https://www.traditionrolex.com/8
<p>Гарады i мястэчкi, у якiх iснавала магдэбургскае права</p>

Працяг. Пачатак у №№ 15, 16

Яўген ГУЧОК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

Азярышча (Езярышча). Гарадскі пасёлак у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., на беразе возера Езярышча. Упершыню ўпамінаецца ў апошняй чвэрці XIV ст. як уладанне ўдавы вялікага князя ВКЛ Альгерда – Алены Цвярской. Магдэбургскае права (няпоўнае) атрымаў у 1583 г. Захаваліся рэшткі валоў гарадскога замка (XIV–XVII стст.), які з Полацкім замкам панаваў над усім краем. У час паводак ці калі спускалі са штучнай воднай сістэмы ваду, замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. А на возеры Езярышча гняздуецца больш за 60 відаў птушак.

Нясвіж. Горад, цэнтр Нясвіжскага раёна Мінскай вобл. Упершыню ўпамінаецца пад 1466 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1586 г. Перад тым, як адпраўляцца ў адну з мек беларускага турызму – Нясвіж, усё ж нядрэнна будзе папярэдне азнаёміцца з інфармацыяй пра Нясвіжскае княства, архітэктуру горада, яго тэатральнае жыццё, літаратурна-выдавецкую дзейнасць, абарону і г. д. А дапамогуць нам у гэтай справе і кнігі М.І Дзелянкоўскага, К.Я. Шышыгінай-Патоцкай, В.С. Паздняковай, Т.І. Чарняўскай, І.М. Чарняўскага, С.Ф. Самбук і інш.

Цікавы і сённяшні дзень гэтага славутага горада. У добры шлях!

Нясвiж.-Слуцкая-брама

Ліда. Цэнтр Лідскага раёна Гро­дзенскай вобл., на р. Лідзеі. Датай ўзнікнення горада лічыцца 1323 г. – пачатак будаўніцтва Лідскага замка, лепшую выяву якога ўтрымлівае акварэль Юзафа Пешкі (XVIII ст.). Магдэбургскае права горад атрымаў у 1587 г.

Тут варта азнаёміцца з такімі помнікамі архітэктуры, як Крыжаўздвіжанскі касцёл і Іосіфаўскі касцёл піяраў. Варта пацікавіцца такімі вырабамі народных майстроў, як лідскія куфры (XIX – 1-я палова XX ст.). І не забудзем, што Ліда ў асобе спадара Станіслава Судніка выратавала орган ТБМ імя Францыска Скарыны газету «Наша слова», якая там выходзіць і сёння.

Лида

Гарадзец. Вёска ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобл., на канале Мухавец («Каралеўскі канал»). Вядома з XV ст. як уласнасць удавы Стэфана Баторыя – каралевы Ганны. Магдэбургскае права атрымана ў 1589 г. З назвай паселішча звязана прозвішча рускага паэта С.М. Гарадзецкага (1884–1967), хаця нарадзіўся ён у С.-Пецярбургу. С.М. Гарадзецкі – перакладчык на рускую мову вершаў і паэм Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Кобрын. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. У пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1287 г. У XV ст. – цэнтр Кобрынскага княства. Магдэбургскае права атрымаў у 1589 г.

Да вядомай інфармацыі пра кобрынскія замкі, Кобрынскі ключ, кобрынскі строй, Кобрынскае ўзброенае выступленне жыхароў у 1933 г. супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту і інш. трэба дадаць, што Кобрыншчына – радзіма Радзівона Якаўлева (1728–1767 гг.) і Лукер’і Кірылавай (1730–1796 гг.), бацькоў Арыны Радзівонаўны (1758–1828 гг.) – нянькі рускага паэта Аляксандра Пушкіна. Будучыя бацькі Арыны Радзівонаўны апынуліся на Балтыйскім узбярэжжы, калі іх у ліку вялікай колькасці ліцвінскага (беларускага) насельніцтва захапілі на іх радзіме і пагналі ў расійскае рабства. А здзяйснялі такое расійскія войскі адносна Рэчы Паспалітай, якая знаходзілася ў тыя часы ў вымарачным стане.

Пружаны. Горад, цэнтр Пружанскага раёна Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вядомы з 1487 г. пад назвай Дабучин. Магдэбургскае права атрымана ў 1589 г. з ініцыятывы дачкі каралевы Боны Сфорца – Ганны. У горадзе знаходзіцца сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (2-я палова XIX ст.), касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1883), гандлёвыя рады ў стылі барока і класіцызму (1896), комплекс гарадской сядзібы.

Пружаншчына – радзіма такіх славутых людзей, як спявак М. Забейда-Суміцкі і кампазітар і збіральнік беларускага фальклору, а таксама заснавальнік і кіраўнік харавой капэлы Р. Шырма. Дарэчы, М. Забейду-Суміцкаму – спеваку з сусветным імем – польская дэфензіва за публічнае выкананне беларускіх народных песень пагражала засценкамі Картуз-Бярозы.

Непадалёк ад горада, на тэрыторыі раёна, у Белавежскай пушчы знаходзіцца ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі, дзе былі падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР (снежань 1991 г.).

Пружаны.-Сабор-Аляксандра-Неўскага

Любча. Гарадскі пасёлак у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобл., на левым беразе Нёмана. Упершыню згадваецца ў нямецкіх хроніках як аб’ект ваенных паходаў крыжакоў у 1401 г. Магдэбургскае права атрымаў ў 1590 г. Любчанскі замак на высокім левым беразе Нёмана існаваў у XVI – пачатку XIX ст. У якім выглядзе замак існаваў у пачатку XIX ст., можам меркаваць па акварэлі Юзафа Пешкі. Сёння там вядуцца рэстаўрацыйныя работы, у асноўным сіламі валанцёраў. Ад шырокай і бясконцай прасторы, калі вы стаіце на высокім беразе, непадалёк ад замкавай вежы, над выгінам Нёмана, у вас і сёння тут захоплівае дух. І яшчэ. У Любчанскай друкарні (XVII ст.) сярод розных кніг на польскай і лацінскай мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. былі надрукаваны зборнік беларускіх прыказак С. Рысінскага (1618) і «Статут Слуцкай школы» (1628).

Віцебск. Горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага раёна на Заходняй Дзвіне ў сутоках рэк Віцьбы і Лучосы. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе XVIII ст., горад (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974 г. Паводле іншых крыніц, ён упамінаецца пад 1021 г., калі Яраслаў Кіеўскі (Мудры) перадаў яго полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу. Магдэбургскае права горад атрымаў у 1597 г.

Багатая гісторыя Віцебска адлюстравана ў разнастайных крыніцах мінуўшчыны і сённяшняга дня. Бу­дзем звяртацца да іх.

Друя. Гарадскі пасёлак у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Друйкі ў Заходнюю Дзвіну. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы М. Стрыйкоўскага пад 1386 г. у складзе ВКЛ. У 1618 г. атрымаў прывілей на магдэбургскае права. З Друі паходзіць адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі – Друйскае евангелле (XVI cт.).

Орша. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Аршанскага раёна Віцебскай вобл. на р. Днепр пры ўпадзенні ў яго р. Аршыцы. Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. як горад Ръша. Магдэбургскае права атрымана ў 1620 г. Дзіўна, што горад гэта права не атрымаў на сто з лішнім гадоў раней, асабліва пасля першай Аршанскай бітвы (1514). Гаспадарчае, ваеннае, культурнае, духоўнае жыццё Оршы добра адлюстравана ў тэкстах А.М. Шынкевіча, А.П. Грыцкевіча, Н.І. Стужынскай, Г.К. Гаранскага, Ю.І. Драгуна, Ю.А. Якімовіча, У.М. Конана, А.А. Ярашэвіча, Т.В. Габрусь і інш. Так што спачатку кнігі ў рукі, а пасля і ў дарогу!

Орша

Крычаў. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці, на р. Сож. Упершыню ўпамінаецца пад назвай Крэчут у 1136 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1633 г. У Сярэднія вякі быў знакаміты апрацоўкай вываранага з балотнай руды жалеза (крыцаў). Крычаўская суднаверф, крычаўскія мануфактуры, крычаўская кераміка таксама былі «годнымі прадстаўнікамі ў біяграфіі» горада. А Крычаўскае староства ў свой час (1743–1744 гг.) увайшло ў гісторыю буйным антыфеадальным паўстаннем, якое ўзначалілі Васіль Вашчыла са сваімі паплечнікамі (І. Карпачом, С. Бачко, В. Ветрам і інш.).

Крычаў.-Палац-Пацёмкiна

Бешанковічы. Гарадскі пасёлак, цэнтр Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл. на крутым беразе р. Заходняй Дзвіны. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 г., з 1634 г. мелі магдэбургскае права. Не абыйдзе сваёй увагай наведвальнік пасёлка Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль (1770-я гг.) – помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. У свой час яго замаляваў выдатны мастак, кампазітар і музыка Напалеон Орда. Сляды вядомай са старажытных часоў славутай бешанковіцкай паліванай керамікі можна сустрэць і сёння ў жыхароў пасёлка. Не пакіньце без увагі бешанковіцкую Ільінскую царкву – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю візантыйскага кірунку (1870 г.).

Працяг у наступным нумары

https://www.traditionrolex.com/8