Яна ШЫДЛОЎСКАЯ
22 ліпеня а 19 гадзіне ў галерэі «Ў» адбудзецца прэзентацыя кнігі «Прысяга беларусаў» Юрася Малаша. Старшы навуковы супрацоўнік Заслаўскага музея, пісьменнік, даследчык беларускай культуры першай паловы ХХ стагоддзя, ён займаецца незвычайнай выдавецкай дзейнасцю ўжо дзесяць гадоў. Свае выданні даследчык называе «кнігамі мастака», якія, па словах аўтара, сталі шырока распаўсюджвацца ў Еўропе з 70–80-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэта аўтарскія кнігі, стваральнік якіх з’яўляецца і аўтарам, і ілюстратарам, і выдаўцом. Наклад такіх кніг невялікі – ад 1 да 100 асобнікаў.
У цэнтры прэзентацыі – новая кніга «Прысяга беларусаў», якую мастак пачаў рабіць вясною гэтага года. «Кніга зроблена мною як асэнсаванне тых перамог, якія святкуюцца ў нашай краіне, і тых, якія, на жаль, адышлі ў нябыт, – распавядае Юрась Малаш. – Шмат беларусаў нават пасля Перамогі заставаліся за кратамі, у засценках ГУЛАГа, вымушаны былі з’ехаць у эміграцыю. Іхнія імёны з’яўляюцца прыкладам служэння Бацькаўшчыне». У кнізе прадстаўлена шмат цікавых фотадакументаў 1920-1940 гг., фотакалажаў аўтара, створаных на падставе сучасных культурных падзей у Беларусі – выстаўкі, пленэры, культурныя акцыі з удзелам вядомых беларускіх мастакоў і пісьменнікаў. Унікальнасці выданню дадаюць рукапісныя каліграфічныя застаўкі, якія тлумачаць некаторыя здымкі. У кнізе каля 200 ілюстрацый і 79 старонак друкаванага і рукапіснага тэксту. Акрамя таго, наведвальнікі галерэі «Ў» пазнаёмяцца з папярэднімі кнігамі даследчыка: «Покліч Рагнеды», «Рухайся наперад, беларусе», «Жыватворныя крыніцы Язэпа Драздовіча». Па словах аўтара, кнігі можна лічыць міні-энцыклапедыямі па гісторыі беларускай культуры 20–40-х гадоў – перыяд, пра які ўсе ведаюць, але мала гавораць. Кнігі выдадзены ўсяго некалькімі асобнікамі, і сярод іх няма ніводнай аднолькавай. У праграму прэзентацыі ўвайшлі дэманстрацыя слайд-фільму пра «кнігу-мастака» і аўтарскія паштоўкі з каліграфічнымі пажаданнямі аўтара. Гасцей сустрэчы чакае музычны сюрпрыз. Да прэзентацыі кніг падрыхтавана мастацкая выстава Юрася Малаша «У хвалях беларускага Адраджэння», якая працуе ў сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны па вуліцы Румянцава, 13.
З’ява стварэння рукапісных кніг у Беларусі не вельмі распаўсюджана. Збольшага ёй цікавяцца музеі і бібліятэкі. Адзін з першых асобнікаў кнігі «Рухайся наперад, беларусе» зімою 2010 года быў перададзены аўтарам у фонды Музея гісторыі беларуская літературы. «Сёлета на кніжнай выставе я рабіў стэнднавую прэзентацыю сваіх рукапісных кніг, – адзначае спадар Юрась. – Зацікаўленых гэтым рухам аказалася не шмат, у той час як у Еўропе і суседніх з намі краінах ён карыстаецца велізарным попытам. Так, у Расіі і на Украіне штогод адбываюцца выставы «кніг мастака». А ў ЗША адкрыты дзесяткі цэнтраў «art book», якія займаюцца гэтым відам дзейнасці». Мастак спадзяецца, што пасля прэзентацыі рукапіснымі кнігамі зацікавяцца і ў нас.