https://www.traditionrolex.com/8
<p>Замак у Любчы… Яшчэ дзесяць гадоў таму здавалася: вось-вось, і Беларусь страціць яго. Назаўсёды? Такая мажлівасць, аднак, не стала яваю, на шчасце. Бо знайшліся людзі, якім было неабыякава, што застанецца ў Любчы нашчадкам – руіны ці адроджаны замак. Больш за дзесяць гадоў таму намаганні любчанскага ўраджэнца Івана Пячынскага і яго паплечнікаў бачыліся ў нейкім сэнсе ледзь не рамантычнымі марамі. Як падняць справу, што патрабуе не толькі матэрыяльных выдаткаў, але і велізарнага цярпення?</p>

Іна ГАРМЕЛЬ, фота з інтэрнэт-сайта ru.lubcza.by

Замак у Любчы… Яшчэ дзесяць гадоў таму здавалася: вось-вось, і Беларусь страціць яго. Назаўсёды? Такая мажлівасць, аднак, не стала яваю, на шчасце. Бо знайшліся людзі, якім было неабыякава, што застанецца ў Любчы нашчадкам – руіны ці адроджаны замак. Больш за дзесяць гадоў таму намаганні любчанскага ўраджэнца Івана Пячынскага і яго паплечнікаў бачыліся ў нейкім сэнсе ледзь не рамантычнымі марамі. Як падняць справу, што патрабуе не толькі матэрыяльных выдаткаў, але і велізарнага цярпення? Дабрачынны фонд «Любчанскі замак» і тыя, хто вакол яго гуртуюцца, ужо даўно прызвычаіліся жыць, так бы мовіць, у рэжыме пераадольвання, перамагання. У гэтым я зноў пераканалася, калі наведала чарговую гадавую справаздачу дзейнасці фонда. Сёлета яна стала юбілейнай – дзясятай…

Праца-на-Любчанскім-замку-–-яскравы-прыклад-таго,-як-можна-заняць-моладзь-па-сапраўднаму-карыснай-справай

…Нават турысты цэглу падносілі!

Калі вы думаеце, што рэстаўрацыя замка – нейкая там забава, несур’ёзнае марнаванне часу… Прыязджайце ў Любчу, там і пабачыце, як усё лёгка даецца! Зрэшты, справа­здача дырэктара фонда «Любчанскі замак» Івана Пячынскага аб зробленым за 2012 год амаль што перанесла прысутных на замак: да прыкладу, мы ўявілі сабе камін, вакол якога было так многа навуковых спрэчак. (Вось, дарэчы, і сведчанне таго, што да кожнай дэталі, кожнага куточка замкавага аднаўленцы падыходзяць вельмі беражліва, пісьменна з пункту гледжання гістарычнай адпаведнасці!). Пячынскі самакрытычна заўважыў, што «на Кутняй вежы фактычна і конь яшчэ не валяўся, наперадзе – шмат працы». А вось Брамная працягвае аднаўляцца і… здзіўляць заўзятараў. На гэтай вежы апошнім часам перарабілі часовую падлогу, пад ніжнім карнізам – сцяжку… Як заўважыў Пячынскі, карнізы нібыта «раптам з’явіліся», патрабуюць пільнага падыходу! Іван Антонавіч ганарыцца, што змаглі вярнуць гэтай вежы добрыя дубовыя – можна сказаць, выправілі не вельмі ўдалы вопыт дзевятнаццатага стагоддзя, калі перарабляліся даўнейшыя вокны. Цяперашнія – нядрэнна пасуюць да Брамнай вежы.

– Зрабілі ў мінулым сезоне прыкладна сто кубоў муроўкі, – асабліва акцэнтаваў Пячынскі. – Прычым, і гэта даволі складана, у працэсе работ прыходзілася тонка лавіраваць паміж старой і новай тынкоўкай…

Паціху, не адразу, мне падалося, але ўсё ж у Любчы справа адра­джэння замка становіцца… Ну, скажам, своеасаблівым мясцовым мегапраектам. СВК «Прынёманскі» летась актыўна дастаўляў на будоўлю пясок, а таксама выдаткаваў бульбу і чатырох кабанчыкаў – на харчаванне валанцёраў, усіх, хто прычыняўся да справы. Нядрэнна складваюцца апошнім часам і стасункі з Навагрудскім райвыканкамам – мясцовая ўлада проста не можа не заўважаць справу, якая пачалася дабрачынным шляхам. Але, згадзіцеся, мае шанец стаць добрым прыкладам і для іншых кіроўцаў мясцовага ўзроўню? Так, праўда, толькі любчанскія энтузіясты ведаюць, якія высілкі патрабуюцца, каб намаганні розных структур звесці ў адно, карыснае, эфектыўнае рэчышча…

– 286 валанцёраў паўдзельнічалі ў мінулым сезоне ў аднаўленні замка. Многа гэта ці мала? – разважае Пячынскі. – Гэта прыкладна тое ж самае, як быццам на аб’екце круглы год шчыруюць дзесяць пастаянных работнікаў! Ведаеце, быў момант, нават турыстаў мы «прыстасавалі» цэглу перадаваць. Ім, магчыма, лёгкі экстрым экскурсійны, а нам – яшчэ кропелька карыснага ўнёску…

Хто дае грошы на стварэнне канцэпцыі? 

У 2012-м, згодна з «абсмечваннем», пра якое распавёў далей Іван Антонавіч, на Любчанскім замку асво­ена 1 мільярд 39 мільёнаў рублёў. А ўсяго з пачатку дзейнасці фонду тры мільярды ўкладзена ў адраджэнне колішняй рэзідэнцыі Кішкаў ды Радзівілаў. На папярэдняй справаздачы, якая адбылася вясной мінулага года, гарачыя спрэчкі разгарэліся вакол таго, каму ж адказваць за стварэнне адзінай канцэпцыі рэстаўрацыйных работ у Любчы. Пакуль, канстатуюць у Дабрачынным фондзе «Любчанскі замак», «кавалачкамі» на справу канцэпцыі выдзяляе сродкі толькі «Приорбанк». Але ж праца на замку не можа чакаць! Нельга, з-за адсутнасці няхай і важнага дакумента, спыніць рэстаўрацыю? Як нельга яе тармазіць і па шэрагу іншых, пакуль не вырашаных праблем. Да прыкладу, ужо два гады Мінкульт не можа вызначыцца са статусам парка, а мясцовыя ўлады – не вельмі шпарка працуюць над тым, каб знесці гаражныя пабудовы. Яны не толькі псуюць знешні выгляд аб’екта, але і быццам бы пастаянна «блытаюцца пад нагамі» ў энтузіястаў замкавага адраджэння.

– Што да статуса Любчанскага парка, то абяцаю асабіста разабрацца, чаму настолькі зацягнулася пытанне, – адказаў на праблемныя рэплікі дырэктара фонду Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. – Разумею палкае жаданне Івана Антонавіча, усіх, каго аб’ядноўвае дабрачынны фонд, сама ідэя абнаўлення замка ў Любчы, – каб усё вырашалася хутка, але… Трэба мець на ўвазе: тое, што мы зараз робім на беларускіх аб’ектах, у рамках той жа дзяржпраграмы «Замкі Беларусі», і праз пяцьдзесят, і нават болей гадоў будуць прыдзірліва ацэньваць нашчадкі сучасных беларусаў. Нельга, каб штосьці наспех зробленае цяпер потым выклікала вялікае сумненне… Таму і патрабуем, можа, з вашага пункту гледжання, залішне бюракратычна, па-чыноўніцку – стварэння той самай канцэпцыі, а яшчэ – як мага больш строгай, дакладнай рэстаўрацыйнай традыцыі. З гэтым, дарэчы, у нас – досыць праблематычна ўсё. Таму не варта, каб у гэтую тонкую справу «лезлі» ўсе, каму гэта стукне ў галаву!

Дыскусійна – аб галоўным

– Прабачце, паважаны Ігар Мефодзьевіч, але мне падаецца – справа тут крыху ў іншым, – тут жа вырашыў папалемізаваць з мінкультаўскім чыноўнікам Іван Пячынскі. – Чамусьці многія лічаць, быццам бы Любчанскі замак – ледзь ці не прыватная справа, мая асабіста?! Добра хоць, што нарэшце, пасля доўгіх дыскусій, вырашылася, хто ж будзе ўласнікам адрэстаўраванага замка. Цяпер, дзякуй Богу, ёсць з каго спытаць – пасялковы Савет у Любчы, спадзяюся, стане надзейным гаспадаром. Праўда, каб неяк дакументальна пацвердзіць гэты лагічны цалкам факт, мне давялося звярнуцца з ліставаннем ажно ў Саўмін! Цяпер вось наспела пытанне: а што рабіць з флігелем? І вы, паважаныя, зразумейце правільна – пакуль ідзе прамаруджванне з прыняццем тых ці іншых рашэнняў, мы не можам кінуць працу! Інакш рызыкуем страціць замак у Любчы назаўсёды! 

С гэтым Ігар Чарняўскі як быццам пагадзіўся, заўважыўшы:

– Ніхто і не аспрэчвае тую карысную працу, якую ажыццяўляе Дабрачынны фонд «Любчанскі замак»! Між іншым, болей за дзесяць гадоў таму было заяўлена аб стварэнні двух дабрачынных фондаў, якія мелі сваёй мэтай адраджэнне беларускіх замкаў. І калі фонд «Любчанскі замак» – на самой справе працуе, то пра «Крэўскі замак» нешта нічога не чуваць. Ды і стан таго, што яшчэ засталося ад замка ў Крэве, цяжка назваць аптымістычным…

Начальнік упраўлення Мінкульта ўвесь час заклікаў прысутных на справаздачы: «трэба гаварыць праўду!» Падхапіўшы гэтую прапанову, Іван Пячынскі распавёў, як, на яго думку, чыноўнікі з Міністэрства культуры і асабіста Ігар Чарняўскі «спрыяюць» справе аднаўлення Любчанскага замка. Аб парку, статус якога ніяк не вызначыцца, нават няёмка казаць: навукова-метадычная рада пры Мінкульце ужо два гады не можа заняцца пытаннем! Тым часам малады апантаны спецыяліст Яна Марчук разам з фондам «Любчанскі замак» робіць усё, каб адроджаная гістарычная пабудова мела годнае акаймленне у выглядзе парку. Па задумцы спецыяліста, трэба бу­дзе высадзіць у агульнай колькасці 230 ліп. Прыкладна палова запланаваных дрэўцаў – ужо пайшла ў рост. Яна Марчук лічыць, што спатрэбіцца недзе пяцьдзесят гадоў, каб зрабіць сапраўды годны з гістарычнага пункту гледжання і не толькі аб’ект.

– А купал? – не на жарт абурыўся Іван Пячынскі. – Калі казаць праўду, дык трэба заўважыць: трынаццаць месяцаў спатрэбілася, как «прапусціць» зробленае праз Мінкульт. Толькі праз сем (!) месяцаў пасля падачы дакументаў чыноўнікі дайшлі да разгляду пытання. Спатрэбілася ўзгадненне з НАН Беларусі… А ўсяго я напісаў ажно пяць лістоў па гэтаму пытанню вам, паважаны Ігар Мефодзьевіч. Навошта – прабачце, іншых слоў не знаходзіцца! – блакіруеце дзейнасць фонда «Любчанскі замак»? Калі б мы за гэты дзясятак гадоў толькі «патрэбныя» канцэпцыі пісалі, іншыя паперкі збіралі – даўно б страцілі замак! Канчаткова… Тут жа – чыстая бюракратыя! А трэба – працаваць…

У адказ Ігар Чарняўскі зноў запэўніў, што такая практыка – цалкам апраўданая, бо зусім нядаўна ж, напрыклад, Мінкульт правяралі кампетэнтныя органы, Дзяржкантроль, пракуратура – як раз на прадмет выканання рэстаўрацыйных работ на самых розных гістарычных аб’ектах Беларусі. Заўваг у кантралёраў знайшлося нямала…

Але пры чым тут праца канкрэтнага фонду «Любчанскі замак»? Не зусім гэта зразумелі ўдзельнікі справаздачы, а Іван Пячынскі досыць катэгарычна адмовіўся ад прапановы Чарняўскага сесці за «круглы стол», дзе б можна было абмеркаваць усё набалелае?

– Пакуль я не пагаджаюся на ўдзел у такім «круглым стале»! – рэзюміраваў дырэктар Дабрачыннага фонда «Любчанскі замак». – Трэба, паважаны Ігар Мефодзьевіч, неяк мякчэй да нас адносіцца…  А можа, варта неяк пакінуць у спакоі тых, хто працуе!

Будзе дзяржпраграма па развіцці Навагрудскага краю?

Алена Ермакова, намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама, прапанавала крыху зменшыць градус дыскусійнасці – распавяла пра тое, што хутка можа змяніцца ў лёсе Навагрудчыны ў цэлым. Прадстаўніца раённай улады лічыць, што дагэтуль у Беларусі не надта задумваліся аб тым, чым жа з’яўляецца Навагрудак, з пункту гледжання не толькі турыстычнага, але і… грамадска-палітычнага. Бо менавіта з гэтай зямлі некалі «пайшло» развівацца першае дзяржаўнае ўтварэнне – ВКЛ, якое многія гісторыкі справядліва лічаць пачаткам сучаснай беларускай ужо дзяржаўнасці? Прыйшоў час укласці пэўныя сродкі ў імідж гэтага перспектыўнага рэгіёну і сучаснай беларускай дзяржаве?

– Магу сказаць, што зараз ідзе прапрацоўка новай дзяржпраграмы развіцця Навагрудскага краю, кшталту той, што ўжо створана для Полаччыны, – паведаміла Алена Ермакова. – Паколькі дакумент будзе, спадзяюся, прыняты на ўзроўні Саўміна, то многія пытанні, якія ставяцца зараз Іванам Пячынскім і яго аднадумцамі, будуць вырашацца лягчэй. А нейкая агульная канцэпцыя патрэбная сапраўды, і не для бюракратычнай «галачкі»! Трэба ж ведаць, куды нам усім рухацца і як. А с гаражамі, думаю, пачнем разбірацца ўжо ў гэтым годзе…

Прадоўжацца раскопкі…

І ў заўзятараў любчанскага адра­джэння на чарговы сезон, дарэчы, зноў цікавыя планы. Валанцёры будуць шчыраваць, як і раней; нядаўна вось пацвердзілі свой будучы ўнёсак латышскія «працоўныя рукі». Іх бу­дзе каля 15 чалавек. У цэлым 2013 год абяцае быць плённым: тут і запланаваны працяг раскопак, і складаная аперацыя па гідраізаляцыі ў Кутняй вежы… Трэба як мага хутчэй ставіць купал, непакоіцца Іван Пячынскі. Адным словам, нягледзячы на часам вельмі дзіўную «дапамогу» ад розных адказных асоб, справа адраджэння Любчанскага замка не спыняецца! А мы – працягнем за ёй сачыць…

Кампетэнтнае меркаванне

Аляксандр ВАРЫКІШ, дырэктар турфірмы «Краіна замкаў»:

– Сем гадоў мы ўжо возім турыстаў у Любчу – і увесь гэты час экскурсійная праграма «Шляхам караля Міндоўга» карыстаецца папулярнасцю. Людзі, далёкія ад нашых прафесійных, часам вострых, дыскусій, простыя беларусы – уражаныя! Чым? Іх хвалюе, не пакідае раўнадушнымі ўнікальная сітуацыя, што склалася вакол замка ў Любчы. Ужо зараз відаць: пройдзе час, і вопыт працы дабрачыннага фонда «Любчанскі замак» можна будзе аналізаваць з пазіцыі найкаштоўнага вопыту – як можна ратаваць беларускую нацыянальную спадчыну не на словах, а на справе… 

https://www.traditionrolex.com/8