Раман АБРАМЧУК
Ненавіджу. Ненавіджу, калі экскурсаводы і менеджэры, менеджэры і экскурсаводы дзяруць ўтрая больш з кліента толькі таму, што той размаўляе з маскоўскім ці якім іншым замежным акцэнтам. На мой погляд, кошт паслугі заўжды звязаны з узроўнем якасці, сэрвісу. Але мае балотна-лясныя землякі нават не задумваюцца пра гэта.
Эпізод першы
Цягнік Гродна – Масква. Камфортныя месцы. Вагон-рэстаран. Зазіраю ў меню. У імгненне апетыт знікае: дранікі – па коштах мінскіх рэстаранаў, сасіскі айчыннага мясакамбіната – па кошце нямецкіх сардэлек, эксклюзіўна падсмажаных баварцам на прыватным падворку. У алкагольную карту нават заглядваць не хочацца. Адыходжу, замовіўшы тое, што па коштах не перавышала мяжу прыстойнасці.
Чакаю з нецярпеннем. Нарэшце праз 25 хвілін дачэкваюся сваіх бядачых слёз: купкі бульбы з горсткай морквы. І гэта пры тым, што я выразна спытаў, ці не прыйдзецца доўга чакаць, пакуль прыгатуюць. На мае іранічныя заўвагі жанчынка-прадаўшчыца толькі паціскае плячыма і апраўдваецца тым, што ўсё было замарожана, але зрэшты, доўга не затрымлівае ўвагу на беларуска-рублёвым кліенце: за мной ужо некалькі «ўсходніх братоў», гатовых паласавацца «белорусским качеством». Так і карцела напісаць штось гнеўнае ў кнігу скаргаў наконт таго, што дзяржаўныя ўстановы не служаць сваім грамадзянам, а нажываюцца на замежніках. Але я не прыхільнік таго, каб людзей прымушалі быць добрымі.
Эпізод другі
Фірма замаўляе экскурсаводу экскурсію. Як потым высвятляецца – для маскоўскай групы. Ну, паехалі. У працэсе высвятляецца, што будзем моцна затрымлівацца па жаданню цікаўнай да ўсяго групы. Зразумела, абмяркоўваецца дадатковая аплата экскурсаводу. Якая ж хваля абурэння выліваецца з вуснаў менеджэра фірмы на гэтага бедалагу за тое, што ён асмеліўся раскрыць вялікую і страшную тайну сапраўдных коштаў сваіх паслуг. Упс! – не атрымалася выглядаць прыстойнай фірмай у вачах такіх дарагіх кліентаў...
Мае шкварка-бульбяныя браты яшчэ не зразумелі, што масквічы едуць да нас не таму, што тут – люкс і шык, парыж і пальмы. Адна з асноўных прычын выбару Беларусі – тое, што тут танна. Але калі мы пачынаем «заламваць» кошты для замежных гасцей такія ж, як у парыжах з пальмамі («ну гэта ж замежнікі, могуць заплаціць!»), то госці ўсё больш будуць паглядаць у бок таго самага, сапраўднага Парыжу. Зрэшты, калі тэндэнцыя будзе працягвацца, то кошт таннага авіяпералёту ў той блаславёны французскі горад хутка зраўняецца з коштам цягніка Мінск – Масква. А яшчэ мае калегі – менеджэры і экскурсаводы – нават не здагадваюцца, што з маскоўскім акцэнтам размаўляюць не толькі масквічы з заробкам у некалькі тысяч еўра, але і жыхары ваколіц, дзе заробак адрозніваецца ад маскоўскага гэтак жа, як заробак механізатара з Чурылавічаў ад заробка мінскага клерка. І з расійскімі нумарамі ездзяць не толькі масквічы ды піцерцы, але і тулякі, і смаленчукі, і пскавічы – жыхары расійскіх глыбінак, якім нашыя маскоўскія кошты адгукнуцца гэтак жа звонка, як і механізатару з Чурылавічаў, і асенізатару з Гібулічаў...
Мае калегі – гэта гібрыд чалавека і апошніх дасягненняў тэхнікі: замест правага вока – калькулятар, замест левага – апарат па ацэнцы магчымасцяў кліента. Многія з іх настолькі ўдала аперыруюць коштамі ў еўра, доларах і рускіх рублях, што нават забываюцца на факт існавання нацыянальнай валюты. Хціва зазіраючы ў кішэнь масквічам, мае калегі з плоскім тыпам мыслення нават не заўважылі, як сталі губляць кліентаў. І што найбольш важна – сваіх землякоў. Вось так і атрымліваецца, што айчынны турбізнэс цяпер толькі і працуе ад расійскіх да расійскіх святаў. Засталося яшчэ толькі самім авалодаць шыкоўным маскоўскім акцэнтам, каб не адрознілі. І пачапіць расійскі сцяжок на машыну, каб прынялі за свайго. Ненавіджу...