https://www.traditionrolex.com/8
<p>Калі вырашыце адправіцца ў Венгрыю, запомніце некалькі правілаў. Па-першае, венгры разумеюць толькі сваю родную венгерскую (яны называюць яе «мадзьярскай») мову. Па-другое, пастарайцеся не трапляць у цэнтр Будапешта з 8 да 10 гадзін раніцы і з 4 да 7 гадзін вечара. Гэта варта запомніць ужо ў Мінску, папярэджвалі нас на старонках турыстычных парталаў.</p>

Дар’я ГУШТЫН, фота аўтара

Калі вырашыце адправіцца ў Венгрыю, запомніце некалькі правілаў. Па-першае, венгры разумеюць толькі сваю родную венгерскую (яны называюць яе «мадзьярскай») мову. Па-другое, пастарайцеся не трапляць у цэнтр Будапешта з 8 да 10 гадзін раніцы і з 4 да 7 гадзін вечара. Гэта варта запомніць ужо ў Мінску, папярэджвалі нас на старонках турыстычных парталаў.

gorod1

Калі паглядзець на карту Еўропы, то спачатку здаецца, што Венгрыя знаходзіцца не так далёка ад Беларусі: вось Украіна, а вось ужо і Венгрыя. Разам з тым «мадзьярская» краіна мяжуе і з Аўстрыяй, і з Румыніяй, а гэта, пагадзіцеся, ўжо іншы свет.

Шлях да сталіцы

Існуе некалькі варыянтаў, як дабрацца да Венгрыі. Той, хто шкадуе свой аўтамабіль і нервы, асцерагаецца ехаць праз Украіну. Вядома, што дарогі там не лепшыя дый дарожны кантроль звычайна выклікае нараканні ў кіроўцаў. Куды прыемней адправіцца праз Польшчу і Славакію. Дарога тады складзе 1880 кіламетраў. Безумоўны плюс яшчэ і ў тым, што ўбачыш яшчэ дзве новыя краіны, а таму цікава адсочваць, як распаўсюджвалася культура на прымежных тэрыторыях. Гэта добра бачна па мясцовым насельніцтве, яго звычках, будынках.

Дарогі Венгрыі ў кіроўцаў выклікаюць палёгку і надаюць упэўненасці: шырокія палосы, даволі высокая дазволеная хуткаць.

Самы галоўны і самы вядомы горад Венгрыі – яго сталіца Будапешт. Сказаць, што ён уражвае сваёй прыгажосцю – нічога не сказаць. Ён велічны і вельмі ганарлівы, з мужчынскім характарам. Высокія шпілі, бачныя здалёк, масіўныя каменныя будынкі, магутны Дунай, які працякае праз весь горад… У Будапешце перамяшаліся эпохі і сышліся стагоддзі. Амаль няма вузкіх вулачак, звыклых для еўрапейскіх гарадоў, мініяцюрных арак, адкуль выглядваюць ровары, і маленькіх гаўбцоў, дзе размешчаны прыгожыя кветнікі… Гэта горад з шырокімі вуліцамі, чымсьці нават нагадвае Мінск. Цэнтр горада, імклівы і вельмі шумны, вызначаецца не толькі прысутнасцю галоўных модных буцікоў Prada і Dolce&Gabana, але і адсутнасцю зеляніны.

Мы трапілі ў цэнтр акурат пад час пробкі. Таму першае знаёмства з гістарычным Будапештам адбылося з салона машыны. І было вельмі складана не адцягвацца на прыгожыя фасады і сачыць за дарогай.

Буда, Пешт, Обуда

У Будапешце жыве прыблізна адна пятая частка насельніцтва ўсёй Венгрыі (каля двух мільёнаў чалавек). Прыкладна палова жыхароў – каталікі, адна траціна – пратэстанты. Горад утварыўся з трох гістарычных частак – Пешта, Буды і Обуды, у студзені 1872 года іх аб’ядналі ў адзін горад. Але кожны з гарадоў мае сваю гісторыю. І зараз яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, і нават ролі ў іх падзеленыя.

gorod2

Обуда – найстаражытнейшы раён сталіцы, размешчаны на правым беразе Дуная на выспе Маргіт. У ім даўжэй за іншыя раёны горада захоўваліся вузенькія вулачкі з невялікімі рэстаранчыкамі, маленькімі хаткамі ў стылі барока і позняга ракако. Але цяпер і тут усё значна змянілася, праўда, клапатліва ахоўваюцца ансамбль галоўнага пляца (Фё цер) і рэшткі пабудоў старажытнага рымскага селішча Аквінка – «Аквінкум». Яго руіны і амфітэатр – адзін з найбуйнейшых у рымскіх правінцыях – выклікаюць велізарную цікавасць турыстаў.

Дзесяткі тысяч аматараў тэатральнага і музычнага мастацтва прыязджаюць штогод у Венгрыю, каб прысутнічаць на шматлікіх фэстах. Самыя вядомыя з іх – вясенні і летні Будапешцкія тэатральныя фэсты, Сігецкі музычны фэст, канцэрты музыкі Бетховена ў старадаўнім парку горада Мартанвашар, які знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад Будапешта ў бок возера Балатон. У Мартанвашару ёсць замак, які калісьці належаў спадару Брунсвіку, а зараз носіць яго імя (у цяперашні час там размяшчаецца Інстытут сельскагаспадарчых даследаванняў). Калі Бетховен жыў у гэтым горадзе, ён часта наведваў Брунсвіка і яго дачок. У ліпені-жніўні па суботах у гонар Бетховена праводзіцца восем канцэртаў. Што цікава – канцэртныя залы знаходзяцца блізка ад чыгункі, але расклад цягнікоў складаецца так, каб пад час канцэртаў яны не заміналі сваім шумам слухаць музыку.

Самую вялікую частку сталіцы займае Пешт, аддзелены ад Буды Дунаем. У ім знаходзіцца знакаміты будынак парламента. Жыццё вакол яго досыць бурнае: па дарогах рухаюцца патокі машын, па Дунаі курсіруе круізны лайнер, на газонах ля самога парламента збіраюцца моладзь і турысты, каб адпачыць у цяньку. Пры гэтым тэрыторыя будынка ахоўваецца паліцыяй. У гэтай частцы горада можна ўбачыць плошчу Герояў, якая чымсьці нагадвае Брандэнбургскія вароты ў Берліне, таксама тут праходзіць праспект Андрашы. Часам у венгерскай мове слова «Пешт» выкарыстоўваецца для абазначэння сталіцы краіны.

Тэрыторыя галоўнага горада Венгрыі, якая пакрыта лясамі і ўзгоркамі, – гэта Буда. Да ўваходжання Венгрыі ў склад Асманскай імперыі ён быў сталіцай краіны. Гэты раён горада найбольш падабаецца турыстам. Уражвае Рыбацкі басціён, палац Шандора, Старая ратуша. Але кульмінацыяй можна назваць Цытадэль на гары Гелерт – сімвал незалежнасці, сімвал непераможнасці Венгрыі. Лепшыя нашы панарамныя здымкі Будапешта зроблены менавіта з гэтай гары.

Зазірнем на ўскраіну горада

Вядома, самае цікавае знаходзіцца ў цэнтры, але ёсць на што паглядзець і на ўскраіне. Але туды дабіраюцца толькі тыя турысты, якія свядома шукаюць пэўныя выбітныя рэчы. У Обудзе сярод бетонных будынкаў сучаснага мікрараёна нечакана адкрываецца маленькі ўтульны пляц Фё цер са стогадовымі домікамі, цікавымі музеямі і хатнімі рэстаранчыкамі. Бронзавыя дзяўчыны з парасонікамі быццам клічуць устаць сярод іх і сфатаграфавацца.

Калі ля пляца Фё цер сесці на электрычку і праехаць тры прыпынкі ў кірунку Сентэндрэ, то можна здзейсніць вандроўку ў часе на дзве тысячы гадоў назад. Менавіта тут знаходзіцца музей «Аквінкум», які дэманструе выяўленыя пад час археалагічных раскопак рэшткі старажытнарымскага горада.

Паблізу ад плошчы Масква былыя цэхі заводу «Ганц» ператвораны ў незвычайны выставачна-забаўляльны цэнтр «Міленарыш», дзе знаходзіцца музей Будучыні з дасягненнямі навукі і тэхнікі.

Будафок на поўдні Буды вядомы як Горад вінаграда і віна. І, вядома ж, шампанскага. У 30-кіламетровым лабірынце скляпоў можна захоўваць каля 100 мільёнаў літраў віна. Калі прыедзеце на завод шампанскіх він «Тэрлей», у невялікім музеі даведаецеся пра гісторыю вытворчасці шампанскага ў Венгрыі.

На ўскрайку Будафока размешчаны адзін з самых цікавых музеяў Будапешта – Парк скульптур. Тут сабраныя творы мастацтва, створаныя ў 1950–1990 гады і цяпер ужо страціўшыя сваё ідэалагічнае прызначэнне. Ля ўвахода ў музей можна набыць незвычайныя «сувеніры»: значок «Выдатнік працы», касету з першамайскімі маршамі і «апошні выдах камунізму» ў бляшанцы.

Як паразумецца з венграмі? Лёгка!

Венгерская мова па праву прызнаная самай складанай у Еўропе. Праязджаючы па трасе, мы спрабавалі запомніць першыя чатыры-пяць літар геаграфічнай назвы, каб пасля зразумець, дзе мы. Больш запомніць немагчыма – вельмі распаўсюджаныя словы з 20-25 літар. Спадзяванні на тое, што Венгрыя з 2004 года ўваходзіць у Еўрасаюз і таму тут павінны разумець англійскую мову, дарэмныя. Мясцовыя жыхары, у якіх вы будзеце прасіць дапамогі, звычайна ўсміхаюцца, кажуць, што па-англійску не разумеюць, але – што цікава – ніколі не адмаўляюць у дапамозе. І вось вы стаіце пасярод дарогі, а венгр старанна тлумачыць на мадзьярскай мове, як прайсці да царквы, дзе лепш прыпаркавацца і як за гэта заплаціць. Пры гэтым венгры па-добраму ўсміхаюцца і хлопаюць суразмоўцу па плячы. У іх вачах чытаецца: «Ну, нічога! Хутка паразумеемся!» І сапраўды, праз некалькі дзён ты прывыкаеш да новай, хай сабе і складанай мовы. І можаш ужо камунікаваць з любым сустрэчным. У размове пераважае невербальны бок, дзе словы не значаць нічога, а жэсты і міміка тлумачаць усё.

gorod3

Венгры вельмі старанныя і акуратныя людзі. Сваю справу яны робяць няспешна і рупліва, так што жвавыя беларусы могуць паспець засумаваць.

Трэба сказаць, што істотнай эканамічнай і сацыяльнай праблемай краіны з’яўляецца вельмі вялікая розніца ў заробках паміж рознымі слаямі насельніцтва. Венгрыя пакуль не перайшла на еўра, тут ходзіць нацыянальная валюта – форынт. Досыць складана пералічваць яе ў беларускія рублі ці еўра. Курс – за адзін форынт – 13 тысяч беларускіх рублёў. У атэлях і на запраўках, а таксама ў турыстычных мясцінах прымаюць і еўра. Праўда, курс можа вас непрыемна здзівіць – ён надта нізкі.

Увогуле, Будапешт досыць недарагі ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі сталіцамі горад. Харчаванне ў маленькіх кафэ каштуе столькі ж, колькі і ў Мінску, кошт атэляў – ад 35 еўра. Для студэнтаў і людзей сталага веку існуюць зніжкі, прычым ніхто не спяшаецца правяраць дакументы. Кошт экскурсій вельмі дэмакратычны. Найбольш выгадныя – на турыстычным аўтобусе. Гэта дазваляе ўбачыць горад з вышыні другога паверха аўто, сэканоміць на дадатковых экскурсіях (на іх прадастаўляюцца зніжкі), а таксама не губіць час на стаянне ў пробках – для аўтобусаў у Будапешце створаны асобныя палосы на дарогах.

 

gorod4 Пяць цікавых фактаў пра Венгрыю

  1. Венгрыю называюць «гарачым ключом» Еўропы. Такую назву краіна атрымала дзякуючы сваім тэрмальным водам. У сусветным маштабе яна ўваходзіць у пяцёрку самых багатых такімі водамі краін Еўропы. Будапешт нават з’яўляецца найбуйнейшым спа-курортам.
  2. У Венгрыі ёсць мора… Менавіта так называюць тут возера Балатон, самае вялікае ў Еўропе. Унікальная асаблівасць возера – яго невялікая сярэдняя глыбіня: усяго 3 метра.
  3. Метрапалітэн Будапешта стаў першым у кантынентальнай Еўропе. Па адной з яго ліній ходзяць цягнікі, стылізаваныя пад даўніну. На іншых лініях выкарыстоўваюцца расійскія цягнікі. Дарэчы, аплату праезда ў будапешцкім метрапалітэне правяраюць на кожнай станцыі і на кожным пераходзе, і «зайцаў» штрафуюць.
  4. Самыя доўгія трамваі ходзяць менавіта ў сталіцы Венгрыі. Іх даўжыня складае 53,9 метра.
  5. У жніўні пасаду прэзідэнта Венгрыі заняў Пал Шміт – залаты медаліст па фехтаванні на Алімпійскіх гульнях 1968 і 1972 гадоў.
https://www.traditionrolex.com/8