Дар’я Гуштын. Фота аўтара
Калі гавораць пра беларускую прыроду, успамінаюць Палессе. Калі гавораць пра багацце нетраў і зямлі беларускай, успамінаюць Палессе. Калі гавораць пра самабытнасць Беларусі, успамінаюць Палессе. Кожны беларус мусіць хоць раз убачыць Палессе, адчуць і зразумець гэты край.
Маё жаданне ўбачыць край балотаў з’явілася акурат пасля прачытання знакамітага твора Івана Мележа «Людзі на балоце». Памятаю, як мы абмяркоўвалі яго ўсім класам і на ўроку, і на перапынку. Для дзяцей, што нарадзіліся ў Заходняй Беларусі, Палессе было чымсьці таямнічым і чароўным.
Першае жаданне падмацавалася другім, калі пазнаёмілася з чалавекам з Тураўшчыны. Ён падвозіў нас, аўтаспыншчыкаў, у Полацк. Яго расповед пра родны край уразіў. Самая запамінальная фраза была такая: «На Палессі людзі падтрымліваюць адзін аднаго. У нас балоты, няпроста дабірацца з аднаго месца ў другое. Калі сусед не дапаможа, можаш застацца сам-насам з прыроднай бядою, асабліва вясной, калі снег пачынае сыходзіць. Таму ў нас усе стаяць адзін за аднаго!»
Распрацоўка маршрута і дарога
Агульныя звесткі пра Палессе – гэта тое, што знаходзіцца край на балотах паміж Брэсцкай і Гомельскай вобласцямі (на тэрыторыі Беларусі). Што жывуць тут цікавыя людзі, якія размаўляюць на сваёй мове, падобнай да рускай, беларускай, украінскай і нават польскай адначасова. І што прырода ў гэтым краі проста зачароўвае сваёй некранутасцю. Гэта былі, бадай, усе звесткі, з якімі мы адпраўляліся на Палессе. У нас была карта, заплечнік з самымі неабходнымі рэчамі, намёты і спальнікі. Мы адмыслова адмовіліся ад усіх магчымых сродкаў сувязі – ад тэлефонаў да 3G-мадэмаў. Пагружацца ў атмасферу Палесся – дык цалкам, не адцягваючыся на звесткі з цывілізацыі.
Абклаўшыся картамі і інфармацыяй з «Глобуса Беларусі», мы пачалі распрацоўваць маршрут яшчэ ў Мінску. Вырашылі адразу, што паедзем аўтаспынам. Вядома ж, была надзея, што нам патрапяцца менавіта палесскія душэўныя кіроўцы, якія гатовыя дапамагаюць адзін аднаму. З сабой у нас таксама былі намёты – на той выпадак, калі начаваць усё ж прыйдзецца ў лесе ля дарогі.
Кажуць, што Палессе па сваім складзе неаднароднае і што кожная вёска жыве тут па-свойму. Нам хацелася адчуць найвялікшы каларыт, таму наш маршрут праходзіў паміж Брэсцкай і Гомельскай абласцямі. Трэба сказаць, што мяжа гэтых вобласцяў – адзін з самых маланаселеных раёнаў Беларусі, рэдка наведвальны: мала які турыст забрыдае ў гэтыя глухія закуткі. Па-першае, не самая лепшая дарога, дый грамадскі транспарт ходзіць рэдка. Па-другое, пасля Чарнобыля далёка не кожны адважваецца на вандроўку ў гэты край, хоць навукоўцы сцвярджаюць, што радыяцыйнае забруджанне насамрэч мала кранула гэты пас. Скалістыя гранітныя кар’еры глыбінёю да 30–35 метраў, глухія партызанскія лясы, азёры ў барах і «панскае мінулае», памяць пра якое нясуць тутэйшыя жыхары – усё гэта ёсць на мяжы Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў.
Паездка аўтаспынам – асобная тэма. Якія толькі людзі не трапляліся нам па дарозе! І клапатлівыя мужчыны, якія паўдарогі па-бацькоўску казалі, што дрэнна дабірацца такім небяспечным чынам. І азартныя маладыя хлопцы, якія прапаноўвалі ехаць з імі далей. І замкнёныя маўчуны, якія зрэдку казалі адну-дзве фразы. Але, перасядаючы з аднаго аўтамабіля ў другі, змяняючы адну вёску за другой, пазнаёміўшыся з дзесяткам новых людзей, мы атрымалі сапраўдную карціну сацыяльнага зрэзу беларусаў з іх клопатамі і праблемамі. Яны расказвалі нам пра сваё Палессе, і ў кожнага была свая цікавая гісторыя.
Дзядзька Міхал, які ехаў з горада да бацькоў у вёску, расказваў, што калісьці хаты на Палессе будавалі вялікія – для ўсёй сям’і ды каб яшчэ хто з дзяцей са сваёй сям’ёй мог жыць са старымі бацькамі. Але ён ды яго браты паехалі вучыцца, ды так і засталіся ў гарадах – хто ў Мазыры, хто ў Гомелі, хто ў Мінску. Але на Палессі да гэтага часу на вяселле збіраюць да сотні чалавек. І свята праходзіць з усімі абрадамі і традыцыямі: выкупам нявесты і шматлікімі прыказкамі пра шчаслівае сямейнае жыццё. Тут таксама крычаць «горка!», каб маладым пасля жылося салодка. Здараецца, і лімузіны для маладых замаўляюць – гэта ўжо вясёлле на новы лад. Але абавязкова робяць такое свята – каб было не горш, чым у суседзяў!
Беларускія самабытныя вёскі
Сапраўднае беларусскае жыццё можна ўбачыць толькі ў вёсках. Вёскі, праўда, выміраюць, і мы на свае вочы ўбачылі гэта на Палессі. Калісьці іх жыццё цякло, як паўнаводная рака, зусім як у Куранях, пра якія пісаў Мележ. Уся сям’я прачыналася рана. Спраўляліся па гаспадарцы. Бацькі адпраўляліся на працу, дзеці – у школу. Летам змагаліся за ўраджай, узімку ратаваліся ад халадоў. Сельскі клуб быў месцам сустрэч і першых спатканняў… Цяпер у вёсках вельмі ціха. Зрэдку ўбачыш, як на лавах сядзяць бабулькі. Праязджаем хаты, хаты, хаты... Бачна, што большасць ужо пустуе, пакасіўся плот, даўно не фарбаваная калітка... Самае галоўнае змаганне цяпер не за ураджай, а з п’янствам. На выхадныя рух у вёсцы трохі ажывае, бо прыязджаюць дзеці і ўнукі з гарадоў. Бабулькі іх чакаюць з раніцы. Выглядваюць на дарогу. Зусім мала засталося дзядоў. Баба Антося, у якой мы начавалі, казала, што «калі вясковы дзед застаецца адзін, яму больш складана, чым самотнай бабе, – і з гаспадаркай, і проста сумна вельмі».
Галоўны інфарматар на вёсцы – гэта паштальён. Раіса Міхайлаўна, што развозіць пошту ў вёсцы Ленін, распавядае, хто як сябе адчувае. Каго з бальніцы выпісалі, а хто збіраецца туды. Расказвае, што падаражала ў краме, што новага завезлі. А яшчэ тлумачыць старым, што насамрэч адбываецца ў свеце. Звычайна ў кожнай хаце ёсць тэлевізар, але бабулям недастаткова проста паглядзець «Навіны» – трэба абмяркаваць іх і з паштальёнкай, і з суседзямі. І часта кажуць, што свет каціцца невядома куды…
Асабліва ахвотна бабулькі ўзгадваюць маладосць. І хоць прыводзіш аргументы, што жылося тады больш складана, што было мала магчымасцяў, – не пагаджаюцца. Здаецца, яны ведаюць дакладна – раней было лепш. І добра памятаюць гісторыю сваёй вёскі. Баба Антося распавядала, як вяскоўцы ўступалі ў калгас. Як баяліся людзі за сваю гаспадарку, але яшчэ больш баяліся «начальства з горада», таму ўсе і падпісаліся.
У вёсцы Пагост, што каля Турава, жылі мы ў хаце двух бабулек – маці і дачкі. Адной ужо 93 гады, другой – 73. Абедзьве вядуць актыўнае жыццё, працуюць у поле і дзеляць абавязкі па хаце. Палессе, дарэчы, лічыцца месцам, дзе жывуць адны з самых старых людзей у Беларусі. Сустрэць людзей пад cто гадоў, поўных жыцця, тут не рэдкасць.
У гэтым краі людзі дакладна ведаюць, у чым сэнс жыцця. «Каб здароўя трохі было, каб пажыць яшчэ. Ды каб дзеці не забывалі, прыязджалі каб», – любіла паўтараць баба Марыя, якая пражыла ў Пагосце ўсё сваё жыццё.
«Ты там можэш попасты в Полнссе…»
Пра тое, што мы ўжо на Палессі, мы зразумелі з гаворкі мясцовых жыхароў. І хоць стараліся размаўляць на беларускай мове, яны вырашылі, што мы палякі. «У нас так людэ не говорытэ» (У нас так людзі не размаўляюць. – Д.Г.), – тлумачылі нам бабулькі. Пра моўныя асаблівасці мы чулі, але не чакалі, што будуць сітуацыі, калі мы не зразумеем сваіх суразмоўцаў. У палескіх вёсках ніколі не гаварылі па-руску, пераконвалі нас паляшукі. І сапраўды, адчувецца, што іх мова – асобная, не падобная ні да рускай, ні да беларускай, хутчэй да ўкраінскай. Нягледзячы на ўсеагульную русіфікацыю, руская мова нават зараз тут і блізка не ляжыць: ніхто па-руску не гаворыць, ні ў адной вёсцы!
Згодна з сучаснымі даследваннямі, на тэрыторыі Палесся вылучаецца асаблівы паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы. Так склалася гістарычна, што на іх мову паўплывалі і руская, і польская, і ўкраінская мовы, і нават ідыш. І чым бліжэй вёска да мяжы з Украінай, тым больш выразна адчуваецца ўплыў мовы суседняй краіны.
Самі палешукі межаў паміж нашымі краінамі не праводзяць. Здараецца, мясцовы жыхар хутчэй зразумее украінца, чым чалавека з суседняга раёна, бо ў кожным – свае асаблівасці. І палякі, і ўкраінцы паляшукоў добра разумеюць, распавядалі нам у Пагосце, больш складана рускім.
Развіццё турызма
Палессе здзіўляе сваёй самабытнасцю і некранутасцю. Але турыстам трэба быць гатовымі да экстрэмальных умоў. Ні хостэлаў, ні кэмпінгаў, ні нават гасцініц няма, хіба што ў райцэнтрах. Грамадскі транспарт, як кажуць, ходзіць разы ў гады. Аграэкасядзібаў таксама няшмат.
Трэба адзначыць, што Палессе хоць і самы прыгожы, але і самы эканамічна адсталы рэгіён Беларусі. Праўда, абяцаюць, што да 2015 года гэта зменіцца, бо рэгіён атрымае сродкі на глабальнае ажыўленне турыстычнай, аграпрамысловай, прыродагаспадарчай галін паводле зацверджанай дзяржпраграмы развіцця.
Чыноўнікі сцвярджаюць, што гэта не толькі сацыяльна-эканамічны, але і іміджавы праект, пасля рэалізацыі якога Палессе зможа заявіць пра сябе на ўвесь свет. За новае жыццё старажытнага рэгіёну неабходна будзе заплаціць трыльёны. У планах – трохзоркавы гатэль, сафары-парк і водныя віды турызму.
А пакуль Палескі край адкрыты для экстрэмалаў і аматараў дауншыфтынгу. Адсутнасць цывілізацыі гарантаваная, бо, каб дабрацца да суседняй вёскі або крамы, не заўсёды знойдзеш нават папутку і трэба ісці пешшу. Звыклы душ замяняецца ракой або возерам. А ў вольны час можна пагуляць па лесе, дзе багата грыбоў і ягад, дапамагчы па гаспадарцы мясцовым жыхарам, якія, дарэчы, заўсёды гатовыя прыняць турыстаў на начлег.