(Працяг. Пачатак у № 38)
Раман Абрамчук
Фестываль «Гуча» – спі дома, калі надта гучна
Гуча – гэта сход сербскіх трубачоў, які праводзіцца ўжо болей за 50 гадоў у невялікім гарадку ў Цэнтральнай Сербіі. Менавіта тут цыганы бегаюць за табой услед і, абступіўшы, пачынаюць варажыць мелодыямі з фільмаў Кустурыцы (ведаюць, чым зачапіць еўрапейца!). Менавіта тут труба не сціхае да самай раніцы, пакуль эстафету не перахопяць тыя, хто ўжо прачнуўся. Менавіта тут танцуе уся вуліца, плошча, горад. Нон-стопам.
Ужо па дарозе на фестываль я быў здзіўлены тым, наколькі шырока вядомая гэтая падзея ў Сербіі. Прычым літаральна ў кожнага серба – незалежна ад узросту і прафесіі – словы пра тое, што я еду на «Гучу», выклікалі аднолькава ўзрушаную станоўчую рэакцыю. Толькі адзін серб, які не любіць шуму і таўкатні, сказаў, што прынцыпова не ездзіць на «Гучу». Але і яго словы я потым зразумеў.
«Гуча» мае тры сцэны: галоўную (самую прадстаўнічую, з якой і вядзецца прамая тэлетрансляцыя на ўсю краіну), местачковую, дзе выступаюць артысты ад мясцовага ДК, і нефармальную, межы якой цяжка вызначыць. Сумнаватай мне паказалася толькі сцэна ДК, але ўзровень артыстаў і там быў даволі высокі. Але што галоўная, што нефармальная сцэны – гэта ўсё адзін тонус, настрой і эмоцыя. «Славянскі базар» з яго поснымі тварамі гледачоў, што сядзяць у крэслах, як першакласнікі на ўроку, – гэта няўдалая пародыя на словы «фестываль» і «карнавал», а менавіта яны адбываюцца ў «Гучы» ў гэтыя дні. Уменне сербаў і цыганоў адпачываць – вось гэтаму, я мяркую, беларусам варта павучыцца. Пасля такіх відовішчаў я не магу называць Беларусь «сэрцам Еўропы», бо ў такім сэрцы з яго ледзь-ледзь адчувальным крыватокам такія фестывалі выклікаюць хіба што імгненны пралапс мітральнага клапана. Лепш ціха задавольвацца званнем «лёгкіх», адраджаючы асушаныя балоты...
Нефармальны цэнтр фестываля – гэта гарадская плошча, куды пад вечар пачынае сцягвацца натоўп. На кожныя пяць квадратных метраў – свая капэла трубачоў, якая складаецца з труб рознай танальнасці і абавязкова – вялікага шалёнага барабана. Кожная капэла – у сваім пазнавальным адзенні. Як футбольная каманда або будаўнічая брыгада. Удзень яны «апрацоўваюць» тых, хто сядзіць па кавярнях, а ўвечары – кліентура сама ідзе ім у рукі. Маса народу танцуе пад тое, што бліжэй да іх вуха. У нейкі момант трубачы, заўважыўшы найбольш актыўнага танцора, абступаюць яго, глушаць граннем труб прама ў вушы і затым – як быццам рытуал – паказваюць на адтуліну трубы або сабе на лоб: «пазалаці!» Прычым дробязь яны дэманстратыўна не бяруць, высыпаючы манеткі з трубы на зямлю. Ёсць тут і еўрапейцы з трубой, што спрабуюць быць падобнымі на цыганоў. Шчырыя рамантыкі, гатовыя патраціцца самі, каб данесці сваю любоў да балканскай культуры. Але цікавасці ў публікі да іх тут – вобмаль... Вакол – жывая аўтэнтыка, чэрпай колькі хочаш. Зрэшты, я зразумеў банальную ісціну: балканская музыка, як і рахат-лукум, лепш за ўсё атрымліваецца ў жыхароў Балканаў. Былі там і трубачы-сербы, але іх велічныя музычныя найгрышы, вайсковыя маршы, хоць і сыграныя віртуозна, моцна кантраставалі з агульным настроем свята. Зрэшты, калі я задаў пытанне супрацоўніцы музея пра «нацыянальнасць» трубы, яна проста пакрыўдзілася, нават не думаючы, што ў «сербскасці» гэтага інструмента можна засумнявацца.
Акрамя трубачоў-цыганоў, тон фестывалю задаюць паўголыя цыганкі, якія танцуюць на вуліцы або на крэслах, пастаўленых па цэнтры рэстарана. І яшчэ дзеці-цыганяты, што прадаюць на вуліцах свісцёлкі (менавіта ад іх, а не ад труб потым гудзе галава), дудзяць у дудачку з трыма адтулінамі або граюць на гітары з адной струной. А таксама цыганы-падлеткі, што прадаюць рэчы з сумніўнай біяграфіяй, ходзячы ад століка да століка ў рэстаране...
Танцы і рух на цэнтральнай плошчы заканчваюцца з апошнім еўрапейцам або сербам, гатовым заплаціць цыганам за кавалачак свята. Дзесьці на мяжы поўначы і раніцы шум на плошчы і прылеглых вуліцах пакрысе сціхае. Але гэта не значыць, што цяпер можна спаць – музыка проста размяркоўваецца па лакальных намётавых мястэчках і кавяраньках. Зрэшты, я з’ехаў з фестываля раней запланаванага, бо проста не мог выспацца ў лагеры, дзе да 5-й раніцы п’яныя сербы спявалі патрыятычныя песні або выдавалі штось няўцямнае на грамагалосных трубах.
«Гуча» – гэта далёка не адзін фестываль трубачоў у Сербіі. «Гуча» там, дзе ёсць цыганы, хоць сабе ў Белградзе. Вось ад іх я і вырашыў уцячы пасля трох дзён фестывалю, якіх мне хапіла з лішкам. Уцячы туды, дзе цішэй, туды, дзе няма п’яна-паўголай людской масы. У еўрапейскім календары так задумана здавён: пасля карнавалу заўжды пачынаўся цвярозы пост.
Крыжы і паўмесяцы
Не скажу, што я наведаў шмат сербскіх манастыроў. Усяго два. Гэта невымерна мала ў параўнанні з той колькасцю крыжыкаў, якімі абазначаны старажытныя сербскія святыні на турыстычнай карце. Але гэта было Мілешава, дзе знаходзяцца знакамітая фрэска Белага Анёла і мошчы св. Савы – ахоўніка Сербіі, і Цэцінэ, дзе захоўваецца рука Яна Хрысціцеля (але гэта ўжо Чарнагорыя, у якой – свой, адрозны ад Сербіі «царкоўны лёс»). Хрысціянскія прапаведнікі з’явіліся на гэтых землях нашмат раней, чым ў нашых шыротах, і таму няма чаго здзіўляцца такой колькасці храмаў, святыняў і іх узросту (напрыклад, манастыр XVII cт. сербы назвалі «маладым» і ад таго «не вельмі цікавым» для турыста). Размешчаныя ў маляўнічых горных кутках, на высачэзных скалах, часта бачныя прама з дарогі, яны ціха клічуць вандроўніка не спяшацца на шумны курорт, а зазірнуць – углыб самога сябе.
Моцнае адрозненне ад манастыроў Беларусі – малады ўзрост манахаў і манахінь. Звычайны ўзрост для манаскага пострыгу – 20–30 гадоў. 30-гадовы вясёлы аматар пляжа і моцных напояў манах Якуб з Цэцінэ кажа мне, што праваслаўе ў Расіі і Беларусі адрозніваецца залішняй строгасцю і непатрэбнай засяроджанасцю на знешніх правілах. Яго брат па манастыры Рафал (каля 25 год), хоць і не мае часу з-за напісання дысертацыі, на цудоўнай англійскай гутарыць з усімі турыстамі, раздае свой е-мэйл і кантакт у фэйсбуку і абяцае прыслаць фотаздымкі тым, хто не паспеў пабачыць руку Яна Хрысціцеля.
Я не магу казаць упэўнена, але мне падалося, што манастыры Сербіі адрозніваюцца ад замкнута-кансерватыўных манастыроў нашага краю. Ды і мова богаслужэння – насуперак міфу пра агульнасць для праваслаўных царкоўнаславянскай мовы – сербская. Толькі некаторыя малітвы гучаць па-царкоўнаславянску. Але сутнасць – адна. Незалежна ад рэгіёну і кантыненту цішыня вечара пасля богаслужэння апускаецца ў сваёй нябачнай паўнаце не толькі на двор манастыра, але і на чалавека, стомленага бессэнсоўнай пагоняй за сваімі працэнтамі, бонусамі і адкатамі...
Толькі што гэта? З цёмных, ужо нябачных у прыцемках гор, на манастыр і вясковыя дамы ліецца дзіўны спеў чароўных усходніх матываў. Прыслухаўшыся, разумею, што дзесьці высока ў горнай вёсцы ідзе намаз, і чыясьці рука не без задняй думкі зрабіла гук больш моцны на калонках мячэці – каб мусульманскую малітву пачулі тут, унізе гары. Мусульманская Боснія, з якой не так даўно была вайна, знаходзіцца блізка. Мілешава за восемсот год свайго існавання было 9 разоў разбурана іншаверцамі. Мне падалося, што трывога – гэта неад’емнае пачуццё, з якім засынаюць на Балканах.
«Дудуткі» ў Сербіі
На тым жа сербска-баснійскім памежжы, дзе яшчэ зусім нядаўна гучалі стрэлы баевікоў і адчайныя крыкі аб дапамозе, пабудаваў свой дом Эмір Кустурыца, кінарэжысёр з сусветным імем, што мае адразу некалькі канскіх узнагарод. Тут жа ён здымаў адзін са сваіх апошніх фільмаў – «Жыццё як цуд», прысвечаны той вайне, дакладней, гісторыі кахання серба і баснійкі-мусульманкі. А потым вырашыў асесці прама там, дзе яшчэ нядаўна былі дэкарацыі для кіназдымак, бо яго дом у Сараеве (сталіца сучаснай Босніі) зруйнавалі баевікі. Зрэшты, сам рэжысёр паходзіць з мусульманскай сям’і, але нядаўна прыняў праваслаўе.
У 2000-я гг. побач з домам рэжысёра паводле яго задумы узнік яшчэ добры дзясятак драўляных дамкоў у традыцыйным баснійскім стылі. Кустурыца назваў гэта ўсё «Дрвнград» (Драўляны горад). Кожны дамок – гэта маленькая гасцініца з камфартабельнымі пакойчыкамі, аформленымі мастакамі. Але, блукаючы па вуліцах Дрвнграда з экстравагантнымі назвамі (вул. Чэ Гевары, пл. Дыега Марадоны і інш.) я не мог пазбавіцца ўстойлівай асацыяцыі з роднымі «Дудуткамі». Творчы геній Кустурыцы, як і палёт неардынарнай думкі Яўгена Будзінаса, здолелі зрабіць штосьці аднолькава светлае і нестандартнае, падобнае не па форме, а па духу. І па турыстычнай скіраванасці. Толькі вёска Кустурыцы арыентуецца болей на гасцінічны прыбытак, а «Дудуткі» прамышляюць экскурсіямі. Але абодва музея відавочна засяроджаны на ідэі жыцця ў натуральных, вясковых умовах. Абодва музея – гэта дзіўная мяшанка, стракатая эклектыка: царква, рэтрааўто, шыкоўныя кавярні, кірмашы і крамкі з хэнд-мэйд-сувенірамі і натурпрадуктам. У «Дудутках» – лазня, у Дрвнградзе – басейн і спартыўныя залы. У «Дудутках» – вятрак, у Кустурыцы – вадзяны млын. Брукаваная дрэвам дарога, забаўныя скульптуркі на вуліцы, рэгулярныя мастацкія выставы ў галерэі, нетрывіяльная музыка з калонак для фона – напэўна, таленавітыя людзі, як і дурні, мысляць падобным чынам, толькі на вялікай адлегласці, не падглядаючы адзін за адным. У Дрвнградзе можна паглядзець фільмы ў спецыяльна зробленым кінатэатры імя Стэнлі Кубрыка прама пад домам Кустурыцы. А раз на год адбываецца міжнародны кінафестываль. Гасцямі гэтага месца ўжо былі Джоні Дэп і Нікіта Міхалкоў. У падтрымку паралелі можна ўзгадаць і дудуткаўскія фэсты старасвецкай культуры, што рэгулярна збіралі зорак эстрады, палітыкаў і пісьменнікаў пры жыцці Будзінаса... Спіс падабенстваў можна было б працягваць, каб не істотнае адрозненне: Эмір Кустурыца – жывы заснавальнік і ўладальнік свайго комплекса, у той час як Яўген Будзінас даўно не мае дачынення да свайго стварэння. Ад гэтага «Дудуткі» – адной нагой у канвеернай камерцыі, дзе ўжо няважная першапачатковая мэта, блякнуць яркасць і душэўнасць першапачатковай задумы. У Дрвнград жа гаспадар прылятае ледзь не штовечар на ўласным верталёце і не хоча ні ў які Галівуд (там ён ужо здымаў), бо, па словах рэжысёра, там пануюць прагматызм і шэрасць.
Вясковая ідылія
Адно з самых цёплых уражанняў ад Сербіі – тамтэйшая вёска, яе самотныя дамкі. Стоячы на схіле гары, па суседству са слівовым садам, яны выбіваюцца з горнага камяніста-расліннага пейзажу чырванню чарапіцы. Мясцовы чалавек, жыхар Балканаў ад нараджэння вымушаны хадзіць то ўніз, то ўгару, з дому і да хлява. Верагодна, гэта ўздзейнічае на характар, правакуе перапады, у тым ліку і ў настроі. І што ўжо дакладна – амплітуда і закручанасць горных дарог не дае сербу быць санлівым, прымушае заўжды быць у напружанні і ўвазе. Крутыя павароты – круты характар. Сербы мне моцна нагадалі рускіх: смеццем каля дарог і ў гарадах, праваслаўным пафасам, які ніяк не звязаны з праваслаўным хрысціянствам, любоўю да моцных напояў і гарачым тэмпераментам. Але гэта ўжо – чыста горскае, як і мясцовая вострая кухня.
Серб – не серб, калі падчас свята ён не «нажлукціўся» так, каб потым скакаць на святочным стале. А калі нават малазнаёмы вам серб пачынае цалаваць вас, як роднага брата пасля вяртання з Акрэсціна, не спяшайцеся ставіць яму дыягназ. Гэта проста шчыры насельнік Балканаў рады таму, што вы ёсць у ягоным жыцці. Вас жа ён, з вашай бліжэй-да-паўночна-еўрапейскай стрыманасцю, палічыць халодным снобам. Але нічога з сабой рабіць няварта. Трымайце напагатове для яго такую нарыхтоўку: «Беларусь – край раўнін і балот. Мы цёплыя і яркія, але глыбока ўнутры. Як бульба з бураком». Адчэпіцца, забудзе праз пару хвілін, не зразумеўшы вашай буркаты.
Ракія і слівовіца – яшчэ два ключавых словы да сербскай культуры. Моцныя напоі, якія вырабляюцца з садавіны, падаюць тут нават манахам пасля службы ў манастыры са шклянкай вады. Менавіта яны і паддаюць жару ў гарачыя сербскія душы.
Яшчэ адна рыса характару, знаёмая мне па рускіх, – жаданне падняцца павышэй, адарвацца ад зямлі, усвядоміўшы сваю богаабранасць. Мужыкі з голымі торсамі, што спяваюць п’янымі галасамі патрыятычныя песні пра Косава, стоячы на крэслах, – вельмі характэрная ілюстрацыя да гэтага моманту. Святая Сербія... Цікава, што нацыяналістычныя рухі тут звязаныя не з неаязычніцтвам, як, напрыклад, на Беларусі або ў Расіі, а менавіта з праваслаўем.
Не адзін і не два разы я адчуў, як сербы з падвойнай прыязню ставяцца да мяне, пачуўшы, што я з Беларусі, «праваслаўнай дзяржавы». Бо для іх Беларусь – гэта тая ж Расія, да якой яны б хацелі далучыцца. Але мне, як вандроўніку, «праваслаўнасць» тых людзей, каго я сустракаў, была не так важнай, як тое, наколькі яны мне могуць дапамагчы ў той ці іншай сітуацыі, наколькі яны могуць быць мне адкрытымі і дабразычлівымі. Вандроўнік – гэта адна з самых безабаронных істот, і таму ў розных культурах ужо ў старажытнасці было катэгарычна забаронена крыўдзіць іншаземцаў. І так сталася, што албанцы-мусульмане дапамагалі мне не менш у дарозе, пры гэтым нават не пытаючыся пра маю веру і край паходжання. І гэта мне нагадала прытчу Ісуса Хрыста пра самараніна: зрабаванаму і параненаму бандытамі вандроўніку дапамог не брат па веры і крыві – яны акурат прайшлі міма, а язычнік-самаранін, да якіх іудзеі ставіліся ў той час як да сабак.
Праваслаўны народ? Саюз праваслаўных дзяржаў? «Гэй, славяне»? Што агульнага гэтыя пафасныя выкрыкі маюць з тым, што казаў загарэлы ад ізраільскага сонца вандроўны Прапаведнік 2000 год таму? Праваслаўны серб рэзаў албанцаў, набожны мусульманін – сербаў. Хаця прарокі і святыя і той, і другой рэлігіі наўрад заклікалі да гэтага. Адной з маіх мэтаў падарожжа на Балканы было наведаць Косава. Мне хацелася пабачыць людзей, у чыіх вачах застылі жахі вайны.
Косава
І нічога я не ўбачыў. 34-гадовы хлопец, амаль што мой аднагодак, з прыўзнятым настроем кажа пра тое, як ён быў салдатам у Косава – і нічога болей пра гэта. Іншы серб, які ваяваў у Босніі, проста адводзіць вочы пры маім пытанні і дэманстратыўна змяняе тэму гутаркі. Толькі свежыя надпісы на сценах накшталт «Смерць албанцам» кажуць самі за сябе: нянавісць не прайшла, а толькі прыхавалася ў глыбіні сербскай душы. Югаславія – краіна, якая ўзнікла пасля Другой сусветнай вайны дзякуючы ў тым ліку аўтарытарнаму кіраўніку Іосіпу Броз Ціта. Пад адным дзяржаўным дахам апынуліся розныя краі, рэгіёны, народы і народнасці. Хоць дамінуючае становішча, безумоўна, займалі сербы. І вось у пераломныя для Еўропы 1990-я, калі жаданне Сербіі дамінаваць у гэтым славянскім танцы стала нарастаць, роўна як і жаданне рэгіёнаў выйсці з гэтай не зусім дабравольнай пляскі, пачаліся войны. Сербаў з Харватыі – з харватамі. Харватаў з Харватыі – з сербамі з Сербіі. Баснійцаў – з сербамі (прычым што баснійцы – гэта гістарычна сербы, але прыняўшыя мусульманства). Кожны з народаў закрычаў пра сваю аўтаномнасць, самабытнасць і самастойнасць. З’явіліся новыя мовы і нацыі, хоць, збольшага, так ці іначай усе паходзілі ад сербскага гістарычнага кораню. Стрымана, без зброі, паводзілі сябе хіба што Македонія, Славенія і Чарнагорыя. Але ў канцы 90-х увязаліся і албанцы з Косава. А потым наскочылі амерыканцы з найбольш заможнымі еўрапейцамі – немцамі, каму відавочна быў ласы кавалачак Косаўскай зямлі з яе мінераламі. Варта дадаць, што Косаўская зямля, як для беларуса – Полаччына, адкуль паходзяць першыя святыя, адкуль пачынаецца айчынная гісторыя. Але з цягам часу, за стагоддзі турэцкай акупацыі, гэты край быў густа заселены албанцамі...
Аб жаху вайны і здымаў свае трагікамедыі спадар Кустурыца. З гэтага жаху і нараджаліся поўныя тугі і невымоўнай радасці за жыццё музычныя тэмы Горана Брэгавіча. А для вандроўніка з Беларусі хапіла ўбачыць разбураныя натаўскімі бомбамі шматпавярховікі ў цэнтры Белграда, пачуць, што ў Босніі яшчэ дагэтуль не паўсюль можна ставіць намёты, бо ў зямлі засталіся міны, – усё, каб зразумець, што ў фразе «абы вайны не было» – штосьці ёсць. За большымі ўражаннямі я пацягнуўся туды, дзе вайна была зусім нядаўна – 13 год таму.
Варта сказаць, што па дарозе літаральна кожны серб лічыў сваім абавязкам засцерагчы мяне ад паездкі ў Косава: «цябе там заб’юць», «скрадуць», «адправяць у Германію на органы» – вось асноўны сюжэт страшылак, якія я пачуў ад сербаў. Ды яшчэ ў Мінску адзін паважаны прафесар-славіст, царкоўны і культурны дзеяч адгаворваў мяне ехаць у той край, дзе, паводле яго слоў, «вады не дадуць праваслаўнаму або славяніну». І ў доказ гэтага казаў, што яго вазілі па Косаве на браніраванай машыне з канвоем.
Што ж, менавіта ў браню – падазронасці і асцярожнасці – я закаваў сябе, выязджаючы з Чарнагорыі ў кірунку Косава з транзітам праз Албанію. Побач з дарогай сумна цягнулася ўжо паржавелая месцамі чыгунка: цягнікі паміж гэтымі краінамі не ходзяць «па палітычных матывах». Ужо ў аўтобусе ў маёй брані заззяла дзюрка: не здолеўшы стрымаць сябе, я разгаварыўся са студэнтам-касаварам. У канцы размовы вучыў, як па-албанску будзе «мячэць», а яму паказваў фоткі праваслаўных цэркваў Беларусі...
Позна ўвечары я апынуўся на запраўцы (гэта мінус маршрутных аўтобусаў на Балканах – высаджваюць не ў цэнтры горада, а дзе ім зручней). Яшчэ перад выхадам даваў сабе зарок: не боўтацца ў малалюдных месцах і не казаць албанцам, адкуль я. І вось, па блаславёнай неасцярожнасці, я ўжо пытаюся якогасьці па-вахабіцку барадатага мужчыну, дзе тут непадалёк знаходзіцца праваслаўная царква Св. Георгія. Мяне абступае цэлы натоўп такіх, як ён, і ўсе горача пачынаюць штось абмяркоўваць. Напэўна, куды везці мае органы, мільганула ў маёй галаве. Або – ці правільна я назваў ім адрас. У рэшце рэшт, сціпла заўважыўшы, што вуліцы цяпер тут маюць іншыя, нясербскія назвы, яны знаходзяць мне вадзіцеля, які едзе ў цэнтр горада і пакажа месца, дзе, як яны ўсе думаюць, знаходзіцца праваслаўны храм. У горадзе – а гэта быў Прызрэн, дзе яшчэ нядаўна разбураныя сербскія кварталы былі агароджаны калючым дротам, – іншыя касавары з характэрнай мусульманскай бародкай ледзь не за ручку падводзяць мяне да шуканага мной храма. Праўда, глядзець на праваслаўныя храмы ў Косаве – не самы прыемны занятак: большасць іх – у руінах, з калючым дротам па перыметры і дзяжурным паліцэйскім патрулём. А служба ў старажытным манастыры ў Печы таксама праходзіць пры пільным наглядзе вайсковай паліцыі. Але і серб, і албанец – кожны прызнае, што рэлігійны момант у ваенным канфлікце – другасны, бо і албанцы былі калісьці хрысціянамі, у т. л. праваслаўнымі, а сталі мусульманамі падчас турэцкай няволі. Так ці іначай сёння рэлігія стала выразным маркерам сваіх і чужых у гэтым рэгіёне. Але выключна ў сукупнасці з этнічнай прыналежнасцю. Бо праваслаўнага з Беларусі тут прымаюць гэтак жа дабразычліва, як індуса, муніта або шыіта. Урэшце рэшт тут мяне частавалі не толькі вадой, але і садавінай. Бронь аказалася непатрэбнай і нават шкоднай. Зняў яе цалкам, здрадзіў апошняму свайму зароку: не ездзіць аўтаспынам па Косаве. Выйшаў на трасу і з ветрыкам праімчаў па косаўскіх абшарах на некалькіх машынах з цікавымі вадзіцелямі, адзін з якіх, выкладчык з універсітэта, частуючы мяне півам у кавярні, выдаў мне цэлае інтэрв’ю наконт гісторыі сербска-албанскіх адносін. Але я не думаю, што ўсё было б гэтак жа добра, каб на маім месцы быў серб, ды яшчэ з суседняга пасёлка. Бо сербы, паводле яго слоў, за апошнюю вайну тройчы разбурылі яго дом.
Косаўская Мітровіца – горад, дзе сербы і албанцы жывуць па два бакі адной ракі. Мост праз гэту раку завалілі пяском. А побач з пераходам дзяжурыць вайсковая паліцыя. Вулічны сабака лёг пад ліхтаром адпачыць прама пасяродку – цікава, дзе яго кормяць больш? Цікава, а што калі касавар пачне сустракацца з сербскай дзяўчынай? На мае пытанні адказы прыходзяць без затрымкі. У сотні метраў ад забарыкадаванага моста, крыху ў зарасцях: вузенькі падвесны масток, дзе рух – даволі часты, у абодвух кірунках. Мне цяжка было адрозніць ваду ў сербскай і албанскай частках, мне падалося, што і ёгурты там аднолькавыя, але ходзячы па розных частках, я толькі і паспяваў чытаць узаемна абразлівыя надпісы на сценах па-сербску і па-англійску...
У паўночнай частцы Мітровіцы быў цёплы суботні вечар напярэдадні свята Праабражэння, і на цэнтральных вуліцах не было месца ад шпацыруючых, танцуючых і выпіваючых. У паўднёвай – гулялі з нагоды свята Байрам – гэта заканчэнне Рамазана (поста), і плошчы былі ўсеяны святкуючай моладдзю...
Гэты канфлікт я так і не зразумеў. Я толькі зразумеў, што ў яго лепш проста не ўлазіць. Магчыма, сама наяўнасць там турыстаў, не абцяжараных грузам канфлікту, неяк ускосна спрыяе таму, каб прычын для канфлікту было ўсё менш. Але турыстаў там, на жаль, настолькі мала, што іх пазнаюць за кіламетр. Ды і не сказаць, што канфлікт згас. Проста жыць сербы і албанцы сталі выразна асобна, без геаграфічнага змяшэння. Ды і сербы новастворанай Косаўскай рэспублікі не збіраюцца здавацца. Паўночная частка Мітровіцы, як і бліжэйшыя вёскі, не прызнаюць улады Косаўскай рэспублікі, вывешваюць сербскія сцягі і называюць тутэйшыя вуліцы і плошчы ранейшымі славянскімі назвамі. А час ад часу закідваюць камянямі вайсковую паліцыю, якую называюць не іначай як акупантамі.
Вялікая колькасць машын – без нумароў, каб ніхто не даведаўся, з якога ты рэгіёну – сербскага ці албанскага... Мітровіца нагадала мне кіпрыёцкую Нікасію і Берлін з яго славутай і глыбока бязглуздай сцяной...
Косава – ужо далёкае ад вызначэння «разбуранае вайной». Хутчэй – «на татальнай рэканструкцыі». Мноства будынкаў – у будаўнічых рыштаваннях. Будматэрыял – ледзь не самы папулярны тавар (прынамсі, так мне падалося з вулічнай рэкламы). Жыццё наладжваецца. І няважна, за чые сродкі – немцаў ці амерыканцаў. Прынамсі, тут ужо не страляюць. Але албанскія партызаны з карабінам грозна паглядаюць са шчытоў сацыяльнай рэкламы, як быццам нагадваючы, што «ніхто не забыты, нішто не забыта». Назвы вуліц косаўскіх гарадоў – на трох мовах: албанскай, ангельскай і на апошнім месцы – дэманстратыўна – сербская, хоць людзі сталага веку вучылі сербскую ў школах. Адна з вуліц названа іменем Уэстлі Кларка – аднаго з натаўскіх генералаў, актыўнага ўдзельніка кампаніі супраць Сербіі, якому сёння належыць бізнес у новастворанай рэспубліцы пры шырокай падтрымцы косаўскага ўрада.
Касавары маюць вялікі сэнтымент да амерыканцаў, якія ім дапамаглі ў той вайне. Ды не толькі ў вайне. У Прышціне (сталіца Косава) дзейнічае амерыканскі ўніверсітэт, на тэрыторыі якога дазваляецца размаўляць толькі па-ангельску. Зрэшты, валюта Косава – еўра, і цэны тут крыху меншыя, чым у Чарнагорыі, і прыкладна такія ж, як у Сербіі. Здавалася б, у гэтым куточку Еўропы, узятым пад крылка ЗША і натаўскіх дзяржаў, мусяць квітнець грамадзянская супольнасць і дэмакратычныя каштоўнасці. Але ў мяне адвісае сківіца ад гісторый, якія мне распавядае малады касавар пад піва: яго бацьку, героя нядаўняй вайны з некалькімі кулявымі раненнямі, не бяруць на працу толькі таму, што ён... не падтрымлівае кіруючую ў краіне партыю! А потым паказвае мне помнік нейкаму інтэлігентнаму мужчыну каля муніцыпальнага будынка і кажа, што гэта помнік палітыку, які выйграў мясцовыя выбары і быў забіты на наступны дзень апазіцыйнай групоўкай. Здзівілі мяне і чэргі за хлебам, прычыну якіх я так і не паспеў высветліць.
Гэткія гісторыі мяне прымушаюць іначай глядзець на праблемы Беларусі. Пасля такіх момантаў я ўсё меней у размове пра «сінявокую» выкарыстоўваю выраз: «А вось у нармальных краінах...» Бо разумею, што «нармальна» на гэтым зямным шарыку будзе толькі па Другім прышэсці.
Зрэшты, паблукаўшы па краях і морах, я сапраўды парадаваўся многім рэчам на радзіме. Ну хаця б нашай чыгунцы з чыстымі вакзаламі, дагледжанымі вагонамі, пунктуальнымі цягнікамі, і да таго ж таннымі. Парадаваўся нашым аўтавакзалам – з іх адзіным раскладам руху, а не раздробленым на дзясяткі асобных прыватных спісаў. Ды і спіс міжнародных рэйсаў з Белграда-сталіцы расчароўваў у параўнанні з магчымасцямі Мінска-аўтобуснага. Я ўжо не кажу пра сербскія абменнікі валют, у якіх – нават у сталічным Белградзе і курортнай Чарнагорыі – было абсалютна немагчыма памяняць расійскія рублі, а ў чарнагорскіх – дынары суседняй Сербіі. Працягваць спіс не буду, бо ведаю, што гэты артыкул, верагодна, будуць чытаць мае сербскія знаёмцы... Але пабачыўшы на вуліцах гарадоў Чарнагорыі заклікі выходзіць на плошчу, пачуўшы ад жыхароў Чарнагорыі пра прэзідэнта, які «загроб усё ў свае рукі, і адзінае, што застаецца людзям, – гэта маўчаць, каб быць цэлымі», – я стаў спакайней ставіцца да нашых рэалій. Замест заўсёднай бескампраміснай міны на твары, якая ў мяне заўжды напагатове для нашых брэсцкіх памежнікаў, я толькі міла ўсміхнуўся дзяўчыне ў форме, якая ветліва пажадала мне добрай дарогі па рэспубліцы...
***
Дарога назад заўжды карацейшая. Машыны на адваротным шляху ловяцца хутчэй. Магчыма, гэта містыка. Але адлегласці скарачаюцца неймаверна хутка. І вось, памятаючы яшчэ смак піва ў белградскай кавярні, церпячы стому ног ад перасадак у Будапешце, дыхаючы глыбока, як гэта рабіў толькі што ў горна-лясной Славакіі, машынальна кажучы польскае «пшэпрашам» замест «прабачце», я ўжо еду ў мінскім тралейбусе. І Няміга на месцы. І галубы ўсё гэтак жа налятаюць на кінутую булку. І метро па паўтары тысячы рублёў. І людзі, павылазіўшы са сваіх норак, гэтак жа снуюць у пагоні за шчасцем. Груба штурхаюцца, потым прабачаюцца... Доўгачаканы душ. На стале – слівы і яблыкі з бацькоўскай дачы, якія ў нас відавочна ўрадзілі ў гэтым годзе лепей, чым у Сербіі. Як магнітам цягне да сябе запісная кніжка. Будні пражэрліва клацаюць зубамі – прагнуць схапіць мяне, свежага, вымытага ад дарожнага пылу, поўнага моцы. Ды я і сам не супраць. Але выключна пасля сустрэчы з сябрамі за «шпрыцэрам» – так у Сербіі называюць белае віно, разбаўленае 1:1 з несалёнай мінералкай. Чпок!