Дар’я ГУШТЫН
На прэзентацыю кнігі «Kiwi Paradise» у Мінску яе аўтар Інга Пэц прыйшоў у панаме, шортах, высокіх ботах і яркіх шкарпэтках. На вуліцы было мінус пяць, чытацкая аудыторыя грэлася кавай і закутвалася ў шалікі. А нямецкі журналіст дэманстраваў усім сцяг «Новай Зеландыі», які быў замацаваны ў ківі, усміхаўся і стараўся сваім выглядам, словамі і паводзінамі паказаць, як жывуць у Новай Зеландыі.
Новая Зеландыя – новае жыццё
У жыцці кожнага чалавека ёсць месца подзвігу, рызыцы і проста авантурнасці. Аднойчы новазеландскае Міністэрства турызму запрасіла яго як журналіста напісаць колькі нарысаў пра побыт і лад жыцця новазеландцаў для нямецкіх чытачоў. І хоць да гэтага спадар Пэц вандраваў па больш вядомых і даследаваных мясцінах, прапанову наконт Новай Зеландыі прыняў з задавальненнем.
- Пра краіну як такую да гэтай паездкі я амаль нічога не ведаў. Але адразу вырашыў, што я мушу пакінуць гэтую ўнармаваную і ўрэгуляваную Германію, і эмігрыраваць у Новую Зеландыю. І не памыліўся, бо з першага погляду, як кажуць, закахаўся ў новую краіну. Не палюбіў, а менавіта закахаўся!
Такую навіну няпроста ўспрынялі яго бацькі:
- Калі сказаў пра сваё рашэнне бацькам за нядзельнай вячэрай, маці перапытала: «Табе настолькі не спадабалася смажаніна?»
Вось так нямецкі журналіст адправіўся ў Новую Зеландыю – адно з самых аддаленых і маласпазнаных месцаў нашай зямлі. Грошай у яго было назапашана няшмат, таму спадару Пэцу прыйшлося там працаваць.
- Я паводзіў сябе так, як сапраўдны новазеландзец. Бо, ведаеце, у іх гэта такая жыццёвая філасофія – жыць як жывецца – сёння ты прафесар, а заўтра можаш гадаваць цялят. Новазеландцы вельмі часта змяняюць свае прафесіі і свой лад жыцця.
Такім чынам, Інга Пэц працаваў у кавярнях, на жывёлагадоўчых фермах, але ў рэшце рэшт вярнуўся да свайго асноўнага занятку – журналістыкі. Нагода была асаблівая. Новая Зеландыя – гэта краіна з дзвюх выслаў, дзе вакол шмат вады, таму водныя віды спорту вельмі папулярныя. І там праводзіцца буйная рэгата. Журналіст вырашыў напісаць пра гэта, і рэдактары ў Нямеччыне ўпадабалі яго задуму.
Знаёмства з народам маары
Калі сустракаешся з новым народам і новай культурай, часта здараюцца цікавыя і недарэчныя рэчы. Калі Інга разам са сваімі знаёмымі прыехаў на сустрэчу да маары, іх папрасілі праспяваць усіх разам песню, якая б ахарактарызавала краіну, адкуль яны прыехалі, і мэты, з якімі яны прыехалі ў Новую Зеландыю. Вось тут і ўзнікла праблема, бо песню, якую ведалі ўсе ад пачатку да канца, доўга не маглі вызначыць. І вось падчас тых развагаў, нямецкаму журналісту ўзгадалася яго выхавацелька з дзіцячага садка, якая калі бачыла яго сціпласць у агульных песнапеннях, заўсёды казала: «Інга, калі не хочаш спяваць, можаш проста ціхенька пастаяць побач». У Новай Зеландыі сітуацыя была іншай. І спяваць трэба было ўсім.
Калі вандроўнікі вытрымалі гэтае першае выпрабаванне, ім дазволілі прайсці ў жытло. Але яны павінны былі павітацца з мясцовымі жыхарамі паводле іх традыцый. Гэта значыць дакрануцца ілбом да ілба і пацалаваць адзін аднаго па–сяброўску. Досыць дзіўная традыцыя, як падалося турыстам першы раз. Але маары лічаць, што такім чынам дух аднаго чалавека вітаецца з духам іншага чалавека. Дарэчы, у Новай Зеландыі прадстаўнікі маары складаюць 15% усяго насельніцтва. І гэты паказальнік увесь час павялічваецца.
Культура і самабытнасць маары была прынята на дзяржаўным узроўні не так даўно, але сёння і тэлебачанне, і газеты карыстаюцца мовай маары, якая, дарэчы, з’яўляецца другой дзяржаўнай. Вывучэнне мовы маары абавязковае ў школах для ўсіх новазеландцаў.
Унікальнасць Новай Зеландыі
Інга верыць, што шчасце Новай Зеландыі і яе унікальнасць заключаюцца ў геаграфічнай незвычайнасці. Бо людзі, якія там жывуць, знаходзяцца на самым краі гісторыі і свету, дзе ёсць землятрусы і вулканы. І менавіта таму, на яго погляд, гэтыя людзі больш свабодныя і бестурботныя. Зразумела, што новазеландцы не задумваюцца пра такую сваю унікальнасць і не разумеюць яе выключна як шчасце, але ў іх няма адчування калектыўнай паранойі, страху і мітусні. Часам задецца, што б ні здарылася, мясцовыя жыхары ўспрымуць гэта спакойна, як мае быць.
Што цікавіць турыстаў?
Новая Зеландыя цікавая для турыстаў, дзякуючы свайму незвычайнаму месцу знаходжання, а з гэтага і вынікае унікальная прыгажосць. Апроч таго, сапраўды развіты сэрвіс, транспартныя паслугі і экскурсійныя прапановы на любы густ. Сёння ў сферы турызму ў гэтай краіне працуе каля 18 тысяч прадпрыемстваў. І штогод Новую Зеландыю наведвае каля 2,5 тысячы турыстаў. Прыцягальным для турыстаў з’яўляецца не толькі прырода, але і некаторыя брэнды Новай Зеландыі. Напрыклад, домікі хобітаў, якія набылі сваю папулярнасць, дзякуючы фільму «Уладальнік пярсцёнкаў». Інга Пэц, які даследаваў казачныя лясы, кажа, што зараз там практычна нічога не засталося, але атмасфера чараўніцтва ўсё адно прыцягвае людзей.
Нацыянальныя сімвалы
Птушка ківі асацыюецца з Новай Зеландыяй у кожнага, хто хоць штосьці чуў пра гэты край. Птушка гэтая настолькі папулярная, што ў сярэдзіне ХХ стагоддзя яе імем назвалі плады расліны, якую сёння Новая Зеландыя экспартуе ва ўсе краіны свету. Тое, што спачатку лічылі бульбай (з-за вонкавага падабенства), сёння ведаюць усе. Дарэчы, слова «ківі» стала саманазвай і міжнароднай нацыянальнай мянушкай новазеландцаў.
Розныя краіны, але падобныя людзі
Апроч Новай Зеландыі, Інга Пэц некаторы час пражыў у Азербайджане. Вынікам той паездкі стала кніга «Гадзіннік з зязюляй у Баку. Вандроўка ў краіну, якая насамрэч ёсць». Тут ён таксама вывучаў норавы мясцовых жыхароў, іх традыцыі і звычкі. Таму можа параўнаць жыццё ў супрацьлеглых кропках свету побач з розымі людзьмі. Ён кажа, што новазеландцы, у адрозненне ад азербайджанцаў, не бегаюць па горадзе, нахабна парушаючы правілы дарожнага руху. Азербайджанцы больш эмацыйныя і экспрэсіўныя ў сваіх знешніх дзеяннях. Яны п’юць гарэлку і носяць вусы. Аднак ёсць і агульнае ў гэтых двух народаў – гэта іх бясконцая любоў да авечак. Таму Інга Пэц лічыць, што жыхарам гэтых дзвюх краінаў абвязкова трэба лепш пазнаёміцца.
Паміж Азербайджанам і Новай Зеландыяй
Наступная кніга эсэ, якую ўжо зараз піша Інга, будзе прысвечана Беларусі. Нямецкі журналіст добра знаёмы з беларускай рэчаіснасцю. У свой час ён доўга вандраваў па нашай краіне. Апроч таго, Інга Пэц – аматар беларускага року. Ён зацікавіўся беларускай музыкай, пачуўшы калісці «Народны альбом». У першую чаргу яго зачаравалі тэксты, праз якія ён нават крыху падвучыў беларускую мову. Інга ўваходзіць у згуртаванне «Беларусы ў Берліне», створанае з ініцыятывы выпускнікоў Берлінскага вольнага універсітэта. У 2006 годзе ён займаўся серыяй канцэртаў «N.R.M.» у Нямеччыне, а потым разам з калегамі выдаў у Германіі дыск «The Red Book of Belarusian Music». Кніга пра Беларусь, паводле слоў журналіста, будзе ўзважанай, грунтоўнай. Яна раскажа пра розныя закуточкі белакрылай і сінявокай краіны, якую сам Інга Пэц з задавальненнем аб’ездзіў.
Die Rückführung zu Deutschland
У Новай Зеландыі Інга Пэц пражыў два гады. І стыхійнасць у прыняцці рашэнняў, пастаянныя змены і сюрпрызы гэтага новага жыцця яму падабаліся. Але аднойчы ён пачаў шукаць беларускі рок у інтэрнэце. Прайшоў яшчэ некаторы час, і яму стала не хапаць нацыянальнай нямецкай кухні, сяброў і родных…
– Гэта быў шыкоўны экскурс у д’ябальскі свабодную краіну. І гэтая экзотыка пакінула вялікі след у маёй душы, але для жыцця я вырашыў вярнуцца на Радзіму, – кажа Інга Пэц і з усмешкай дадае, – Хоць не выключаю, што мяне ізноў павярне на той бок свету, зусім не падобны да нашага з вамі еўрапейскага жыцця.
Цікавыя факты, якія Інга Пэц распавёў пра Новую Зеландыю:
- Новозеландская мова жэстаў набыла статус трэцяй афіцыйнай мовы краіны.
- Новая Зеландыя стала першай краінай, якая прадаставіла роўныя выбарчыя правы жанчынам. І пэўны час Новая Зеландыя была адзінай краінай у свеце, дзе ўсе найвышэйшыя дзяржаўныя пасады займалі жанчыны.
- Таўматаўакатангіангакоаўаўотаматэатурыпукакапікімаўнгахоронукупакануэнуакітанатаху – так называецца невысокая гара на Паўночнай выспе. Гэта адзін з самых доўгіх тапонімаў ў свеце.
- Новазеландцы – вельмі загартваны народ. Знаходзячыся на здымачнай пляцоўцы фільма «Уладар пярсцёнкаў», журналіст з Нямеччыны і яго калегі былі апранутыя ў цёплыя курткі. У гэты час як знакаміты рэжысёр фільма Пітэр Джэксан быў апрануты ў цішотку, шорты і быў босы.
Фотаздымкі з архіву героя.