Беларускiя вулiцы лiтоўскай сталiцы
Вiктар КОРБУТ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВiЧА
Працяг. Пачатак у No 15-20, 23, 29, 32.
Ausros Vartu gatve - вулiца Астрабрамская
У "базыльянскiх мурах" з 1919 да 1944 г. месцiлася Вiленская белару ская гiмназiя. iдэя заснавання яе належала iвану Луцкевiчу. А першыя беларускiя школы ў Вiльнi адкрылiся яшчэ ў 1915 г., падчас нямецкай акупацыi. Дазвол на заснаванне гiмназii далi таксама немцы ў канцы 1918 г. i пацвердзiлi лiтоўскiя ўлады - напярэдаднi заняцця горада Чырвонай Армiяй у пачатку студзеня 1919 г. У 1921-1922 гг. гiмназiяй кiраваў Бранiслаў Тарашкевiч (1892-1938), ураджэнец Вiленскага павета Вiленскай губернi (цяпер Вiленскi раён: захаваўся дом у в. Чарнулiшкi, перавезены з хутара Мачулiшкi, дзе нарадзiўся Б.Тарашкевiч, магiлы яго продкаў ля касцёла ў в. Лаварышкi), аўтар "Беларускай граматыкi для школ", якая ўпершыню выйшла ў 1918 г. i да 1933 г. была асновай беларускага правапiсу ў Савецкай, а да 1939 г. - у Заходняй Беларусi.
Б.Тарашкевiч з канца 10-х гадоў удзельнiчаў у беларускiм руху, ён адзiн з заснавальнiкаў Таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусi, пракамунiстычнай Беларускай сялянска-работнiцкай грамады, выбiраўся дэпутатам польскага Сейма, узначальваў у парламенце Беларускi пасольскi клуб. Быў членам Камунiстычнай партыi Заходняй Беларусi, за сваю дзейнасць сядзеў у польскай турме, у 1933 г. высланы ў СССР (у абмен на савецкага палiтвязня драматурга Францiшка Аляхновiча), а там расстраляны.
У 1924-1936 гг. дырэктарам гiмназii быў Радаслаў Астроўскi (1887-1976), ураджэнец Случчыны, з 10-х гадоў актыўны ўдзельнiк беларускага нацыянальнага руху, дэлегат Усебеларускага з'езда 1917 г., удзельнiк Слуцкага паўстання 1920 г., з 1926 г. член Камунiстычнай партыi Заходняй Беларусi, старшыня Таварыства беларускай школы, у гады вайны супрацоўнiчаў з нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi, у снежнi 1943 г. узначалiў Беларускую цэнтральную раду, у чэрвенi 1944 г. арганiзаваў Другi Усебеларускi з'езд (кангрэс) у Менску, пасля вайны - у эмiграцыi. Р.Астроўскi ў Вiльнi жыў пры гiмназii ў базыльянскiх мурах з боку Arkliu g. - вул. Конскай.
У гiмназii выкладалi Максiм Га рэцкi, Язэп Драздовiч, Барыс Кiт (працаваў дырэктарам у гады вайны), Антон Луцкевiч, Рыгор Шыр ма (кiраваў хорам), Францiшак Аляхновiч (у базыльянскiх мурах месцiлася яго Беларуская драматычная майстроўня), iгнат Дварчанiн, вучылася паэтка Наталля Арсеннева.
У 1937-1939 гг. беларуская гiмназiя размяшчалася ў будынку (разбураны ў час вайны), што насупраць касцёла Святога Духа на вул. Дамiнiканскай (Dominikonu g.), якi належаў дзяржаўнай польскай гiмназii iмя Юльюша Славацкага (з 1932 г. беларуская навучальная ўстанова была яе фiлiялам, у 1939-1941 гг. мела статус прагiмназii, затым няпоўнай сярэдняй школы, у 1944 г. адзначыла 25-годдзе i спынiла iснаванне пасля аднаўлення ў Вiльнi савецкай улады).
На пачатку iснавання гiмназii разам з ёю дзейнiчаў прытулак для дзяцейсiротаў, заснаваны ксяндзом Адамам Станкевiчам (1891(1892)-1949), ураджэнцам Ашмянскага павета Вiленскай губернi (цяперашняга Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласцi).
А.Станкевiч у 1919-1933 гг. выкладаў у беларускай гiмназii Закон Божы, у 1922-1928 гг. быў дэпутатам польскага Сейма, у 1924-1926 гг. узначальваў Таварыства беларускай школы. За польскiм часам у найстарэйшым вiленскiм храме - касцёле Святога Мiкалая XIV-XVI стст. (сучасны адрас Sv.Mikalojaus g., 4), адзiным касцёле, дзе вялiся ў той час набажэнствы па-лiтоўску, служыў беларускую iмшу; быў таксама пробашчам касцёла Святога Мiхала Арханёла (Sv.Mykolo g., 9) - храма, збудаванага ў канцы XVI ст. па фундацыi канцлера Льва Сапегi, рэдактара трэцяга Лiтоўскага Статута 1588 г.: тут, дарэчы, пахаваны сам канцлер, а храм стаў родавым маўзалеем Сапегаў. Пасля вяртання ў 1939 г. Вiльнi Лiтве А.Станкевiч стаў дырэктарам беларускай прагiмiназii. У 1944 годзе арыштаваны савецкiмi ўладамi, зняволены ў Лукiшкскай турме, высланы ў Сiбiр.
На вул. Вялiкай (Didzioji g., 30) у трохпавярховым доме побач з касцёлам Св. Казiмiра ў другой палове 30-х гадоў знаходзiўся iнтэрнат бе ларускай гiмназii, а ў суседнiх будынках кляштара езуiтаў (пры касцёле) у 1915-1919 гг. месцiлася, дарэчы, першая ў Вiльнi лiтоўская гiмназiя. Праваслаўныя вучнi гiмназii з канца 20-х гадоў малiлiся i слухалi казанi па-беларуску ў царкве Св. Пара скевы, або Пятнiцкай (Didzioji g., 2). Тут служыў святаром ураджэнец Гродзеншчыны Аляксандр Коўш, прыхiльнiк беларусiзацыi праваслаўнай царквы, выкладчык рэлiгii ў гiмназii (у вайну расстраляны немцамi). Жыў А.Коўш на Vasaros g., 7. Па Maironio g., 4 (былая вул. Св. Ганны) знаходзiцца будынак, дзе з пачатку 20-х гадоў быў Беларускi народны дом. Тут таксама нейкi час знаходзiлася сядзiба Таварыства беларускай школы, спынялiся беларускiя дзеячы, якiя апыналiся праездам у Вiльнi, працавала настаўнiцкая семiнарыя, што рыхтавала кадры для нацыянальнай школы, сюды прыходзiлi ў сваю сталовую вучнi беларускай гiмназii.
У Вiльнi захавалася некалькi будынкаў, дзе жылi выкладчыкi гiмназii. Па адрасе Ausros Vartu g., 9 была кватэра настаўнiцы беларускай мовы Алены СакаловайЛекант.
Яна вучыла дзяцей роднай мове 25 год, у 1944 г. Р.Астроўскi ўзнагародзiў яе за педагагiчную дзейнасць медалём Беларускай цэнтральнай рады - гэта стала падставай арышту настаўнiцы пасля вайны. Пахавана А.Сакалова-Лекант на могiлках у вiленскiм раёне Лiпоўка - Liepkalnis. На двухпавярховым доме па Mairo nio g., 13 у 1994 г. была ўсталявана мемарыльная шыльда, якая сведчыць, што тут жыў Р.Шырма. Б.Тарашкевiч меў кватэру па Boksto g., 21, а затым па Vilniaus g., 37. На апошнiм будынку ў 1993 г. усталявана мемарыяльная шыльда ў гонар дзеяча). Калi увайсцi ў браму гэтага дома, што раней меў адрас Вiленская, 12, то ў яго левым крыле ў 20-я гады мы знайшлi б рэдакцыi беларускiх газет, сядзiбы Беларускай работнiцка-сялянскай грамады, Таварыства беларускай школы, Беларускага студэнцкага саюза. Тут жа жыў мастак i выкладчык гiмназii Язэп Драздовiч.
Пётра Сергiевiч (1900-1984), ураджэнец сучаснага Браслаўскага раёна, мастак, вучань Фердынанда Рушчыца, якi быў частым госцем у базыльянскiх мурах, бо супрацоўнiчаў з музеем, жыў у Вiльнi спачатку па Pamenkalnio g., 32, а затым па Antakalnio g., 30. Пахаваны П.Сергiевiч на могiлках раёна Антокаль - Antakalnis. Беларускi творца да вайны аздабляў касцёлы Заходняй Беларусi, Украiны, Вiленшчыны, пасля вайны стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Лiтоўскай ССР, стварыў хрэстаматыйнае палатно "Кастусь Калiноўскi сярод паўстанцаў 1863 г.".
Яго кватэра на Антокалi была, бадай, адзiным беларускiм культурным цэнтрам у Вiльнi пасля 1944 г. - тут бывалi Уладзiмiр Караткевiч, Адам Мальдзiс, iншыя вядомыя лiтаратары i мастакi. У канцы ХХ ст. тут планавалi з удзелам нашага пасольства ў Вiльнi стварыць беларускi культурны цэнтр, але iдэя так i не ажыццявiлася.
Вяртаючыся да вул. Астрабрамскай, адзначым яшчэ некаторыя ўстановы, звязаныя з беларускiм нацыянальным жыццём у Вiльнi. Па Ausros Vartu g., 1 (на рагу з Etmonu g. - вул. Гетманскай) месцiлася кнiгарня Беларускага выдавецка га таварыства. Заснаваная яшчэ ў часы "Нашай нiвы" крама беларускiх выданняў па гэтым адрасе iснавала з 1926 г.: тут можна было знайсцi кнiгi, аўтарамi многiх з якiх былi выкладчыкi беларускай гiмназii Б.Тарашкевiч, М.Гарэцкi ды iнш.
Ausros Vartu g., 2 - такi быў калiсьцi адрас дома, дзе месцiлася бе ларуская кнiгарня Станiслава Станкевiча (1886-1964), ураджэнца сучаснага Смаргонскага раёна. Крама адкрылася ў 1928 г., а не стала яе ў 1944 г. - згарэла разам з домам у час выгнання немцаў з Вiльнi савецкiмi войскамi. Гаспадар кнiгарнi быў арыштаваны ў 1945 г. новымi ўладамi, высланы з радзiмы. Пахаваны ў Вiльнi на могiлках Новыя Росы - Naujosios Rasos. С.Станкевiч вядомы як iнiцыятар выдання (разам з пiсьменнiцай Зоськай Верас) беларускiх адрыўных календароў, якiя выходзiлi да Другой сусветнай вайны ў Вiльнi.
Жыў кнiгар на Saviciaus g., 12. Ausros Vartu g., 6 - сучасны адрас колiшняй сядзiбы Беларускага iн стытута гаспадаркi i культуры. Гэтая ўстанова была створана ў процiвагу Таварыству беларускай школы, што знаходзiлася пад камунiстычным уплывам. БiГК аб'ядноўваў прыхiльнiкаў хрысцiянскай дэмакратыi i пераважна каталiкоў, iснаваў з 1926 да 1936 г., забаронены ўрэшце польскiмi ўладамi. Вынiкам дзейнасцi БiГК стала адкрыццё бiблiятэк, клубаў, але амаль нiчога не дало змаганне iнстытута за адкрыццё беларускамоўных школ у Заходняй Беларусi. Працяг праваднiка ў наступных нумарах.