https://www.traditionrolex.com/8
Казахстан многім бачыцца ўсходняй дэспатыяй, тыповай сярэднеазіяцкай дзяржавай. Але на самай справе краіна ляжыць як у Еўропе, так і ў Азіі, калі зважаць на геаграфічныя рэаліі. Што да формы дзяржаўнага ладу, то гэта рэспубліка з вельмі моцным прэзідэнтам, але арыентаваная не на традыцыі ханскіх дыктатур эпохі Сярэднявечча, а на заходнія мадэлі кіравання. А лёс Казахстана да таго, як краіна ў XVIII–XIX стагоддзях увайшла ў склад Расіі, прадвызначаўся спадчынай Залатой Арды. Гэта быў край дзікага стэпу. Хаця самі казахі сябе лічаць народам… талерантным! Што гэта за месца на зямлі, дзе яшчэ ўчора людзі жылі ў юртах, а сёння ствараюць высокатэхналагічнае грамадства, забудоўваюць гарады шклянымі гмахамі і перад нацыянальным адзеннем аддаюць перавагу лепшым італьянскім дызайнерскім рэчам?

Віктар КОРБУТ, фота аўтара

kaz1 Казахстан многім бачыцца ўсходняй дэспатыяй, тыповай сярэднеазіяцкай дзяржавай. Але на самай справе краіна ляжыць як у Еўропе, так і ў Азіі, калі зважаць на геаграфічныя рэаліі. Што да формы дзяржаўнага ладу, то гэта рэспубліка з вельмі моцным прэзідэнтам, але арыентаваная не на традыцыі ханскіх дыктатур эпохі Сярэднявечча, а на заходнія мадэлі кіравання. А лёс Казахстана да таго, як краіна ў XVIII–XIX стагоддзях увайшла ў склад Расіі, прадвызначаўся спадчынай Залатой Арды. Гэта быў край дзікага стэпу. Хаця самі казахі сябе лічаць народам… талерантным! Што гэта за месца на зямлі, дзе яшчэ ўчора людзі жылі ў юртах, а сёння ствараюць высокатэхналагічнае грамадства, забудоўваюць гарады шклянымі гмахамі і перад нацыянальным адзеннем аддаюць перавагу лепшым італьянскім дызайнерскім рэчам?

 

Сараі бываюць розныя

Астана – горад «сараяў», што ў перакладзе з казахскай мовы значыць «палац». Сярод галоўных «сараяў» – прэзідэнцкі цэнтр, у якім размешчаны Нацыянальны музей, і астанінскі Палац Міру і Згоды, пабудаваны ў выглядзе піраміды. Шкляна-бетонную піраміду спраектаваў вядомы англійскі дойлід Норман Фостэр. Будынак можа лічыцца восьмым цудам свету, магчыма, нават найлепшым творам Фостэра: канструкцыя піраміды архіскладаная, тут нават ліфт едзе не па прамой уверх-уніз, а па дыяганалі, хаця гэтага не адчуваеш. А ў сутарэнні размешчаны оперны тэатр – нашаму, здаецца, на зайздрасць, бо вельмі ж сучасны.

 Архітэктараў для стварэння аблічча Астаны (у перакладзе назва горада гучыць проста – Сталіца) выбіраў асабіста Нурсултан Назарбаеў. Генеральны план горада-сада належыць японскаму майстру Кісё Куракава. Усе новабудоўлі Астаны павінны завяршыцца да 2030 года – моманту поўнага абнаўлення постсавецкага Казахстана на сучасны лад. І гэта не прывідная дата «пабудовы камунізму». Хуткі тэмп будаўніцтва пацвярджае праўдападобнасць ажыццяўлення ўсіх праектаў да запаветнага дня. Прычым манументальныя будынкі ствараюцца не толькі дзеля красы, але і для жыцця. Жанат Кулжабаева, выкладчыца Еўразійскага нацыянальнага універсітэта імя Льва Гумілёва, чакае, калі дабудуюць яе шматпавярховы дом ля самай піраміды, перад пляцам Казак Елі: у маштабах Мінска гэта раён Кастрычніцкай плошчы. Зразумела, што кватэры ў такіх дамах даюць людзям заслужаным. Дакладней, даюць магчымасць набыць па льготным кошце – 500 долараў за квадратны метр!

Яшчэ адзін «сарай» – былая астанінская рэзідэнцыя Назарбаева, дзе цяпер бясплатны музей. Турыстам, аднак, паказваюць і працоўны кабінет кіраўніка дзяржавы, і падарункі ад замежных лідэраў. З асаблівым гонарам экскурсавод дэманструе карту карысных выкапняў насупраць стала прэзідэнта: запальваюцца рознакаляровыя агеньчыкі, што пазначаюць скарбы казахстанскіх гор і стэпу. Побач з гэтай картай прайшло не адно важнае пасяджэнне… На фатаграфіях Нурсултан Абішавіч (націск на першы «а» імені па бацьку) аднолькава прыязна вітаецца з Кандалізай Райз, Уладзімірам Пуціным, Дзмітрыем Мядзведзевым, Аляксандрам Лукашэнкам, арабскімі лідэрамі. Гід тлумачыць: «Сутнасць нашай замежнай палітыкі – шматвектарнасць».

 

Захад ім паможа

Відавочна, што казахстанцы з задавальненнем прымяраюць на сябе заходнія мадэлі ўладкавання жыцця. Тут нават рэклама ў амерыканскім духу: у д’юці-фры набыткі пакуюць у ярка-чырвоныя пакеты з надпісамі: «Save money, honey!», «Baby, come back!» У параўнанні з «цнатлівым» заклікам «Купляйце беларускае!» лозунгі магазіна бяспошліннага гандлю астанінскага аэрапорта гучаць так моцна, што проста не пакідаюць кліенту выбару акрамя як яшчэ раз зазірнуць – у Казахстан! І вярнуцца хочацца.

Вяртаюцца і хлопцы ды дзяўчаты з-за мяжы, набраўшыся добрага-вечнага ў найлепшых універсітэтах свету. Прэзідэнт рэспублікі вылучае сродкі на навучанне найлепшых юнакоў у заходнееўрапейскіх ВНУ, і тыя прыязджаюць дамоў з выдатнымі ведамі новых спецыяльнасцей ды англійскай мовы. Выпускнікі Оксфарда, Сарбоны, дарэчы, пасля мусяць адпрацаваць ў дзяржаўных арганізацыях – і на даволі значных пасадах (бо адукацыя адпаведная). На паездкі па навуку за мяжу стаіць чарга…

У Казахстане пасля скону СССР і здабыцця незалежнасці ўспомнілі пра сваё вялікае цюркскае мінулае. Казахі лічаць сябе нашчадкамі скіфа-сарматаў, печанегаў, гунаў і залатаардынцаў, шануюць Абылай-хана, які ў XVIII стагоддзі ўпершыню згуртаваў казахскія землі ў адну дзяржаву, але пры гэтым быў жорсткім правіцелем. Адначасова нашчадкі ўладароў Вялікага Стэпу імкнуцца да арганізацыі еўрапейскага па духу грамадства – вядома, не пераносячы слепа заходнія мадэлі на азіяцкі грунт, а дапасоўваючы іх да мясцовых рэалій. А ў 2010 годзе Казахстан будзе старшынстваваць у АБСЕ.

 

Мая твая разумець

kaz3 На афіцыйным узроўні і ў побыце лічыцца правільным казаць: «Мы – казахстанцы». Паводле артыкула 7 канстытуцыі Казахстана, «у Рэспубліцы Казахстан дзяржаўнай мовай з’яўляецца казахская мова». Той жа артыкул гаворыць: «У дзяржаўных арганізацыях і органах мясцовага самакіравання афіцыйна ўжываецца руская мова».

Пачынаючы з аэрапорта (па-мясцоваму «?уежайы») Астаны і да самых далёкіх вёсак, што згубіліся ў стэпе, усе надпісы выкананы на дзвюх мовах. На будынку кірмаша красуюцца казахскае слова «Базар» і рускае «Рынок». Такое вось двухмоўе. Між тым, нягледзячы на фармальную роўнасць моў, казахская мае публічны прыярытэт, хаця фактычна дамінуе руская. Жанар Калбачаева шмат гадоў прысвяціла рабоце на тэлебачанні. Па яе словах, казахскамоўныя журналісты дагэтуль трымаюцца ў «гета»: у іх свой свет, адрозны ад рускамоўных калегаў. Але ў апошнія гады дзякуючы дзяржаўнай палітыцы па інтэграцыі грамадзян усіх нацыянальнасцей у адзіную нацыю бар’еры пачынаюць знікаць.

Моўная сітуацыя ў Казахстане ў савецкі час нагадвала беларускую. «У рэспубліцы амаль ва ўсіх школах дзяцей вучылі па-руску, казахскай мовы не знаходзілася месца ў сістэме вышэйшай адукацыі, – сведчыць спадарыня Калбачаева. – Я сама выхоўвалася спачатку па-руску і толькі пасля навучылася роднай мове. І цяпер яшчэ многія казахі аддаюць у паўсядзённым жыцці перавагу рускай мове».

На вуліцах я чуў, як людзі свабодна пераходзяць з казахскай на рускую і наадварот. Некаторыя казахі дрэнна гавораць па-казахску, іншыя недастаткова добра валодаюць рускай, але ўжо многія прадстаўнікі больш як ста народаў краіны гавораць свабодна па-казахску. Прэзідэнт Назарбаеў на важных дзяржаўных мерапрыемствах дэманстратыўна пачынае прамову па-казахску, працягвае па-руску і завяршае зноў на роднай мове. Гэта не паліткарэктнасць, а чыстай вады рэалізм – водгук на існуючы стан спраў.

 

Ааазіс у стэпе

kaz2 Можа здацца, што ўсё жыццё Казахстана канцэнтруецца ў Астане і вакол яе, калі не лічыць былой сталіцы Алматы. Цяпер адначасова з развіццём новай сталіцы адбываецца рэгіяналізацыя ўсёй краіны. Так, цэнтрам сталічнай Акмолінскай вобласці з’яўляецца не Астана, а Какшэтау. Акмолінская ж вобласць – даволі перспектыўны рэгіён не толькі дзякуючы асобаму статусу. Тут найбольш актыўна развіваецца турызм.

З першага погляду, вакол – адзін стэп. Аднак сярод «пустыні» ёсць «востраў Крым». Бурабай, Баравое – пад такімі назвамі вядомая мясціна з некалькімі азёрамі, абароненая ад стэпу высокімі гарамі, парослымі хвоямі. Тут і праўда крымскі клімат, а тутэйшыя азёры ласкавыя, як Чорнае мора.

Турыстычныя базы абсталяваны найноўшай мэбляй, тэхнікай, а вакол – першабытная прырода. «Нават адно дрэва ссячы нельга – усё пад пільным кантролем дзяржавы», – папярэджвае Эсміральда Есімава, дырэктар фірмы «Турыст», заслужаны работнік турызму Казахстана. Уезды ў запаведную мясціну перакрыты шлагбаумамі. Праезд – за плату або па пропуску.

Мясціна гэта найбольш цікавіць тых, каго вабіць прыродная экзотыка. Спадарыня Есімава расказвае, што горна-лясны аазіс адкрылі яшчэ ў 1762 годзе супрацоўнікі экспедыцыі Расійскай імператарскай акадэміі навук. З таго часу адпачынак між хвояў на скалах стаў вельмі папулярным у расійскай інтэлігенцыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў тагачаснае Баравое нават эвакуіравалася Малая Акадэмія навук СССР, больш за паўтары сотні вучоных, у тым ліку славуты Уладзімір Вярнадскі.

– Для казахаў месца гэта гістарычнае, – дадае Эсміральда Кабіеўна. – Тут захоўваецца памяць пра Абылай-хана.

На паляну Абылай-хана, да манумента ў гонар манарха, цяпер прыязджаюць маладыя, цэлыя вясельныя картэжы, як у нас – да помніка Перамогі. Тут – сапраўдны патрыятычны комплекс, але без асаблівай манументалістыкі. Пра вялікае мінулае расказвае прырода. У кожнай скалы, што выглядвае з-за лясістых гор, – уласная назва: Адзінокі Рыцар, Не Дастаць Стралой (Акжэтпес). За кожнай глыбай – легенда.

Па вялікім рахунку, Бурабай – гэта аналаг нашай Нарачы: азёры, хваёвыя лясы, зёлкі, гразі, мінеральныя воды, але яшчэ – горы. Усё гэта разам складае вялікі комплекс – Дзяржаўны прыродны парк «Бурабай». Пакуль асноўны профіль дзейнасці тутэйшага турбізнесу – санаторна-курортнае лячэнне, вандроўкі між гор, адпачынак на азёрах.

Але неўзабаве ўсё можа крута змяніцца. Бурабай мае ператварыцца ў вялікі ігральны цэнтр. Ігральныя аўтаматы забаронены па ўсёй краіне, а тут ім дазволена поўная свабода: пад гэты сегмент бізнесу ствараецца спецыяльная эканамічная зона. Парадаксальна? Не. Такім чынам у курортны пасёлак прыцягваюцца вялікія інвестыцыі.

– Неўзабаве будзе рэканструяваны какшэтаўскі аэрапорт, пройдзе аўтабан з Еўропы на Кітай, стане прыязджаць яшчэ больш расіян, тым больш што ігральны бізнес у іх краіне забаронены. Да Бурабая ад Астаны 220 кіламетраў, або дзве гадзіны язды – нішто ў маштабах Казахстана, – малюе найбліжэйшую перспектыву рэгіёна Шынарбек Беркутбаевіч Батырханаў, намеснік начальніка ўпраўлення турызму, фізічнай культуры і спорту акімата Акмолінскай вобласці.

Нядаўна назначаны акім Бурабайскага (Шчучынскага) раёна Акмолінскай вобласці Уладзімір Балахонцаў настроены на актыўнае ажыццяўленне дзяржаўнай праграмы развіцця курорта, разлічанай да 2030 года. Кожнаму інвестару даецца ў карыстанне зямля, пэўныя ільготы, а ўзамен чакаюцца канкрэтныя справы на гэтай тэрыторыі. За кошт дзяржавы ў Бурабаі пракладваюцца новыя электрычныя, водныя, каналізацыйныя сеткі. Што да экаасяроддзя, то ігральны бізнес не павінен стаць фактарам рызыкі. Як запэўніў спадар Балахонцаў, дзяржава вылучае вялікія сродкі на ачыстку навакольных азёр. Да гасцініц, дамоў адпачынку, кавярняў выстаўляюцца жорсткія экалагічныя патрабаванні.

У кастрычніку, дарэчы, ў Астане прайшла XVIII сесія Генеральнай асамблеі Сусветнай турыстычнай арганізацыі. Прызанана, што Казахстан праводзіць мэтанакіраваную работу па рэгіянальным выкарыстанні унікальнага прыроднага патэнцыялу і турыстычных рэсурсаў з мэтай стварэння кункурэнтаздольнай і запатрабаванай на сусветным і ўнутраным рынках турыстычнай прасторы. Наша краіна таксама многа працуе ў гэтым кірунку. Што ж, час пакажа, хто акажацца ўперадзе планеты ўсёй – ці цэнтр Еўропы, ці сэрца Еўразіі.

https://www.traditionrolex.com/8