https://www.traditionrolex.com/8
<p>У другой палове красавіка, калі большасць лісцёвых дрэў у Беларусі яшчэ не прачнуліся ад зімовага сна, а па цяністых мясцінах ляжыць снег, у Лошыцкім парку расцвітае магнолія кобус. Цвіценне магноліі кобус у гэты ранні вясновы час успрымаецца як нейкі цуд, дзіва.</p>

Анатоль АНДРУШКЕВІЧ

У другой палове красавіка, калі большасць лісцёвых дрэў у Беларусі яшчэ не прачнуліся ад зімовага сна, а па цяністых мясцінах ляжыць снег, у Лошыцкім парку расцвітае магнолія кобус. Цвіценне магноліі кобус у гэты ранні вясновы час успрымаецца як нейкі цуд, дзіва.

Але нічога дзіўнага ў гэтым няма. Справа ў тым, што радзіма магноліі кобус – далёкія Паўночная і Цэнтральная Японія, Паўднёвая Карэя, дзе яна расце на склонах гор, у далінах горных рэчак. Менавіта тут гэта дрэва расце ў натуральнай прыродзе. У Лошыцкім парку магнолію кобус пасадзілі, і яна тут прыжылася, нягледзячы на тое, што з’яўляецца прадстаўніцай больш паўднёвых рэгіёнаў «краін магнолій, дзе плёскаецца мора».

Magnolia_kobus_borealis

Магнолія кобус адносіцца да старажытных кветкавых раслін і дайшла да нас з далёкага мелавога перыяду мезазойскай эры. Яна непадобная да другіх раслін і вялікімі млечна-белымі кветкамі, і пладамі. Магнолія кобус расце сёння толькі ў Лошыцкім парку. Спробы вырасціць або размножыць гэта дрэва ў другіх рэгіёнах краіны поспехаў не мелі. У Лошыцкім парку магнолія кобус прарасла з таго месца, дзе некалі расла яе папярэдніца.

З дрэвам звязана адна з легенд, якая сёння жыве ў парку: гаспадар Лошыцкай сядзібы Яўстах Любанскі быў закаханы ў мозырскую прыгажуню Ядзвігу Кіневіч. Было гэта напрыканцы XIX стагоддзя. Яўстах Любанскі зрабіў Ядзвізе Кіневіч прапанову выйсці за яго замуж, на што дзяўчына адказала, што выйдзе замуж толькі ў тым выпадку, калі яе выбраннік здзівіць кветкамі незвычайнай прыгажосці. Яўстах Любанскі, які быў вялікім аматарам развядзення ў сваім парку новых відаў дрэў, прывёз з далёкай Японіі і пасадзіў тут магнолію кобус. І здарыўся нейкі цуд – паўднёвае дрэва не толькі прарасло, але і зацвіло. Магчыма, гэта было звязана з той акалічнасцю, што пасадзіў яго Любанскі на паўднёвым склоне свайго парка, а другія расліны аберагалі магнолію кобус ад халодных паўночных вятроў. І калі Ядзвіга Кіневіч убачыла гэта дрэва ў веснавой квецені, згадзілася выйсці замуж за Яўстаха Любанскага.

Але Лошыцкі парк (дакладней, Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс) прыцягвае наведвальнікаў не толькі адзіным у Беларусі дрэвам магноліі кобус. Яшчэ тут варта паглядзець захаваную частку «заручальнага» дуба, які быў пасаджаны яшчэ ў той час, калі гэтая зямля належыла Друцкім-Горскім (XVI ст.). У дуба нашы продкі прасілі ўласнага шчасця, здароўя, творчых поспехаў. І дуб гэтыя просьбы часцей выконваў. На жаль, у 2010 годзе ў дуб трапіла маланка, і большая частка дрэва звалілася на зямлю. Частка дрэва ўсё-такі засталася, і са сваім жаданнем можна яшчэ паспець звярнуцца да «заручальнага» дуба і зараз. Ваша просьба, напэўна, будзе выканана. Менавіта пагэтаму Лошыцкі парк часта выбіраюць мінскія маладажоны на пачатку свайго сямейнага жыцця.

Лошыцкі парк прыгожы ў любую пару года. Прыгожым ён будзе і восенню, калі большасць дрэў апранецца ў залаты ўбор, а па шматлікіх сцяжынках загуляе восеньская мяцеліца з жоўтых лістоў.

І калі ў вас ёсць вольная хвіліна, сплануйце на адзін з выходных сямейны паход у Лошыцкі парк. Упэўнены, не пашкадуеце.

https://www.traditionrolex.com/8