Яўген ГУЧОК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА
Заканчэнне. Пачатак у №№ 15, 16, 17, 19
Поразава. Гарадскі пасёлак у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобл., на р. Росі. Вядома з XV ст. як каралеўскае мястэчка ў Ваўкавыскім павеце Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Магдэбургскае права мела з 1523 г. Вядома і як цэнтр вытворчасці керамікі ў канцы XIX – пачатку XX ст., а сёння – вытворчасцю лазовай мэблі. У пасёлку можна наведаць Міхайлаўскі касцёл – помнік архітэктуры класіцызму, пабудаваны з цэглы і бутавага каменю ў 1825–1828 гг.; а таксама сядзібны дом і парк – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны XIX ст.
Поразава – радзіма сучаснага беларускага кампазітара Яўгена Паплаўскага.
Лінева. Ніякіх звестак пра гэта паселішча на сённяшні дзень аўтарам не выяўлена, апроч таго, што магдэбургскае права было атрымана ім у 1510 г.
Ваганаў. Ніякіх звестак пра гэта паселішча на сённяшні дзень аўтарам не выяўлена, апроч таго, што магдэбургскае права было атрымана ім у 1565 г.
Бялынічы. Гарадскі пасёлак, цэнтр Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці, на р. Друці. Вядомы з 1577 г. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства ВКЛ. Магдэбургскае права атрымана ў 1634 г. Тут знаходзіўся касцёл і кляштар кармелітаў, заснаваны канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. У 1960-я ўзарваны касцёл, у 1970-я – кляштар. Тут жа знаходзіцца і манастыр Раства Багародзіцы, узведзены замест зачыненага ў 1877 г. Мсціслаўскага мужчынскага манастыра. Размяшчаўся ў будынках былога кляштара кармелітаў. Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай, які застаўся ад кармелітаў.
З Бялыніцкай зямлі паходзіў шляхецкі род герба «Бялыня» ў ВКЛ – Бялыніцкіх-Біруляў. З гэтага роду паходзяць Аляксей Андрэевіч Бялыніцкі-Біруля (1864–1937 гг.) – заолаг і зоагеограф, член-карэспандэнт АН СССР, прафесар Ленінградскага ўніверсітэта, дырэктар Заалагічнага музея АН СССР. Гонар гэтаму роду, як і ўсёй Беларусі, прынёс Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (1872–1957 гг.) – беларускі і рускі жывапісец-пейзажыст; прадаўжальнік лепшых традыцый рускага, беларускага і сусветнага пейзажнага жывапісу канца XIX – пачатку XX ст. Народны мастак Беларусі (1944 г.) і Расіі (1947 г.), правадзейны член АН СССР (1947 г.). У 1970 г. у Бялынічах адкрыты мастацкі музей імя славутага земляка.
Талачын. Горад, цэнтр Талачынскага раёна Віцебскай вобл., на р. Друці. Упершыню ўпамінаецца пісьмовымі крыніцамі пад 1541 г. як горад ВКЛ. Уваходзіў у склад Друцкага княства. Магдэбургскае права атрымаў у 1634 г. Цікавым для турыстаў тут будзе Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей. У горадзе знаходзіцца царква – помнік архітэктуры віленскага барока, храм манастыра базыльян, заснаваны ў 1604 г. Л. Сапегам, сам манастыр базыльян, заснаваны ў 1769 г. магнатамі Сангушкамі, а таксама парк XIX ст., які належыць да помнікаў садова-паркавага мастацтва.
Казімір (Казімірава Слабада). Былое мястэчка, з сярэдзіны XIX ст. у складзе г. Мсціслава. Магдэбургскае права атрымана ў 1643 г. Паселішча было невялікае, мела лінейную забудову і размяшчалася ўздоўж дарогі з Мсціслава ў Крычаў. На яго паўночнай ускраіне быў размешчаны ўніяцкі храм, згаданы ў 1724 г.
Гомель. Горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна на р. Сож. Упершыню згадваецца Іпацьеўскім летапісам пад 1142 г. у форме Гомь. У іншых летапісах адзначаюцца варыянты Гомье, Гомел, Гомель, Гомей. Тлумачэнне тапоніма – шматзначнае. Магдэбургскае права атрымана ў 1670 г. Сучасны Гомель – буйны гаспадарчы і культурны цэнтр з усебакова развітай інфраструктурай. Вядома, турыстычныя шляхі вядуць сюды з усіх чатырох бакоў свету. Гістарычныя і культурныя аб’екты горада для тых, хто імі зацікавіцца, добра апісаны ў розных даведніках і канкрэтна аўтарамі: В.М. Лебедзевай, А.А. Макушнікавым, М.І. Лісам, А.Ф. Самусікам, Т.А. Меляшкевічам, Т.Ф. Літвінавай, Л. Дз. Налівайка, У.В. Мальцавым і інш. Поспехаў – і ў дарогу!
Сярод светлых і не надта светлых падзей Гомеля ёсць адна вельмі і вельмі прыкрая: па вяртанні ў Мінск з Гомеля ў 1929 г. (чарговы рэйд па беларусізацыі горада) выдатны паэт 25-гадовы Паўлюк Трус, абсалютна здаровы і жыццярадасны, раптоўна загадкава захварэў і раптоўна памёр. Ёсць меркаванне, што ён там быў атручаны.
Візаны. Ніякіх звестак пра гэта паселішча аўтарам на сённяшні дзень не выяўлена, апроч таго, што назва яго, верагодна, звязана з Візантыяй, а магдэбургскае права ім было атрымана ў 1693 г.
Баруны. Вёска ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобл. Верагодная дата першага ўпамінання – 1692 г. – год заснавання тут манастыра базыльян. У мінулым Баруны – адзін з цэнтраў уніяцтва. Магдэбургскае права атрымана ў 1705 г. Не абмінем тут увагай Барунскі манастыр базыльян і царкву пры ім (XVIII ст.).
Шчучын. Горад, цэнтр Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. У пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1436 г. пад назвай Щучин, Щутин у сувязі з заснаваннем тут трокскім ваяводам П. Лелюшам касцёла. Магдэбургскае права атрымаў у 1761 г. Шчучынская зямля – радзіма выдатнага жывапісца і графіка XIX cт. К. Альхімовіча і В. Урублеўскага – дзеяча міжнароднага рэвалюцыйнага руху; паэтэсы-рэвалюцыянеркі Цёткі (Алаізы Пашкевіч). У горадзе можна азнаёміцца з помнікам архітэктуры класіцызму касцёлам Святой Тэрэзы, пабудаваным у 1829 г. пры кляштары піяраў князем К. Друцкім-Любецкім; помнікам архітэктуры ранняга класіцызму – Шчучынскім палацам, пабудаваным у 2-й палове XVIII ст., а таксама Свята-Міхайлаўскай царквой (канец XIX ст.). І, вядома, ускласці кветкі да помніка незабыўнай Цётцы.
P. S. Магчыма, некаторыя населеныя пункты Беларусі–Літвы, якія былі «магдэбургцамі», не трапілі ў гэты «паслужны» спіс. Даравальная прычына тут адна: адсутнасць неабходнай інфармацыі.