https://www.traditionrolex.com/8
<p>Існуе шэраг прыкладаў, калі сусветнавядомыя помнікі былі адноўленыя дзякуючы валанцёрскай працы. Так, за кошт дабрачыннасці паўсталі Тракайскі замак у Літве, Вавель у польскім Кракаве. Маем вынік працы грамадскай ініцыятывы і на Беларусі – валанцёрскія летнікі адбываюцца ў Любчанскім замку ўжо восьмы год. І паступова помнік архітэктуры змяняецца ў лепшы бок. Кожнае лета валанцёры працуюць у розных кутках Беларусі. Пераадолеўшы шэраг пытанняў з заканадаўствам і мясцовымі ўладамі, яны сутыкнуліся з новай праблемай – адсутнасцю сувязі паміж грамадскімі аб’яднаннямі. На сустрэчы, арганізаванай беларускім камітэтам ІКАМОС, прадстаўнікі валанцёрскіх ініцыятыў расказалі аб выніках сёлетняй працы і абмеркавалі, як дзейнічаць далей. Па магчымасці – разам.</p>

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ, фота Зміцера САВЕЛЬЕВА

Існуе шэраг прыкладаў, калі сусветнавядомыя помнікі былі адноўленыя дзякуючы валанцёрскай працы. Так, за кошт дабрачыннасці паўсталі Тракайскі замак у Літве, Вавель у польскім Кракаве. Маем вынік працы грамадскай ініцыятывы і на Беларусі – валанцёрскія летнікі адбываюцца ў Любчанскім замку ўжо восьмы год. І паступова помнік архітэктуры змяняецца ў лепшы бок. Кожнае лета валанцёры працуюць у розных кутках Беларусі. Пераадолеўшы шэраг пытанняў з заканадаўствам і мясцовымі ўладамі, яны сутыкнуліся з новай праблемай – адсутнасцю сувязі паміж грамадскімі аб’яднаннямі. На сустрэчы, арганізаванай беларускім камітэтам ІКАМОС, прадстаўнікі валанцёрскіх ініцыятыў расказалі аб выніках сёлетняй працы і абмеркавалі, як дзейнічаць далей. Па магчымасці – разам.

40-4a

Па выніковых падліках, гэтым летам у розных кутках Беларусі адбывалася каля 20 валанцёрскіх летнікаў. З іх каля 10 былі прысвечаны ахове гісторыка-культурных помнікаў. На жаль, сабраць усе ініцыятывы разам не ўдалося, аднак на сустрэчы былі прадстаўлены бадай што самыя буйныя: МГА «Гісторыка», ДФ «Любчанскі замак», ДФ «Крэўскі замак», БАСА (Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў). Сёлета найбольшай увагай мінскіх валанцёраў карысталася Наваградчына.

У Крэва ўпарадкаваны стары млын, у Наваградку – старыя могілкі

Дабрачынны фонд «Крэўскі замак» у гэтым годзе скіраваўся на два населеныя пункты – Наваградак і Крэва. «У Крэва мы працуем ужо пяты год, сёлета летнік адбываўся 6-16 ліпеня, – расказала дырэктар фонда Вольга Кастрамінава. – Працы пачыналіся на замку, аднак з цягам часу мы зразумелі, што каштоўнасць Крэва ўвасабляецца таксама і ў наваколлі, якое атачае гэты помнік архітэктуры. Асноўная праца ішла на рэштках старога млына, які знаходзіцца недалёка ад замка. Усё было ачышчана ад зеляніны і будаўнічага смецця, і паступова выявілася структура млына. Мы збіралі камяні і з дапамогай цэмента складалі іх ў аснову. На месцы працы мы ўстанавілі памятную шыльду, дзе ў наступным годзе, спадзяюся, паўстане камень з шыльдай металічнай». Другім аб’ектам валанцёраў стаў камень-чараўнік, які знаходзіцца каля Крэва пры ўездзе з шашы Мінск – Вільня. Ён прываблівае ўвагу турыстаў, асабліва з Літвы, якія ведаюць асновы паганства. Камень, які паступова ўхадзіў у зямлю і пакрываўся лішайнікам, ачысцілі, крыж пафарбавали і агарадзілі, каб такім чынам выдзяліць яго з навакольнага ландшафту. Такіх валуноў у наваколлі чатыры. Пакуль знойдзены толькі два. Аднак валанцёры не губляюць надзеі знайсці астатнія. Трэці аб’ект – рэшткі царквы Святога Мікалая ў Крэва – сёлета застаўся некранутым. «Рускі праваслаўны фонд, які зацікавіўся царквою, прапанаваў нам фінансаванне, – расказала Вольга аб прычыне пераносу працы на будучы год. – Аднак у нас былі пытанні з афіцыйным атрыманнем гранта праз Дэпартамент па гуманітарнай дапамозе – з-за таго, што мы не знайшлі ў час бухгалтэра, які б пагадзіўся за мізэрную зарплату выканаць абавязкі па справаводстве». Будаўнічыя матэрыялы валанцёры набывалі за свой кошт. Удалося знайсці спонсараў і сярод мясцовых жыхароў, якія з прычыны узросту альбо занятасці не змаглі паўдзельнічаць у працы. У наступным годзе валанцёры плануюць распачаць археалагічныя раскопкі, а таксама ўзняць пытанне аб далейшай кансервацыі сцен.

У Наваградку з 1 па 15 жніўня валанцёры працавалі на старажытных могілках, што знаходзяцца ў цэнтры горада каля вакзала. Па словах арганізатараў, у першы год працы мясцовыя ўлады ставіліся да студэнтаў насцярожана, нават звярталіся ў Міністэрства культуры, каб дазнацца пра дзейнасць арганізацыі. Сёлета самі актыўна дапамагалі – прывозілі фарбу і пясок. А мясцовыя жыхары склалі большасць удзельнікаў летніка. Асноўная праца ішла па ачышчэнні надмагільных помнікаў ад моху і пакрыццю іх антыкаразійнай рошчынай. Некаторыя помнікі знаходзіліся глыбока ў зямлі. Іх трэба было знайсці, адкапаць і пафарбаваць. На кожны складаліся апісальныя карткі.

Праекты летнікаў складаліся загадзя. Арганізатары сустракаліся з мясцовымі ўладамі і паказвалі, што плануюць зрабіць падчас летніка.

У Налібоках пракладзены веламаршруты, ва Уселюбе ачышчана крыпта

МГА «Гісторыка» сёлета ўдалося арганізаваць таксама два валанцёрскія летнікі ў сярэдзіне жніўня. Першы адбыўся па ініцыятыве Алеся Белага ў Малой Люцынцы, дзе аўтар кнігі «Наша страва» гаспадарыць у аграсядзібе «Марцінова Гусь». Удзельнікі летніка стваралі экспазіцыю краязнаўчага музея, а таксама пракладалі веламаршруты праз вартыя аб’екты, каб турысты, якія спыняюцца на адпачынак, маглі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй краю. Маршруты трэба было абазначыць і апрабаваць, каб вызначыць, колькі яны займаюць па часе. Такім чынам да мясцовых культурных помнікаў будзе прыцягвацца ўвага грамадскасці.

Другі валанцёрскі летнік адбываўся ў мястэчку Уселюб на Наваградчыне. Увагу валанцёраў прыцягнула капліца-пахавальня рода О’руркаў, якія прыехалі на тэрыторыю тагачаснай Расійскай імперыі і пасяліліся на Наваградчыне. Капліца датуецца 1930-м годам і знешне выглядае нядрэнна – сцены і дах знаходзяцца ў даволі добрым стане. Валанцёры запланавалі правесці ўнутраныя работы. «Мы чысцілі крыпту, якая знаходзіцца ў сутарэннях капліцы, – адзначыла прадстаўніца МГА «Гісторыка» Таша Міхайлоўская. – Стан крыпты ўражвае, бо там неаднаразова пабывалі вандалы «ўсіх часоў». Пасля аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі крыпту пачалі руйнаваць камуністы; пасля прыйшлі тыя, хто шукаў скарбы. Мясцовыя жыхары кажуць, што тут павінен быць пахаваны генерал, якія належаў да гэтага роду, а побач з ім – дзве залатыя шаблі. Верагодна, што шукалі менавіта іх. Нашай задачай было пачысціць крыпту. Смецце мы вікідалі, цэлую цэглу адкладалі ў бок, каб выкарыстаць яе пры далейшых работах, а знаходкі ўлічвалі». Знойдзены рэчы, сярод якіх два срэбраных нацельных крыжыка і залаты медальён. Па заканадаўстве, знаходкі пасля ўліку павінны быць перададзены дзяржаве. Аднак, на думку валанцёраў, яны не ўяўляюць вялікай каштоўнасці для музеяў. Таму, па сумленні, іх варта было б перадаць нашчадку некалі славутага роду, які сёння жыве ў Маскве і дапамагае валанцёрам.

40-4b

У Любчы амаль цалкам адноўлена кутная вежа

Напэўна, самым яскравым прыкладам валанцёрскай працы на сёння застаецца Любчанскі замак. Яго аднаўленне пачалося восем гадоў таму з прыватнай ініцыятывы мясцовага жыхара Івана Печынскага, які і стаў заснавальнікам дабрачыннага фонда «Любчанскі замак». Па падліках дырэктара фонда, за ўвесь час рэстаўрацыі на замку пабывала больш за 600 валанцёраў. «Сёлета на замку мы працавалі двойчы, – распавёў прадстаўнік Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў Зміцер Савельеў. – Валанцёры прыязджалі на два тыдні ў ліпені і на тры – у жніўні. Арганізатарам першага летніка была БАСА, другі адбыўся па ініцыятыве фонда «Любчанскі замак». Амаль дзесяць дзён пад наглядам археолага Ірыны Раганецкай мы праводзілі археалагічныя раскопкі, пад час якіх ускрылі частку падмуркаў. Для далейшай працы даводзілася шмат ездзіць па наваколлі, збіраць камяні, нарыхтоўваць цэглу. Сёлета нам пашанцавала – за кошт спонсарскіх сродкаў удалося набыць больш якасную цэглу». На другім летніку, акрамя беларусаў, працавалі студэнты з Польшчы, якія прыехалі праз міжнародную валанцёрскую арганізацыю. Намаганнямі валанцёраў сёлета амаль ўдалося скончыць вонкавыя і ўнутраныя работы ў кутнай вежы. Больш за тое, студэнты-архітэктары правялі летнік у Строчыцах, дзе прыбіралі тэрыторыю і дапамагалі музею праводзіць экскурсіі. Адбыўся летнік і ў Сынкавічах, дзе ў царкве абарончага тыпу праводзіліся даследчыя працы, ачышчаліся сцены і выносілася смецце.

Ініцыятывы ёсць – сувязі няма

У Беларусі за стан гісторыка-культурных помнікаў адказнасць нясе Міністэрства культуры. Згодна з законам, без дазволу гэтай установы праводзіць працы на каштоўных аб’ектах забараняецца. Па словах валанцёраў, праблем з Міністэрствам паменела – яго супрацоўнікі даволі ахвотна ідуць насустрач ініцыятывам. Калі займацца арганізацыяй летніка загадзя, то можна пазбегнуць праблем і з мясцовымі ўладамі. Магчыма, валанцёры не заўсёды людзі высокакваліфікаваныя ў галіне аховы помнікаў, аднак даволі абмежаваныя ў сваіх дзеяннях, бо на ўсё, што можа так ці іначай змяніць структуру помніка, патрэбны дазвол. Звычайна валанцёры займаюцца прыборкай – косяць хмызняк, прыбіраюць смецце. Калі ёсць дазвол – пачынаюць кансервацыю помніка, напрыклад рамантуюць дах альбо закалачваюць ваконныя і дзвярныя праёмы. Больш сур’ёзныя работы адбываюцца пад наглядам спецыяліста альбо кампетэнтнай арганізацыі, адной з якіх, напрыклад, з’яўляецца Цэнтр рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і гістарычных тэрыторый.

Значна больш актуальнай на сёння праблемай застаецца пытанне сувязі паміж маладзёвымі арганізацыямі. «У кожнай ініцыятывы свае ўнікальныя праекты – ад дробных да буйных. Ёсць мерапрыемствы, дзе з раніцы да вечара працуюць на аб’екце, ёсць валанцёрскія летнікі, дзе захоўваецца баланс паміж працай і культурным адпачынкам, – пракаментаваў сітуацыю сябар беларускага камітэта ІКАМОС Цімафей Акудовіч. – Аднак часцей арганізацыі не ведаюць пра дзейнасць адна адной. У дадзеным выпадку не хапае сумеснага інфармацыйнага цэнтра, дзе б агучваліся ўсе прапановы на лета. Ёсць намер зрабіць базу будучых мерапрыемстваў у выглядзе блога ў сацыяльных сетках. Больш за тое, нам хацелася б праводзіць сістэматычныя сустрэчы-абмеркаванні ўвесну, каб дазнацца аб планах на лета, і увосені, каб падвесці вынікі працы». Галоўнае, адзначаюць арганізатары сустрэчы, аб’яднацца, бо супольнымі намаганнямі можна прынесці значна больш карысці.

https://www.traditionrolex.com/8