На заходняй ускраiне вёскi ёсць урочышча, якое называецца "Французскiя магiлы". Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што раней на гэтым месцы знаходзiўся курган, у якiм былi пахаваны напалеонаўскiя жаўнеры. Зараз мясцовасць разворваецца i прыкмет ад пахаванняў няма.
На паўднёвым беразе возера да нядаўняга часу месцiлася сядзiба Схолiна, дзе ў даваенны час гаспадарыў пан Сарока. На жаль, ад сядзiбнага комплексу засталiся толькi вялiкiя дрэвы ды вялiкае каменне з муроў ды агароджы. Непадалёку, на адлегласцi 300 метраў ад былой сядзiбы з-пад зямлi прабiваецца адна з самых адметных крынiц Пастаўшчыны, якая па ўсiх крытэрыях адпавядае помнiку прыроды. У месцы выхаду падземнай вады маецца паглыбленне дыяметрам каля 3 м i глыбiнёй да 0,8 м. На пясчаным дне б'е моцны грыфон каля 80 см у папярочнiку i шмат невялiкiх грыфончыкаў. Вада ў крынiцы адметная сваёй чысцiнёй i прыемным смакам.
Ад шашы ў напрамку на поўнач ад вёскi Лодасi грунтовая дарога вядзе на вёсак Мягуны i Сурвiлiшкi, якiя ляжаць на берагах моцна выцягнутых з поўначы на поўдзень азёр Вялiкiх i Малых Сурвiлiшак. Назва мае фiнаугорскiя каранi, хоць канчатак у ёй тыпова балцкi. Але ён быў дададзены пазней, а першапачаткова возера называлася "Саравiл", дзе "сара" (фiн., карэл.) - "балота", "забалочаная рака", а "вiл" (чуваш.) - "рукаво ракi", "старыца", "возера ў пойме ракi". i гэта сапраўды так: азёры, пасутнасцi, уяўляюць сабой забалочаныя расшырэннi ракi Камайкi. Такiм чынам, назву можна растлумачыць як "забалочанае возера ў пойме ракi".
Мясцiны вакол Сурвiлiшскiх азёр доўгi час належалi вядомаму роду Чаховiчаў. Ягоныя прадстаўнiкi ўвайшлi ў гiсторыю як вялiкiя патрыёты сваёй радзiмы. Асаблiва гэта праявiлася падчас паўстання супраць расiйскага царызму ў 1863-1864 гадах, калi Чаховiчы актыўна ўдзельнiчалi ў баявых дзеяннях, кiравалi аддзеламi паўстанцкiх войскаў К. Калiноўскага.
На жаль, радавы маёнтак гэтага славутага роду, якi стаяў каля пратокi памiж азёрамi, да нашага часу не захаваўся. Аднак памятка пра Чаховiчаў засталася ў выглядзе невялiчкай, але вельмi прыгожай i мастацка адмысловай каплiцы. Яна стаiць на мягунскiм могiльнiку ў атачэннi высокiх соснаў, якiя надаюць ёй яшчэ больш святочны выгляд. Як i большасць культавых пабудоў, у савецкiя часы каплiца знаходзiлася ў занядбаным стане, аднак рупнасцю вядомага на Пастаўшчыне ксяндза Яна Шуткевiча i мясцовых жыхароў у 90-х гадах ХХ стагоддзя яна была адноўлена. У 2004 годзе вернiкi ўрачыста адзначылi 220-годдзе з часу яе пабудовы.
Зараз кожную суботу ў каплiцы праводзяцца богаслужэннi, а на сёмую нядзелю пасля Вялiкадня, на Зялёныя Свёнткi, ладзяцца вялiкiя фэсты. З Мягунамi звязаны i адзiны вядомы на Пастаўшчыне выпадак спальвання ведзьмы. У 1615 годзе ў вёсцы быў масавы падзеж жывёлы. Адказнасць за гэта мясцовыя жыхары ўсклалi на аднавяскоўку Зофiю Шупене, якую абвiнавацiлi ў зносiнах з д'яблам i ў чараўнiцтве. А таму мацi i сына-падлетка жыўцом спалiлi на вогнiшчы.
На заходняй ускраiне Пастаўшчыны ляжыць прыгожы i своеасаблiвы гарадскi пасёлак Лынтупы. Ён захаваў аблiчча тыповага беларускага мястэчка: над паселiшчам, забудаваным пераважна аднапавярховымi драўлянымi будынкамi, узвышаюцца белыя вежы касцёла, а ўсе шляхi-дарогi сыходзяцца, нiбы завязваюцца на прыкасцёльнай плошчы.
Час узнiкнення паселiшча невядомы, але, верагодна, першыя жыхары стала пасялiлiся тут яшчэ ў першай палове i тысячагоддзя нашай эры. Пра даўняе засяленне тутэйшых мясцiн людзьмi сведчыць вялiкi курганны магiльнiк балтаў, якi месцiцца на адлегласцi 2,5 км на паўднёвы захад ад Лынтупаў. Там выяўлена 74 насыпы дыяметрам 5-17 м. У курганах, якi абследавалiся археолагамi, знойдзены бронзавыя шыйныя грыўнi, бранзалеты, пярсцёнкi, падвескiракавiны, бронзавыя спiралькi, жалезныя шылы i iншыя рэчы балцкай культуры.
У гiстарычных крынiцах Лынтупы згадваюцца ўпершыню пад 1385 годам. У розныя часы мястэчкам валодалi Астроўская, Гiльзены, Бучынскiя, Бiшэўскiя. Галоўныя рысы сучаснага мястэчка акрэслiлiся на мяжы ХiХ-ХХ стагоддзяў, калi праз паселiшча прайшла чыгунка Новасвянцяны - Беразвечча, узведзены бровар, закладзены парк i пабудаваны двухпавярховы палац. Тады ж вырас у мястэчку i мураваны касцёл.
Адбылося ўсё гэта дзякуючы ў значнай ступенi тагачаснаму гаспадару Лынтупаў Юзафу Бiшэўскаму. Калi ў пачатку ХХ стагоддзя згарэў стары драўляны касцёл Святога Андрэя Апостала, якi быў першапачаткова збудаваны ў 1495 годзе вiленскiм ваяводам Андрэем Даўгiрдавiчам, то пан Бiшэўскi выдзелiў грошы на ўзвядзенне новага.
Беламураваны касцёл Святога Андрэя Баболi пабудаваны ў 1908-1914 гг. у стылi неабарока. Гэта манументальная буйнамаштабная трохнефавая базiлiка з паўкруглай апсiдай i двума стромкiмi вежамi. Сярэднi неф вышэйшы за бакавыя i мае аконныя праёмы. У цэнтры галоўнага фасада выдзяляецца двух'ярусны рызалiт з пiлястравым порцiкам, зверху якога знаходзiцца трохвугольны франтон. Бакавыя фасады аздоблены высокiмi арачнымi вокнамi. Касцельны пляц акаймаваны каменнай агароджай з трохпралётнай брамай.
У напрамку на захад на адлегласцi з паўкiламетра ад храма размяшчаецца цудоўны па прыгажосцi сядзiбнапаркавы ансамбль Бiшэўскага. iснуе рамантычнае паданне пра гiсторыю яго будаўнiцтва. У час вучобы ў Парыжы малады пан Юзаф закахаўся ў сiмпатычную фрацужанку-акторку i ў запале пачуццяў прапанаваў ёй руку i сэрца. Прыгажуня паабяцала выйсцi замуж, але пры ўмове, што малады чалавек пабудуе ёй шыкоўны палац. Вярнуўшыся ў Лынтупы, Бiшэўскi (а ён сам быў архiтэктарам) затрацiў шмат сiл i энергii, каб у невялiкiм драўляным мястэчку ў атачэннi трох ставоў, якiя былi выкапаны ўручную, вырас цудоўны мураваны палац з комплексам неабходных гаспадарчых пабудоў. Вакол палаца быў закладзены парк з рэдкiх кустоў i дрэў. Аднак францужанка-акторка, наведаўшы Лынтупы, толькi пакруцiла носiкам, скептычна прамовiла: "У майго бацькi лепшыя стайнi!" i з'ехала назад у Парыж. А закаханы Бiшэўскi так i застаўся халасцяком.
Сядзiбна-паркавы ансамбль, хоць i пашкоджаны, але збярогся да нашых дзён. Тэрыторыя комплексу як бы падзелена на дзве зоны: парадную (перад палацам), якая ўключала флiгель, каплiцу, сажалкi; i гаспадарчую, дзе знаходзiлася некалькi аднапавярховых будынкаў i бровар. У 1897 годзе памiж гаспадарчай i фасаднай часткамi была выкапана сажалка i пастаўлены млын. Каля бровара пабудавана вельмi запамiнальная "замкавая" вежа-вяндлярня, а на штучна створаным узгорку - музычны павiльён, да якога праз сажалку быў перакiнуты драўляны пешаходны мост.
Сам палац пабудаваны ў 1907 годзе ў стылi позняга iтальянскага рэнесансу. Ён мае два паверхi i трох'ярусную чатырохгранную вежу, якая асiметрычным размяшчэннем надае своеасаблiвую пекнату i вонкавую прывабнасць усяму будынку. Звонку палац аздоблены рознымi архiтэктурнымi дэталямi так, што кожны яго бок мае свае архiтэктурныя асаблiвасцi i можа разглядацца як самастойная кампазiцыя.
Акрамя будынка палаца у сядзiбна-паркавым ансамблi захавалася двухаб'ёмная мураваная каплiца, побач з якой знаходзяцца рэшткi лядоўнi, вежа-вяндлярня, мураваны масток праз пратоку памiж сажалкамi, флiгель. Ад палаца ў бок цэнтральнай часткi мястэчка раскiнуўся парк, у якiм дамiнуюць пасадкi лiпы, клёна серабрыстага, дуба, елкi блакiтнай, арэха шэрага, пiхты сiбiрскай, лiстоўнiцы еўрапейскай, дэкаратыўных кустоў. На сённяшнi дзень сядзiбна-паркавы ансамбль знаходзiцца ў даволi занядбаным стане i патрабуе тэрмiновай рэстаўрацыi. Бровар жа не толькi захаваўся, але i пераўтварыўся ў вядучае прадпрыемства сваёй галiны. Сапраўды, лынтупскi спiрт "люкс" лiчыцца лепшым у краiне, i нездарма асноўная яго частка iдзе на Брэсцкi лiкёрагарэлачны завод для выпуску гарэлкi на экспарт.
Лынтупы - адзiны населены пункт на Пастаўшчыне, дзе ёсць пяць брацкiх магiл часоў Другой сусветнай вайны. У двух з iх пахаваныя мясцовыя жыхары, якiя былi захоплены фашыстамi ў якасцi закладнiкаў за забойства шэфа жандармерыi Вiленскай акругi Крыля i гебiтскамiсара Бэка партызанскай групай Ф. Маркава i расстраляны.
Яшчэ ў двух брацкiх магiлах спачываюць яўрэi: у снежнi 1942 фашысты знiшчылi насельнiкаў гета (перад вайной у Лынтупах яўрэi складалi каля трацiны жыхароў). Брацкiя магiлы знаходзяцца на вулiцах Галубкова, Новай Будаўнiчай, а таксама на паўднёвай, паўночнай i паўднёва-ўсходняй ускраiнах пасёлка.