https://www.traditionrolex.com/8
<p>Хэдлайнер – гэта галоўны калектыў (ад англ. head – галава), якога звычайна чакаюць усе госці фестываля. Менавіта гэтай «галавы» сёлета і не было ў фольк-фэста «Камяніца», што адбыўся ў гэтую суботу, 15 верасня, з яе апошнім па-вераснёўскаму лагодным сонцам. Гурт «Крамбамбуля» і Лявон Вольскі зноў аказаліся персонамі нон-грата на беларускай сцэне. Хоць менавіта гэтым імем вабілі афішы на працягу доўгіх тыдняў...</p>

Раман АБРАМЧУК

Хэдлайнер – гэта галоўны калектыў (ад англ. head – галава), якога звычайна чакаюць усе госці фестываля. Менавіта гэтай «галавы» сёлета і не было ў фольк-фэста «Камяніца», што адбыўся ў гэтую суботу, 15 верасня, з яе апошнім па-вераснёўскаму лагодным сонцам. Гурт «Крамбамбуля» і Лявон Вольскі зноў аказаліся персонамі нон-грата на беларускай сцэне. Хоць менавіта гэтым імем вабілі афішы на працягу доўгіх тыдняў...

Што рабіць? Шукаць вінаватага? Няварта. І без таго ўсе разумеюць прычыну: Лявон Вольскі & Со звычайна не падбіраюць слоў і не спрабуюць затушаваць сваю пазіцыю ані ў палітычным, ані ў кулінарным пытанні. Спяваюць пра тое, што падабаецца на смак, і востра выказваюцца аб тым, што не задавальняе ў краіне. Але такая вольнасць сёння – недазволеная раскоша. А гэта няпроста для чалавека і музычнага калектыва, чыё імя ведаюць ва ўсёй краіне. Зрэшты, менавіта гэты гурт хацела пачуць большасць тых, хто прыехаў на фестываль (прынамсі, так сведчыла інтэрнет-апытанка, якую праводзілі арганізатары напярэдадні фэсту). Яшчэ за дзень да фестываля на маё тэлефоннае пытанне: «Калі будзе выступаць «Крамбамбуля» і іншыя хэдлайнеры?» – арганізатары мілым голасам запэўнілі, што «ўсе такія калектывы» пачнуць граць не раней як у 14.30.

Што ж, у чаканні гэтага шчасця я з 15.00 блукаў па сцежках Музея народнай архітэктуры і быту. Першае здзіўленне – натоўпы міліцыі. Хтосьці мяне падправіць: маўляў, гэта ж курсантаў прывезлі паслухаць. Але яны толькі дапаўнялі агульную карціну «мілітарызаванасці» свята. Алкаголь быў забаронены цалкам. Курэнне – у строга вызначаных месцах. Радавацца – толькі ў дазволеных рамках. Мне было ніякавата бачыць такі расклад рэчаў пасля сербскага фестываля «Гуча», дзе карнавальныя эмоцыі гледачоў падобныя прыроднай стыхіі – бяда твая, калі пажадаеш спыніць. У нас жа, акрамя атрадаў міліцыі, пазітыўнай стыхіі не давалі развіцца яшчэ і двойкі-тройкі мужчынак у пінжачках з бэджыкамі са звышлаканічным і бязмежна ясным надпісам на характэрным чорным фоне белымі літарамі: «Административный контроль». У грамадстве, як і ў тэатральнай п’есе – роляў шмат, а колькасць артыстаў абмежавана, і таму актору абавязкова прыйдзецца мяняць касцюм з грымам і выходзіць на сцэну пад новымі і новымі імёнамі...

Гэтыя моманты напружвалі. Гэтыя моманты скрадалі свята па кавалачках. Ад іх хацелася бегчы далей, у лес, на задворкі, і грэцца там каля такіх жа, як ты, людзей. Менавіта так я і зрабіў, адслухаўшы некалькі маладых калектываў, якія выступалі на фэсце па скарочанай праграме.

Доўгачаканы многімі малады гурт Relikt сыграў толькі тры песні (ён быў на другім месцы пасля «Крамбамбулі» ў інтэрнет-апытанцы самых чаканых гуртоў)... Прычыну такой «кароткай» радасці вядучы пракаментаваў даволі стрымана і шматзначна, мімаволі наводзячы на думку, што прычыны тыя ж, што і з «Крамбамбуляй». А вядучы – стары мілы Алег Хаменка з ансамбля «Палац».

Каб не згушчаць фарбаў, распавяду і пра пазітыўныя моманты: дружныя танцы пад электронна-бітавыя фольк-напевы гурта Pawa, уважлівае і паважлівае слуханне Насты Някрасавай з яе відавочна авангардысцкімі інтэрпрэтацыямі фальклорных песень (хоць відавочна, што гэта музыка – на аматара), пагружэнне ў Сярэднявечча пад меладычныя тэмы самага антуражнага, без перабольшвання, гурта на фэсце – Irdorath. Увагу не маглі не прывабіць – перш за ўсё прыгожымі паненкамі – і дэфіле-паказы народных жаночых касцюмаў і іх сучасных інтэрпрэтацый ад вытворчага аб’яднання «Скарбніца». Ды і пад масава вядомыя радыё-хіты ансамбля «Іван Купала» гледачы не менш масава вадзілі вясёлыя карагоды. І ўжо не спыняліся пад наступную за імі «Гаротніцу», што грае даволі модную сёння мяшанку поп-панка, балканскіх і іншых фольк-мелодый.

Я блукаў задворкамі. То глядзеў вывешаную прама пад саламянай страхой выставу бязмежна добрых карцін Андруся Такінданга (таго самага тэлевядучага, што развучвае з тэлегледачамі беларускія словы па буднях у праграме «Добрай раніцы, Беларусь!»), то перакінуўся на суседні падворак на фотавыставу помнікаў архітэктуры Беларусі... Зрэшты, гэты момант – выставы, збіцень і медавуха на падворках дамоў (гэта ж музей народнай архітэктуры) – быў яўна ўдалы ў арганізатараў і меў поспех у гледачоў. Ды і самі гледачы – поспех фестывалю. Дзе яшчэ ў такой сканцэнтраванасці знойдзеш столькі моладзі і маладых сямей, што размаўляюць па-беларуску? Што ездзяць прынцыпова на веласіпедах? Што аддаюць перавагу «хэндмэйду» і «натурпрадукту» (яго было шмат на фестывальным кірмашы) замест пластыкавай лухты і загаджаных хіміяй прадуктаў?.. Я ціха радаваўся за гэтае пакаленне, якому не трэба тлумачыць, чаму на Мінск я кажу Менск і чаму Хрыстос прызямліўся ў Гародні... 

Але я злавіў сябе на думцы, што я ўцякаю. Уцякаю ад галоўнай сцэны з яе сумніўнай атмасферай у адсутнасці самых чаканых артыстаў «без тлумачэння прычын», уцякаю ад прымітыўных «тэц-тэц»-рытмаў, якімі прываблівалі слухачоў многія артысты ў гэты вечар...

Сцежка прывяла мяне да купкі маладых людзей, што на ціхай паляне «несанкцыянавана» гралі на беларускай дудзе архаічныя мелодыі, спявалі пад гітару песні «Ляпіса Трубяцкога» і таго ж самага Лявона Вольскага... Мае ўцёкі – гэта не проста хандра або незадаволенасць музычнага густу. Мае ўцёкі – гэта ўцёкі ў Падзямелле, на перыферыю, падалей ад Цэнтра. Менавіта тут, у лясах, балотах, падземных пераходах і на кухнях пачынаецца сапраўднае жыццё, калі выхады на Галоўную Пляцоўку перакрыты. Віншую, сябры: сапраўдны Андэграўнд, на адсутнасць якога ў нас наракалі, – пакрысе нараджаецца. 

https://www.traditionrolex.com/8