https://www.traditionrolex.com/8
...Я шпацырую ўздоўж старасвецкіх дамкоў на беразе канала Агінскага. Я ў Слоніме, раённым цэнтры Гродзенскай вобласці. Хто тут не быў, падумае: «Што асаблівага? Райцэнтр – адно слова!» Але адкуль тут Оперная вуліца, па якой я акурат іду? Опера ж толькі ў Мінску ёсць.

Віктар ПЯТРОЎ,
фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА

slonim...Я шпацырую ўздоўж старасвецкіх дамкоў на беразе канала Агінскага. Я ў Слоніме, раённым цэнтры Гродзенскай вобласці. Хт о тут не быў, падумае: «Што асаблівага? Райцэнтр – адно слова!» Але адкуль тут Оперная вуліца, па якой я акурат іду? Опера ж толькі ў Мінску ёсць.

Опера Агінскага


Дзе тэатр? Мясцовыя жыхары мне нічога расказаць не змаглі. Паціскалі плячыма: не ведаюць, не чулі. Толькі ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Юзафа Стаброўскага мне адкрылі вочы на «вялікую таямніцу». Быў у Слоніме тэатр. Была опера! Толькі вельмі даўно. У канцы XVIII стагоддзя.

У 1770-я гады горад узяў у свае моцныя рукі князь Міхал Казімір Агінскі, гетман (па-сучаснаму міністр абароны) Вялікага княства Літоўскага. Ягоны пляменнік Міхал Клеафас Агінскі пазней праславіцца дзякуючы свайму музычнаму шэдэўру – паланэзу «Развітанне з радзімай».

Тым часам Міхал Казімеж на старым Замчышчы, пагорку, які яшчэ відаць уздоўж Опернай вуліцы, пабудаваў пышную рэзідэнцыю ў стылі ракако. 116 пакояў і вялікая «зала багінь» змясціліся на адным-адзіным вялікім паверсе палаца. Вакол свайго дома Агінскі высадзіў парк. А паміж палацам і выпрастаным рукавом ракі Шчары, што пазней стаў часткай Агінскага канала, пабудаванага на загад гетмана, паўстаў тэатр. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, тэатр меў вялікую сцэну, на якой маглі выступаць нават вершнікі на конях. На канале ж ладзіліся водныя феерыі, а парк служыў дэкарацыяй многіх спектакляў. Паказвалі тут не толькі оперныя творы, але і балетныя нумары. Слонімскія майстры балета пасля сфарміравалі аснову Таварыства танцораў Яго Каралеўскай Міласці ў Варшаве. Слонім настолькі стаў знакаміты дзякуючы тэатру і гаспадарчай дзейнасці Агінскага, што пра горад складалі легенды, называлі не іначай як «Паўночнымі Афінамі». Але, на жаль, гетман, не вельмі дасведчаны ў эканоміцы, улез у даўгі і «пагарэў»...

Палац Агінскага не захаваўся да нашых дзён. Толькі канал, названы ў гонар князя, па ранейшаму нясе свае воды з Балтыйскага ў Чорнае мора, звязваючы між сабой басейны Нёмана і Прыпяці.

 

Біблейская рэліквія

slonim3 На шчасце, сусветныя войны ды іншыя катаклізмы, якія ў ХХ стагоддзі зруйнавалі многія беларускія гарады, злітаваліся над Слонімам. Уязджаючы ў горад, адразу прыкмячаеш: ён ні да якога іншага месца не падобны. Здалёк відаць вежы касцёлаў, цэркваў, апынуўшыся на колішнім Рынкавым пляцы прыкмячаеш і высокі франтон сінагогі – найстарэйшай у Беларусі, заснаванай у 1642 годзе. На жаль, будынак пакуль пустуе: няма каму хадзіць сюды на мілітву – большасць слонімскіх яўрэяў знішчылі нацысты ў гады Другой сусветнай вайны, а тыя, хто ўратаваўся, з’ехалі ў Ізраіль. Таму прозвішча Слонім сярод жыхароў Ізраіля цяпер не рэдкаcць.

Сінагога чакае рэстаўрацыі. Тут яшчэ захаваўся унікальны інтэр’ер у стылі барока. У слонімскім музеі, дарэчы, нядаўна быў «абнародаваны» фрагмент Торы – першых пяці кніг Бібліі. Скрутак з тэкстам на старажытнаяўрэйскай мове паўстагоддзя таму трапіў у кунсткамеру. Але пра існаванне рукапісу стала вядома толькі цяпер. Знайшла тэкст Святога пісьма на пергаменце Ірына Шпыркова. Яна з 1958 года ўзначальвала музей, а цяпер займае пасаду галоўнага захавальніка і вось што расказала пра акалічнасці знаходжання рарытэта: «Гэта было ў 60-я гады ХХ стагоддзя. Нам тады давалі ўказанні збіраць матэрыялы пра дасягненні сацыялізму, пра калгасны лад. Аднак я і мае калегі ўпарта адшуквалі помнікі даўніны. Некалькі разоў заходзілі ў сінагогу. У будынку размяшчаўся склад мэблевай крамы. Дзякуючы гэткаму прыстасаванню помнік архітэктуры, мабыць, і захаваўся. Калі аглядала сінагогу ў тым месцы, якое называецца «арон кадэш», або, з яўрэйскай мовы, святы каўчэг, мне трапіўся на вочы фрагмент пергамента. Выняла з нішы, занесла ў музей: маўляў, хай ляжыць да лепшых часоў». І вось час настаў – рэдкі рукапіс могуць убачыць усе: і вернікі, і атэісты.

У Слоніме, дарэчы, не адна сінагога. Захаваліся і іншыя іудзейскія малельныя дамы: праўда, у наш час у гэтых будынках размешчаны дзяржаўныя ўстановы, крамы, жывуць людзі. Да вайны горад быў пераважна яўрэйскі, хаця два стагоддзі таму каталіцкі, а цяпер пераважна праваслаўны. Але ўсім народам і канфесіям стае тут месца. Нават татары маюць сваю мячэць, пабудаваную ў канцы мінулага стагоддзя.

Слонім – экуменічны горад. Варта адзначыць, што адсюль родам рэлігійны дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей. Разам з Антонам Луцкевічам, вядомым палітычным і культурным дзеячам, Дзекуць-Малей выдаў у 1931 годзе адзін з першых перакладаў Новага Запавету на беларускую мову.

 

Залаты леў Сапегі

slonim2 Каля гасцініцы «Шчара» зіхаціць белымі мурамі новы праваслаўны храм. Спаса-Праабражэнскі сабор айцец Віктар Бакавец аднавіў на ахвяраванні вернікаў з нуля. Некалі на месцы царквы стаяў касцёл Божага Цела. Дом Божы зруйнавалі атэісты пасля Другой сусветнай вайны. Айцец Віктар, узяўшыся аднаўляць святыню, вырашыў, у знак павагі да гісторыі Слоніма, паставіць новы будынак паводле вобразу і падабенства таго храма, які быў тут колісь. Такім чынам у горадзе не проста з’явілася новая царква, а фактычна быў адроджаны яшчэ адзін архітэктурны помнік.

Унутры храма яшчэ трэба многа чаго зрабіць, каб ён стаў сапраўдным саборам. Толькі цяпер пачынаецца роспіс сцен. Я стаў сведкам таго, як мясцовыя мастакі малявалі насценны абраз «Страшны суд» – сядзечы на рыштаваннях, на вышыні некалькі метраў ад зямлі, яны тонкімі мазкамі пэндзляў аздаблялі храм разнаколернымі сюжэтамі са Святога пісьма.

Я выходжу з-пад скляпенняў царквы і іду аглядаць іншыя храмы. Каля касцёла былога манастыра бернардзінак ідзе будоўля: аднаўляецца брама, што мусіць вітаць вернікаў, якія прыходзяць у храм. Касцёл гэты зусім блізка ад Спаса-Праабражэнскай царквы: іх вежы імкнуцца ўгору, нібы спаборнічаючы, хто першы данясе малітвы людзей да Усявышняга.

У касцёле колішняга кляштара бернардзінцаў цяпер праваслаўная царква Святой Тройцы. Будынак, у адрозненне ад іншых хрысціянскіх культавых пабудоў, хаця і з’явіўся ў эпоху барока, сваімі масіўнымі сценамі яшчэ захоўвае напамін пра больш даўнія эпохі готыкі і рэнесансу.

Касцёл Святога Андрэя яшчэ чвэрць стагоддзя таму быў саляным складам, а цяпер – гэта візітоўка горада, бо яго ніяк не абмінеш, кіруючыся ў цэнтр з чыгуначнага або аўтобуснага вакзала. Плошча каля храма носіць імя Льва Сапегі – канцлера (міністра фінансаў) Вялікага княства Літоўскага, які валодаў Слонімам у канцы XVI стагоддзя, пра што нагадвае герб горада – залаты леў на блакітным фоне.

 

Аўтограф Коласа

slonim1 Насупраць танка, помніка вызваліцелям горада ад фашысцкай акупацыі, стаіць двухпавярховы будынак з дагэтуль нявысветленай гісторыяй. Паводле адных звестак, тут яшчэ пры князю Агінскім была аўстэрыя – рэстаран і гатэль. Паводле іншай інфармацыі, гэта – ратуша. Як бы там ні было, будынак вельмі стары, з высокімі столямі, як у палацы. Цяпер тут размешчана Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Якуба Коласа.

«Сёлета, у жніўні, бібліятэцы споўніцца 65 год, – расказвае метадыст Лідзія Буцько. – У 1954 годзе, яшчэ пры жыцці Якуба Коласа, нашай установе было прысвоена імя песняра. Тагачасны дырэктар Марыя Капітанчык напісала ліст пісьменніку, а той адказаў пасылкай кнігі з аўтографам: «Слонімскай Раённай бібліятэцы. Якуб Колас». Класік зрабіў памылку ў другім слове. Але на самай справе гэта яшчэ і цікавае сведчанне тых дыскусій, якія ў 50-я гады мінулага стагоддзя ішлі сярод творчай інтэлігенцыі і настаўніцтва па праблемах беларускага правапісу.

Захоўваецца ў бібліятэцы яшчэ адно незвычайнае выданне – «Новая зямля» таго ж Коласа, надрукаваная ў Вільні ў 1928 годзе. Замест літары «й» у кірылічным тэксце паэмы ўжываецца лацінскі знак «j». Беларуская мова – старажытная, але яе правапіс канчаткова сфарміраваўся толькі ў ХХ стагоддзі, не без складаных пошукаў аптымальных сродкаў перадачы гукаў і слоў. А з сям’ёй Міцкевічаў (такое сапраўднае прозвішча Коласа), якая жыве ў Мінску, слонімская бібліятэка трымае сувязь з тых часоў, калі атрымала падарунак ад песняра.

З 1992 года працуе ў бібліятэцы Музей беларускай кнігі: выстаўлены выданні ўсіх пісьменнікаў – ураджэнцаў Слоніма і ваколіц. А іх адсюль выйшла ў свет нацыянальнай літаратуры нямала: Гальяш Леўчык, Анатоль Іверс, Алег Лойка, Васіль Супрун, Аляксей Якімовіч – імёны некаторых з іх вядомыя і па-за межамі краіны. А такога музея няма, бадай, ні ў адным раённым цэнтры Беларусі, калі не лічыць Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку.

Зрэшты, не толькі беларускае слова шануюць слонімцы. Збіраюць у бібліятэцы і польскія газеты, кнігі, што выходзілі ў 1921—1939 гадах, калі горад уваходзіў у склад Польшчы. Прымаюць з падзякай ад землякоў выданні на іўрыце з Ізраіля.

 

А ў нас вадаправод!

 

І зноў я кіруюся ў бок Опернай вуліцы. Перш чым выйду на мост, што «перавядзе» мяне праз Агінскі канал да дарогі на вакзал, я вырашыў яшчэ раз завітаць у музей. «Слонімскі раённы» – такі яго цяперашні статус. А калісьці гэта быў прыватны збор Юзафа Стаброўскага, чыё імя ўжо згадвалася. Стаброўскі назапасіў калекцыю кніг, зброі, рыцарскіх даспехаў, манет, археалагічных рарытэтаў, пачаўшы калекцыянаваць каштоўнасці яшчэ ў часы Расійскай імперыі, адкрыўшы музей «за польскім часам», уратаваўшы яго ў гады Другой сусветнай вайны – і ўрэшце перадаў у дар суайчыннікам.

Тут захоўваецца апрача іншых рэдкасцей адно з першых выданняў Літоўскага Статута, укладзенага Львом Сапегам. Статут лічыцца адной з першых еўрапейскіх канстытуцый.

Але больш за ўсё мяне зацікавіла драўляная калода. Што за артэфакт? Наталля Руднева, старшы навуковы супрацоўнік музея, патлумачыла: «Глядзіце, унутры калода акавана жалезам – гэта на самай справе кавалак трубы ад першага слонімскага водаправода. Калісьці ён праходзіў ад Агінскага канала да тэатра».

Значыць, не выпадкова на карце Слоніма захавалася назва «Оперная вуліца»! У ёй нашмат больш сэнсу, чым спачатку здавалася. У гэтай назве – квінтэсенцыя гісторыі горада.

Сэнс ёсць у кожнай дэталі нашага жыцця. Трэба толькі ўважліва прыгледзецца. У 1937 годзе, ці то пракладваючы трубы новага водаправода, ці то капаючы яму пад падмуркі дома, у Слоніме знайшлі... галаву ідала. Так, так – язычніцкага бога! Невядомы нябесны «апякун» продкаў беларусаў, якому маліліся да прыняцця хрысціянства, высечаны з каменю-ракушачніку. Калі б не Стаброўскі, які парупіўся захаваць незвычайны «дарунак» зямлі, мы не даведаліся б, што да 1252 года на месцы горада жылі людзі. Ідал даў стымул –глыбей даследаваць гісторыю Слоніма. Археолагі тут між тым яшчэ не праводзілі вялікіх раскопак. Усё яшчэ наперадзе. А значыць ёсць нагода выправіцца ў Слонім яшчэ раз – па новыя адкрыцці.

https://www.traditionrolex.com/8