https://www.traditionrolex.com/8
<p>Гарады i мястэчкi, у яких iснавала магдэбургскае права</p>

Працяг. Пачатак у № 15

Яўген ГУЧОК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

Ваўкавыск. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Росi. Упершыню як летапісны Волковыеск упамінаецца пад 1252 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1503 г. Сярод іншых сведчанняў ёсць і такое, што ў назве горада ляжыць імя служылых людзей вялікага князя, якія пад час палявання павінны былі выць па-воўчы і гэтым прынаджваць ваўкоў. Нельга не ўзгадаць пра Ваўкавыскае княства (XIII–XIV стст.) і Ваўкавыскае рукапіснае евангелле (XVI ст.). Ваўкавышчына (маёнтак Жлобаўцы) – радзіма выдатнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910–1983). У 1928 г. яна скончыла Ваўкавыскую жаночую гімназію.

Навагрудак. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах (Новогород, Новогородок, Новый Городок) адносіцца да 1044 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1511 г. Пра Навагрудак як цэнтр палітычнага, рэлігійнага, літаратурнага і іншых галін жыцця існуе багаты спектр рознага рода інфармацыі, які дапаможа нам адчуць подых гісторыі і ў нейкай ступені – вечнасці, калі мы пасля азнаямлення з ім аднойчы станем на Замкавай гары супраць фарнага касцёла, у якім у свой час ахрысцілі Адама Міцкевіча, ці ўздымемся на Курган Бессмяротнасці ў гонар таго ж Міцкевіча. Хто сур’ёзна не наведае Навагрудак з яго музеямі, архітэктурнымі помнікамі, курганамі, руінамі і рэшткамі замкаў і г.д., таму не дадзена глыбока спасцігнуць і таямніцу ўзнікнення Вялікага княства Літоўскага.

Мілейчыцы. Апроч даты прысваення магдэбургскага права ў 1516 г., іншай інфармацыі пра гэты населены пункт пакуль няма.

Камянец. Горад, цэнтр Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. на р. Лясной. Упершыню ўпамінаецца пад 1276 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1518 г. Апроч Камянецкай вежы (XIII ст.), замкава-палацавых комплексаў ( XVIII–XIX стст.), Камянецкая зямля мае на сваім рахунку і антыфеадальныя ўзброеныя выступленні сялян.

Каменец

Рэчыца. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл., пры ўпадзенні ў Днепр ракі Ведрыч. Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213 г. Магдэбургскае права (няпоўнае) атрымана ў 1561 г. На гравюры 1649 г. бачна выява Рэчыцкага замка, які быў разбураны пад час антыфеадальнай вайны (1648–1651). Культурныя і іншыя інфраструктуры тут існуюць, як і ва ўсіх гарадах такога рангу. Але непадалёк ад горада ў Днепр упадае рэчка з памяншальна-ласкавым гучаннем яе імя – Днепрык.

Дзісна. Горад у Міёрскім раёне Віцебскай вобл., на р. Дзісне, пры яе ўпадзенні ў Заходнюю Дзвіну. З X–XI стст. вядома як крэпасць полацкіх крывічоў. Магдэбургскае права атрымала ў 1569 г. Тут, у гарадской царкве знаходзіцца Дзісенскі звон – помнік мастацкага ліцця, адліты з бронзы ў 1751 г. (30.08) ліцейшчыкамі братамі Іванам, Сцяпанам і Максімам Сініцамі.

Радашкавічы. Гарадскі пасёлак у Маладзечанскім раёне Мінскай вобл. Вядомы з 1447 г. Магдэбургскае права атрымана ў 1569 г. Тут знаходзяцца: археалагічны помнік – гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі, а таксама помнікі архітэктуры – касцёл (1858 г., позні класіцызм) і царква пачатку XX ст. У Радашкавіцкай гімназіі, якая існавала ў 1922–1928 гг., з ініцыятывы А. Уласава і П. Крачкоўскага, сярод яе вучняў пэўны час быў народны паэт Беларусі Максім Танк.

Сураж. Гарадскі пасёлак у Віцебскім раёне на р. Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе р. Касплі. Вядомы спачатку як замак (1563); сёння тут замчышча – археалагічны помнік. Як паселішча магдэбургскае права атрымаў у 1570 г. З Суража паходзіў Васіль Суражскі – беларускі і ўкраінскі пісьменнік-палеміст (2-я палова XVI ст.). Пасля смерці Івана Фёдарава кіраваў да 1598 г. Астрожскай друкарняй.

Магілёў. Горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна, порт на р. Днепр. Упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў XIV ст. («Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх»). Магдэбургскае права атрымаў у 1577 г. Магілёў, як і гарады яго рангу, мае вялікую інфармацыйную прастору. І яна чакае нас.

Мазыр. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Мазырскага раёна Гомельскай вобл., найбольшы на Беларусі порт на Прыпяці. У летапісах упершыню ўпамінаецца пад 1155 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1577 г. праз прывілей Стэфана Баторыя. Да таго, што шырока пададзена аб гэтым горадзе ў інфармацыйнай прасторы, неабходна яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што Мазыр у першую чаргу прывабны для турыстаў сваімі ярамі на ўзвышанай і расчлянёнай частцы Мазырскай грады на вышыні 150–200 м. Шчыльнасць яроў – да 30 адзінак на 1 кв. км.

Ула. Гарадскі пасёлак у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе р. Улы. Вядомы з XIV ст. Магдэбургскае права атрымаў ў 1577 г. Славутай ваеннай старонкай у гісторыі ВКЛ сталася Ульская (Чашніцкая) бітва (1564 г.), калі войска М. Радзівіла Рудага (8–10 тысяч чалавек) разграміла 24-тысячную армію маскавіта П. Шуйскага.

Гарадная. Вёска ў Столінскім раё­не Брэсцкай вобл. Вядома з 1448 г. Магдэбургскае права займела ў 1579 г. З XV ст. вядома як ганчарны цэнтр. Яе ганчарныя вырабы (пераважна кераміка) карысталіся шырокім попытам далёка за межамі Беларусі–Літвы. Традыцыі гараднянскай керамікі знайшлі працяг у сучасных майстроў. Каля Гарадной – вялікія радовішчы тугаплаўкіх глін, а таксама фармовачных і шкловых пяскоў.

Пінск. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Пінскага раёна Брэсцкай вобл., у сутоках рэк Піны і Прыпяцi. Як летапісны (Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1581 г. Зноў жа, як і некаторыя іншыя вялікія гарады, Пінск аўтарытэтна прадстаўлены ў самых розных выданнях як дасавецкага, савецкага, так і пастсавецкага часоў. Гэта тычыцца гісторыі, культуры, архітэктуры і іншых галін жыцця грамадства і асобы. І не ўсе жыхары горада і наваколляў былі, ёсць і будуць пінскай шляхтай.

Працяг у наступным нумары

https://www.traditionrolex.com/8