https://www.traditionrolex.com/8
<p>Апошнім часам у інтэрнэце з’яўляецца усё больш артыкулаў на тэму работы экскурсаводаў Беларусі. Мае калегі па экскурсійнаму цэху таксама шмат распавядаюць на тэму складанасцяў з турыстычнымі фірмамі, праблемах з атэстацыяй экскурсаводаў, але і пра цікавых турыстаў і інш. Таму даўно карцела напісаць пра свой экскурсійны досвед. Праўда, усё больш схіляюся да думкі аб тым, што экскурсаводам трэба мець сваю інтэрнэт-старонку, каб дзяліцца досведам, эмоцыямі, цікавосткамі і, канешне, праблемамі.</p>

Таццяна КАЗАК

Апошнім часам у інтэрнэце з’яўляецца усё больш артыкулаў на тэму работы экскурсаводаў Беларусі. Мае калегі па экскурсійнаму цэху таксама шмат распавядаюць на тэму складанасцяў з турыстычнымі фірмамі, праблемах з атэстацыяй экскурсаводаў, але і пра цікавых турыстаў і інш. Таму даўно карцела напісаць пра свой экскурсійны досвед. Праўда, усё больш схіляюся да думкі аб тым, што экскурсаводам трэба мець сваю інтэрнэт-старонку, каб дзяліцца досведам, эмоцыямі, цікавосткамі і, канешне, праблемамі.

Таццяна-Казак

Беларусь

З 2006 года пачала праводзіць экскурсіі па Гродне на, скажам так, камерцыйнай аснове. Раней быў добры досвед правядзення для сяброў.

Напэўна, пачала праводзіць экскурсіі, таму што ў адзін момант зразумела, як важна гаварыць пра родны горад, які вельмі дарагі і любы мне. А сказаць было што, бо за спінай краязнаўчы гурток вядомага гродзенца Алеся Пятровіча Госцева, гістарычны факультэт і работа ў гісторыка-археалагічным музеі.

Пачатак экскурсійнай працы быў вельмі ўражваючы, па-першае, мяне слухалі, бо раней калі распавядала сябрам (не першы раз, праўда), яны часта смяяліся – «ізноў ты пра сваю гісторыю»; па-другое, за гэта плацілі! Першыя экскурсіі былі розныя, памятаю і першае карыстанне мікрафонам у аўтобусе, калі дрыжэлі рукі, а словы зляталі зусім не тыя, якія планавала казаць. Мабыць, гэта было заўважна не толькі для мяне. Праўда, гэта турыстычная фірма не адмаўлялася ад маіх паслуг пазней, мабыць, не ўсё было так дрэнна. Памятаю і экскурсіі для двух-трох чалавек, што часам зацягваліся на 5–7 гадзін, але пасля сумавала па гэтых цікавых людзях, якіх пашчасціла сустрэць.

2007 год стаў пачаткам чагосьці новага для многіх экскурсаводаў, і звязана было гэта з увядзеннем абавязковай атэстацыі. Як яна праходзіла для нас – групы экскурсаводаў з Гродна, я нават не хачу ўзгадваць! Гэта ўсё было вельмі непрыемна. Прасядзелі мы 5 гадзін, чакаючы сваю чаргу на размову. Нашы калегі, якія выходзілі адтуль, былі розныя ў сваіх настроях. Адны, хто праводзіў экскурсіі яшчэ з савецкіх часоў, лаяліся, бо як можна экзаменаваць тых, хто сам з’яўляецца асновай экскурсійнага патэнцыялу краіны. Іншыя маладыя выходзілі нават са слязамі. Я таксама, як усе пачынаючыя, вельмі хвалявалася, што нават забылася, што здарылася ў Крэве ў 1385 годзе, – сорамна нават узгадваць! Але ўсё скончылася, мы ехалі дамоў, спявалі і думалі, як сёння (а была субота) Гродна вытрымала без больш чым 30 экскурсаводаў.

У гэтым годзе скончылася мая ліцэнзія экскурсавода па Беларусі, і таму, як працаваць далей, стала на­дзённым пытаннем. З аднаго боку можна паехаць у Мінск, скончыць курсы і працаваць. Але няма такой магчымасці паехаць у сталіцу на такі доўгі час – калі не памыляюся, на тыдзень, і, думаю, такая праблема ў Гродне не толькі ў мяне. Хачу таксама дадаць, што курсаў экскурсаводаў раней я не заканчвала, а маімі курсамі стала адукацыйная дзейнасць у музеі і асветніцкая – па жыцці.

Экскурсаводы, з якімі размаўляла, таксама ўсе кажуць, што падобныя курсы не патрэбны людзям з такім вялікім досведам працы. І я з імі згодна: што новага можа атрымаць гродзенскі экскурсавод на курсах, якія праводзяцца ў Мінску?

Методыка? Навошта, калі многія гадамі водзяць экскурсіі, ды і самі экскурсіі, розныя складаныя сітуацыі, самі экскурсанты зрабілі з нас тых, хто адкрывае цікавае пра свой край? Мы ведаем, як сябе паводзіць, з практыкі, ведаем, як рыхтавацца, калі першы раз едзеш у горад, у якім сам ніколі не быў, і атрымліваць добрыя водгукі.

Выхадам было б проста фармальнае працягванне атэстацыі праз перадачу дакументаў у Нацыянальнае агенцтва. А то ў мяне такое ўражанне, што гэтыя курсы створаны для таго, каб зарабляць грошы на экскурсаводах. Ясна, што такія курсы патрэбны, калі ты толькі хочаш стаць экскурсаводам, а калі за плячыма досвед, навошта яны?

Магчыма, многія з пытанняў я не пачынала б ставіць, калі б маё жыццё не склалася так, што я апынулася ў суседняй краіне, дзе па-іншаму выглядае сітуацыя з экскурсійнай дзейнасцю і з развіццём турыстычнага бізнэсу.

Варшава

Восенню 2011 года я апынулася ў Варшаве. З пачатку планавання свайго года ў гэтым горадзе я ведала дакладна, што хачу скончыць курсы і паспрабаваць здаць экзамен на экскурсавода па горадзе.

Спачатку, знаходзячыся яшчэ ў Беларусі, я напісала ў некалькі фірм і ў краязнаўчае варшаўскае таварыства пра тое, як можна скончыць такія курсы, якія патрабаванні. I маё галоўнае пытанне было, ці магу я, грамадзянка іншай краіны, здаць экзамен.

Усе адказы атрымала станоўчыя з улікам таго, што ўсе курсы право­дзяцца на польскай мове (мову ведала) і экзамены таксама. Таму першае і важнае было – абраць курсы. Аказалася, у Варшаве дзейнічае некалькі фірмаў і арганізацый (іх не так шмат, каля пяці ці шасці), якія маюць ліцэнзію на навучанне экскурсаводаў. Пазней даведалася, што амаль кожная арганізацыя мае ўласную методыку: адны праводзяць усё ў памяшканні – распавядаюць пра горад з дапамогай слайдаў, методыку таксама з настаўніцкай кафедры распавядаюць, другія – з першых заняткаў патрабуюць падрыхтаваць той ці іншы аб’ект і распавесцi пра яго так, як можаш (таму тыя, хто скончыў гэтыя курсы, вельмі гаваркія як па справе, так і проста льюць ваду), трэція – усё праводзіць адзін выкладчык-экскурсавод, які па сутнасці проста дзеліцца сваім класным досведам. Усяго гэтага я не ведала, але мой выбар быў неблагі: і курсы былі ўніверсальныя, і спалучалі ўсе гэтыя методыкі.

Сярод іх безумоўным лідэрам з’яўляецца Польскае краязнаўчае таварыства (Варшаўскі аддзел), якое праводзіць курсы ўжо больш за 50 гадоў. На іх сайце змешчана праграма з колькасцю гадзін і раскладам.

У пачатку кастрычніка пачаліся курсы. Трэба адзначыць некалькі момантаў ці пытанняў, якія, думаю, з’явяцца ў маіх беларускіх калег. Пытанне падрыхтоўкі – адзіным патрабаваннем да наведвальніка курсаў з’яўляецца скончаная школьная адукацыя, астатняе няважна, таму сярод слухачоў былі замежнікі, як я (акрамя мяне, былі італьянец і датчанін), рознага ўзросту (так склалася, што ў нашым наборы больш было людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту). Кошт курсаў складае ў Варшаве 1500–1600 злотых (гэта каля 380 еўра), якія можна аплаціць ў некалькі этапаў. Курсы працягваюцца з кастрычніка па красавік, з перапынкамі на святы. Абавязковым патрабаваннем для заліку курса, а без пасведчання заліку немагчыма патрапіць на экзамен, было наведванне 2/3 заняткаў, здача тэста, правядзенне заліковай экскурсіі на аўтобусе і па горадзе.

Самі курсы патрабавалі шмат часу. Яны адбываліся кожны ты­дзень: аўторак і чацвер – вечаровыя лекцыі (1,5 гадзіны) па гісторыі горада, архітэктуры (важным было распазнаванне архітэктуных стыляў), методыцы, першай медыцынскай дапамозе, інфраструктуры горада, геаграфіі рэгіёна Мазоўша, дзе Варшава з’яўляецца цэнтрам.

Другой часткай курсаў былі практычныя заняткі на вуліцы: кожную суботу і нядзелю ў любое надвор’е. Да апошняга хачу дадаць, што гэта таксама навучальны момант: экскурсіі праводзяцца ў любое надвор’е, нават у –20о С. Гэта была вельмі цікавая частка навучання – мы наведалі ўсе гістарычныя раёны Варшавы, асобныя каралеўскія рэзідэнцыі: Лазенкі і Вілянаў, Каралеўскі замак (па якіх як экскурсаводы па горадзе мы маем права свабодна праводзіць экскурсіі), былі і тэматычныя экскурсіі, як, напрыклад, «Варшава часоў Ф. Шапэна» ці «Яўрэйская Варшава», экскурсіі на могілкі, пры гэтым на ўсе – каталіцкія, праваслаўныя, яўрэйскія, пратэстанцкія – і шмат чаго іншага. Мяне, як гродназнаўцу, вельмі захапіла распрацаванасць гісторыі горада, узровень ведаў звычайных жыхароў пра сваю малую радзіму. Трэба адзначыць, што многія ішлі на гэты курс, толькі каб глыбей пазнаць свой горад.

Увесну падыйшоў час унутранага заліку экскурсій. Спачатку мы здалі тэст, гэта было нескладана. Наступная была экскурсія на аўтобусе па горадзе. Ніхто з нас не ведаў, якая частка маршрута каму дастанецца, таму я вельмі хвалявалася. У выніку амаль апошняя і распавядала пра сваю частку горада, але ўсё склалася добра, метадычны досвед, як кажуць, не прап’еш. Пешаходная экскурсія прайшла неблага, галоўнае для мяне было памятаць канкрэтную інфармацыю пра той ці іншы аб’ект. Наступны і самы галоўны этап чакаў у маі – дзяржаўны экзамен.

У Польшы выпрацавана неблагая сістэма арганізацыі экскурсійнай дзейнасці. Вылучана некалькі гарадоў, экскурсіі па якіх могуць праводзіць толькі атэставаныя экскурсаводыЗа правядзенне экскурсіі без ліцэнзіі ў тым ці іншым горадзе вызначаны штраф у памеры 500 – 1000 злотых.

У лік гэтых гарадоў з абавязковымі мясцовымі экскурсаводамі ўва­ходзіць Варшава. Экскурсавод па Варшаве можа праводзіць экскурсіі не толькі па горадзе, але і па ваколіцах (гэта паняцце выклікае дыскусіі, але маюцца на ўвазе недалёкія мясціны – каля 100 км ад Варшавы). Здача экзамена-экскурсіі адбываецца ў розныя тэрміны з мая па кастрычнік кожны год. Экзамен платны і складаецца з дзвюх частак, кожная з якіх каштуе 120 злотых, такім чынам, за ўвесь экзамен атрымліваецца каля 60 еўра. Фарміруецца камісія з трох чалавек, паважаных, але не заўсёды актыўна практыкуючых экскурсаводаў. Спачатку здаецца тэст – самы нескладаны этап, пасля якога тыя, хто здаў, працягваюць экзамен, а тыя, хто не, – змогуць паспрабаваць іншым разам (таму і аплата падзелена на дзве часткі, пры няздачы грошы з першай часткі).

Наступны этап – звычайны экзамен з пытаннямі і выцягваннем білетаў. Пытанні вядомыя загадзя, але іх досыць шмат (было 200), таму рыхтавацца прыходзіцца доўга. Калі паспяхова здаў першую частку, на наступны дзень ідзеш на практычную частку – экскурсію па горадзе. Усе маршруты вядомыя загадзя – іх па горадзе ўсяго 10. Па месцы, якое табе прызначаюць для сустрэчы, ведаеш, адкуль пачнецца твая экскурсія і які гэта будзе маршрут.

Другі этап экзамена для мяне аказаўся больш складаным, бо маршрут быў не вельмі добра вядомы, шмат было з гісторыі яўрэйскага гета, нам пра гэта мала распавядалі на курсах, таму сярод няздаўшых аказалася не толькі я, але і мае вельмі, дарэчы, адукаваныя палякі-калегі. Праз месяц мы, праўда, без праблем здалі гэты экзамен, але ўжо па іншым маршруце і з іншай камісіяй.

Яшэ адзін важны момант – гэта мова. У Польшчы няма паняцця гід-перакладчык, проста, калі здаў экзамен на польскай мове, падаеш свае дыпломы пра веданне іншых моў. У маім выпадку мне трэба было перакласці на польскую дыплом аб гістарычнай адукацыі, які стаў па­цверджаннем ведання беларускай і рускай моў, і асобна – дыплом пра веданне англійскай. Але таксама існуе магчымасць дадатковай здачы экзамена на веданне той мовы, на якую не маеш дыплома, гэта каштуе яшчэ 120 злотых. Пасля экзамена атрымліваеш пасведчанне з указаннем моў, на якіх маеш права праводзіць экскурсіі.

Так я стала экскурсаводам па Варшаве. Зараз працую ў гэтым гора­дзе, які пасля курсаў экскурсаводаў стаў насамрэч бліжэй і цікавей, часта знаходжу гістарычныя стасункі, якія звязвалі Варшаву і Беларусь, Варшаву і Гродна, – усё ж папярэдні досвед экскурсійнай дзейнасці на Радзіме дае аб сабе ведаць. Але скончваючы гэты доўгі расповед, я не губляю надзеі застацца афіцыйным экскурсаводам па любым Гродне, бо ад Варшавы да нашай Мекі (як неяк трапна заўважыў сябра ў размове пра гродзенскіх гісторыкаў) рукой падаць.

https://www.traditionrolex.com/8