https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>які падараваў сталіцы яе візітную картку</strong><br />Журналісты вядучых беларускіх СМІ у рамках прэс-тура, арганізаванага нашай газетай, змаглі ўбачыць, у якім стане знаходзяцца маёнткі Эдварда Вайніловіча, фундатара мінскага Чырвонага касцёла. Імя гэтага чалавека было вядомым яшчэ пры жыцці. З’ява, пагадзіцеся, рэдкая. Яскравага палітычнага і грамадскага дзеяча, добрага сем’яніна і шчырага хрысціяніна Эдварда Вайніловіча, аднак, напаткаў трагічны лёс.</p>

Журналісты вядучых беларускіх СМІ у рамках прэс-тура, арганізаванага нашай газетай, змаглі ўбачыць, у якім стане знаходзяцца маёнткі Эдварда Вайніловіча, фундатара мінскага Чырвонага касцёла.

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ, фота Аляксея СУПРУНА

Імя гэтага чалавека было вядомым яшчэ пры жыцці. З’ява, пагадзіцеся, рэдкая. Яскравага палітычнага і грамадскага дзеяча, добрага сем’яніна і шчырага хрысціяніна Эдварда Вайніловіча, аднак, напаткаў трагічны лёс. Смерць абодвух дзяцей стала сумнай падставай для будаўніцтва Чырвонага касцёла, які сёння як сімвал веры ўзвышаецца на сталічнай плошчы Незалежнасці. Ад былых радавых маёнткаў Вайніловічаў, на жаль, засталіся руіны. Да іх не вядуць ні добрыя дарогі, ні ўказальнікі. І рэшткі калісьці моцных фундаментаў, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы, цяпер не прывабліваюць інвестараў. Удзельнікі прэс-тура, які праходзіў на Копыльшчыне, на ўласныя вочы пераканаліся, што памяць заснавальніка касцёла святых Сымона і Алены не ўшанавана ні памятнай дошкай, ні крыжам.

lop1

lop2

Удзельнік прэс-тура прафесар Захар Шыбека ў Капыльскім краязнаўчым музеі

Прэс-тур па былых маёнтках Эдварда Вайніловіча ініцыявалі рэдакцыя газеты «Туризм и отдых» і МГА «Адукацыя без межаў». Ініцыятыву падтрымалі на дзяржаўным узроўні, і да арганізацыі спрычыніліся Нацыянальнае агенцтва па турызму, Упраўленне па фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама і Копыльскі райвыканкам. Журналісты праехалі па мясцінах, якія калісьці належалі сям’і Вайніловічаў. Пра будаўніцтва Чырвонага касцёла, пра жыццё і дзейнасць яго заснавальніка распавядалі гісторык Захар Шыбека і пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк.

Духоўная асоба, грамадскі і палітычны дзеяч

Імя Эдварда Вайніловіча сёння вядома даволі вузкаму колу людзей, куды ўваходзяць вернікі і, бадай, тыя, хто цікавіцца гісторыяй архітэктуры. Род Вайніловічаў належаў да заможнай шляхты, аднак ніколі не быў дваранскім. Тым не менш у гэтай сям’і, што валодала землямі на Копыльшчыне, перапляліся фаміліі Манюшак і Ваньковічаў.

Будучы заснавальнік Чырвонага касцёла нарадзіўся ў вёсцы Сляпянка, што пад Мінскам, а ў радавы маёнтак Савічы, які сёння вядомы як вёска ў Копыльскім раёне, на сталае пражыццё перабраўся ў 27-гадовым узросце. Малады Вайніловіч вучыўся ў Польшчы, Нямеччыне, Італіі. Аднак атрымаўшы ліст ад бацькі, які захварэў, тэхнолаг па адукацыі вяртаецца на радзіму, каб весці гаспадарку. Дзейнасць уладальніка Савічаў не абмяжоўваецца сценамі ўласнага маёнтка. Добры аратар і гаспадар, Вайніловіч далучыўся да Мінскага Зямельнага Таварыства, на пачатку ХХ стагоддзя быў абраны членам Дзяржаўнай Рады ад Мінскай губерні, а глыбокія веды ў аграрнай сферы становяцца падставай для разгляду яго асобы на пасаду віцэ-прэмьера Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі, якое намагаўся стварыць Пётр Сталыпін. Паспяховага ў грамадска-палітычным жыцці, Вайніловіча пераследуюць няшчасці ў сямейным жыцці, перажыць якія яму дапамагае шчырая любоў і падтрымка жонкі – Алімпіі Узлоўскай. Лютая «гішпанка» па чарзе забірае жыццё абодвух іх дзяцей – сына Сымона і дачкі Алены. У іх гонар бацька будуе ў Мінску велічны Чырвоны касцёл.

lop3

Рэшткі сядзібы Наркевічаў-Йодкаў ў Бабоўне, выстаўленыя на продаж.
Патэнцыял беларускай турыстычнай інфраструктуры...

Жыццё і дзейнасць Эдварда Вайніловіча глыбока даследуецца сённяшнімі ўтрымальнікамі Чырвонага касцёла. У бібліятэцы Адама Міцкевіча, змешчанай у сутарэннях храма, захоўваюцца матэрыялы па гісторыі роду, а касцёльная відэатэка пашырылася на пяць дакументальных кінастужак аб Вайніловічу і яго святыні, якія былі запатэнтаваныя дзяржавай. Раз на тыдзень, найчасцей па суботах, у храме адбываюцца экскурсіі, пад час якіх турыстам распавядаюць не толькі гісторыю будаўніцтва святыні, але і знаёмяць з дзейнасцю яго заснавальніка. У 2004 годзе группа пілігрымаў на чале з пробашчам Чырвонага касцёла Уладзіславам Завальнюком наведала магілу Эдварда Вайніловіча ў Быдгашчы – насуперак жаданню, у 1920 годзе шляхціч мусіў пакінуць тэрыторыю Беларусі і эміграваць у Польшчу. У сваіх успамінах Вайніловіч піша, што хацеў бы вярнуцца на радзіму. Пасля паломніцтва да месца яго пахавання вернікі пачалі працу аб пераносе магілы Вайніловіча ў Беларусь. Гэта адбылося 11 чэрвеня 2006 года – ён быў перазахаваны ля сцен Чырвонага касцёла. Больш за тое, у 2005 годзе пачаўся інфармацыйны працэс аб прызначэнні Вайніловіча да ліку святых. «З бласлаўлення кардыналаў Казіміра Свёнтка і Тадэвуша Кандрусевіча мы збіраем неабходныя матэрыялы пра яго жыццё і дзейнасць, – адзначыў пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк. – Сабраныя дакументы ўжо перададзены ў Ватыкан, дзе будзе вырашацца пытанне аб святасці гэтага чалавека. Гэтаму спрыяюць шматлікія факты з яго жыцця. Перш за ўсё, ён быў шчырым хрысціянінам, які прытрымліваўся прынцыпаў экуменізму: ахвяраваў грошы на будаўніцтва касцёлаў, цэркваў, сінагогаў і мячэцяў, кажучы, што людзі ў сваіх розных святынях на розных мовах славяць адзінага Бога на небе. У маёнтку Савічы разам з сям’ёй жыў святар, і ў палацы адбываліся набажэнствы. Маючы дабрабыт, Вайніловіч ахвяраваў грошы дзецям, стварыўшы інтэрнаты ў Копылі і Клецку, а ў Быдгашчы заснаваўшы дзіцячы сірацінец. Цяпер там размяшчаецца муніцыпальная паліцыя, аднак на ўваходзе з левага і правага боку захаваліся твары дзяўчынкі і хлопчыка». Касцёл тройчы звяртаўся ў Камісію па перайменаванню вуліц, каб ушанаваць імя Вайніловіча на адной са сталічных вуліц, што вядуць да касцёла. Гэта маглі б быць вуліцы Валадарскага, Берсана ці Савецкая. На жаль, пакуль спробы застаюцца безвыніковымі.

lop4

Удзельнікі прэс-тура каля руінаў маёнтку Вайніловіча ў Лапухах (цяпер – вёска Дунаева)

Чырвоны касцёл паўстаў з Лапухоў

Наша вандроўка па сядзібах Эдварда Вайніловіча пачалася з вёскі Дунаева, што знаходзіцца прыблізна ў 20 кіламетрах ад Копыля. У адным з вясковых дамоў цяпер размешчаны офіс арганізацыі «Адукацыя без межаў», валанцёры якой пад час прыборкі тэрыторыі знайшлі рэшткі старых фундаментаў і зацікавіліся іх гісторыяй. Сам Вайніловіч у маёнтку Лапухі ніколі не жыў, аднак маёнтак знаходзіўся ў яго ўладанні і прыносіў гаспадару нямалы прыбытак. Пасля смерці дзяцей несуцешныя бацькі саступаюць яго Людвігу Наркевічу-Ёдку за 300 тысяч рублёў, на якія пачалося будаўніцтва Чырвонага касцёла. Дарэчы, збудаваць святыню было справай няпростай – калі ў канцы XVIII стагоддзя ў Мінску было 12 касцёлаў, то ў часы Вайніловіча – толькі два. Хадайніцтвы каталікоў пабудаваць яшчэ адзін касцёл не мелі вынікаў. Першая спроба дабіцца будаўніцтва, ў 1897 годзе, была адхілена,таму што праект не быў узгоднены з Праваслаўнай царквой. Другая спроба адбылася ў 1905 годзе. Сабраўшы 2 тысячы подпісаў, Вайніловіч асабіста едзе ў Пецярбург, каб правесці праект праз калідоры бюракратычнага царскага апарату. Дзякуючы моцнаму аўтарытэту Вайніловіча справа, нарэшце, зрушылася. «Чырвоны касцёл – самы арыгінальны твор архітэктуры ў нашай сталіцы, – перакананы гісторык Захар Шыбека. – Гэта сімвал сталіцы, яе «Эйфелева вежа». Адметнасць святыні ў тым, што яна з усіх бакоў выглядае святочна і ўрачыста. Больш за тое: за яе арыгінальнасцю стаіць гісторыя. Вайніловіч у сваіх успамінах адзначаў, што не хацеў будаваць касцёл у стылі готыкі ці барока – гэта занадта выбівалася б з архітэктурнай стылістыкі праваслаўных храмаў. Таму ён выбраў новараманскі стыль. Вайніловіч вывучаў архітэктуру Беларусі, Польшчы, і яго прывабіў польскі архітэктар Тамаш Пайздэрскі – прафесар Акадэміі мастацтваў Польшчы. Не ўсе вядомыя людзі Мінска ўспрынялі гэты праект – ім хацелася бачыць святыню больш пышнай і велічнай. Аднак Вайніловіч змог іх пераканаць. Сцены распісваў мастак Бруздовіч, скульптарам быў Зігмунд От». На думку гісторыка, касцёл – гэта справа ўсёй мінскай каталіцкай супольнасці. На сродкі галоўных фундатараў быў створаны праект, узведзены сцены, накрыты дах, унутраная жа аздоба была зроблена ў большай ступені на ахвяраванні вернікаў.

lop6

У Савічах. Сёння ад радавога гнязда Эдварда Вайніловіча
засталіся толькі рэшткі вінакурні

Сёння Лапухі выглядаюць, мякка кажучы, трагічна. На зямлі засталося некалькі фундаментаў, якія былі ці то лядоўняй, ці то яшчэ якой гаспадарчай пабудовай. Цяпер гэта вызначыць даволі складана, і пакуль руіны чакаюць свайго даследчыка. На тэрыторыі былога маёнтка захаваліся рэшткі цаглянага басейна і драўлянага калодзежа, якія таксама выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах. У самым добрым стане знаходзіцца амбар, драўляныя сцены якога трымаюцца на цагляных слупах. Праўда, дах будынка не вытрымаў вагі мінулагодняга снега і абваліўся. Маёнтак знаходзіцца пад аховай дзяржавы, аднак яго ўладальнік – СПК «Лакнея Агро» – дагэтуль не парупіўся аб тым, каб прыбраць будаўнічае смецце, не кажучы пра кансервацыю руін. Тэрыторыю ўжо два гады прыбіраюць валанцёры, якія прыязджаюць на летнікі арганізацыі «Адукацыя без межаў», а таксама мясцовая моладзь. Сёлета студэнты ўстанавілі драўляны ўказальнік у накірунку былога маёнтка. Валанцёры з Польшчы і Нямеччыны шчыра здзіўляюцца абыякавасці большасці насельніцтва да сваёй гісторыі – у іх краінах павагу да гістарычнай спадчыны выхоўваюць з дзяцінства. Дарэчы, было б нядрэнна да падтрымкі помнікаў архітэктуры ў чысціні прыцягваць мясцовых школьнікаў. Аднак пакуль гэта застаецца на ўзроўні ідэі.

Сядзібы Вайніловіча і турызм на копыльскай зямлі

Прывязаныя да зямлі Вайніловічы нездарма абралі месцам сваіх уладанняў Копыльшчыну – кажуць, тут надзвычай урадлівая глеба. Радавая сядзіба ў Савічах выглядала вельмі шыкоўна, а галоўнымі яго каштоўнасцямі лічыліся галерэя з калекцыяй фамільных партрэтаў, бібліятэка, што налічвала каля 5 тысяч тамоў, і сямейны архіў з гісторыяй роду і краю. Цяпер Савічы – гэта вёска ў Копыльскім раёне, якая ледзь налічвае 10 двароў. Ад каменнага палаца з мансардамі і вежамі нічога не засталося, як і ад парка, штучных астравоў у вадаёмах, галандскіх ветракоў, гротаў і лабірынтаў. Будынак, цагляныя сцены якога ўзвышаюцца ў полі, бадай, адзінае, што нагадвае аб прысутнасці тут калісьці маёнтка. Будынак ацалеў дзякуючы таму, што быў дасканала пабудаваны: мясцовыя жыхары не змаглі расцягнуць яго на камяні. Да кургана, дзе пахаваны бацькі Эдварда Вайніловіча і дзеці Сымон і Алена, вядзе пясчаная дарога, па якой у непагадзь ні прайсці, ні праехаць. Калісьці на дзіцячых могілках на кургане стаялі мармуровыя скульптуры, але цяпер застаўся толькі драўляны крыж. Па дарозе ў Савічы аўтобус спыніўся ў суседняй вёсачцы Цімкавічы, дзе праз траву можна ўбачыць руіны касцёла Святога Арханёла Міхаіла. У крыпце драўлянага касцёла былі пахаваны дзед і бацька Вайніловіча (апошні быў перазахаваны ў Савічах). У 1985 годзе святыня згарэла з-за няспраўнай электрычнай праводкі. Па суседстве выраслі аграгарадкі, а храм так і не аднавілі. Аднак нельга сказаць, што мясцовыя жыхары зусім забыліся на былога гаспадара тутэйшых зямель. Напрыклад, у наваколлі яшчэ можна пачуць гісторыю пра вялікі пажар, што некалі адбыўся ў Савічах. Вайніловіч дапамог вяскоўцам з будаўнічымі матэрыяламі і кожнаму ахвяраваў па карове…

lop5

Дырэктар Капыльскага краязнаўчага музея Валянціна ШУРАКОВА –
выдатны знаўца гісторыі краю

На сёння Копыльшчыну можна аднесці да рэгіёна, дзе ўнутраны турызм развіты даволі слаба. «Мы падтрымліваем развіццё агратурызма, – расказаў пра турыстычныя магчымасці Копыльскага краю загадчык аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Копыльскага райвыканкама Віктар Васілеўскі. – Сёлета ў нас запрацавалі тры новыя сядзібы. У мінулым годзе на базе аўтапарка адкрыты Аддзел падарожжаў і экскурсій, які працуе не толькі на выезд (гэта туры «Копыль – Адэса», «Копыль – Феадосія»), але і прапануе аднадзённыя экскурсіі па наваколлі». Экскурсійнай дзейнасцю, безумоўна, займаецца і Копыльскі краязнаўчы музей, які, па словах супрацоўнікаў, штогод наведвае каля 10 тысяч турыстаў. На сёння былыя сядзібы ў заняпадзе, аднак напамін пра выбітную асобу Вайніловіча тут паўсюль. Таму маршрут, якім праехаліся ўдзельнікі прэс-тура, можа стаць турыстычным прадуктам, які зробіць рэгіён яшчэ больш прывабным для неабыякавых да гісторыі людзей. Пачатак ужо пакладзены – дзякуючы намаганням арганізацыі «Адукацыя без межаў» быў выдадзены буклет «По усадьбам Эдварда Войниловича. Экскурсионные маршруты Копыльщины», куды ўвайшлі вёскі Савічы, Цімкавічы, Дунаева (Лапухі), Жабчава, дзе знаходзіўся маёнтак «Баркі», што належаў Алімпіі Узлоўскай. Частка наклада адышла Копыльскаму краязнаўчаму музею, супрацоўнікі якога таксама спрычыніліся да яго распрацоўкі. «Многія не вераць, што наша гісторыя можа стаць падставай для развіцця рэгіёна, – разважае генеральны дарэктар МГА «Адукацыя без межаў» Галіна Верамейчык. – А гісторыя Копыльшчыны вельмі багатая на падзеі і знакавыя асобы». Гэтыя землі звязваюць з імёнамі Алелькаў, Наркевічаў-Ёдкаў і, безумоўна, Вайніловічаў. Улічваючы стан захаваных руін, адной распрацоўкі маршрута, аднак, мала. Рэшткі сядзібаў патрабуюць уліку і кансервацыі, а таксама нанясення іх на турыстычныя мапы. На гэта шмат выдаткаў не спатрэбіцца.

Выйсцем для маёнткаў Вайніловіча могуць стаць і ўкладанні інвестара. Так, сёлета на аўкцыён былі выстаўлены сядзібныя комплексы ў Дунаева, Макранах, Бабоўні. Першапачатковы кошт надзелаў – адна базавая велічыня. Безумоўна, набываючы аб’ект, якія ахоўваецца дзяржавай, інвестар накладае на сябе пэўныя абавязацельствы. У прыватнасці, ён мусіць адрэстаўраваць будынкі, не змяняючы іх экстэр’ер і ўнутраную планіроўку – калі апошняя, канешне, захавалася. За правядзеннем работ павінен быць пільны нагляд з боку ўлад, каб не страціць каштоўнасці помніка. Напрыклад, продаж з аўкцыёна шыкоўнага каменнага дома ў Бабоўні сёлета ператварыўся ў авантуру. Кошт дома з 35 тысячаў беларускіх рублёў узрос да 5 мільёнаў. Аднак шчаслівы ўладальнік – прадпрымальнік з Копыльшчыны – неўзабаве адмовіўся ад набытку, даведаўшыся аб ўмовах перадачы будынка ва ўласную маёмасць.

Так ці іначай, да спадчыны Вайніловіча неабходна прыцягнуць увагу. Ён заслугоўвае памяці як асоба шматгранная і выбітная ў беларускай гісторыі і культуры. «Постаць Вайніловіча абвяргае меркаванне, што нашай краіне не шчасціла на добрых кіраўнікоў, – перакананы Захар Шыбека. – Гэта быў ідэальны нацыянальны лідэр у той час, калі рушылася Расійская імперыя і на яе руінах стваралася беларуская дзяржаўнасць. Ён усяляк дапамагаў памкненням Беларусі да незалежнасці – фундаваў «Нашу Ніву», падтрымліваў БНР, звяртащся да Пілсудскага, каб той паспрыяў незалежнасці Беларусі. Аднак адзін чалавек не мог зрабіць так шмат, і ў гэтым – яго трагедыя. Цяпер мы павінны шанаваць гэтага чалавека. Як духоўную асобу каталіцкі касцёл яго ацаніў – Вайніловіч законна прэтэндуе на статус святога; мы ж павінны ацаніць яго як нацыянальнага, палітычнага дзеяча. Ён заслугоўвае таго, каб называцца нацыянальным героем Беларусі. У кагорце нацыянальных герояў мы маем ваенных дзеячаў і ніводнага арыстакрата. Першым сярод іх можа быць Эдвард Вайніловіч».

https://www.traditionrolex.com/8