https://www.traditionrolex.com/8
<p>Злучаныя Штаты Амерыкі – гэта краіна, пра якую, здаецца, існуе найбольш стэрэатыпаў. У савецкія часы яна была «загніваючым Захадам», зараз некаторыя наракаюць, што амерыканцы, мякка кажучы, народ не вельмі разумны. Тым не менш сотні беларусаў штогод адпраўляюцца за акіян. Што яны хочуць там знайсці?</p>

Дар’я Гуштын

am1 Злучаныя Штаты Амерыкі – гэта краіна, пра якую, здаецца, існуе найбольш стэрэатыпаў. У савецкія часы яна была «загніваючым Захадам», зараз некаторыя наракаюць, што амерыканцы, мякка кажучы, народ не вельмі разумны. Тым не менш сотні беларусаў штогод адпраўляюцца за акіян. Што яны хочуць там знайсці?

У 2005 годзе знакаміты беларускі журналіст і аўтар шматлікіх кніг прафесар Эдуард Мельнікаў упершыню адправіўся ў ЗША. Пра свой погляд на гэту краіну яшчэ да паездкі ён кажа:

– Я адчуваў, што, канешне, нас пужаюць гэтай Амерыкай – «оплотом империализма», як казалі ў савецкія часы. І мне вельмі хацелася праверыць, што з міфаў праўда, а што не.

Пабачыць і адчуць амерыканскае жыццё ўдалося дзякуючы праекту Дзяржаўнага дэпартаменту Злучаных Штатаў. Восем беларускіх журналістаў паехалі на стажыроўку ў Амерыку.

– Мы наведалі The New York Times, кангрэс Злучаных Штатаў, знакамітых людзей, палітыкаў. А потым раз’ехаліся па розным штатам. Мне дастаўся штат Вісконсін, непадалёк ад Канады. Мы там праходзілі стажыроўку ў мясцовай газеце. Я глядзеў, як працуе газета, а таксама з рэпарцёрамі адпраўляўся на шматлікія заданні. Так я даведаўся пра амерыканскае жыццё.

Свае ўражанні спадар Эдуард штодзень старанна заносіў у нататнік. А па вяртанні выйшла ў свет ягоная кніга – «Чацвёртае вымярэнне. Замалёўкі пра амерыканскі лад жыцця». Кніга гэта цікавая тым, што закранае бадай усе сферы жыцця. І ў выніку многія стэрэатыпы, сфарміраваныя тэлебачаннем і гумарыстамі, чытач паставіць пад сумнеў.

Пра эмігрантаў, якія шукаюць шчасце за акіянам, пра іншае вымярэнне жыцця, пра недахопы Амерыкі – наша з ім размова.

– Спадар Эдуард, у савецкія часы ехаць у Амерыку было забаронена. І зараз бацькі адгаворваюць моладзь ехаць туды… Няўжо яна такая небяспечная, гэта Амерыка?

– Па шчырасці, і раней, і зараз часта можна пачуць, што Амерыка – гэта нешта кепскае, небяспечнае, амаральнае… Дык вось: я праехаў па Амерыцы і зразумеў, што з нашага пункту гледжання – гэта іншая цывілізацыя. Напэўна, і заходні еўрапеец скажа тое самае. У Амерыкі вельмі шмат адметных рысаў. Насамрэч вымярэннем ўсяго там робяцца грошы. Яны там выконваюць такія тонкія функцыі – ад таго, што працуюць у рэальнай эканоміцы, да таго, што вымяраюць духоўную сутнасць чалавека. А як па-іншаму параўнаць аднаго чалавека з другім? Калі ён запатрабаваны – калі ў яго ідэі, у яго талент, і калі ўсё гэта запатрабавана ў грамадстве – гэта вымяраецца ў грошах.

– Дык значыць, яны насамрэч жывуць дзеля грошай і выключна дзеля сябе?

– Не зусім. Я, напрыклад, бачыў, як сотні мільёнаў долараў ахвяруюцца багатымі людзьмі на дабрачыннасць, каб зрабіць жыццё другіх лепшым, каб зрабіць яго больш светлым і больш утульным. За гэтыя грошы будуюцца цэрквы, прытулкі, аказваецца гуманітарная дапамога ва ўсім свеце – ў тым ліку беларусам.

– Але, наколькі я ведаю, за гэта ў іх зніжаюць падаткі?

– Так, маеце рацыю: яны за гэта плацяць меншыя падаткі, маюць пэўны станоўчы імідж – добрага чалавека, які думае пра іншых. Гэтае спалучэнне выгады і гуманізму заўсёды прысутнічае ў Амерыцы. Напрыклад, у горадзе Медысан, дзе я жыў, быў асацыяльны, кепскі раён. Там была і прастытуцыя, і наркадзілеры паўсюль стаялі, крымінал, адпаведна, быў – карацей кажучы, кепска там жылося. І гэта ўсё ўплывала на агульную сітуацыю ў горадзе. Сабраліся грамадзяне, звярнуліся ў муніцыпалітэт, скінуліся таксама ўласнымі грашыма – а грошы там у насельніцтва ёсць, бо гэта адзін з самых заможных штатаў Амерыцы – і ліквідавалі тую забудову, дзе былі сканцэнтраваны ўсе крымінагенныя сілы горада. На тым месцы пабудавалі паркі, культурны і гандлёвыя цэнтры. І пры дапамозе паліцыі праблема была вырашана. Раней там былі перастрэлкі паміж паліцыяй і крымінальнікамі, а зараз там адпачываюць цэлымі сем’ямі.

– Няўжо ў іх так усё ідэальна?

– Ды не! Больш таго, хачу адзначыць, што ў Амерыцы – звычайная чалавечая супольнасць, дзе ёсць усе: і хабарніцтва, і карупцыя, і злачыннасць… Але з гэтым усім можна змагацца на прававым полі – вось што мяне здзівіла. Аб праблемах грамадства, якія вельмі падобныя да нашых, піша прэса, гэтыя праблемы вырашаюць адпаведныя ўстановы: пракуратура, суды і г.д. І ўвесь час ідзе барацьба грамадскіх інтарэсаў у судзе. Там ідзе бяскроўная рэвалюцыя ў судзе! Там бачна, што Амерыка – гэта краіна, якая штодня вырашае свае праблемы, не дазваляючы ім назапашвацца і абцяжарваць гэтым грамадства.

Таксама я быў у штаце Аёва. Там добра расце кукуруза, з якой у тым ліку робяць алкагольныя напоі. Таму п’янства там было проста страшэннае. Дык заканадаўчая ініцыятыва па вырашэнні гэтай праблемы пайшла знізу. Сабралася суполка нязгодных, яны нанялі лабіста, які прасоўваў іхнюю ініцыятыву зрабіць «сухі закон» у некалькіх акругах. І, што цікава, законапраект правялі – кангрэс яго прыняў. І цяпер, калі хочаш выпіць віскі – калі ласка, едзь на мяжу штата, дзе гэта дазволена, або рабі гэта ў пэўны час у кавярнях. А ў забароненых месцах – строгі кантроль за выканнем правілаў.

– А як там жывуць звычайныя людзі? Пра міліянераў нам паказваюць па тэлевізары, а вось просты народ?

– Амерыку абвінавачваюць у тым, што там усе людзі жывуць на крэдыты. І гэта насамрэч так. Большасць людзей не мае свайго жылля, яго арэндуюць. Новы аўтамабіль купляюць у растэрміноўку пад працэнты. Грошы на навучанне ў каледжы таксама бяруць у банку. Але я ведаю амерыканцаў, якія кажуць, што пазыкі – крэдыты – стымулююць іх да працы. У нас жа людзі крэдыты бяруць вельмі асцярожна. Пры гэтым мы жывем ад зарплаты да зарплаты, і наш узровень жыцця не самы лепшы ў свеце…Так што яшчэ пытанне, што горш.

– А наконт працы? Ці працалюбівыя амерыканцы?

– Як яны працуюць, магу расказаць на прыкладзе. Я жыў у паціпавярховым доме, дзе на кожным паверсе дзесяткі кватэр. Дом – на прыватнай зямлі. Думаю: хто ж валодае такой маёмасцю ў цэнтры Вашынгтона? Аказваецца, стары амерыканец пасля вайны пачаў набываць у гэтым раёне зямлю. Тут жа ён пабудаваў дамы. Цяпер яны належаць ягонаму сыну. Гэта вельмі прыбытковы бізнэс! І вось аднойчы ў нас зламаўся кран на кухні. Выклікаем мы спецыяліста – а да нас прыходзіць гаспадар гэтага дома. І ён уласнаручна адрамантаваў нам сантэхніку. З ім быў ягоны малодшы сын, якому бацька тлумачыў, што і як правільна рабіць, бо ён будзе працаваць сантэхнікам у гэтым доме. А старэйшы ў гэты час займаўся рамонтам у падвале. Здавалася б, грошай у бацькі шмат – навошта працаваць дзецям? Але там з гэтым вельмі строга. Хочаш новую рэч – зарабі на яе. Хочаш вучыцца ва універсітэце – працуй, каб аплочваць яго самастойна.

am2

– Але я ведаю, што нашым людзям, якія адпраўляюцца туды ў пошуках новага ці лепшага жыцця, вельмі складана адаптавацца. Тут яны працавалі выкладчыкамі, інжынерамі, а там іхнія веды нікому не патрэбныя, і яны – толькі абслугоўваючы персанал.

– У Штатах прынцып такі: калі ты разумны, таленавіты, адукаваны і інтэлігентны – дакажы гэта, таму што там даволі жорсткая сітуацыя з працай. Калі ты насамрэч прафесар, музыкант ці эканаміст – гэта трэба пацвердзіць. Магчыма, спачатку трэба будзе папрацаваць і афіцыянтам, але ніхто і не абяцае «неба ў дыяментах». У Амерыцы трэба працаваць. Адсядзець на працы з 8 да 17 гадзін проста так – там такі нумар не пройдзе. Працаваць трэба, каб ажно косці трашчалі. Бо калі ты расслабіўся, нешта недарабіў, адклаў на заўтра – пад бокам твой канкурэнт ужо зрабіў на пяць крокаў больш за цябе. А значыць, заплацяць яму і працаваць далей будуць з ім. Немагчыма ўявіць, каб на будоўлі дома ў ЗША адзін чалавек працаваў, а пяць побач загаралі. Там з гэтым вельмі жорстка. У Амерыцы не будуць плаціць толькі за тое, што ты духоўны чалавек. Ствары прадукт сваёй духоўнасці, прэзентуй яго. І, можа быць, тады, калі твор сапраўды варты ўвагі, ты атрымаеш за яго грошы.

– Добра. Калі ты пройдзеш усё гэта, уладкуешся на працу – што цябе чакае ў Амерыцы?

– Сярэдні ўзровень жыцця ў ЗША – як у нашых міністраў. Там трэба вельмі моцна парупіцца, каб апусціцца на самае дно. Калі чалавек гатовы працаваць і мае перспектыўныя планы на жыццё, ён сапраўды можа жыць добра. Самая вялікая праблема амерыканцаў, якая апускае некаторых на гэта самае дно, – гэта наркаманія. Калі чалавек падсажваецца на наркотыкі, ён губляе амаль усё. І там гэтая праблема вельмі вялікая.

Я не кажу зараз пра эмігрантаў, бо ў іх больш складанае становішча. Напачатку, натуральна, трэба будзе займацца і нейкай «чорнай работай». Але пры моцным жаданні «выбіцца ў людзі» шанс заўсёды ёсць. Амерыка насамрэч такая краіна, дзе ты спачатку можаш быць нікім, але пры жаданні зможаш дасягнуць усяго.

– То бок знакамітая «амерыканская мара» можа здзейсніцца і для беларуса?

– Так. Але да гэтага абавязкова трэба імкнуцца. Ведаеце, у Амерыцы табой ніхто не цікавіцца. Рабі што хочаш! Маеш добрую ідэю – можаш атрымаць фінансавую падтрымку і рэалізаваць яе. І ўвогуле, у Штатах агульнае раўнадушша замяняе справядлівасць. Ніхто цябе надта не любіць, калі ты гэта не заслугоўваеш. Але там і не лезуць табе ў душу. Стасункі, як правіла, афіцыйныя. Яны паважаюць адзін аднаго, стараюцца не парушаць чужыя правы, але адкрыць суседу душу каму-небудзь наўрад ці прыйдзе ў галаву.

– Ці праўда, што жыццё ў Амерыцы вельмі дарагое?

– Не такое дарагое, як падаецца на першы погляд. У прынцыпе, жыллё каштуе прыблізна столькі ж, колькі ў Мінску. Я маю на ўвазе арэнду кватэры. Толькі адзінкі ў ЗША маюць уласныя кватэры. У Амерыцы трэба навучыцца эканоміць і стрымліваць сябе. Калі быць цікаўным і спрытным, можна знайсці недарагія закусачныя, дзе абед будзе каштаваць 5-7 долараў. У асноўным гэта кітайскія рэстараны, але ежа ў іх традыцыйная і смачная. Наконт адзення і рэчаў побыту – існуе вельмі шмат акцыяў, зніжак, трэба толькі падгадаць час і паспець своечасова. А ўвогуле, у Амерыцы ёсць такое знакамітае выслоўе – «жыць на ўзроўні свайго іміджу». Мне аднойчы паказалі дзяўчыну, у якой на плячы была спартыўная сумка за 10 тысяч долараў. Я быў здзіўлены – нашто такое вар’яцтва? Мае амерыканскія калегі мне адказалі: «Гэта дзяўчына хоча, каб усе ведалі, што яна мае грошы на такую пакупку, што яна можа сабе такое дазволіць». Ці іншы прыклад. Ёсць каліфарнійскае віно, якое каштуе 300 долараў за бутэльку, а ёсць такое ж віно, але пад іншай маркай, – 50 долараў за 3 літры. І гэта таксама выдатнае каліфарнійскае віно. Тут кожны выбірае, што хоча.

– З нашай размовы можа падацца, што рай на зямлі існуе. І знаходзіцца ён у Злучаных Штатах Амерыкі. Ці не занадта вы ідэалізуеце гэту краіну?

– У Амерыцы ёсць свае недахопы. У людзей вялікія праблемы з вагай з-за фастфуда і няправільнага ладу жыцця. Ёсць праблемы з алкагалізмам, наркаманіяй. Там безліч праблем маральнага плану. І знакамітае грамадства спажыўцоў пайшло менавіта адтуль. У кожнага рэгіёна – свой эканамічны патэнцыял, і грошы там не падаюць з неба – іх трэба зарабіць цяжкай працай. Але пры ўсім гэтым у Амерыцы вельмі вялікія магчымасці для чалавека. Нехта працуе над сабой, а нехта паддаецца спакусе – усе мы розныя, і таму па-рознаму жывем.

– Вы пражылі ў Амерыцы некалькі месяцаў. Што здзівіла вас больш за ўсё?

– Кідаецца ў вочы, колькі там інвалідаў. Спачатку здавалася, што іх больш, чым у нас, а пасля я зразумеў, што іхнія інваліды проста не сядзяць у хаце. Яны вядуць досыць актыўнае жыццё. І не збіраюцца адмаўляцца ад многіх сваіх звычак. Я бачыў у метро жанчыну, якая была на вазку і да яе рук былі прымацаваны трубкі з лекамі, тым не менш яна знаходзілася ў грамадстве, жыла сваім жыццём. Інваліды ў Амерыцы – вельмі самадастатковыя і мабільныя людзі. Іх можна ўбачыць паўсюль: у транспарце, музеях, магазінах.

– Прыгадайце, калі ласка, сваё вяртанне ў Беларусь. Якія адчуванні ў вас былі на той момант?

– Першае, самае моцнае ўражанне атрымліваеш не там, за акіянам, а тут. Гэта як з нябёсаў на зямлю. І ў літаральным, і ў пераносным сэнсе. Ты там прывык да рэчаў, якія здаваліся нормай, папросту здаровым сэнсам, – тут гэта зусім не працуе. У Беларусі людзі жывуць іншымі прынцыпамі, іншымі памкненнямі. Зразумела, што людзі паўсюль імкнуцца да лепшага, але ў нас вельмі розныя шляхі... І ў гэтым адрозненне паміж намі: у светапоглядзе, ва ўспрыняцці рэчаіснасці, у пабудове планаў на жыццё. І самая галоўная памылка нашых людзей, калі яны думаюць пра Злучаныя Штаты… Слова «Амерыка» асацыюецца з доларавай купюрай. Самае галоўнае, ім здаецца, грошы. А насамрэч самае істотнае – гэта іншае вымярэнне жыцця. І ад гэтага – і іншы погляд на грошы, і заробкі іншыя. Там проста ў паветры ёсць нешта такое, ад чаго адчуваеш сябе асобай у сувярэннай дзяржаве – упэўненай, абароненай.

P.S. У гэтым годзе вельмі шмат маіх сяброў адправіліся ў ЗША на летнюю працу. Скажу шчыра – пяцёра з іх не вярнуліся. Хтосьці выйшаў замуж, хтосьці паступіў у мясцовы каледж… Я не магу сказаць, што яны ехалі туды за грашыма. Гэта быў, хутчэй, такі дадатковы бонус. Галоўнае было – убачыць Амерыку. Тую, якую яшчэ нашым бацькам наказвалі «дагнаць і перагнаць»; тую, пра якую з дзяцінства мы чулі песні любімых выканаўцаў; тую, якую паказваюць на вялікім экране ў кіно… І трэба прызнацца, што зачараванне ў гэтай краіне ёсць. І ўбачыць яе хоць раз у жыцці, напэўна, хоча кожны. Але разам з тым хочацца, каб сябры вярталіся…

https://www.traditionrolex.com/8