Дар’я Гуштын, фота аўтара
Праязджаючы па Беларусі, дзе-нідзе можна ўбачыць палацы і замкі. Здалёк яны прывабліваюць сваёй прыгажосцю. А калі пад’язджаеш бліжэй, бачыш, што будынкі ніхто не рэстаўруе. Гэтак было і з палацам у вёсцы Краскі, што ў Ваўкавыскім раёне. Але яго выкупіў расійскі бізнесовец. І аднаўленне гістарычнага помніка актыўна пачалося.
Даехаць да Красак нескладана. Яны знаходзяцца ля Брэсцкай трасы. Дый усе мясцовыя жыхары выдатна ведаюць, як падказаць правільны шлях. Палац пана Сейгеня – гонар раёна. Наведаць яго раяць усім турыстам. Раней у яго было лёгка патрапіць, цяпер уваход забаронены.
Старажытнае мястэчка Краскі
Краскі – ціхая і спакойная мясцовасць, як большасць беларускіх вёсак. Хаты тут хоць і дагледжаныя, але людзей з кожным годам становіцца ўсё менш. Мясцовая бабулька Жэня, што тлумачыла нам дарогу, расказвае, што моладзі ў вёсцы зусім няма: «Наша «дзярэўня» бесперспектыўная. Працы няма, во моладзь у горад і паз’язджала. Цяпер гэты бізнесмен купіў панскі палац, то мо праца якая будзе, а так у нас ціха-ціха, ніхто не прыязджае».
На пад’ездзе да палаца нас сустракае мужчына гадоў сарака з рацыяй і зялёным аўтамабілем, на якім напісана «На Берлін!». Па ўсім відаць, што ён ахоўнік. Праехаць на тэрыторыю палаца забараняе: «Тут прыватная ўласнасць. Разварочвайце машыну і з’язджайце!»
На плоце вакол паркавай зоны размешчана таблічка, якая таксама папярэджвае, што ўваход забаронены. І толькі пасля паўгадзіннай перамовы, спрэчкі і прадастаўлення дакументаў вартаўнік Валодзя пагаджаецца правесці нас на тэрыторыю палаца. Але папярэджвае: «Гаспадар сёння на месцы. Адпачывае разам з сям’ёй. Так што ідзем ціха, нікога не турбуем і не задаем лішніх пытанняў».
Нас ахоплівае адчуванне, што мы трапляем у звышсакрэтную зону.
Гісторыя палацава-замкавага комплексу
Гісторыя сядзібы падобная да лёсаў дзясяткаў архітэктурных помнікаў па ўсёй Беларусі. Палац, пабудаваны ў 1839 годзе, перажыў часы свайго росквіту ў пачатку XX стагоддзя. Тады ж была дабудаваная частка палаца з вежай. А шыкоўны тамтэйшы прысядзібны парк пазамінулага стагоддзя, у якім расце нямала рэдкіх старадаўніх дрэваў, стаіць на 6 гектарах зямлі. Тут растуць такія дзівосы, як воцатнае дрэва, хвоя вэймутава, ламанос, скумпія, лістоўніцы. Шыкоўны парк, што пераходзіць у стары хваёвы лес, – помнік рэспубліканскага значэння. Ягоны гаспадар – пан Сейгень – валодаў землямі паловы раёна. Мясцовыя жыхары кажуць, што ён быў вельмі заможны. Сям’я ў яго была невялікая, меў толькі аднаго сына. З прыходам на тэрыторыю былой Заходняй Беларусі ўладаў СССР, сям’я паспела збегчы ў Польшчу. Савецкі час не пашкадаваў Краскі. У будынку размясціўся спачатку касцёватуберкулезны, а пасля лёгачны санаторый. Некаторы час у панскім маёнтку жылі хворыя на алкагалізм – тут быў лячэбна?працоўны прафілакторый. З часу незалежнасці будынак пачаў развальвацца і стаяў у аварыйным стане. Згодна з праграмай захавання і развіцця культуры Гродзенскай вобласці на 2007–2010 гады, на базе палацава-паркавага комплексу ў Красках планавалася стварыць сядзібна-этнаграфічны турыстычны цэнтр. Але ні мясцовы, ні абласны бюджэты з такой задачай не справіліся і палац выставілі на таргі. Стартавая цана комплексу складала 2 млрд рублёў. Купіць яго мерыліся бізнесоўцы з Расіі, а таксама прыватная фірма з Баранавічаў.
Новы гаспадар палаца
Палац з паркам у Красках набыў 47-гадовы расійскі бізнесмен Вадзім Селіхаў. Ён заплаціў за палац каля $105 000 (прыблізна 307 мільёнаў рублёў) і збіраецца ў ім жыць. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Ларысы Ружанскай, новаму ўладальніку на аднаўленне панскай сядзібы далі два гады. Пра новага гаспадара палацавага комплексу вядома, што ў бізнесе ён з пачатку 1990-х гадоў. Разам з кампаньёнамі арганізаваў гандлёвы салон «Камфорт+», які спецыялізаваўся на рамонце, дызайне інтэр’ера і ўстаноўцы тэлефонных станцый. На базе салона сталі займацца аб’ектамі харчавання, маюць ва ўласнасці бар і рэстаран у Салехардзе, а таксама кавярню ў будынку адміністрацыі аўтаномнай акругі. У 2000 годзе стаў стваральнікам рыелтарскай кампаніі. Выдаткоўваў грошы на развіццё дзіцячага тэніса ў Салехардзе. Горад Салехард, дарэчы, невялікі і па памеры нагадвае Ваўкавыск. Новы пан збіраецца перабрацца ў Краскі, каб жыць тут пастаянна, але пакуль што не можа атрымаць від на жыхарства. Павінны прайсці пэўны тэрмін, каб ажыццявіць гэту працэдуру. Ніякіх саступак інвестару з Расіі мясцовыя ўлады не зрабілі. Пакуль палац непрыдатны для жылля, каля яго ўзвялі драўляную пабудову, дзе і жыве расіянін з сям’ёй. Чаму Вадзім Селіхаў абраў менавіта Ваўкавышчыну, не ведае ніхто. Здаецца, і беларускіх каранёў у яго няма, і ад Расіі далёка, але ж грошы вырашыў ён укласці менавіта сюды. Нашчадкаў апошняга ўладальніка сядзібы Зігмунта Сейгеня, якія, мабыць, з большай ашчадай ставіліся б да палаца, так і не знайшлі. Сам Селіхаў мае сына, які пакуль вучыцца ва універсітэце. Сям’я бізнесмена выглядае проста. Новы гаспадар палаца просіць не называць яго алігархам: «Зразумейце, я звычайны чалавек. І гэтыя штампы не трэба на мяне навешваць». Па словах ахоўніка Валодзі, Вадзім Генадзьевіч чалавек сур’ёзны і ўплывовы: «Вы б бачылі, якія госці да яго прыязджаць. Усе – салідныя людзі. У Беларусі такіх няма». Мясцовыя жыхары ўскладваюць на расійскага бізнэсмэна вялікія надзеі, што з’явіцца новая праца і перспектывы для вёскі і раёна. Рамонт, дарэчы, дапамагаюць ажыццяўляць менавіта простыя людзі з Красак.
Як ідзе рэканструкцыя
Экскурсію па маёнтку для нас праводзіў усё той жа ахоўнік. Бачна, што праца ўжо пачалася. «Пакуль што знеслі некалькі прыбудоў савецкага часу. Усё павінна быць так, як было ў пана, таму хадзілі і шукалі па хатах старыя фотаздымкі і планы, што засталіся з пачатку стагоддзя», – кажа ён. Пасля заводзіць у флігель, дзе аднаўленне ўжо заўважнае. Зараз у палацы і прылеглых будынках ідуць даследчыя працы. Трэба прыбраць усё лішняе. Напрыклад, у самім палацы ў савецкія часы з’явілася двухметровая сцяна, якая да фундамента не прымацавана. Мала таго, што яна псуе эстэтычны выгляд будынка, яна яшчэ і небяспечная. У палацы калісьці была шыкоўная кручастая лесвіца з чырвонага дрэва. Пра гэта ўзгадвала мясцовая бабулька Жэня: «Настаўнікі прасілі нас не бегаць па лесвіцы, каб мы не дай бог ногі не скруцілі! Такая яна незвычайная была!» Лесвіцу ў часы СССР прыбралі, замест яе зрабілі звычайную, бетонную. Новы гаспадар хоча, каб палац быў цалкам падобны да першапачатковага, панскага выгляду. Таму бетонную лесвіцу неўзабаве знясуць.
Пры правядзенні работ выявілася праблема: у Ваўкавыску няма добрых архітэктараў, якія б узяліся за працу. Не засталося нават чырванадрэўшчыкаў. Пошукі спецыялістаў вялі па ўсёй вобласці і знайшлі толькі ў Шчучыне. Працуюць пакуль што толькі мясцовыя жыхары, але калі нарэшце рукі дойдуць да палаца, то гаспадар прывязе прафесійных будаўнікоў. А працы тут сапраўды шмат. Колькасць пакояў, арыгінальныя аркі здзівяць нават самых капрызных турыстаў.
Наступным пунктам працы на шляху вяртання да арыгінальнага выгляду мае стаць парк. За стагоддзе ён фактычна ператварыўся ў лес. А раней на шасці гектарах раслі экзатычныя дрэвы, якія дарэвалюцыйны гаспадар Зігмунт Сейгень прывозіў з усяго свету. У глыбіні парку быў вадаём, аддзелены тапалінай алеяй. Цяпер ён нагадвае невялікае балота.
Наступны – Падароск
У палацы ў Красках агулам больш за дваццаць пакояў. Тут зможа размясціцца спадар Селіхаў з сям’ёй, і ягоныя шматлікія госці. Плануецца, што турысты змогуць убачыць толькі парк. Сам палац будзе прыватным домам бізнесмена, экскурсіі тут праводзіць не будуць. Мясцовыя жыхары кажуць, што бізнесовец збіраецца выкупіць яшчэ адну сядзібу, у суседнім Падароску, дзе знаходзіцца старасвецкі парк і аднапавярховы палац сярэдзіны ХІХ стагоддзя роду Сцыпіё дэль Кампа, што гаспадарылі тут да апошняй вайны. Вось тут павінна адкрыцца гасцініца, з якой і будуць вазіць турыстаў у Краскі. У былых панскіх пакоях зараз жывуць бамжы. Некалькі будынкаў аддалі філіялу пажарнай службы. Па словах супрацоўніка гэтай службы Сяргея Матвейчыка, апошнія тры месяцы аддзел культуры актыўна спрабуе прадаць панскую сядзібу ў Падароску, але пра завяршэнне продажу афіцыйна яшчэ ніхто не паведамляў. Аднак супрацоўнікі ведаюць, што калі з’явіцца новы гаспадар, іх высяляць з былых панскіх уладанняў.
Што яшчэ можна паглядзець у Ваўкавыскім раёне
Сярод багатай і старадаўняй спадчыны панскіх сядзібаў у мястэчку Гнезна захаваўся будынак палаца з флігелямі і рэшткі рамантычнага парку з арыгінальнай воднай сыстэмай. Да верасьня 1939 года тут віравала іншае жыццё. Пасёлак Рось да 1939 года належаў Патоцкім, якія яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя заклалі тут сядзібу і цудоўны парк, фрагменты якога захаваліся.
Некаторыя сядзібы былі сапраўднымі агменямі асветы і культуры. Гэтак у вёсцы Ярылаўка пакуль яшчэ знаходзіцца панскі дом, у якім у
1885–1890 гадах жыў вядомы беларускі мастак Каменскі. На жаль, большасць гэтых выбітных помнікаў гісторыі і прыроды сёння ў гаротным стане. За апошнія гады сітуацыя толькі пагоршылася. У 2004 годзе ў райцэнтры праводзіўся рэспубліканскі фэст «Дажынкі», але рэстаўрацыю выбітных гістарычных помнікаў так і не зрабілі.