Наталля і Алег ГАРДЗІЕНКІ, фота аўтараў
Беларускія пахаванні раскіданыя па розных краінах: ад Парагвая да Новай Зеландыі і паўвострава Індакітай. Нашыя суайчыннікі знайшлі вечны спачын пры штурме крэпасці Монтэ-Касіна ў Італіі (1944 г.) ці пахаваныя на праваслаўных могілках у Танзаніі.
Прага
Самыя вядомыя, відаць, у метраполіі беларускія магілы знаходзяцца ў Празе. На Альшанскіх могілках вечным сном спачылі старшыні Рады БНР Пётр Крэчаўскі (1928) і Васіль Захарка (1943). Непадалёк ад іх знаходзіцца магіла спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, на надмагільным помніку якой выбіты надпіс: «Жыў песняй і песняй даваў людзям радасць».
Памятаеце словы з п’есы «Тутэйшыя»: «Жывуць Шыла, Грыб, Мамонька, будзеш жыць і ты?» Лёс распарадзіўся так, што гэтыя тры кіраўнікі партыі беларускіх эсэраў знайшлі апошні прытулак у розных краінах. Язэп Мамонька быў расстраляны ў 1937 г. у Комі АССР. Яго перажыў Мікола Шыла. Ён памёр у красавіку 1948 г. у баварскай вёсцы Міхельсдорф, каля чэшскай мяжы. А Тамаш Грыб памёр у 1938 г. у дэмакратычнай Празе і пахаваны на згаданых ужо Альшанах. Але яго магілу вы не знойдзеце – кіраўніка Беларускага архіва крэміравалі, і знакам па ім засталася толькі невялікая шыльда сярод соцень іншых.
Пералічаныя пражскія магілы – знакавыя для мясцовай беларускай эміграцыі – месца, якое абавязкова адведваюць грамадскія дзеячы, а часам і звычайныя турысты з Беларусі. На 25 сакавіка, Дзень незалежнасці БНР, на Альшанах абавязкова праводзяцца святочныя мерапрыемствы.
Германія
Беларускія пахаванні ў Германіі незлічоныя і наогул слаба рэгістраваныя: тут ляжаць і остарбайтэры, вывезеныя на прымусовыя працы, і вязні нямецкіх канцлагераў. Пасля вайны ў гэтай краіне апынуліся дзесяткі тысяч беларускіх уцекачоў ад савецкай улады. Яны на некаторы час рассяліліся па спецыяльных лагерах. Беларусы пераважна апынуліся на поўдні Германіі: у Баварыі і Бадэн-Вюртэмбергу. Пахаванні можна знайсці і на ўскраіне Рэгенсбурга, здаецца, гэта адзін з пунктаў турыстычных аўтобусных маршрутаў з Беларусі, і ў Міхельсдорфе і ў Бакнангу ля Штутгарта.
Часам жыццё абрывалася трагічна, як загінуў у лістападзе 1948 г. у аўтакатастрофе пісьменнік Хведар Ільяшэвіч. Трагедыя здарылася ў лагеры Ватэнштэт, які знаходзіўся паблізу Вольфсбурга. Тут і засталася яго магіла.
Але самыя вядомыя пахаванні знаходзяцца ў Мюнхене, які з канца 1940-х стаў цэнтрам беларускай прысутнасці ў Германіі. У горадзе выдавалася газета «Бацькаўшчына», дзейнічала беларуская рэдакцыя «Радыё Свабода», працаваў Інстытут вывучэння СССР.
На могілках Вэстфрайдхоф знаходзіцца магіла журналіста Леаніда Карася. 7 верасня 1954 г. 31-гадовы супрацоўнік «Радыё Свабода» знік пры нявысветленых абставінах. Праз сем дзён яго цела з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі ў рацэ Ізар. Паліцыя так і не дала рады пошукам злачынцаў. Калегі Карася небеспадстаўна падазравалі ў забойстве савецкія спецслужбы, бо месяцам раней быў забіты кіраўнік азербайджанскай рэдакцыі. На тых самых могілках пахаваны журналіст Уладзімір Цвірка, а на іншых – Перлахер-Фрост – яго калега Уладзімір Бортнік.
У цэнтры адных мюнхенскіх могілак на спецыяльным пастаменце стаіць басаногая дзяўчына ў смутку. Помнік раней стаяў на магіле журналіста Алеся Марговіча, які памёр ва ўзросце 43 гадоў (у 1967 г.). Удава-італьянка замовіла дыхтоўны помнік як знак вялікага смутку па мужу. Праз некаторы час адміністрацыя могілак звярнулася да фрау Марговіч з просьбай перанесці помнік у цэнтр могілак, а ўзамен паставіць іншы і даглядаць магілу ўвесь час за кошт адміністрацыі. Так помнік па беларусу ператварыўся ў наднацыянальны сімвал смутку па ўсіх пахаваных на гэтых могілках.
Англія
Найбольш беларусаў прыбылі ў Вялікабрытанію пасля Другой сусветнай вайны. Гэта былі нашыя суайчыннікі, што ваявалі ў складзе 2-га польскага корпуса брытанскіх узброеных сіл (Армія Андэрса). Беларусы пасяліліся ў Лондане, Манчэстэры, Лідсе, Брэдфардзе, Бірмінгеме, не дабраліся хіба да зусім не мірнай на той час Паўночнай Ірландыі.
І пахаванні беларусаў раскіданыя па ўсёй Брытаніі. Адмысловая беларуская секцыя ёсць на паўднёвых могілках Манчэстэра. Вядомыя таксама беларускія пахаванні ў Брэдфардзе, Нотынгеме, дзе проста на могілках некалі стаяла і ўласна беларуская капліца.
Самыя вядомыя брытанскія беларускія могілкі – у Лондане, у паўночна-заходняй частцы якога паўстаў цэлы беларускі квартал: з царквой, Скарынаўскай бібліятэкай і гасцявым домам. Некалі беларускія святары набылі адмысловую дзялянку на могілках Святога Панкрата (Сэнт-Панкрас), дзе зараз можна знайсці цэлы комплекс беларускіх магіл.
Пахаванні нашых суайчыннікаў можна знайсці і на дзясятку іншых лонданскіх могілак. Вось толькі надпісы на помніках пераважна англамоўныя.
ЗША
У гэтай краіне жыве некалькі соцень тысяч нашых суайчыннікаў. Продкі большасці з іх прыехалі сюды ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Вось толькі нацыянальнай свядомасці ў іх не было. Таму і засноўвалі беларусы скрозь рускія цэрквы, а разам з імі і «рускія» могілкі, большасць пахаванняў на якіх складаюць нашы суайчыннікі.
Нацыянальна свядомая частка эміграцыі прыехала ў канцы 1940-х, заснавала беларускія праваслаўныя прыходы ў Брукліне, Дэтройце, Чыкага, Кліўлендзе. Таму беларускія секцыі на агульнагарадскіх могілках можна пабачыць ва ўсіх згаданых гарадах.
Уласна беларускія могілкі знаходзяцца толькі ў гарадках Саўт-Рывер і Іст-Брансвік, што ў Нью-Джэрсі. У асяроддзі беларускай эміграцыі існаваў раскол паводле палітычна-грамадскай прыналежнасці, таму ў Саўт-Рыверы хавалі і хаваюць прыхільнікаў аднаго крыла эміграцыі, у Іст-Брансвіку – прыхільнікаў другога.
Пры канцы 2006 г. на могілках у Саўт-Рыверы (яны так і называюцца «Беларускія могілкі праваслаўнага прыходу св. Еўфрасінні Полацкай») было больш за 260 пахаванняў. Нямала, калі ўлічыць, што насельніцтва самога гарадка крыху больш за 10 тыс. А беларусы ляжаць і на іншых гарадскіх могілках.
У Саўт-Рыверы пахаваныя пісьменнікі Янка Золак, Масей Сяднёў, Юрка Віцьбіч, заснавальнік праваслаўнага прыхода Мікалай Лапіцкі, прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі.
Што характэрна, на помніках мала эпітафій. Збольшага гэта «Вечная памяць» або «Rest in peace» (Ляжы ў супакоі). На магіле Фатыні (гэта царкоўны адпаведнік імені Святлана) Даніловіч – жонкі Янкі Золака – надпіс: «Пасля цярністае дарогі – спачынак вечны, без трывогі». Апошнія гады жанчына моцна хварэла, а апошнія некалькі месяцаў правяла ў коме. На магіле Юркі Віцьбіча: «О, Беларусь, мая шыпшына». На магіле Яўхіма і Марыі Кіпеляў – купалаўскі радок «Мы ад вас далёка бацькоўскія гоні».
На магіле іх нявесткі, вядомай даследчыцы, бібліёграфа Зоры Кіпель – могілкі ў Іст-Брансвіку – яе муж Вітаўт Кіпель выбіў словы з вядомай песні: «Беларусачка, дарагая сяброўка мая». Дарэчы, у Іст-Брансвіку помнікі куды багацейшыя, за саўт-рыверскія.
Аўстралія
Самыя багатыя паводле выгляду і беларускамоўных надпісах надмагільныя помнікі знаходзяцца ў Аўстраліі. Нашы суайчыннікі тут таксама раскіданыя па ўсіх штатах: ад заходнеаўстралійскага Перта, да Сіднея, ад Мельбурна да Брысбена.
Што кідаецца ў вочы, дык гэта залатыя літары на помніках, што выгадна іх адрознівае ад больш сціплых беларускіх магіл у Брытаніі, Германіі, ЗША. А яшчэ у Аўстраліі паўсюль эпітафіі.
Так, на надмагільным помніку Варвары Грыцук, што ў беларускай секцыі могілак Фоўкнер у Мельбурне выбіты радок Канстанцыі Буйло «Люблю наш край, старонку гэту…». На магіле пісьменніка Алеся Салаўя: – «Але не зляжа ў цёмную магілу, жывы ад веку подых маладосці». Салавей сам быў аўтарам чатырохрадкоўя на помніку Лідзіі Нікан, што загінула ў аўтакатастрофе: «Любіла красы паўніню, / ішла напярэймы дню, / Хто дыхаў нязгаснай красой / той вечна жыць будзе, бо з ёй».
Але самая цікавая эпітафія – на магіле Янкі Кудрука: «Тут ляжыць цела маё, прах, / я ўжо ўдома, вы – у гасцях».
Нашы могілкі – яны паўсюль. Яны – частка нашага агульнага беларускага жыцця, няхай і на чужыне. Іх толькі трэба ўмець шукаць… і чытаць.