Беларускiя вулiцы лiтоўскай сталiцы
Вiктар КОРБУТ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВiЧА
Працяг. Пачатак у No 15-20, 23, 29.
Ausros Vartu gatve - вулiца Астрабрамская Да 1988 г. - Вострая, Астрабрамская, Вялiкая, Максiма Горкага. Адзiн з самых яркiх успамiнаў Максiма Багдановiча аб Вiльнi - верш "Пагоня", напiсаны ў Мiнску ў 1916 г., публiчна прачытаны тады ж у мiнскай "Беларускай хатцы", але апублiкаваны толькi 30 лiстапада 1917 г. у газеце "Вольная Беларусь". Менавiта М.Багдановiч увёў у беларускую паэзiю вобраз Вострай брамы, гарадскiх варот Вiльнi з каплiцай Божай Мацi. Але пра каплiцу ў паэта нi слова. Для яго брама - не толькi хрысцiянская святыня, але i сiмвал Беларусi. Ад часу публiкацыi Багдановiчавых радкоў Вострая брама заняла асаблiвае месца ў беларускай нацыянальнай iдэалогii:
Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, -
Ўспомню Вострую Браму святую
i ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца конi,
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць. (...)
У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi - гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, паняслiся
За тваiмi дзяцьмi уздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Паэта, вiдавочна, моцна ўразiў вобраз "Пагонi" - даўняга герба Лiтвы i Беларусi - угары фасаду Вострай брамы. Бадай, Багдановiчаў погляд на браму як нешта асаблiвае для беларуса змушае пачынаць кожную вандроўку па Вiльнi менавiта з гэтага месца, адкуль iдзе дарога з лiтоўскай сталiцы на Меднiкi (Мядзiнiнкай), а далей шлях кiруе на Ашмяны i Мiнск, невыпадкова таму старая назва варотаў - Меднiцкiя.
Меднiцкая брама - адзiная ацалелая з мураваных варотаў места, якiя былi збудаваны ў перыяд 1503-1522 гг. на загад вялiкага князя Аляксандра: вядома з 1514 г., Вострай брамай (Porta acialis) упершыню названа дакументам 1594 г. на лацiнскай мове. Чаму "Вострая"? Бо выходзiла да "канца", або па-сучаснаму прыгарада Вiльнi, званага Вострым. У лiтоўскай мове брама завецца Ausros vartai - Брама зары (свiтання), хаця лiтоўцы з аколiц Вiльнi здаўна называлi яе Asmens vartai - Вострай брамай.
Абарончы мур Вiльнi разбурылi ў 1799 г., бо каменная сцяна замiнала мадэрнiзацыi горада. Калiсьцi ж грошы на той мур збiралi ўсе разам вiленскiя мяшчане, шляхта i святары. Найбольшы фрагмент гарадскiх умацаванняў Вiльнi захаваўся акурат пры Вострай браме, якая i сама ацалела, мусiць, дзеля таго, што да яе яшчэ ў 1711 г. была ўсутыч прыбудавана мураваная (замест згарэлай драўлянай) каплiца з абразом Божай Мацi.
Каплiца належала босым кармелiтам - членам каталiцкага манаскага ордэна, якiя ў 1626 г. з'явiлiся ў Вiльнi i пры Вострай браме пачалi будаваць у стылi рымскага барока кляштар i касцёл Святой Тэрэзы (цяперашнi адрас храма Ausros Vartu g., 14). Касцёл гэты часам называюць Астрабрамскiм, бо кармелiты асаблiва шанавалi абраз Божай Мацi, што разам з iконай Збавiцеля вiсеў спачатку звонку Вострай брамы i сустракаў падарожнiкаў з боку дарогi на Мiнск. У 1668 г. вiленскiя ўлады афiцыйна даверылi кармелiтам патранаж над святыняй, а манахi збудавалi для абраза драўляную каплiцу пры браме, што датрывала да пачатку XVIII ст. Сучасны выгляд каплiца набыла ў 1829 г. пасля рэканструкцыi ў стылi класiцызму. Брама ж захавала першапачатковыя рысы готыкi i рэнесансу, у т.л. старадаўнюю лiтоўскую "Пагоню" на фасадзе.
Абраз Божай Мацi Астрабрамскай, як паказалi даследаваннi, намаляваны ў 20-30-я гады XVII ст., верагодна, галандскiм мастаком. Шата з каштоўных металаў пакрыла фiгуру Панны Марыi паступова, канчаткова - у пачатку XVIII ст. У такiм выглядзе iкона шануецца дагэтуль каталiкамi Лiтвы, Беларусi, Польшчы i вядома ва ўсiм свеце. Як i кожную святыню, абраз атачаюць легенды. Адна з iх расказвае, што ў 1708 г. у Вiльню прыйшоў з войскам расiйскi цар Пётр i. Адзiн з салдатаў хацеў садраць з абраза каштоўныя аздобы, але толькi дакрануўся да святынi рукой, як жаўнера адкiнула да сцяны i раструшчыла ўшчэнт невiдочная сiла.
А яшчэ ў 1671 г. Вiленскi унiверсiтэт абраў Божую Мацi Астрабрамскую сваёй патронкай. Калi ж пайсцi ад Вострай брамы вулiцай Астрабрамскай i на першым павароце злева збочыць у вытанчанай пекнаты барокавую браму былога кляштара базыльянаў, збудаваную ў 1761 г. архiтэктарам Янам Кшыштафам Гляўбiцам, трапiм у манастырскi двор, што ў 20-30-я гады ХХ ст. быў цэнтрам беларускай Вiльнi. Як сведчыць Лявон Луцкевiч, ягоны дзядзька Антон яшчэ ў пачатку ХХ ст. чытаў навучэнцам духоўнай семiнарыi, што месцiлася тут, у базыльянскiх мурах, лекцыi па беларусазнаўстве.
Рарытэтныя рэчы - помнiкi гiсторыi i культуры, сабраныя калекцыянерам, археолагам, палiтыкам, арганiзатарам першых беларускiх школ на Вiленшчыне i Гродзеншчыне iванам Луцкевiчам (1881-1919), што захоўвалiся спачатку ў рэдакцыi "Нашай нiвы" i натхнялi М.Багдановiча i З.Бядулю, пасля сталi асновай Вiленскага беларускага гiсторыкаэтнаграфiчнага музея iмя i.Луцкевiча, якi iснаваў з 1921 да 1945 г. у базыльянскiх мурах. Музей дзейнiчаў пры Беларускiм навуковым таварыстве, сярод сябраў якога з 1918 да 1939 г. былi мовазнавец Ян Станкевiч, ксёндз Адам Станкевiч, музыказнаўца Рыгор Шырма, географ Аркадзь Смолiч, будучы сусветна вядомы астраном Барыс Кiт ды iнш.
Музей узначальваў да 1939 г. Антон Луцкевiч (1884 - пасля 1939), брат i.Луцкевiча, адзiн з заснавальнiкаў Беларускай сацыялiстычнай грамады - першай беларускай нацыянальнай партыi, газет "Наша доля" i "Наша нiва". Беларускi музей размяшчаўся ў адным з будынкаў былога кляштара базыльянаў - на першым паверсе паўднёвага крыла, ранейшы адрас - вул. Астрабрамская, 9, цяперашнi - Ausros Vartu g., 7а. Сховiшча даўнiны зачынялася на каваныя жалезныя дзверы, захаваныя дагэтуль. Злева ад уваходу размяшчалася экспазiцыя з пяцi залаў, проста - архiў, справа - бiблiятэка. Музей дзейнiчаў на ахвяраваннi, а таксама датацыi польскага ўраду, пасля вяртання Вiльнi Лiтве ў 1939 г. беларуская культурная ўстанова ўвайшла спачатку ў склад iнстытута лiтуанiстыкi, затым Акадэмii навук.
Тут захоўваўся кнiгазбор i. Луцкевiча, уся былая бiблiятэка "Веды", частка кнiжнай калекцыi этнографа Еўдакiма Раманава. Сярод прадметаў уласна музейнай часткi варты ўвагi сярэднявечныя пячаткi (у т.л. фальшывыя - полацкага князя Усяслава, лiтоўскага караля Мiндаўга), манеты, слуцкiя паясы ды iншыя тканiны, прадметы этнаграфii, рэчы з раскопак у паўночных i заходнiх раёнах Беларусi, галаснiкi Барысаглебскай, або Каложскай царквы ў Гродне, рукапiсныя кнiгi i старадрукi, у т.л. выданнi Францiшка Скарыны, татарскi Аль-Кiтаб, Лiтоўскi Статут 1588 г. Пасля арышту 30 верасня 1939 г. А.Луцкевiча органамi НКУС музей быў нейкi час без дырэктара i не заўсёды адкрыты для публiкi. Восенню 1940 г. дырэктарам стаў Мар'ян Пецюкевiч (1904-1983), ураджэнец Браслаўшчыны, выпускнiк Вiленскай беларускай гiмназii, Вiленскага унiверсiтэта Стэфана Баторыя, этнолаг i фiлосаф, пасля 1939 г. - дырэктар бiблiятэкi Урублеўскiх (цяпер бiблiятэка АН Лiтвы), па вайне рэпрэсаваны. Тады ў музеi працавалi мастакi Пётра Сергiевiч, беларус, i Уладас Дрэма, лiтовец, ураджэнец сённяшняга Астравецкага раёна Гродзенскай вобласцi. У красавiку 1941 г. планавалася перавезцi музей у Мiнск i размясцiць яго ў старым будынку ЦК КП(б)Б па вул. Чырвонаармейскай (цяпер на гэтым месцы сядзiба Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi). Меркавалася, што ўзамен беларускага музея Акадэмiя навук Лiтвы ад беларускай АН атрымае экспанаты, што маюць дачыненне да гiсторыi краiны-суседкi.
У маi 1941 г. у музеi пабывалi Я.Колас i Я.Купала, яны ж прасiлi прэзiдыум АН Лiтоўскай ССР згадзiцца на перадачу экспанатаў Беларускай ССР. 4 мая 1941 г. музей атрымлiвае асаблiвы статус - "Музей No1 (беларускi)". Аднак неўзабаве пачынаецца вайна...
У вайну дырэктарам музея быў Ян Шутовiч (1904-1973), выпускнiк Вiленскай беларускай гiмназii, Вiленскага унiверсiтэта Стэфана Баторыя, былы рэдактар часопiса "Калосьсе", што выходзiў у 1935-1939 гг. у Вiльнi. У 1944 г. базыльянскiя муры нямецкiя ўлады аддалi вайсковаму шпiталю - музейныя рэчы давялося перанесцi ў будынак мастацкага iнстытута на вул. Святой Ганны, 4 (цяпер Maironio g.), былы бернардзiнскi кляштар, i ў касцёл Святога Мiхала, што побач (цяперашнi адрас Sv.Mykolo g., 9) - тут служыў ксяндзом А.Станкевiч. Так, лiчыцца, экспанаты былi ўратаваны ад вывазу ў Германiю.
У 1944 г. Я. Шутовiча арыштавалi органы НКУС, а калекцыi музея зноў збiралiся перавезцi ў Мiнск, але справа зацягнулася. 19 лiстапада музей фактычна закрыўся, не адбылася запланаваная на 21 лiстапада нарада з удзелам вiленскiх беларусаў, каб вырашыць лёс экспанатаў разам з савецкiмi дзяржаўнымi органамi. "Брыгада" з Белдзяржмузея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, што ездзiла ў Вiльню са спецзаданнем, вярнулася таксама нi з чым: лiтоўскiя партыйныя органы санкцыянавалi разбор экспанатаў, лепшую частку якiх збiралiся пакiнуць у Вiльнi. Толькi ў чэрвенi 1945 г. з Народнага камiсарыята асветы Лiтвы прыйшла ў мiнскi Дом урада тэлеграма: "Экспанаты Вiльнюскага беларускага музея гатовы (для) перадачы. Просьба выслаць прадстаўнiкоў прыняць". Белдзяржмузей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны атрымаў з Вiльнi крыху больш за 10 тысяч экспанатаў (паводле iнвентара 1941 г. у музеi было 13 450 адзiнак захавання, 9000 дакументаў у архiве i больш за 14 000 кнiг у бiблiятэцы). Цяпер яны захоўваюцца ў Белдзяржархiве-музеi лiтаратуры i мастацтва Беларусi i ў Нацыянальным музеi гiсторыi i культуры Беларусi, тое, што засталося ў Вiльнi, - у Лiтоўскiм нацыянальным музеi i ў бiблiятэцы АН Лiтвы (абодва будынкi знаходзяцца насупраць адзiн аднаго - адпаведна на Arsenalo g., 1 i Zygimantu g. 1 / T.Vrublevskio g., 8).
Паводле кнiгазнаўцы Таццяны Рошчынай, на базе архiўных матэрыялаў былога Вiленскага беларускага музея ў бiблiятэцы АН Лiтвы быў сфармiраваны рукапiсны фонд No 21, або Вiленскi беларускi фонд з больш як 2 тысяч адзiнак захоўвання XVI ст. - 1943 г. Тут засталася частка архiва "Нашай нiвы" (большая - у Мiнску), рукапiсы М.Гарэцкага, М.Танка, М.Машары, Н.Арсенневай ды iнш., нямала дакументаў пра дзейнасць беларускiх грамадска-палiтычных арганiзацый i партый, а таксама культурных i навуковых таварыстваў, якiя iснавалi ў 20-30-я гады ХХ ст. у Вiльнi.
Вiленскiя беларусы ў 1945 г. лiчылi, што музей мае застацца ў Вiльнi. У наш час беларускiя дзеячы Вiльнi iнiцыявалi аднаўленне музея. iдэю падтрымала ў 2002 г. камiсiя Сейма Лiтвы па пытаннях асветы, навукi i культуры, але з адной прынцыповай умовай - вяртання з Мiнска вывезенай туды часткi калекцыi. Бiруце Кульнiце, дырэктар Лiтоўскага нацыянальнага музея, аднак, мяркуе, што аднавiць музей немагчыма менавiта таму, што "частка калекцыi, датычная беларускага адраджэння, перададзена Беларусi".
Працяг праваднiка ў наступных нумарах.