Яўген ГУЧОК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА
Працяг. Пачатак у №№ 15, 16, 17
Чавусы. Горад, цэнтр Чавускага раёна Магілёўскай вобл. на р. Басі. Упершыню пісьмовымі крыніцамі ўпамінаецца ў 1560 г. пад назвай Чавусавічы. Магдэбургскае права атрымана ў 1634 г. Археалагічныя помнікі: стаянка (неаліт), 2 селішчы (II–XVI стст.), курганныя могільнікі (II–XII стст.). З вясны 1656 г. і да вызвалення войскамі Рэчы Паспалітай Чавусы – рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І. Нячая. Гэты горад – радзіма беларускага паэта Юркі Лявоннага (Леаніда Мікалаевіча Юркевіча, 1908 – 1937 гг.), пакаранага маскоўска-камуністычным рэжымам за беларускі патрыятызм. Верагодна, з назвай горада звязана паходжанне прозвішча беларускага пісьменніка Міхася Чавускага.
Мсціслаў. Горад, цэнтр Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Віхры. Першыя звесткі як паселішча пад 1156 г. утрымлівае Іпацьеўскі летапіс. Магдэбургскае права прыйшло сюды ў 1636 г. Мсціслаў не абыйдзены ўвагай розных турбюро, турфірмаў з іх прадукцыяй, а таксама кнігай слыннага, незабыўнага Уладзіміра Караткевіча «Мсціслаў=Мстиславль: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі». Варта, безумоўна, дадаць, што Мсціслаў – радзіма нашых выдатных сучаснікаў-гісторыкаў М.А. Ткачова і А.А. Трусава – аўтараў кнігі «Старажытны Мсціслаў».
Ружаны. Гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобл. на р. Ружанцы. Вядомы з 1552 г. Магдэбургскае права атрымана ў 1637 г. У пасёлку знаходзяцца помнікі архітэктуры: царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян (2-я палова XVIII ст.), Троіцкі касцёл (1617 г.), палацавы комплекс (XVII–XVIII стст.), сінагога (2-я палова XIX ст.). Ядлоўцы Ружанскай пушчы дасягаюць узросту 2-2,5 тысячы гадоў.
Астрына. Гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобл. Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1450 г., магдэбургскае права атрымана ў 1641 г. У XV – пачатку XVI ст. належаў да каралеўскага ўладання. Тут помнік Цётцы (Элаізе Пашкевіч) – выдатнай беларускай паэтцы, патрыётцы і рэвалюцыянерцы (1876–1916 гг.).
Чэрыкаў. Горад, цэнтр Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Сож. У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1604 г. пад назвай Череково. Магдэбургскае права атрымаў у 1641 г. Тут ёсць цікавы гісторыка-краязнаўчы музей; помнікі архітэктуры: паркі ў Верамейках (XIX ст.) і ў Юдаўцы (пачатак XX ст.), а ў Сакалоўцы – паштовая станцыя (XIX ст.).
Дзівін. Вёска ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобл. Вядома з 1566 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1642 г. На сённяшні дзень Дзівін, безумоўна, можа здзівіць помнікамі архітэктуры першай паловы XVIII ст. (царква Параскевы Пятніцы) і пачатку XX ст. (Прачысценская царква), а таксама стаянкай мезаліту і неаліту і паселішчам бронзавага веку.
Лагішын. Гарадскі пасёлак у Пінскім раёне Брэсцкай вобл. Назва паходзіць ад уласнага асабовага імя Логаш – вытворная форма імя Логгін або Логін з лаціны. Longinus з longus – «доўгі». Longinus – імя граматыка і філосафа III ст. н. э. Фармант –ын абазначае індывідуальную прыналежнасць. І яшчэ. Лагаш – старажытная дзяржава ў Шумеры. Ці не прынесла да нас на Беларусь гэты тапонім у свой час мора Герадота? Упершыню Лагішын упамінаецца пад 1552 г. З 1643 г. меў магдэбургскае права. Несумненна, увагу турыста тут прыцягне Спаса-Праабражэнская царква – помнік архітэктуры 2-й паловы XIX ст. Пабудавана яна ў рэтраспектыўна-рускім стылі на месцы ўніяцкага драўлянага храма (1795 г.). Цікавы і Петра-Паўлаўскі касцёл – помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1907–1910 гг. на месцы мураванага касцёла, узведзенага яшчэ ў 1634 г.
Мальча. Мястэчка Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Магдэбургскае права атрымала ў 1645 г. Вядома ў свой час барацьбой жыхароў за вызваленне з-пад прыгнёту, супраць уціску мясцовай адміністрацыі (1805–1823). Гэта звесткі мінулага. Іншых якіх звестак сённяшняга дня пакуль не выяўлена.
Радунь. Гарадскі пасёлак у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў 1387 г. у грамаце Ягайлы як горад Радыня. Магдэбургскае права атрымана ў 1649 г. Непадалёк ад Радуні ў XIV–XVII стст. існаваў Радунскі замак. Захаваліся сляды замчышча.
Жыровічы, Жыровіцы. Вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобл. Вядомая з 2-й паловы XV ст. як прыватнаўласніцкае паселішча падскарбія А. Солтана. У 1652 г. атрымала магдэбургскае права. Апроч Успенскага мужчынскага манастыра (XVI ст.), Жыровіцкага евангелля – беларускага рукапіснага помніка (XV ст.), Жыровіцкага абраза Маці Божай (XV ст.), Жыровічы знакаміты былі і школьным тэатрам (сярэдзіна XVIII ст.), асабліва беларуска-польскай уніяцкай інтэрмедыяй «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.
Капыль. Горад, цэнтр Капыльскага раёна Мінскай вобл. на р. Мажы. Упершыню ўпамінаецца пад 1274 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1652 г. Капыль, як Навагрудак, Мазыр, Лагойск і інш., за асаблівасці яго ландшафту таксама часта называюць беларускай Швейцарыяй.
Уражвае Капыльскае замчышча (канец XIV – першая палавіна XV ст.). Не пакінуць раўнадушным гледача прадукцыя мясцовага ткацтва, вядомая з XVI ст., і, безумоўна, капыльска-клецкі строй.
Капыль – радзіма Цішкі Гартнага (1887–1937 гг.), пісьменніка і грамадскага дзеяча, закатаванага маскоўска-бальшавіцкім рэжымам. Захавалася хата, у якой нарадзіўся знакаміты зямляк.
Стоўбцы. Горад, цэнтр Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Паводле некаторых пісьмовых крыніц, вядомы з 1511 г. Магдэбургскае права атрымана ў 1729 г.
Тут, на ўскрайку горада, у Акінчыцах, знаходзіцца частка філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Помнік архітэктуры – царква Святой Ганны (1825). У горадзе працуе карцінная галерэя.
Ушачы. Гарадскі пасёлак, цэнтр Ушацкага раёна Віцебскай вобл. на р. Ушачы. Вядомы з XVI cт. як сяло ў Полацкім ваяводстве, уладанне А. Сялявы і яго сыноў. Магдэбургскае права атрымана ў 1578 г. Ушацкі Лаўрэнцьеўскі касцёл (XX ст.), безумоўна, прыцягне вашу ўвагу. Ушачы – радзіма народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Бобр. Гарадскі пасёлак у Крупскім раёне Мінскай вобл., на р. Бобр. Вядомы з 1516 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1762 г. Тут жыве наш сучаснік, таленавіты беларускі мастак Алесь Пушкін, які арыгінальна распісаў і мясцовую царкву.
Мядзел. Мядзел Стары. Горад, цэнтр Мядзельскага раёна Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. Да XX cт. падзяляўся на Стары і Новы Мядзел. Стары Мядзел у гістарычных крыніцах упамінаецца пад 1454 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1762 г. Тут знаходзіцца Станіслаўскі касцёл кармелітаў і плябанія – помнік архітэктуры XVIII ст. і помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.
Мядзельшчына – радзіма народнага паэта Беларусі Максіма Танка (там у вёсцы Пількаўшчына ён і пахаваны), і народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, а таксама выдатных сучасных гісторыкаў-археолагаў і папулярызатараў аб’ектыўнай беларускай гісторыі Чарняўскіх – Міхася, Ігара, Максіма.
Шклоў. Горад, цэнтр Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці на правым беразе Дняпра. У пісьмовых крыніцах згадваецца пад 1526 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1762 г.
Гісторыя Шклоўскай зямлі багатая, і гэта адлюстравана ў рознага роду даведніках. Шклоўская ратуша – былы сімвал гарадскога самакіравання – адноўлена ў 2000 г. Велічна выглядае Праабражэнская царква (пачатак XX ст.). Цікава выглядае Шклоўскі ідал – скульптурная выява язычніцкага бажаства (X ст.), высечанага з пясчаніку. Зберагаецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску.
Ашмяны. Горад, цэнтр Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл. Вядомы з 1341 г. як замак вялікіх князёў ВКЛ. Магдэбургскае права атрымаў у 1792 г. Ёсць звесткі, што статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта у канцы XIV, а магдэбургскае права (першапачаткова) – на пачатку XVI ст. Помнікі архітэктуры XIX ст. – царква і карчма. У горадзе працуе краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча (1840–1900 гг.).
Воўпа. Вёска ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянцы. Вядома з 1-й паловы XV ст. як уладанне вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г. – напярэдадні III падзелу Рэчы Паспалітай, што спараджала пратэстныя настроі мясцовага насельніцтва супраць Расіі, а потым актывізавала яго на паўстанні. Цікавым архітэктурным аб’ектам тут бачыцца касцёл Іаана Хрысціцеля (1773 г.) – помнік драўлянага дойлідства позняга барока.
Вугор. Іншыя звесткі, апрача таго, што ў 1516 г. гэтым паселішчам было атрымана магдэбургскае права, на сённяшні дзень страчаны.
Геранёны. Вёска ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. як Геранёны Мураваныя. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (XV–XVI стст.).
Пераброддзе. Вёска ў Міёрскім раёне Віцебскай вобл, паміж азёрамі Набіста і Абстэрна. Вядома з XVI ст. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г. (па іншых крыніцах – у 1571 г.). Помнікі архітэктуры: Георгіеўская царква (1911 г.), касцёл Сэрца Іісуса (1920-я гады).
Прывалкі (Прывалка). Вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага раёна. Вядома з XVI ст. Магдэбургскае права атрымана ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Шкаплернай і Святых Сымона і Тадэвуша (1919 г.).
Цырын. Вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Сэрвачы. Вядома з 1432 г. як шляхецкае, потым як дзяржаўнае ўладанне. Магдэбургскае права мела, верагодна, у XVII ст., а пацверджана ў 1792 г. Помнік архітэктуры: Свята-Міхайлаўская царква.
Шарашова. Гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобл. на р. Левай Лясной (басейн Заходняга Буга). У пісьмовых крыніцах вядома з 1380 г. Магдэбургскае права атрымала ў 1792 г. Помнікі архітэктуры: званіца (1799 г.), Петра-Паўлаўская царква з рысамі класіцызму (XIX ст.), касцёл Прасвятой Тройцы (1830–1840-я гады). У XVI ст. тут створана Шарашоўскае евангелле – беларусі рукапісны помнік. Зберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску.
Новы Двор. Вёска, цэнтр сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. Вядома з XV ст. З 1720 г. – мястэчка; магдэбургскае права, верагодна, – з 1792 г. Жыхары мястэчка бралі ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. А ў 1863 г. каля Новага Двара паўстанцкі атрад Лідскага павета на чале з Л. Нарбутам быў разбіты царскімі войскамі.
Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).