https://www.traditionrolex.com/8
<p>Гістарычная рэканструкцыя ў свеце дасягнула таго ўзроўню, каб стварыць самадастатковы турыстычны прадукт, і каб фестывалямі сярэднявечнай культуры пачалі цікавіцца ў сферы турбізнесу. Гэта ў свеце. У нас спробам арганізацыі гістарычных імпрэз заўсёды чагосьці бракавала: сіл, фінансаў, удзельнікаў, турыстаў. Арганізатары імкнуліся ўразіць колькасна, што атрымлівалася не заўсёды якасна. Дні сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» ў Браславе ўпершыню былі максімальна набліжаны да еўрапейскіх аналагаў, якія перадусім робяць акцэнт на якасць ды імкнуцца аддзяліць аўтэнтычнае ад сучаснага.</p>

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ, фота Юрыя ПАЛУЦКАГА

Гістарычная рэканструкцыя ў свеце дасягнула таго ўзроўню, каб стварыць самадастатковы турыстычны прадукт, і каб фестывалямі сярэднявечнай культуры пачалі цікавіцца ў сферы турбізнесу. Гэта ў свеце. У нас спробам арганізацыі гістарычных імпрэз заўсёды чагосьці бракавала: сіл, фінансаў, удзельнікаў, турыстаў. Арганізатары імкнуліся ўразіць колькасна, што атрымлівалася не заўсёды якасна. Дні сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» ў Браславе ўпершыню былі максімальна набліжаны да еўрапейскіх аналагаў, якія перадусім робяць акцэнт на якасць ды імкнуцца аддзяліць аўтэнтычнае ад сучаснага.

br1

Адпаведнасць месца гістарычнаму настрою

У суседніх з намі краінах рэканструктарскі рух спрыяе развіццю турызму. Аб гэтым сведчаць пэўныя лічбы. Сорак тысяч турыстаў наведвае фестываль сярэднявечнай культуры ў Воліне. Колькасць наведвальнікаў Біскупіна і Грунвальда набліжаецца да ста тысяч. Безумоўна, гэтыя лічбы раслі гадамі, за якімі хаваецца сур’ёзная арганізатарская праца. Тым не менш значнай палёгкай у ёй можа стаць выбар месца для правядзення будучай імпрэзы. У дадзеным выпадку Браслаў – адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі: першая згадка аб ім сустракаецца ў 1065 годзе. «Гэты горад мае дастаткова ўмоў, каб тут усё ў межах фестывалю выглядала натуральна, – распавядае краязнавец, аматар «жывой» археалогіі Кастусь Шыдлоўскі. – Цудоўная пляцоўка на гарадзішчы Замкавая гара, азёры, гістарычная аўра мястэчка, сімвал Браслава «Божае вока наканавання» зліваюцца з ідэяй яго правядзення». Што тычыцца памераў Браслава – гэта невялічкае мястэчка з насельніцтвам не больш за дванаццаць тысяч, якое, праўда, у летні сезон павялічваецца ў некалькі разоў. «У свеце шмат гарадоў, якія адміністрацыйна не маюць вялікага значэння, – распавядае аматар «жывой» археалогіі, ганчар Валеры Зінкевіч. – Кернава – гэта вёска за 30 кіламетраў ад Вільні. Аднак з пункту гледжання культурнай і гістарычнай – гэта месца, адкуль па сутнасці бярэ карані Літва». Такім чынам, фестываль у Кернаве для літоўцаў – гэта сярод іншага аўтамабільныя заторы ад самай Вільні і трыццаць тысяч наведвальнікаў за тры дні. Браслаў, безумоўна, не з’яўляецца духоўным цэнтрам Беларусі, аднак са з’яўленнем якаснага рэканструктарскага фэсту можа ім стаць. І колькасць наведвальнікаў з тысячы, што таксама няблага для маленькага гарадка, можа ў разы павялічыцца.

Паміж сучасным і аўтэнтычным мусіць быць выразная мяжа

Ад большасці беларускіх фэстаў браслаўскі адрозніваўся арганізацыяй гістарычнай пляцоўкі. Сучасныя сувенірныя вырабы, дзіцячыя забаўкі і попкорн знаходзіліся па-за межамі тэрыторыі фестывалю і не парушалі яго гістарычнай канцэпцыі. Як і на заходніх фестывалях удзельнікі выбіралі сабе месца начлегу: размясціцца можна было на турыстычнай базе, ці ў рыцарскім стане, які ўдзень быў адкрыты для турыстаў, а пасля заканчэння афіцыйнай праграмы – станавіўся месцам адпачынку рыцарскіх клубаў. Каб стаць жыхаром лагера, удзельнікі мусілі выканаць пастаўленыя арганізатарамі патрабаванні: мець гістарычны намёт, строі і начынне для прыгатавання і ўжывання ежы. Такім чынам, арганізатарам удалося пазбегнуць сучасных пластмасы і пластыку. Па сутнасці, жыхары лагера былі жывой экспазіцыяй і ахвотна дазвалялі сябе фатаграфаваць. А турысты маглі атрымаць уяўленне, як і ў чым гатавалася ежа, з чаго яе елі, у чым працавалі і адпачывалі нашы продкі, чым займаліся ў вольны ад працы час. Нават рамеснікі, якія хацелі прадаць свае вырабы, мусілі ісці на хітрасці: калькулятар лёгка змяшчаўся ў драўляную скрынку, якая нагадвала таблічку для пісьма. Такія патрабаванні – звычайная еўрапейская практыка, упэўнены арганізатары. Ёсць шмат прыкладаў фестываляў, дзе дагляд удзельнікаў больш жорсткі ў разы. «На Грунвальдзе сочаць за тым, каб нават бялізна была пашыта ўласнымі рукамі і абавязкова аўтэнтычным сцяжком, – распавядае ўдзельнік рэканструктарскага руху. – Рыцары, рамеснікі і музыкі хаваюць ад турыстаў тэлефоны, фотаапараты, і крый Божа, у вас убачаць нафарбаваныя пазногці!» Не для турыстаў аматары эксперыментальнай археалогіі ідуць на гэтыя ахвяры – сучасныя элементы ў гістарычным строі ўспрымаюцца паплечнікамі грэбліва і могуць пахіснуць ваш аўтарытэт.

br2

Навуковы ўзровень фестываляў трэба павышаць

Абавязковыя складнікі любога сярэднявечнага свята – ваярства, рамеснікі і музыкі – прысутнічалі і на Замкавай гары ў Браславе. Аднак сярод удзельнікаў былі навукоўцы-гісторыкі і археолагі, якія значна павысілі навуковы ўзровень фэсту. Мікалай Плавінскі, які ўжо некалькі гадоў кіруе раскопкамі на Браслаўшчыне, распавядаў аб методыцы археалагічнага раскопу і паказаў спосабы кансервацыі керамікі. Прэзентацыя, разлічаная збольшага на дзяцей, цікавіла і дарослых. «Калі гісторыя ажывае, фармуецца разуменне сваіх каранёў, свайго паходжання, сённяшняга дня і нават будучыні», – аб «жывой» археалогіі разважае гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў. Разам з калегам гісторыкам Андрэем Кіштымавым Сяргей бярэ ўдзел у праекце, ідэя якога нарадзілася ва Украіне. Пры Інстытуце археалогіі Украінскай акадэміі навук была створана лабараторыя па рэканструкцыі старажытных тэхналогій, кіраўнік якой зацікавіўся даследаваннем водных шляхоў. Паводле старажытных тэхналогій было збудавана некалькі суднаў, на якіх паслядоўнікі Тура Хеердала рабілі свае вандроўкі. Паколькі большасць маршрутаў праходзіла праз Беларусь, украінцы запрасілі да ўдзелу ў экспедыцыі беларусаў. За дзесяць гадоў экіпаж прайшоў тры тысячы кіламетраў, праплыў тры моры: Азоўскае, Чорнае і Балтыйскае, і прайшоў безліч рэк, сярод якіх Нява, Дняпро, Прыпяць, Заходні Буг, Вісла, Дон. Навукоўцы эмпірычным спосабам даследавалі шлях «з варагаў у грэкі», шаўковы і бурштынавы шляхі. Сёлета ў другой палове ліпеня экспедыцыя пройдзе праз Чорнае мора. «Мы адзіная краіна, якая не мае ўласнага судна, – кажа археолаг. – Існуе меркаванне, што мы не марская дзяржава. Наадварот, большасць водных шляхоў праходзіла праз Беларусь. У нас ёсць майстры, гатовыя зрабіць судны, і людзі, гатовыя сесці на борт. Мы з калегамі маем распрацоўкі і турыстычных маршрутаў, і тэхнічнае ўвасабленне караблёў». Засталося знайсці цікаўных людзей, якія б згадзіліся ўкласці ў авантуру грошы. Магчыма, удзел у падобных фестывалях паспрыяе іх паспяховаму пошуку. Як паказаў браслаўскі фэст, наш глядач не цалкам падрыхтаваны да сур’ёзных размоў на свежым паветры: іх больш цягнула да забаўляльных відовішчаў, бугуртаў і танцаў. Аднак «выхаванне» турыста павінна ісці паступова, упэўнены арганізатары. 

Узровень майстроў таксама быў вельмі высокі. Яны дэманстравалі старажытныя рамёствы, рэканструкцыяй якіх займаюцца ўжо некалькі гадоў. Ткацтва на вертыкальных кроснах, прадзенне на верацяне, апрацоўка і фарбаванне воўны, тэхналогіі вырабу лямцу, іголкавае пляценне, выраб абутку і ташак са скуры, пляценне сетак, кублаў, туясоў, старажытнае пісьменства – і гэта няпоўны пералік таго, што можна было ўбачыць на свяце. Большасць майстроў мае запрашэнне на заходнія фестывалі, дзе беларускія вырабы цэняцца вельмі высока. Рэканструктарскі рух распаўсюджваецца і сярод ваярства. У Браслаў сёлета прыехалі дзевяць гістарычных клубаў з Полацка, Віцебска, Мінска. Па ўзроўні ўзбраення і гістарычнага аддзення рэгіянальныя не саступалі сталічным. І гэта пры тым, што рэканструкцыя для большасці ўдзельнікаў – гэта хобі, а пасля ўжо сродак заробку. «Каб стварыць якасны лакальны фэст, – перакананы арганізатары, – навуковы ўзровень не павінны саступаць забаўляльнаму. На сёння гэта слабы момант большасці сярэднявечных імпрэз на Беларусі».

Без інфраструктуры аднаго відовішча мала

Дастаткова правесці імпрэзу тры разы, і яна робіцца традыцыйнай. Гэта на руку турыстычным кампаніям, якія актыўна, і ў Польшчы, і ў Літве, супрацоўнічаюць з арганізатарамі гістарычных фэстаў і прымушаюць статыстыку наведвальнікаў змяняцца на карысць не асобных турыстаў, а арганізаваных груп. На жаль, адсутнасць попыту на падобныя мерапрыемствы прымушае беларускія турфірмы не ўносіць іх у спіс запланаваных мерапрыемстваў. Безумоўна, фестываль не можа стаць прывабнай прапановай для турыстаў і турыстычных агенцый, не маючы добрых умоў для іх размяшчэння, асабліва калі на імпрэзу даводзіцца ехаць далёка. Браслаў вядомы як курортны гарадок, аднак на сёння яго інфраструктуры не хапае, каб прымаць вялікую колькасць турыстаў. Галоўнай нязручнасцю застаецца харчаванне. Падчас фестывалю турысты маглі пакаштаваць падсмажаныя на вогнішчы праснакі з джэмам ці з маслам і зелянінай, але каб паесці сур’ёзна, даводзілася вяртацца ў горад, дзе працуюць адзін рэстаран і адна кавярня… 

Адзінства часу, дзеяння і месца – прынцыпы антычнай трагедыі дзейнічаюць у сучасных умовах. Калі пры арганізацыі фестывалю іх захаваць, ён стане традыцыйным. «Наяўнасць якаснага лакальнага фэсту магла б падняць узровень турыстыкі ў Браславе, – падводзіць вынік Валеры Зінкевіч. – Да таго ж, магчыма, у горадзе з’явіцца свой гістарычны клуб, паслугамі якога маглі б карыстацца мясцовыя аграсядзібы і навуковыя ўстановы. І Браслаў стане турыстычнай Мекай».

https://www.traditionrolex.com/8