Яўген ГУЧОК
Ужо пайшла інфармацыя, што беларускі завод вінаградных він (і, магчыма, шампанскага) «Дыёніс» пераіменаваны і цяпер будзе насіць назву «Бульбаш». Гэта, вядома, яшчэ і да таго, што шматлікія паліцы віна-гарэлачных крам і аддзелаў у крамах ушчыльную застаўлены і бутэлькамі з гарэлкай пад назвай «Бульбаш». І яшчэ не знік намер прысуседзіць да Курапат, дзе ляжаць нявінныя ахвяры недалёкай звыштрагічнай мінуўшчыны нашай Радзімы, рэстаранны комплекс «Бульбаш-хол». Сёння гэтыя назвы – дэфініцыі і тыя з’явы, за якімі яны стаяць, выклікаюць вострыя дыскусіі, асабліва ў прасторы незалежных СМІ, інтэрнэце і г. д. Адны бачаць у іх абразу сваёй чалавечай, нацыянальнай і грамадзянскай годнасці; другія, хітравата ўсміхаючыся і чагосьці вычэкваючы, разыгрываюць нібыта ўласны нейтралітэт; трэція – абыякавыя і г. д. Роскід думак і адносін тут – шырокі. Але нідзе і ніхто пакуль не нагадаў, дзе, у якім асяроддзі ўзнікла такое вызначэнне – «бульбаш» і да каго (чаго) яно «прышпільваецца».
А ўзнікла яно ў турэмна-лагерна-блатным свеце і пазней было зафіксавана ў «Словаре тюремно-лагерно-блатного жаргона (Речевой и графический портрет советской тюрьмы)», што быў выдадзены і друкарскім шляхам (афіцыйна) у 1992 годзе выдавецтвам «Края Москвы» ў Маскве. Аб’ём выдання – каля паўтысячы старонак. Можна сабе ўявіць, колькі і якой там прысутнічае «фені» (жаргону, арго), звычайна з насмешлівай, а то і цынічнай афарбоўкай. Дык вось з 35-й старонкі гэтага выдання на нас глядзіць-пазірае радок з тэкстам: «Бульбаш – белорус».
Не станем тут распавядаць-расшыфроўваць гістарычнае (каланіяльнае – з кацярынінскіх часоў) паходжанне (этымалогію) гэтага зместу, але маем усе падставы сцвярджаць, што тыя, хто ўзяўся будаваць рэстаранны комплекс «Бульбаш-хол» на костках нявінных ахвяр крамлёўскага рэжыму ў Курапатах, з’яўляюцца стоадсоткавымі носьбітамі турэмна-лагерна-блатной псіхалогіі і ідэалогіі ў памяркоўным, талерантным і абыякавым грамадстве сённяшняй Беларусі.
Прышпільванне назваў «Бульбаш» да рэстараннага комплексу, гарэлкі, віна адбываецца, трэба спадзявацца, не імпартным чынам-шляхам, а мясцовымі ініцыятывамі. Не будзем удакладняць нацыянальную прынадлежнасць тых iнiцыятараў, але адназначна можна сказаць, што яны вольна ці міжвольна – наўмысна агрэсіўна ці па наіўнай дурасці ненавідзяць Беларусь і ўсё беларускае. А назва ж гэтай з’яве, па вызначэнні Ф.М. Дастаеўскага, – смердзякоўшчына.
І яшчэ. Хіба можна ўявіць сабе, каб у Расіі, ва Украіне, у Польшчы, Літве і іншых землях якія-небудзь аб’екты ці тавары, што вырабляюцца там, могуць мець назвы: «маскаль», «кацап», «хахол», «пшэк», «лабус» і г. д.? А сёе-тое з гэтага моўна-разумовага смецця зафіксавана ў названым вышэй зборніку.
Дарэчы, гэты слоўнік утрымлівае ў сабе і бліскучы артыкул акадэміка Дз. С. Ліхачова «Черты первобытного примитивизма воровской речи», напісаны ў 1935 годзе, адразу пасля яго вызвалення са зняволення на Салаўках.