https://www.traditionrolex.com/8
<p>Месяц назад у Мінску адбыўся першы ў гісторыі нашай краіны з’езд экскурсаводаў. Найбольш вострымі пытаннямі, якія гучалі як са сцэны, так і ў перапынках паміж выступленнямі, было два: навучанне экскурсаводаў і іх атэстацыя. Вырашыць гэтыя пытанне мусяць новыя «Палажэнні», якія ўжо больш як паўгода не можа прыняць Савет Міністраў. Але і прамовы паважаных экскурсаводаў, і праект «Палажэння», апублікаваны ў мінулым годзе, выклікаюць у мяне як практыкуючага экскурсавода, некаторыя пытанні і заўвагі, якія і хацелася б тут агучыць.</p>

 

Цімох АКУДОВІЧ, экскурсавод

Месяц назад у Мінску адбыўся першы ў гісторыі нашай краіны з’езд экскурсаводаў. Найбольш вострымі пытаннямі, якія гучалі як са сцэны, так і ў перапынках паміж выступленнямі, было два: навучанне экскурсаводаў і іх атэстацыя. Вырашыць гэтыя пытанне мусяць новыя «Палажэнні», якія ўжо больш як паўгода не можа прыняць Савет Міністраў. Але і прамовы паважаных экскурсаводаў, і праект «Палажэння», апублікаваны ў мінулым годзе, выклікаюць у мяне як практыкуючага экскурсавода, некаторыя пытанні і заўвагі, якія і хацелася б тут агучыць.

Заўвагі не столькі надзённыя (цяперашні стан рэчаў нядрэнны і відавочна лепшы, чым 10 год назад), але з паглядам у будучыню і з надзеяй, што яны камусьці прыдадуцца.

Цімох-Акудовіч Настаўнік ці сістэма?

На сённяшні дзень падрыхтоўка экскурсаводаў у Беларусі вядзецца ў межах курсаў, якія арганізоўвае Нацыянальнае агенцтва па турызме (далей – НАТ). Сам я гэтыя курсы скончыў 5 год назад. Прычым першы набор, і з таго часу там, відавочна, шмат што змянілася, але базавыя прынцыпы пабудовы навучання засталіся нязменнымі. За тыя 5 месяцаў навучання я пачуў даволі шмат новай для сябе інфармацыі, сістэматызаваў некаторыя метадычныя рэчы, але моцна не хапала аднаго: мы вельмі мала сутыкаліся з «жывымі» экскурсаводамі. Экскурсаводы, канешне, былі і не абы якія (самыя вопытныя і паважаныя), але яны найчасцей выступалі як лектары, якія мусілі вычытваць свой курс у аўдыторыях. Знаёмства з іх жывым вопытам адбывалася толькі на нешматлікіх практычных занятках, якіх хапала толькі на тое, каб мы паспелі па аднаму разу выступіць каля дошкі і, адпаведна, пачуць заўвагі нашых настаўнікаў. Гэтага было відавочна мала. Але тут пытанне не толькі ў недастатковай колькасці практычных заняткаў (зараз іх, здаецца, стала больш). Экскурсавод – гэта ў любым выпадку творчая прафесія, у нечым блізкая нават да акцёрскай. Сістэма курсаў, нават ад вельмі добрых лектараў, не можа падрыхтаваць сапраўды яркага экскурсавода, бо творчы патэнцыял не рыхтуецца, а раскрываецца. А экскурсавода рыхтуе толькі экскурсавод.

Гэта тая прафесія, дзе, на маю думку, мусіць пераважаць не «заходні» прынцып навучання – у межах сістэмы, а ўсходні, дзе навука перадаецца вучню ад канкрэтнага Настаўніка (гуру, калі хочаце). Добры навуковец заўсёды можа назваць тых сваіх настаўнікаў (навуковых кіраўнікоў), якія паўплывалі на ягонае фармаванне, добры акцёр заўсёды ведае тых майстроў сцэны, каму абавязаны раскрыццём свайго таленту.

Экскурсавод таксама мусіць ведаць і называць тых аднаго, двух, трох чалавек, якія зрабілі яго добрым спецыялістам. Але ў межах нават вельмі добрых лекцыйных курсаў такое немагчыма. Бо настаўнік – гэта заўсёды асабісты кантакт, гэта сумесная праца, гэта ўплыў, які часта сягае значна далей за простае фармаванне прафесійсійных навыкаў.

Калі пераводзіць у практычную сферу, то я дазволю сабе досыць радыкальную думку. Як па мне, то замест грувасткіх, шматмесячных, усеабдымных (па тэмах) і сістэмных курсаў ў НАТ, больш эфектыўнай была б арганізацыя падрыхтоўчых заняткаў, якія вялі б не 10 ці 20 выкладчыкаў, а адзін канкрэтны экскурсавод-прафесіянал, які браў бы групу (невялікую) і вёў бы яе ад пачатку да канца – усе 5 месяцаў. Інфармацыйныя блокі (гісторыя Беларусі, геаграфія) з такіх заняткаў мусяць быць выключаныя, тэорыю экскурсійнай справы і базавыя метадычныя прынцыпы можна выкласці за 4-5 заняткаў, а пасля пачыналася б здаровая творчая практыка, дзе прафесіянал вёў бы навучэнцаў ад пачатку да канца, дзяліўся сваім вопытам, паказваў на практыцы, крытыкаваў, дапамагаў кожнаму персанальна зыходзячы з іх асаблівасцяў і па выніку, калі б яны ішлі на атэстацыю, быў бы адказны сваім аўтарытэтам за якасць іх падрыхтоўкі. Прычым «настаўніцтва» не адмаўляе ўключэнне ў заняткі іншых выкладчыкаў, напрыклад, запрашэнне прафесійных акцёраў, журналістаў ці філолагаў. Бо любы экскурсавод ведае свае моцныя і слабыя бакі, разумее, дзе ён можа сам усё паказаць, а дзе варта запрасіць прафесіянала. Напрыклад, мала хто з айчынных экскурсаводаў можа пахваліцца сапраўды добра пастаўленай дыкцыяй, жэстыкуляцыяй, голасам і іншымі элементамі акцёрскага майстэрства, якія бываюць вельмі карыснымі ў падачы матэрыяла на маршруце.

Такая прапанова падрыхтокі, зразумела, моцна выбіваецца з існуючага стану рэчаў, але нават пакідаючы цяперашнюю сістэму курсаў, неабходна падумаць пра значнае пашырэнне інстытута «настаўніцтва», прычым які б выходзіў нават за межы 5-месячнага перыяду адукацыі.

«Базіс» і «надбудова»

У нашай групе на курсах экскурсаводаў была жанчына, фармацэўт па прафесіі. На перапынках яна распавядала, што хутка выходзіць на пенсію, пасля чаго хацела б пападарожнічаць і таму вырашыла авалодаць новай прафесіяй экскурсавода. Вельмі ўхвальнае памкненне, але на лекцыях па гісторыі Беларусі яна нудзілася і з цяжкасцю вымаўляла імёны вялікіх літоўскіх князёў (як і добрая палова групы). Нудзіліся таксама і тыя, хто меў гістарычную вышэйшую адукацыю. Бо для нас гэта было таўчэннем вады ў ступе. Такім чынам, інфармацыйныя блокі (досыць вялікія), асабліва па гісторыі, былі для адных абсалютна лішнімі, а для іншых недастатковымі.

Не ведаю, як цяпер на курсах, але ў праекце «Палажэнняў» я ўбачыў тыя ж «граблі». У адпаведнасці з ім, на першым этапе навучання «стажор» засвойвае метадычныя прыёмы вядзення экскурсіі, а на другім этапе – «получение знаний и навыков, объем которых необходим для проведения экскурсий по определенной тематике».

На маю думку, такім чынам воз ставіцца наперадзе каня. Курсы экскурсаводаў мусяць даваць толькі і выключна метадычныя навыкі напісання, падрыхтоўкі і вядзення экскурсіі. Калі выкарыстоўваць марксісцкую тэрміналогію, то навуковыя веды (у першую чаргу гістарычныя) – гэта «базіс», а навыкі экскурсавода – «надбудова». Пяць месяцаў курсаў у прынцыпе не могуць даць неабходны аб’ём ведаў непадрыхтаванаму чалавеку для правядзення экскурсій. А таму на гэтыя курсы мусяць прыходзіць і запісвацца толькі тыя, хто ўжо мае грунтоўныя веды ў той галіне, з якой будзе звязана тэматыка іх экскурсій. Гэтыя веды могуць пацвярджацца дыпломамі ці правярацца экзаменамі, але іх набыццё не мусіць уваходзіць у сферу падрыхтоўкі экскурсавода.

З чалавека, які прыйшоў у прафесію, бо «хоча пабачыць свет», можа атрымацца цудоўны суправаджаючы групы. Але ўключыць у падрыхтоўчыя курсы такі аб’ём лекцый па спецыялізацыі, каб зрабіць з фармацэўта добрага экскурсавода па Беларусі, немагчыма. Гэта не значыць, што чалавек без дыплома выпускніка гістфака не можа выбраць сабе прафесію гіда. Гэта толькі значыць, што ён сам мусіць паклапаціцца пра тое, дзе здабыць неабходныя веды.

Самастойнасць і дысцыпліна

Калі мы вучыліся на курсах (зноўку ўзгадаю, што гэта быў першы набор), выкладчыкі стаялі перад адной праблемай, якую так і не змаглі вырашыць да канца курсаў. Нам пастаянна гаварылі: «Прыносьце свае напрацоўкі, шукайце матэрыял, даследуйце», але пры гэтым ставілі перад умовай, што на экзамене абарона маршрута мусіць грунтавацца выключна на афіцыйным тэксце НАТ, які нам выдалі з самага пачатку. Асабіста я ішоў у экскурсаводы, бо мне бязмежна падабалася шукаць новыя і новыя факты, звязваць іх з аб’ектамі, знаходзіць цікавыя паралелі ў лёсах гістарычных асоб. Думаю, любы экскурсавод мяне зразумее: цікава апавядаць тое, што ты сам здабыў і што табе самому цікава. Ва ўніверсітэцкім краязнаўчым клубе, з якога пачалася мая зацікаўленасць гэтай справай, мы самі распрацоўвалі экскурсіі, шукалі матэрыял, і менавіта гэта было самым захапляльным. Відавочна, было шмат памылак: мы часта зацягвалі аповед у адной кропцы, выдавалі неправераную інфармацыю, стана­віліся не ў самых зручных месцах. Але менавіта выпраўленне гэтых памылак дазволіла нам пасля без цяжкасцяў здаваць экзамены ў НАТ.

Зразумела, што тэкст-эталон, падрыхтаваны НАТ, мусіць быць, і ў ім ёсць шмат плюсаў. Але ў той жа час арыентацыя на яго стварае рызыку выпускаць такіх сабе робатаў-гаваруноў, якія едуць па маршруце, прагаворваюць завучаны, не свой, тэкст і баяцца зрабіць крок управа – крок улева. Дзеля справядлівасці скажу, што я такіх не сустракаў, але вось самі экзаменатары часам скар­дзяцца, што тэкст не дазваляе ім выявіць, ці сапраўды той ці іншы чалавек падрыхтаваны да экскурсійнай працы. Але як тут выявіш, калі ўсе расказваюць завучаны шаблон?! Прычым яны яго і на маршруце турыстам будуць расказваць. Гэта, канешне, не горшы варыянт, але ў такой сітуацыі экскурсавода можна спакойна замяніць аўдыёгідам.

Экскурсавод мусіць хоць трошкі быць даследчыкам, журналістам, акцёрам, шукаць, ствараць, прыдумваць новыя метадычныя прыёмы. Тады экскурсія будзе жывой. Арыентацыя на шаблон моцна шкодзіць развіццю маладога экскурсавода. У рэшце рэшт, задача настаўнікаў (падрыхтоўчых курсаў) у тым, каб створаны самім вучнем тэкст і маршрут экскурсіі ў выніку адпавядаў ўсім нормам добрай экскурсіі (быў па асноўных параметрах набліжаны да НАТаўскага шаблону), а не ў тым, каб праверыць, як вучань завучыў гэты шаблон. Бо падрыхтаваны экскурсавод не той, які ведае, дзе трэба стаць каля Мірскага замка ў адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі тэхналагічнай карты, а той, які пры­едзе і самастойна раскладзе свой тэкст па добра выбраных пунктах аповеду.

Практычны рэгіяналізм

Магчыма, выйсцем з такой сітуацыі можа быць выкарыстанне вопыту нашых суседзяў. На тым жа з'ездзе экскурсаводаў запрошаная госця з Польшчы расказала, што ў іх экскурсавод праходзіць дзве атэстацыі. Першая – агульная – на валоданне неабходнымі экскурсійнымі навыкамі і на права быць экскурсаводам у прынцыпе. А вось другая дае права праводзіць экскурсіі ў нейкім пэўным рэгіёне. Гэта значыць, што замест здачы маршрута (маршрутаў), яны здаюць канкрэтную вобласць, у якой могуць пасля працаваць.

На маю думку, у такім падыхо­дзе ёсць шмат плюсаў. Найперш, абмежаванне адным рэгіёнам дае права патрабаваць ад экскурсавода больш паглыбленага валодання матэрыялам. Па-другое, веданне асаблівасцяў гістарычнага развіцця, геаграфіі і традыцый цэлага рэгіёна (у нашай сітуацыі – вобласці) дазволіць экскурсаводу больш адэкватна падаваць інфармацыю. Да прыкладу, добры, эрудзіраваны краязнаўца з Гомельшчыны, які ўзяў і абараніў экскурсію па Іўеўскім краі і нават грунтоўна прапрацаваў усе пункты экскурсіі, усё адно разгубіцца ў тых момантах, з якімі не сутыкаўся на сваёй малой радзіме, напрыклад, пры аповедзе пра балцкія ўплывы ў рэгіёне, пра асаблівасці жыцця ў заходнім рэгіёне ў 1921–1939 гг., ці ўвогуле «заверне» што-небудзь пра «польскіх паноў» і «літоўскіх феадалаў». У той жа час экскурсавод з Гродзеншчыны (ці той, які абараніў гэты рэгіён) мае значна больш шанцаў, напрыклад, стварыць цікавую панараму жыцця заходнебеларускага мястэчка ў міжваенны перыяд.

Ёсць і іншыя прычыны. Калі падыходзіць зусім фармальна, то атрымліваецца дзіўная сітуацыя: НАТаўскіх тэхналагічных карт прытрымліваюцца толькі лянівыя і дрэнныя экскурсаводы. Добрыя парушаюць іх, прычым на кожнай экскурсіі. Бо заўсёды ёсць новы факт, якога няма ў кантрольным тэксце. Часта ўзнікае жаданне памяняць месца аповеду і гэтак далей. Альбо часам па нейкіх прычынах аўтобус паехаў іншай дарогай (усе ж ездзілі на Нясвіж рознымі дарогамі), і трэба хутка перабудаваць матэрыял. І тут сістэма маршрутнай атэстацыі пачынае барахліць.

Ну і нарэшце, сістэма рэгіянальнай атэстацыі абавязвала б ствараць атэстацыйныя камісіі і падрыхтоўчыя курсы ў кожным абласным цэнтры. А гэта, мне падаецца, вялікі плюс.

У рэгіянальным падыходзе, канешне, ёсць шмат пытанняў. Напрыклад, што рабіць з экскурсіяй Мір–Нясвіж, якая праходзіць па дзвюх абласцях. І ці не зашмат інфармацыі (прычым той, якую і расказваць, можа, не бу­дзеш) трэба вучыць? Але ў яе ёсць дзве вялікія перавагі: яна больш сумленная, бо «прапускае» толькі сапраўды падрыхтаваных людзей, і яна больш свабодная, а таму дае большую прастору для творчасці.

Дзеці?

І яшчэ адна істотная заўвага. На з’ездзе экскурсаводаў ні разу не прагучала слова «дзеці». Гэта пры тым, што добрая палова (хутчэй за ўсё, значна больш) усіх экскурсійных груп – школьнікі. Пра асаблівасці дзіцячай экскурсіі мала гаварылі на курсах падрыхтоўкі экскурсаводаў, рэдка звяртаюцца да гэтай тэмы ў прэсе. У тэхналагічных картах экскурсій метадычныя прыёмы, накіраваныя на дзіцячую аўдыторыю, ідуць хутчэй бонусам і ў мінімальнай колькасці. Гэта пры тым, што, на маю думку, дзіцячая экскурсія – гэта не проста сума метадычных прыёмаў з паменшанай колькасцю інфармацыі, а абсалютна адрозная ад дарослай экскурсіі з’ява, з іншай структурай, мэтай, методыкай і спосабамі падачы матэрыяла. А «дзіцячы экскурсавод» мусіць быць асобнай спецыялізацыяй у нашай справе.

Спытайцеся ў любой турфірмы, як цяжка знайсці экскурсавода, які мог бы талкова правесці экскурсію для дзяцей. А для 2-3-га класаў – гэта ж увогуле катастрофа!

У нас склалася дзіўная сітуацыя, што для замежных турыстаў ёсць цэлая асобная галіна спецыялістаў, якія называюцца «гіды-перакладчыкі» (ніколі не разумеў, чаму такая назва – яны ж не перакладаюць, а расказваюць). Гэта пры тым, што гід ад экскурсавода адрозніваецца толькі валоданнем мовы (але ў нас большасць экскурсаводаў праводзяць экскурсіі як мінімум па-руску і па-беларуску, дык што ж – усе перакладчыкі?) і пэўным набором метадычных прыёмаў, які дазваляе адаптаваць тутэйшую пакручастую рэчаіснасць і данесці яе да іншаземца.

А вось пра дзіцячага экскурсавода, які, акрамя асноўных экскурсійных навыкаў, мусіць быць яшчэ вопытным педагогам (ці дзіцячым псіхолагам), гэта значыць мець за плячыма яшчэ цэлую асобную навуку, прапрацоўваць экскурсійныя маршруты з нуля пад дзіцячую аўдыторыю, у нас нават не ўзгадваюць.

Зразумела, што такі падзел ідзе яшчэ з савецкіх часоў, але мне падаецца, даўно прыйшла пара зірнуць на гэта ўсё па-новаму. Ці ж нам замежнікі важнейшыя за сваіх дзяцей?

Рамяство ці творчасць

Па сутнасці ўсе мае заўвагі грунтуюцца на адным: цяперашняя сістэма навучання і атэстацыі гідаў нала­джана на падрыхтоўку «рамеснікаў» – тых, хто з дня ў дзень гатовы паўтараць чужы завучаны тэкст на стандартных кропках і ствараць шаблонны і больш-менш пастаянны ў сваёй якасці прадукт. Фармальна на сёння тэхналагічная карта і кантрольны тэкст прапісваюць амаль кожнае слова і кожны крок экскурсавода, а атэстацыя правярае, наколькі будучы экскурсавод гэту «інструкцыю» вывучыў. Праяўленне творчасці, эрудыцыі і ініцыятывы ў гэтых умовах – факультатыў, які поўнасцю ляжыць на сумленні экскурсавода.

Гэта сістэма не з’яўляецца дрэннай, але яна ставіць нізкую планку для тых, хто выбраў нашу прафесію, і гэта наўрад ці паспрыяе далейшаму паляпшэнню якасці экскурсійнай справы ў Беларусі.

https://www.traditionrolex.com/8