Людміла ДРЫК
У мінскім выдавецтвы «Харвест» убачыла свет кніга Зміцера Сасноўскага «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст.».
Выдавец Анатоль Тарас, заснавальнік серыі «Невядомая гісторыя», на прэзентацыі кнігі ў сталічнай страўні «Камяніца» адразу папярэдзіў журналістаў: не трэба, шаноўнае спадарства, успрымаць гэтую кнігу як лёгкае і захапляльнае чытво. Гэта звычайны падручнік! Дзесьці нават нудны… Але надта ж патрэбны. Бо на Беларусі склалася даволі дзіўная сітуацыя: у нашай краіне каля 60 музычных навучальных устаноў, дзе вывучаюць прадмет «Музычная культура Беларусі». Прадмет ёсць, а падручніка няма – дзіўна, што і казаць…
Дарэчы, кніга Зміцера Сасноўскага, стваральніка і кіраўніка вядомага гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», не афіцыйны падручнік: яна не мае адпаведных грыфаў Міністэрства адукацыі. Але малады аўтар прадэманстраваў сур'ёзны і глыбокі падыход да справы. Яго кніга – гэта тэматычна і храналагічна сістэматызаванае выкладанне гісторыі беларускай музыкі ад старажытных музычных прылад да музычнай культуры XVIII стагоддзя. Тут упершыню ўзняты тэмы вайсковай, сігнальнай і эпічнай музыкі, апісаны жыццё і дзейнасць на Беларусі заходнееўрапейскіх кампазітараў эпохі барока, прыводзіцца класіфікацыя беларускіх інструментаў.
У кнізе каля 170 малюнкаў і фота, многія з якіх друкуюцца ўпершыню. На апошніх старонках прыведзены даведнік народных інструментаў на васьмі мовах. Кніга выйшла накладам 1000 экземпляраў.
І аматары музыкі, і аматары беларускай гісторыі, калі не пабаяцца сур’ёзнасці і глыбіні працы, маюць шанец знайсці на кожнай старонцы невядомую дагэтуль цікавостку, якая, нібы чароўнае люстэрка, дазваляе зазірнуць у жыццё нашых прадзедаў і зразумець пра іх нешта важнае.
Напрыклад, ці ведаеце вы, што першы вядомы на тэрыторыі сучаснай Беларусі музычны інструмент – гэта ўдарны інструмент з костак маманта? Ці што іншыя першабытныя інструменты – флейты з трубчатых костак балотных птушак – «бралі ўдзел» у таямнічых дахрысціянскіх абрадах? А пра тое, што дуда была абавязковым інструментам на традыцыйным беларускім вяселлі? Першым пачынаў граць заўсёды дудар маладога. Калі дзяўчына была згодная на шлюб, яе дудар уступаў ва унісон. А калі не згаджалася – знарок псаваў музыку.
І дарэчы, калі вы думаеце, што самы «беларускі» сярод народных інструментаў на Беларусі – гэта цымбалы, дык вельмі памыляецеся. «Цымбалы былі традыцыйным інструментам на яўрэйскіх вяселлях, – сцвярджае Зміцер Сасноўскі. – Ні чэхі, ні палякі не саромеюцца апавядаць пра яўрэйскае паходжанне цымбалаў. Цымбалы «прызначылі» галоўным беларускім інструментам, бо дуда ў канцэртных залах не прыжылася».
Дуда, сцвярджае Зміцер, гэта ваярскі, мужчынскі інструмент. Цымбалы супакойваюць, а дуда натхняе на дзеянне. Нездарма ж пяецца: «Як дуда зараўла – усіх з розуму звяла»!
P.S. У прадмове да выдання Зміцер Сасноўскі дзякуе ўсім, хто дапамагаў яму збіраць матэрыялы для кнігі. Нам асабліва прыемна адзначыць, што сярод гэтых асоб ёсць і журналістка «Туризма и отдыха» Яна Шыдлоўская.