https://www.traditionrolex.com/8
<p>Расказаць пра сваю краіну зусім незнаёмаму чалавеку, які знаходзіцца за тысячы кіламетраў, стала магчыма дзякуючы посткросінгу. З’ява, якая распачалася ў Фінляндыі, зараз ахапіла ўвесь свет. І ў Беларусі яна становіцца ўсё больш папулярнай.</p>

Дар’я Гуштын

Расказаць пра сваю краіну зусім незнаёмаму чалавеку, які знаходзіцца за тысячы кіламетраў, стала магчыма дзякуючы посткросінгу. З’ява, якая распачалася ў Фінляндыі, зараз ахапіла ўвесь свет. І ў Беларусі яна становіцца ўсё больш папулярнай.

40-3a

Сэнс посткросінга просты: людзі з усіх куткоў планеты абменьваюцца паштоўкамі. Цяпер, дзякуючы інтэрнэту, папяровыя паштоўкі са штампамі і маркамі сталі мастацтвам, якое сыходзіць. Успомніце, калі вы ў апошні раз даставалі з паштовай скрыні сапраўдны ліст ці паштоўку з маркай, падпісаную ад рукі? Да посткросераў паштоўкі прыходзяць 3-4 разы на тыдзень.

Звычайная пошта цяпер на мяжы галоднай смерці, таму што, як казалі ў знакамітым фільме «Масква слязам не верыць», зараз «адно суцэльнае тэлебачанне». На паштамтах прадаюць гаспадарчыя і канцтавары, а 99% пасылак – ад касметычных фірм і кнігарняў. Паштоўкі і лісты цяпер наогул практычна не пасылаюць, абмяжоўваючыся мэйламі і эсэмэскамі. Невялікі ўсплёск актыўнасці ў рассыланні паштовак назіраецца толькі на святы, асабліва ў Новы год, ды і тое не заўсёды, бо атрымліваць паштоўку прыемна, а вось падпісваць – лянота. Але калі ты атрымаў паведамленне з далёкага краю, ад чалавека, які хоць і не ведае цябе, але патраціў свой час, няёмка не адказаць…

Посткросінг часам нагадвае эпідэмію; ён нашмат папулярнейшы за іншыя сацыяльныя з’явы, якія так і не прыжыліся – буккросінг, тойкросінг, бо і кнігі, і цацкі не так проста перасылаць. А вось паштоўкі выдатна падыходзяць для абмену.

40-3b

Калекцыя паштовак з усяго свету

Пакой вядучай на радыё «Сталіца» Аксаны Ракуцінай нагадвае стракатую мапу свету. Сцены завешаныя яркімі паштоўкамі, здаецца, з усіх частак планеты.

– Посткросінг прыносіць мне вельмі пазітыўныя эмоцыі, – прызнаецца Аксана. – Я настолькі захапілася гэтай ідэяй, што не магу сабе ўявіць, як раней жыла без гэтых сюрпрызаў.

Сёння ў Аксаны ў калекцыі ўжо больш за сотню паштовак. Калі паглядзець на карту свету, то не засталося частак свету, адкуль яна не атрымала б паведамленне.

– Я пачула пра ідэю посткросінгу ад сяброў. І мне яна вельмі спадабалася. У той час, як мае сябры ў дзяцінстве калекцыянавалі налепкі, фішкі і фанцікі, я збірала паштоўкі. Усе суседзі прыносілі іх мне. Але пасля прыйшла эра інтэрнэту, мабільных тэлефонаў, калі не тое што тэлеграмы сталі рэдкасцю – нават віртуальную паштоўку рэдка хто дасылае сваім родным і блізкім.

Сапраўды, яшчэ нашыя бацькі актыўна перапісваліся са сваімі сябрамі па ўсім свеце і дасылалі ім свае прывітанні ў канвертах з маркамі. Сучасныя паведамленні ўмяшчаюцца ў фармат эсэмэскі ці твітэра не больш на 180 сімвалаў.

– Мы згубілі нейкую душэўнасць. Бо раней чалавек, калі сядаў пісаць ліст ці падпісваць паштоўку, укладаў у гэта вельмі шмат сэнсу. Ён ведаў, што з сябрам яго раздзяляюць сотні кіламетраў, і ліст павінен прайсці праз рукі паштальёнаў, ехаць некалькі дзён... Цяпер усё вымяраецца секундамі і мегабайтамі, але ці шмат сапраўды цёплых слоў і пачуццяў вы атрымлівалі на свае імэйлы?

40-3c

Беларусь у паштоўках

Удзельнікі посткросінгу могуць пазначыць у сваёй анкеце, якія паштоўкі яны чакаюць.

– Я стараюся звяртаць увагу на такія рэкамендацыі, – кажа Аксана. – Але ў Беларусі, на жаль, цікавых паштовак мала. Вось зусім нядаўна мы з сябрамі былі ў Валожыне. Гэта вельмі прыгожы горад са сваёй багатай гісторыяй. Але на пошце нам сказалі, што паштовак з выявамі іх горада няма. Чаму няма? Чаму ніхто не фатаграфуе Беларусь? Насамрэч вельмі мала якаснай паліграфічнай прадукцыі такога кшталту. Ёсць паштоўкі з Белавежскай пушчай. Вельмі цікавыя фотаздымкі, і папера вельмі якасная. Яны выклікалі найбольш прыемныя эмоцыі ў маіх сяброў па посткросінгу. Але ўвогуле Беларусі яшчэ трэба шмат працаваць над стварэннем свайго іміджа. Хоць бы на паштоўках!

Цікава, дарэчы, ці ведаюць пра нашу краіну далёка за яе межамі? Бо адрасата выдае камп’ютар, і часам вестачкі з Беларусі ідуць праз тысячы кіламетраў на іншыя кантыненты.

– Калі я падпісваю паштоўку, я стараюся некалькі слоў сказаць пра нашу краіну. Мне важна, каб пра нас ведалі за мяжой. Я звычайна тлумачу, што за будынак на паштоўцы. Кажу некалькі слоў пра гісторыю края, касцёла, замка – у залежнасці ад выявы. Часам адну фразу пішу па-беларуску з перакладам і транскрыпцыяй, каб недзе далёка змаглі пачуць Беларусь. Адзін мой знаёмы з Нямеччыны спачатку не разумеў, што гэта за Беларусь, бо яны нашу краіну называюць WeiЯrussland. Я патлумачыла яму асаблівасці гісторыі і ў чым для беларуса розніца, калі фактычны пераклад – Белая Русь. І цяпер Йоханэс падпісвае паштоўкі Belarus.

Дарэчы, у гэтым годзе беларускія заўзятары посткросінга арганізавалі цэлую акцыю «Напішы ліст амерыканцам». Арганізатары сабралі 1000 чалавек, кожны з якіх напісаў ліст да жыхара невялічкага амерыканскага гарадка Касцюшка (штат Місісіпі), названага ў гонар нашага знакамітага земляка. У сваім лісце кожны распавёў пра сябе, пра Беларусь, павіншаваў амерыканцаў з навагоднімі святамі. Пасля гэтага ўсе адначасова кінулі канверты ў паштовыя скрыні. Адрасы выбранага гарадка былі прапанаваныя ў інтэрнэце. І ў адзін дзень 1000 суседзяў гарадка атрымалі лісты з прыемнымі і добрымі словамі ад людзей з Беларусі. Арганізатар акцыі – студэнтка Мінскага лінгвістычнага універсітэта Карына Валасевіч – адзначае:

– Я думаю, што наша акцыя дапамагае разбурыць «сцяну» стэрэатыпаў паміж Беларуссю і Амерыкай. Вельмі часта можна пачуць ад замежнікаў, што яны нічога не ведаюць пра нашу краіну. А калі і ведаюць, дык гэта датычыцца бульбы, балотаў і палітыкаў. Я лічу, што мы маем права заявіць пра сябе і паказаць усю прыгажосць нашай душы, багацце нашай культуры і гісторыі. Мы пра ЗША ведаем куды больш,чым яны пра нас. Так што сваёй акцыяй мы далі магчымасць амерыканцам атрымаць новыя веды!

Дарэчы, арганізатары не думаюць спыняцца на адным гарадку адной краіны. Неўзабаве рассылка лістоў будзе арганізавана ў краіны Еўропы і Азіі.

«З Парыжа з любоўю»

Як бачым, апроч эстэтычнага задавальнення посткросінг дапамагае палепшыць свае веды ў галіне краіназнаўства. А яшчэ ён павышае ўзровень валодання замежнымі мовамі. Кожны ўдзельнік у сваёй анкеце пазначае замежныя мовы, якімі ён валодае. І камунікацыя адбываецца па-англійску, па-нямецку, па-польску…

Часам посткросінг не сканчаецца толькі абменам паштовак – людзі працягваюць знаёмства і становяцца сябрамі. Вяртаюцца часы, калі перапісвацца было займальна і нават модна. І хай зараз перапіска набыла скарочаны варыянт – у паштоўцы ўсяго не скажаш, але душэўнасць гэтыя паведамленні дакладна маюць: «З Парыжа з любоўю» ці «Прывітанне з Амстэрдама!»

40-3d Як далучыцца да посткросінга?

Каб займацца посткросінгам, неабходна зайсці на сайт httр://роstсrоssіng.соm. Там трэба запоўніць анкету, указаўшы свой адрас, і даць крыху інфармацыі пра сябе, на якіх мовах размаўляеце, а таксама пра паштоўкі, якія вы хочаце атрымліваць.

З гэтага часу вы — зарэгістраваны карыстальнік. Вам аўтаматычна выдаецца спіс адрасоў, звычайна не больш за 5, са спецыяльным ІD-кодам, які трэба абавязкова ўказваць на паштоўцы. Пасля таго як яна прыйдзе, адрасат зарэгіструе яе на сайце, і вам на электронную скрыню прыйдзе паведамленне, што паштоўка дайшла. Яна залічваецца на рахунак адпраўніка, і яго адрас пачынае выдавацца іншым посткросерам.

https://www.traditionrolex.com/8