Павел ДАВІДОЎСКІ, фота аўтара
Апошнія месяцы былі адметныя тым, што беларускае грамадства звярнула ўвагу на такое тыпова філалагічнае пытанне як транслітарацыя ўласных назваў. Справакавалі дыскусію новыя схемы ў мінскім метро, якія аформлены адпаведна прынятай яшчэ ў 2000 годзе «Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта». Шмат хто ўпершыню сутыкнуўся з такім напісаннем, што выклікала шэраг дыскусій на форумах, у абмеркаваннях артыкулаў і рэпартажаў, у сацыяльных сетках. «Парад дыскусій» працягваецца. Вось і на партале TIO.BY дыскусія ўзнікла пры артыкуле «Чеслав Шульга просит вынести на обсуждение альтернативный вопрос по бейджу белорусского экскурсовода». Зразумела, тэма артыкула не адпавядае гэтаму абмеркаванню, таму хочацца асобна выказацца на тэму «как правильно по-английски» і «американцы не смогут прочитать». І буду ўдзячны ўсім, хто выкажа абгрунтаваныя заўвагі, а не прыме пазіцыю «як ёсць, так і добра» і «не варта абмяркоўваць, калі нічога не можаш змяніць».
Важнасць пытання
Уласныя назвы з'яўляюцца адным з важных паказчыкаў нацыянальнай ідэнтычнасці. У сённяшнім свеце для моў, якія выкарыстоўваюць нелацінскі алфавіт, існуе практычная неабходнасць напісання нацыянальных онімаў графічнымі сродкамі лацінскага алфавіта. І пры такім напісанні яны могуць захоўваць сваю нацыянальную форму або спрабаваць прыстасавацца пад чужую. Пазітыўным прыкладам на Беларусі з'яўляецца спроба нармалізацыі лацінскага напісання геаграфічных назваў. Але акрамя геаграфічных існуюць яшчэ іншыя ўласныя назвы. Што здаровы сэнс калісьці пераможа і беларускія імёны і прозвішчы ў дакументах будуць пісацца беларускай лацінкай (або варыянтам транслітарацыі, утвораным ад яе), сумнявацца не прыходзіцца. Адбудзецца гэта праз год або праз дваццаць год – невядома. Але адбудзецца. Бо спецыялісты, якія займаюцца гэтай тэматыкай, бачаць недарэчнасць выкарыстання англійскай транслітарацыі. Любая сістэма транслітарацыі выкарыстоўваецца выключна для моў, якія не маюць уласнага варыянту лацінскага алфавіта. А беларуская мова, у адрозненні ад рускай, такі варыянт мае.
Як паказалі абмеркаванні на старонцы tio.by, пераважная большасць удзельнікаў лічыць, што на бэджах беларускіх экскурсаводаў імя і прозвішча павінны быць напісаны па-беларуску, а не па-руску. Але шмат хто выказаўся, што ў англійскім варыянце павінна быць напісана ў англійскай транслітарацыі, а не беларускай лацінкай. Дык прабачце, чым такая «амерыканізацыя» прозвішчаў лепшая ад русіфікацыі? Чаму кірыліцай беларускае прозвішча павінна мець нацыянальны выгляд, а ў лацінскай форме не? Калі мы пакінем толькі практычны момант у абмеркаваннях, а нацыянальна-культурны кампанент адкінем, дык і па-беларуску няма сэнсу пісаць. Амерыканцам зручней чытаць «па-англійску», рускім – па-руску, а пераважная большасць турыстаў, якія наведваюць Беларусь, з Расіі. Дык бэдж павінен мець нацыянальны кампанент або трэба абмежавацца выключна практычнасцю?
Ці варта ўздымаць тэму, калі нічога змяніць не можам?
Зразумела, што наўрад ці вось так, адразу, атрымаецца афіцыйна ўвесці напісанне беларускіх антрапонімаў лацінкай. Але абмяркоўваць пытанне варта. Калі нават некалькі чалавек даведаецца пра сутнасць справы з лацінскім напісаннем беларускіх назваў, ад дыскусіі будзе больш карысці, чым ад пазіцыі «ёсць англійская транслітарацыя, да ўлад не дацягнемся, нічога не зменім, таму няма чаго і дыскутаваць».
Звярніце ўвагу на сітуацыю са схемамі ў метро. Чаму яны шмат у каго выклікалі шок і такой вострай была рэакцыя на рэпартаж Onliner'a? Можа, праблема проста ў тым, што не былі зробленыя крокі па папулярызацыі прынятай яшчэ ў 2000 годзе «Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта» і данясенні сутнасці да грамадства? Таму гэтае самае грамадства і заблыталася ў «не ведаю аб гэтым», «няправільна напісалі», «я ж дакладна ведаю, як правільна па-англійску»...
У інтэрнэце бачна, што з кожнай публікацыяй, кожнай дыскусіяй на тэму лацінкі колькасць беларусаў, якія пішуць свае імёны лацінкай, а не «правильно по-английски», на тым жа Facebook’у няўхільна расце. І пакуль няма гэтага афіцыйнага напісання, ёсць плюсы такога напісання ў неафіцыйных месцах – у сацыяльных сетках, публікацыях і г. д. Такі варыянт паказвае, што беларуская мова мае нацыянальную форму лацінскага напісання.
Практычныя аспекты пытання
Сутнасць зусім не ў тым, што ўсе ведаюць, як правільна чытаць літары з дыякрытыкамі, а ў тым, што носьбіты пераважнай большасці моў з лацінскай графічнай сістэмай ведаюць, што іншаземныя ўласныя назвы не трэба прабаваць чытаць, як родныя, а трэба ведаць, як яны правільна чытаюцца. Тыя, хто добра валодае англійскай мовай, ведаюць, што ў неангламоўных краінах назвы напісаны не па правілах англійскай мовы. Таму якраз у англамоўных падарожнікаў, у адрозненні ад беларусаў, шоку ад беларускай лацінкі з дыякрытыкамі не будзе.
Арыгінальнае напісанне, у адрозненні ад сістэм транслітарацыі, дае аднолькавае напісанне ў пераважнай большасці моў з лацінскай графічнай сістэмай. А калі ўжо транслітаруем на англійскую мову, то ў адпаведных выпадках трэба транслітараваць на французскую, нямецкую, польскую, венгерскую і г. д.
Зрабіце эксперымент. Пашукайце ў інтэрнэце інфармацыю на розных мовах з лацінскай графікай пра рускага кампазітара Чайкоўскага, з улікам УСІХ УНІВЕРСАЛЬНЫХ сістэм транслітарацыі і інфармацыю на розных мовах з лацінскай графікай пра польскага пісьменніка Міцкевіча і былога югаслаўскага прэзідэнта Мілошавіча... Які пошук лягчэй пайшоў?
Ёсць праблемы і ў адукацыі. Нават тыя, хто дэкларуе, што «вельмі добра ведаюць англійскую мову» і «з'яўляюцца выпускнікамі МДЛУ», не могуць адказаць на просценькае пытаннечка: чаму па-англійску пішацца Czech Republiс, Schwarzenegger, Miloљevi?, Kusturica, Mickiewicz, Skopje?
Вось гэтае няведанне прынцыпаў арыгінальнага напісання ў мовах з лацінскай графічнай сістэмай і прыводзіць да з'яўлення дзіўных форм у беларускай турыстычнай літаратуры на замежных мовах. Напрыклад, Mickevich, Mitskevich, Mizkewitsch, Aginsky, Maniushka, Azheshka, Ozheshko, Kastsiushka, Tadeush Kostyushko...
Паважаныя перакладчыкі! Паспрабуйце знайсці такое напісанне ў публікацыях, напісаных носьбітамі англійскай мовы...
Уявіце сабе: падарожнічае амерыканец або прадстаўнік азіяцкай краіны па Еўропе. І едучы, напрыклад, з Лісабону ў Мінск, ён на Беларусі ўпершыню сутыкнецца са спробай напісання ўласных імён «правильно по-английски». Адкуль ён будзе ведаць, што Беларусь – выключэнне з еўрапейскіх краін і трэба чытаць як па-англійску?
Звярніце ўвагу, у еўрапейскіх гарадах назвы напісаны толькі ў нацыянальнай форме. Таксама яны напісаны і ў турыстычных даведніках і на картах у розных моўных варыянтах, якія можна бясплатна ўзяць у пунктах турыстычнай інфармацыі або недзе набыць. І калі група сяброў возьме карты на розных мовах (што ў выпадку маіх падарожжаў з сябрамі здаралася часта), адзін – па-англійску, другі – па-руску, трэці – па-польску, чацвёрты – па-нямецку і г. д., то ўсё адно ва ўсіх моўных варыянтах уласныя назвы будуць напісаныя абсалютна аднолькава – на мове краіны, а не на мове карты! І дзякуючы гэтаму няма ніякіх цяжкасцяў са знаходжаннем патрэбнага месца, напрыклад, на схеме метро. А выпадкаў, калі трэба супаставіць напісанне ў схемах і на картах, здараецца значна больш, чым неабходнасць гэтыя назвы прачытаць правільна...
Дык чаму Беларусь павінна ісці іншым шляхам, а не выкарыстоўваць досвед еўрапейскіх турыстычных сталіц?
А калі ўжо насамрэч хочам дапамагчы іншаземным турыстам чытаць беларускія назвы, можа, варта ў турыстычных даведніках і картах змяшчаць невялічкую таблічку з літарамі лацінкі і прыкладным адпаведнікам мовы выдання? Мова выдання англійская: літара лацінкі – англійскі адпаведнік, італьянская – італьянскі, нямецкая – нямецкі, польская – польскі… Можа, іншаземцу будзе лягчэй пераправерыць некалькі літар, чым перабіраць варыянты, як чытаць: «ch» – «х» ці «ш», ці «ч» ці «к» або «ts» – «тс» або «ц»? А назвы, напісаныя ў арыгінальным варыянце, у даведніках і картах на розных мовах і на інфармацыйных указальніках будуць аднолькавыя! Як і ва ўсім цывілізаваным свеце…
Такое стаўленне беларусаў да напісання ўласных назваў інакш як комплексам вышэйшасці англійскай мовы назваць цяжка. Як правільна, дык па-англійску, а як не па-англійску, дык няправільна… Чаму не маюць такога комплексу (прынамсі, у сферы ўласных назваў) суседзі-палякі, літоўцы, латышы; не суседзі, але славяне, – славакі, чэхі, сербы, чарнагорцы, славенцы?..
На заканчэнне яшчэ раз хачу падкрэсліць, што сітуацыю не атрымаецца змяніць тут і зараз. Тут трэба яшчэ шмат працы па данясенні ведаў у сферы напісання ўласных імёнаў у грамадства. Бо, звярніце ўвагу: большасць тых, хто лічыць, што ведаюць, як правільна па-англійску, насамрэч гэтага не ведаюць, але бясконца ўпэўненыя ў сваім веданні. А ўсё толькі таму, што англійскую мову ведаем, нейкія падставовыя прынцыпы транслітарацыі ведаем, а вось таго, што транслітарацыя павінна выкарыстоўвацца толькі ў выпадках адсутнасці нацыянальных формаў лацінскага напісання, чамусьці не ведаем...